Кінаплакаты — сведкі часу

№ 14 (1505) 03.04.2021 - 09.04.2021 г

У першы летні месяц 2021-га спаўняецца 80 гадоў ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны. 22 чэрвеня Дзень памяці і смутку аб’яднае народы, што прайшлі праз тыя трагічныя і гераічныя ваенныя часы і здабылі перамогу. Зараз па ўсёй Беларусі адбываюцца мерапрыемствы і акцыі, прымеркаваныя да гэтага сумнага юбілею. У іх шэрагу і новая экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны “Подых часу на кінаэкране”, у якой прадстаўлены арыгінальныя афішы і плакаты мінскага кінапракату пасляваенных гадоў: савецкія фільмы, што выходзілі тады на экраны, засноўваліся на падзеях вайны. Сярод іншых на выставе можна ўбачыць і плакаты знакамітых стужак, створаных на кінастудыі “Беларусьфільм”, — “Канстанцін Заслонаў” (1949), “Дзеці партызана” (1954), “Гадзіннік спыніўся апоўначы” (1958), “Дзяўчынка шукае бацьку” (1959).

/i/content/pi/cult/844/17940/1.jpgУ Мастацкай галерэі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны працуе новая часовая экспазіцыя “Подых часу на кінаэкране”, на якой прадстаўлены кінаафішы і кінаплакаты пасляваенных гадоў. Што ішло ў беларускіх кінатэатрах у 40—50-я гады, якімі стужкамі пасля вайны праславіўся “Беларусьфільм”, чым адметным вызначаліся кінаплакаты — падобнае вяртанне ў часе цікавае аматарам не толькі гісторыі, але і кіно. Выстава, прымеркаваная да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, падрыхтавана супольна з Музеем гісторыі беларускага кіно і Нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм”.

Аснову экспазіцыі складаюць арыгінальныя кінаафішы і кінаплакаты з калекцыі “Плакаты” Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Па гэтых каштоўных гістарычных дакументах можна прасачыць, як развівалася савецкая кінематаграфія ў пасляваенныя часы. А яшчэ можна заўважыць, што ў кінатэатрах ішлі не толькі савецкія фільмы, але і замежныя: на выставе, напрыклад, ёсць афіша амаль забытай зараз чэхаславацкай стужкі 1949 года “Нямая барыкада” пра апошнія дні Другой сусветнай вайны ў Празе.

У музей афішы трапілі ў 1950 годзе з мінскага кінатэатра “Першы”. У кінатэатра цікавая гісторыя — пабудаваны ён быў яшчэ за часамі нямецкай акупацыі ў 1942—1943 гадах, а праз 10 дзён пасля вызвалення сталіцы адбылося яго пераадкрыццё. Дзіўна, што гэты драўляны двухпавярховы будынак перажыў усе бамбардзіроўкі, у той час як значна больш трывалыя і капітальныя дамы моцна пацярпелі. У 1950 годзе ў Мінску адкрыўся новы вялікі кінатэатр “Перамога”, і ў канцы 50-х “Першы” знеслі — на тым месцы з’явілася гасцініца “Мінск”. Больш дакладна, “Першы” размяшчаўся там, дзе зараз дворык гасцініцы, яе паркоўка, а фасадам ён выходзіў на вуліцу Валадарскага. У першыя ж пасляваенныя гады са сваімі 485 глядацкімі месцамі “Першы” быў галоўным мінскім кінатэатрам, хаця дзейнічалі і іншыя — напрыклад “Беларусь”, які тады працаваў у будынку на вуліцы Астроўскага, што цяпер называецца Ракаўскай.

У “Першым” ішлі і новыя савецкія фільмы, і так званыя “трафейныя” стужкі. У экспазіцыі ёсць, напрыклад, плакат германскага фільма “Гібель "Тытаніка"”, знятага ў 1943 годзе ў акупаваным немцамі польскім порце Гдыня па замове Ёзафа Гебельса, які праз лёс затанулага карабля хацеў паказаць некампетэнтнасць Вялікабрытаніі.

