Ён бязмежна любіў землякоў

№ 14 (1505) 03.04.2021 - 09.04.2021 г

Не стала майго старэйшага сябра, беларускага мастака Мікалая Несцярэўскага. Да свайго 90-годдзя Мікалай Лаўрэнцьевіч не дажыў 6 дзён. Ён так шчыра і ўпэўнена рыхтаваўся да свайго юбілею, які меркаваў адзначыць і ў Мінску, і ў Дзятлаве… Планаваліся некалькі выстаў у Мінску і ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Ён ужо запрасіў сваіх землякоў і сяброў, але каранавірус не даў ажыццявіць планы гэтага таленавітага ва ўсім, светлага душой і сэрцам чалавека, з якім я сябраваў шмат гадоў. Вядома ж, юбілей мы адзначым, але ўжо без яго. А мы так марылі зноў пабачыць гэтага прыгожага, высокага, мужнага і адкрытага земляка, якога любілі ўсе, а ён любіў нас.

/i/content/pi/cult/844/17943/9.jpgВы нават не ўяўляеце, якім шчодрым, добрым і таленавітым ён быў — не толькі моцным мастаком, які займаўся дэкаратыўнай скульптурай, керамікай, жывапісам… Але ж ён іграў яшчэ й на многіх музычных інструментах, добра спяваў, умеў працаваць з дрэвам, шчыра сябраваў з тымі, хто намнога быў за яго маладзейшы.

Мікалай Несцярэўскі родам з вёскі Бацюты, якая знаходзіцца недалёка ад Беластока. Там ён з’явіўся на свет 31 сакавіка 1931 года. Усё жыццё беларус прыгадваў свае родныя і дарагія Бацюты. Недалёка знаходзяцца вёскі Завады, Зарэчыны, Трыпуці, Бацечкі, Тапілец і іншыя. А побач працякае рэчка Нарва. Пра родныя мясціны ніколі мастак не забываў. І маленькая айчына заўжды прысутнічала ў яго жыцці. Ён любіў яе бясконца і да апошняга дыхання. Ён заўсёды сумаваў па Бацютах… І з вялікай радасцю распавядаў пра іх…

/i/content/pi/cult/844/17943/10.jpgСын, Сяргей Несцярэўскі, успамінае: “Бацька змог перадаць мне многае, што ведаў і ўмеў. Назіраючы, як ён працуе па гаспадарцы, на лецішчы, на рабочым месцы (іншы раз і я дапамагаў яму), не раз пераконваўся ў тым, што бацька валодаў унікальным жыццёвым вопытам, вялікімі прафесійнымі навыкамі і спрытам. У адносінах з іншымі людзьмі ў яго праяўляўся рэдкі дар прыцягваць увагу людзей, выклікаць прыхільнасць суразмоўцаў, ды так, што яны доўга заставаліся зачараваныя ім. Ведаючы шмат анекдотаў, прыказак, былін, ён умеў цікава іх расказваць, заўсёды станавіўся душой нават самай вялікай кампаніі. Бацька ніколі не адмаўляў людзям у дапамозе. Часам і грашыма. Асабліва заўсёды былі каштоўнымі яго парады, якія ён з задавальненнем і бескарысліва раздаваў”.

Шмат гадоў беларускі мастак працаваў над бюстамі, партрэтамі, медалямі выдатных асоб Беларусі. З керамікі ім створаныя Францыск Скарына (бюст і пласт, шамот), Кастусь Каліноўскі (таніраваная кераміка), Адам Багдановіч (таніраваная кераміка), Міндоўг, полацкая князёўна Рагнеда, вялікі князь Гедымін, а таксама розныя жаночыя і мужчынскія партрэты.

Не заставаліся па-за ўвагай мастака і нацюрморты. Галоўны захавальнік фондаў Дзятлаўскага музея Ірына Якаўчык сказала: “Любіў Мікалай Лаўрэнцьевіч маляваць нацюрморты… Кожны прадмет на карціне мастака жыве сваім жыццём: ціхім, нерухомым, незаўважным, але часта вельмі прыгожым і паэтычным. Мы проста любуемся яго нацюрмортамі”.

Працаваў мастак і над афармленнем вітражоў, над помнікамі і шмат-шмат яшчэ над чым. Пералічыць усяго зробленага ім немагчыма. Калі сабраць усе працы Мікалая Несцярэўскага ў адзін будынак — атрымаецца сапраўдны мастацкі музей. І гэта так. Бо талент у Мікалая Несцярэўскага быў вялікі і неабмежаваны, шырокі і шчодры.

Беларуская культура страціла таленавітую асобу. Ён фізічна быў яшчэ моцны і мужны. Хаця неяк сказаў мне, што часам пачынаюць пальцы не слухацца гліны.

Шмат гадоў Мікалай Несцярэўскі пражыў у Мінску. Але вельмі часта прыязджаў у Дзятлава, якое таксама любіў. І правялі яго ў апошні шлях 27 сакавіка ў Дзятлаве, дзе знайшлі свой апошні спачын яго родныя людзі і многія землякі. Ён і пайшоў да іх назаўсёды.

Сяргей ЧЫГРЫН