У далонях нашай Беларусі

№ 14 (1505) 03.04.2021 - 09.04.2021 г

Сельскі клуб майго юнацтва (у мамінай вёсцы) — гэта сімвал вясковай неўміручасці, жыццярадаснасці і яснай перспектывы. Маладосць майго веку супала з маладосцю нашай вёскі. А ў юнацтве не задумваешся пра старасць. Між тым, за 1970-мі і 1980-мі прыйшлі 1990-я і нулявыя. Наша старасць супала са старасцю нашай вёскі. Але не хачу пра сумнае. …У сельскім клубе майго юнацтва дзверы адчынены штодня і з самага ранку. І ў час летніх ці зімніх вакацый цягам дня ад моладзі тут проста не пратаўкнуцца. Прыязджаюць сваякі з Польшчы, Канады, Амерыкі, Украіны, Расіі… Абарыгены не супраць. Гульні, танцы, гутаркі, кіно, у бібліятэку — ці не чарга. А дзядзька Мішык у сваім спрадвечным брылі не забываецца на “крыкавую” рэкламу: “Прыходзьце ў клуб, не пашкадуеце!” Мы не шкадуем, а ён — зацікаўлены, бо ягоная жонка Маня (мая стрыечная цётка) — загадчык пашанотнай установы. І план выконваецца… Хтосьці мудры сказаў, што ўсё мінае. Аднак усё, спадзяюся, і вяртаецца…

/i/content/pi/cult/844/17947/16.jpgА ёсць яшчэ сельскі клуб майго дзяцінства. Памятаю няшмат. Тое, напрыклад, што дамок быў непрыстасаваны, маленькі. Ахвотныя паглядзець мастацкі фільм у ім не змяшчаліся. Кінаперасоўкі працавалі на двары, экран замяняла вонкавая беленая сценка клуба. Памятаю “насценную” стужку “Чапаеў”… Ад маіх клубаў і падмуркаў не засталося. Але хтосьці і штосьці сыходзяць для таго, каб хтосьці і штосьці з’явіліся. Застаецца трошкі пачакаць.

У нашым сённяшнім аглядзе, як і заўжды завозна. Спярша зазначу, што ў аднаго з цудоўных нашых пазаштатных аўтараў са Смаргоні Галіны Антонавай 29 сакавіка быў дзень нараджэння. Шчыра віншуем і зычым моцнага здароўя! Галя паспела стварыць галерэю бліскучых творцаў Смаргоншчыны. А колькі яшчэ створыць! Я асабіста заўжды чакаю працягу і не падманваюся ў чаканнях.

Пойдзем далей. Доўга высвятляў — з твора якога класіка ўзяты радкі: “У далонях маёй Беларусі”. Так, да сораму, і не высветліў. У Магілёўскім абласным метадычным Цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы мяне пераканалі, што ў свой час назва для конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў (ён стаў традыцыйным) была прыдумана ў выніку мазгавога штурму метадыстаў. Так што класікі жывуць сярод нас! А канкрэтыка такая: фінал згаданага агляду-конкурсу прайшоў днямі ў канцэртнай зале названай установы. Вось што піша яе вядучы рэдактар Крысціна Башарымава: “Гледачам былі прадстаўлены лепшыя тэатральныя пастаноўкі пераможцаў занальных этапаў, што прайшлі ў Бабруйску, Магілёве і Чэрыкаве. Сёлета тэматыка спектакляў была разнастайнай як ніколі. Гран-пры атрымаў тэатр чытальнікаў “Вытокі” Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў за літаратурна-пластычную кампазіцыю паводле паэмы Алеся Казекі “Марыйка”. Вызначыліся таксама аматарскія калектывы з Магілёўскага раённага Цэнтра культуры, Палаца культуры Магілёва”.

Дапаўняе інфармацыю пра абласны агляд-конкурс мастацкі кіраўнік Палаца культуры Бабруйска Наталля Шулікова. У мерапрыемстве “У далонях маёй Беларусі” бралі ўдзел шэсць лепшых аматарскіх тэатральных калектываў Магілёўшчыны. “Бабруйск, — распавядае аўтарка, — прадставіў народны тэатр палаца (кіраўнікі Вадзім Бабініч і Кацярына Крылова). За міні-спектакль “Борка” паводле апавядання Аляксандра Гуціна калектыў узнагароджаны дыпломам “За лепшую рэжысёрскую пастаноўку”.

Працягваем гаворку пра творчыя здабыткі Палаца мастацтваў Бабруйска. Аўтар двух допісаў — культарганізатар культурна-масавага сектара ўстановы Ірына Аўсяннікава. Першы — пра вынікі дыстанцыйнага конкурсу патрыятычнай песні, прысвечанага 32-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана. У намінацыі “Ансамблевыя спевы” лаўрэацкі дыплом першай ступені атрымаў Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, узорная эстрадная студыя “Росы” цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска. У намінацыі “Аматарская песня” дыпломам першай ступені ўзнагароджаны Уладзімір Жытноў — удзельнік клуба патрыятычнай песні Бабруйскага Палаца мастацтваў… Другі допіс — пра вясновы канцэрт у дзіцячым санаторыі “Вясёлка”. Выступілі салісткі ўзорнага тэатра песні “Шына-най”, падрыхтоўчай групы народнага камернага хору, харэаграфічных гуртоў.