Асабліва цікава паглядзець не проста на маляўнічыя плакаты, а менавіта на тагачасныя афішы — з колькасцю сеансаў. Вось, напрыклад, лідар савецкага пракату 1949 года — фільм рэжысёра Грыгорыя Аляксандрава “Сустрэча на Эльбе”, дзе адну з галоўных роляў іграла Любоў Арлова. Тады стужку ў Савецкім Саюзе паглядзела больш за 24 мільёны гледачоў. У мінскім кінатэатры “Першы” толькі ў адзін дзень 4 красавіка (гл. фота) — 8 сеансаў, прычым апошні пачынаўся ў 22:50.

Людзі, стомленыя ад вайны, імкнуліся ў кіно — і вабілі іх туды не толькі афішы, якія змяшчалі менавіта інфармацыю, тэкст, але і плакаты. Па экспанатах выставы можна вывучыць і пэўны перыяд у развіцці плакатнага мастацтва. Дырэктар Музея гісторыі беларускага кіно Ігар Аўдзееў згадвае, што 50-я гады ўвайшлі ў гісторыю савецкага кіно як перыяд “малокартинья”:

/i/content/pi/cult/844/17940/2.jpg— Кіраўніцтва краіны вырашыла скараціць аб’ём кінавытворчасці. З 1946-га па 1952-гі год усе 12 кінастудый СССР разам выпускалі на год 21 фільм, а ў 1953-м — ужо толькі 7. Маўляў, навошта нам выпускаць дрэнныя фільмы — пакінем толькі добрыя. Зразумела, кожная карціна тады цанілася на вагу золата. На той час тэматычна вызначыліся самыя галоўныя фільмы — ваенна-патрыятычны змест быў на першым месцы. Таму і на выставе мы бачым плакаты менавіта да фільмаў пра вайну.

Прасачыў Ігар Аўдзееў і як развівалася мастацтва кінаплаката:

/i/content/pi/cult/844/17940/3.jpg— Росквіт савецкага кінаплаката прыпаў на 20-я — пачатак 30-х гадоў. Менавіта тады ва ўмовах абсалютнай творчай свабоды, ва ўмовах нэпа ўзнікла плеяда найталенавіцейшых кінаплакатыстаў, якія выпрацавалі сваю ўнікальную стылістыку. Дзякуючы ім савецкі кінаплакат 20-х гадоў прызнаны з’явай сусветнага мастацтва. Пра гэта сведчаць і кошты на асобныя плакаты на аўкцыёнах — да 200 тысяч долараў. У 30-я гады пад ідэалагічным уплывам стылістыка плакатаў значна спрасцілася і стала падпарадкоўвацца агульнай задачы папулярызацыі і прапаганды савецкага ладу жыцця праз культ савецкіх кіназорак: цэнтральнае месца ў кампазіцыі займаў буйны партрэт галоўнага героя. Гэта мы і можам бачыць.

У новай экспазіцыі
“Подых часу на кінаэкране” прадстаўлены работы аднаго з самых пладавітых кінаплакатыстаў тых гадоў — Яўгена Грабеншчыкова, які стаў аўтарам 640 плакатаў. А прафесія гэта была нялёгкай, бо мастаку часта даводзілася працаваць вельмі хутка — паглядзеўшы фільм, ужо нараніцу здаваць гатовы эскіз у друк, ці нават маляваць яго проста па фота. На выставе можна ўбачыць плакат да карціны “Дзеці партызана”, якую ў 1954 годзе на кінастудыі “Беларусьфільм” знялі рэжысёры Леў Голуб і Мікалай Фігуроўскі: акрамя ўсяго яна адметная тым, што гэта быў першы каляровы беларускі мастацкі фільм. Плакат пры гэтым зроблены літаральна ў двух колерах, а гэта значыць, што мастак самога фільма не бачыў.

/i/content/pi/cult/844/17940/4.jpgЯшчэ адну адметнасць можна прасачыць па афішах і плакатах — назвы стужак тады гаварылі самі за сябе, а фільмы часта былі пераказам падзей, што адбываліся ці маглі адбыцца цягам вайны: “Дзеці партызан”, “Канстанцін Заслонаў”, “Сталінградская бітва”, “Аляксандр Матросаў”, “Падзенне Берліна”, “Сустрэча на Эльбе” і гэтак далей. Акцёры апраналіся ў тую вопратку, што пад час вайны сапраўды насілі беларускія партызаны і воіны Савецкай арміі, карысталіся тымі ж самымі рэчамі, што і ўсе людзі ваенных гадоў.

Для выставы кінастудыя “Беларусьфільм” прадаставіла ўнікальныя рэальныя прадметы, рэквізіт са здымак фільмаў “Канстанцін Заслонаў” і “Дзяўчынка шукае бацьку”.

Фільм “Канстанцін Заслонаў” быў зняты ў 1949 годзе рэжысёрамі Аляксандрам Файнцымерам і Уладзімірам Корш-Сабліным паводле п’есы Аркадзя Маўзона, прысвечанай дзейнасці партызанскай брыгады пад кіраўніцтвам Канстанціна Заслонава, які пасмяротна атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. Да таго ў 1947 годзе па гэтай жа п’есе быў пастаўлены спектакль у тэатры імя Янкі Купалы, і некаторыя акцёры ігралі як у спектаклі, так і ў фільме. У музейнай экспазіцыі побач з афішай фільма на спецыяльнай вітрыне можна пабачыць і рэквізіт з фільма, і анкету рэжысёра Корш-Сабліна, і запрашальны білет.

/i/content/pi/cult/844/17940/5.jpgУжо напрыканцы 50-х — у 1959 годзе — на “Беларусьфільме” з’явілася карціна, што ў той год стала лідарам савецкага кінапракату — “Дзяўчынка шукае бацьку”. Гэтая стужка дагэтуль застаецца геаграфічным рэкардсменам у беларускім кіно — яна ішла ў кінатэатрах 83 краін свету! На адкрыцці новай музейнай экспазіцыі для ўсіх наведнікаў і запрошаных школьнікаў быў зладжаны спецыяльны кінапаказ з расказам пра тое, як стваралася гэтая папулярная ў мінулым стужка. Сюжэт яе захоплівае і зараз, прыгоды герояў прымушаюць суперажываць. Рэжысёр Леў Голуб разам з драматургам Яўгенам Рысам расказалі гісторыю маленькай дачкі партызанскага камандзіра бацькі Панаса, якую ад гітлераўцаў у лясным доміку хавае стары ляснік і яго ўнук. Дзяўчынку Леначку сыграла пяцігадовая Ганна Камянкова — праз пэўны час яна стала знакамітай актрысай. Да фільма было створана нямала плакатаў — на выставе мы бачым самы, мабыць, папулярны (яго прадаставіў Музей гісторыі беларускага кіно), дзе галоўная гераіня апранутая ў чырвоны ў гарошак сарафан і белую кашулю з вышыўкай. І тыя самыя сарафаны з кашулямі, што былі на маленькай гераіні на здымках фільма, яе чырвоныя сандалікі, а таксама будзільнік, сумачка, форма паліцэйскага і іншае — тут жа, побач з афішай. Касцюмаў для юнай актрысы тады пашылі тры штукі розных памераў, бо ў часе здымак яна расла.

Вядучы рэдактар прадзюсарскага цэнтра кінастудыі “Беларусьфільм” Таццяна Команава асабліва падкрэслівае важнасць супрацоўніцтва буйных устаноў культуры ў актуальных праектах, у тым ліку і прысвечаных памяці пра вайну. І яшчэ яна зазначае:

— Экспазіцыя “Подых часу на кінаэкране” дае вельмі цікавае ўяўленне не толькі пра кінематограф таго часу, але і пра гледачоў — чаго яны чакалі ад кіно, што хацелі ўбачыць на экране, з якімі эмоцыямі і думкамі выходзілі пасля гэтых кінасеансаў. Таму я вельмі радая, што нашая Нацыянальная кінастудыя шчыльна супрацоўнічае з Музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Далей мы яшчэ неаднойчы паўдзельнічаем у сумесных акцыях.