Тэатральная навіна прыйшла і са Смаргоні. Метадыст мясцовага раённага Цэнтра культуры Вольга Крывянкова распавядае, што ў Залескім Доме культуры працуюць аж два тэатры — народны лялек “Батлейка” і мініяцюр “Марыянеткі”. Днямі рэжысёр ДК Аксана Ліс падрыхтавала тэатралізаваны канцэрт “Увесь свет — тэатр”.

Упершыню чую пра салодкі дызайн. Паведаміла пра яго Святлана Галінская, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі. “25 сакавіка наш аддзел запрасіў ахвотных на пасяджэнне клуба “Сустрэча”, падчас якога адбылося знаёмства з майстрам sweet-дызайну Марынай Мешчановіч. Яна — выкладчык вакалу ў школе мастацтваў, а яшчэ стварае букеты з цукерак. У канферэнцзале бібліятэкі арганізавана выстава работ Марыны Міхайлаўны.”

Вось вам чарговая класічная цытата: “Хто кніжку любіць і шануе, таму і шчасціць, і шанцуе”. Нарадзілася яна на Ашмяншчыне. Тут 26 сакавіка ў аддзеле культуры і вольнага часу аграгарадка Гальшаны прайшло дзіцячае тэатралізаванае свята. Прынялі ўдзел у мерапрыемстве ўдзельнікі клубных фарміраванняў і вучні мясцовай школы мастацтваў. Добры прыклад кансалідацыі ўсіх творчых сіл на выкананне першаснай бібліятэчнай задачы па прыцягненні грамады да чытання. Урэшце, адну справу робім.

Працягваем гаворку пра творчую Ашмяншчыну. Сакрэтамі вечнай маладосці дзяліліся ў Кальчунах. У аграгарадоцкім аддзеле культуры і вольнага часу адбылося пасяджэнне аматарскага аб’яднання “60+”. Кожная з жанчын прапанавала свае рэцэпты. Неаспрэчна адно: каб не надта старэць, варта пець, танцаваць, маляваць і складаць вершы. Словам, творчасць — гаючыя лекі для душы.

Загадчык аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец паведамляе пра фальклорнае свята “Саракі”. “Абрадавыя дзеі гэтага інтэрактыва, — распавядае яна, — прадэманстравалі ўдзельнікі дзіцячага клуба народных традыцый “Крыніца” Дварэцкага Дома культуры. Такім чынам рэалізуецца раённы этна-праект “Народнаму скарбу — век векаваць”.

Наталля Ефціфеева напісала пра акцыю з нагоды Сусветнага дня паэзіі ў Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Называецца яна “Калі душа з душою размаўляе”. “У горадзе існуе дзве суполкі мясцовых літаратараў, — паведамляе аўтарка, — літаратурны клуб пры райбібліятэцы і народнае аматарскае аб’яднанне “Белы бусел” пры Палацы культуры. Такім чынам перад чытачамі выступілі 19 мясцовых паэтаў. Высветлілася цікавая адметнасць: да мікрафона выйшлі два абсалютныя цёзкі — Генадзі Генадзьевічы Жукі. Дагэтуль паэты не ведалі адзін аднаго”.

Яшчэ адна тэатральная навіна. Андрэй Струнчанка распавядае пра вечар адпачынку для ўдзельнікаў тэатральнага калектыву “Вобраз”, што прайшоў у Мазалаўскім (Віцебскі раён) сельскім Доме культуры. “Вобразаўцы” наведалі выставу літаратуры ў сельскай бібліятэцы, папілі гарбаты, згадалі мінулае, пагаварылі пра будучае.

У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшоў семінар у рамках выставачнага праекта “Спадчына свету — славянскае пісьменства”. Па словах бібліятэкара аддзела маркетынгу Кацярыны Сандаковай, першая частка мерапрыемства адбылася ў епархіяльнай бібліятэцы Свята-Міхайлаўскага кафедральнага сабора, другая — у Лідскай дзіцячай школе мастацтваў.

У працяг тэмы — доўгачаканая інфармацыя з Гомеля. У бібліятэчным філіяле № 8, які ў свой час займеў імя Кірылы Тураўскага, ушаноўвалася праваслаўная кніга. Установа супрацоўнічае з Гомельскай епархіяй, мае свой праваслаўны цэнтр.

Загадчык аддзела творчасці раённага метадычнага цэнтра з Зэльвы Таццяна Умарава напісала пра 12-гадовую Насцю Радзіон з вёскі Новая Галынка. Выбар — невыпадковы. Дзяўчынка са шматдзетнай сям’і, таму майстрыха — на ўсе рукі. Займаецца пляценнем з саломы, удзельнічае ў рэгіянальным фестывалі абрадаў і рамёстваў “Скарбы Гродзеншчыны”, прымае ўдзел у абласным конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва “Казкі і паданні майго краю”. На конкурсную выставу Насця прэзентавала работу “Ехаў дзедка на кірмаш”.

І напрыканцы навіна ад намесніка дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці Надзеі Уліновіч. У вёсках Дубровенскага раёна сабраны багаты матэрыял як па каляндарнай, так і па сямейна-бытавой абраднасці. Заслуга ў гэтым кіраўніка народнага фальклорнага калектыву “Кудзеліца” Настассі Красоўскай. Сярод гэтага фальклорнага багацця вылучаецца сямейны абрад “Хрэсьбіны”, альбо па мясцоваму “Ксціны”. Ён суправаджаецца мясцовымі песнямі ды прыпеўкамі, працягвае існаваць і сёння.

Мы ўсе — у цёплых далонях нашай любай Беларусі. Беражыце радзіму і сябе! Пішыце пра цікавае.

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"