Нястрымны рух ганчарнага кола

№ 13 (1504) 27.03.2021 - 02.04.2021 г

Філасофія глінамеса Мар’яна Козара
Спакон веку ганчары былі на асаблівым рахунку. Ва ўяўленнях людзей за рухам ганчарнага круга заўсёды хавалася нейкая прывабная таямніца, а ў водблісках полымя ганчарнай печы бачылася асаблівай моцы ачышчальная сіла. Сам жа ганчар уяўляў з сябе вобраз пераўтваральніка грубай матэрыі ў нешта ўзвышанае, пры стасунках з якім свядомасць чалавека прасвятлялася, а сіла духу неймаверна ўзрастала.

/i/content/pi/cult/843/17936/23.jpgЗазбіралася ў аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Ашмян. Перад тым, як пагутарыць з майстрам-ганчаром Мар’янам Козарам, хацела пазнаёміцца з яго работамі, даведацца пра таямніцы ганчарнага майстэрства, а атрымалася гутарка пра шлях чалавека-творцы. Ды і думкі пра сакральнасць ганчароў знайшлі сваё пацвярджэнне.

Вытокі

Адкуль вытокі таленту Мар’яна Станіслававіча, цягі да прыгожага, прасторавага бачання, умення адрозніваць адценні і нюансы колеру? Магчыма, адказ трэба шукаць у генетычных хітраспляценнях яго роду. Маці нарадзілася ў вёсцы Ганчары Іўеўскага раёна. Назва населенага пункта яскрава сведчыць пра тое, чым займаліся яго першыя жыхары. Бацьку свайго Мар’ян амаль не памятае: яго не стала, калі хлопчыку было пяць гадоў. Сам Мар’ян нарадзіўся ў вёсцы Падгаі Граўжышкоўскага сельскага савета. Мабыць, маляўнічыя мясціны дзяцінства, іх прыгажосць і велічны спакой таксама паспрыялі таму, што зярняткі творчасці пакрысе прарасталі ў душы.

Разуменне таго, што мае мастацкія здольнасці, прыйшло да Мар’яна не адразу. Спачатку была вучоба ў Ашмянскай школе-інтэрнаце — маці складана было адной падымаць чацвярых дзяцей, ды і да школы дабірацца было далёка. Затым — вайсковая служба ў Германіі. Мабыць, там канчаткова і вырашыўся яго далейшы шлях у мастацтва. Мар’ян успамінае, як у вольны час маляваў саслужыўцам “дэмбельскія” альбомы. Пасля арміі паспрабаваў паступіць у мастацка-рэстаўрацыйнае вучылішча ў Міры — атрымалася. Там ён займаўся скульптурай, жывапісам, разьбой, ганчарнай і будаўнічай справамі. Усе гэтыя віды мастацтва абавязкова патрэбна было асвоіць будучаму рэстаўратару помнікаў каменнага дойлідства — менавіта такую нялёгкую, але цікавую спецыяльнасць абраў для сябе Мар’ян. Пазней ён атрымаў прафесію тэхніка-будаўніка, закончыўшы індустрыяльна-педагагічны тэхнікум у Мінску.

Праца, вандроўкі, уражанні

Калі ехаць у Ашмяны праз Іўе, то нельга не заўважыць размешчаны на ўзгорку барочны храм, які нібы плыве над горадам. Гэтаму адчуванню спрыяе і статуя Ісуса Хрыста, якая ўстаноўлена ў пачатку двухтысячных ля ўвахода на тэрыторыю касцёла. Хрыстос-Валадар — так называецца статуя — як бы абымае рукамі горад. Зрабіў яе Мар’ян Козар па ўзоры з паштоўкі, прывезенай ксяндзом іўеўскага касцёла Янам з Партугаліі. Ні ў адной крыніцы вы не знойдзеце звестак пра аўтара статуі — ён сціпла застаўся ў цені, толькі беражліва захоўвае пастырскае блаславенне біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча за творчае ўвасабленне хрысціянскай думкі і выкананую працу. А Хрыстос-Валадар стаў візітоўкай горада. Дзякуючы статуі Ісуса, зробленай па падабенстве са скульптурай Хрыста з партугальскага горада Алмада, Іўе ў турыстычных колах называюць “беларускім Рыа”.

Мар’ян пакінуў свой след не толькі ў Іўі, але і на Міншчыне, Слонімшчыне, Смаргоншчыне, у Архангельску. Усюды, дзе б ён ні быў, яго цікавілі помнікі дойлідства, іх гісторыя, тэхнічныя характарыстыкі, будова і людзі.

Ён працаваў над аднаўленнем храма Святой Жыццепачатнай Троіцы ў вёсцы Бытча Барысаўскага раёна. Накрываў меддзю дах званіцы ў вёсцы Вялікая Кракотка, якую з лёгкай рукі Уладзіміра Караткевіча называюць слонімскай Швейцарыяй. Там у 2009 годзе быў адкрыты Свята-Зосіма-Саваціеўскі мужчынскі манастыр у гонар прападобных Салавецкіх цудатворцаў Зосімы, Савація і Германа.

Затым жыццё накіравала творцу ў вёску Багушы Смаргонскага раёна, дзе ён працаваў над дахам капліцы жаночага манастыра ў гонар Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы. Манастыр узнік на месцы, дзе падчас Першай сусветнай вайны змагаўся жаночы батальён смерці Марыі Бачкаровай і дзе ў баі загінула каля 80 дзяўчат.

/i/content/pi/cult/843/17936/24.jpgЖыццё ўвесь час невыпадкова сутыкала Мар’яна з цікавымі, творчымі і самаахвярнымі людзьмі: майстрам Казімірам Адамовічам з Воранава, айцом Міхеем з Вялікай Кракоткі, матушкай Елісаветай з Багушоў, мецэнатам Аляксандрам Арцюховічам, якія пакінулі свой след у душы і сталі духоўнымі настаўнікамі.

Таямніцы справы

На працягу амаль чатырох гадоў Мар’ян Козар працуе ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры. Пачынаў, калі цэнтр знаходзіўся ў Палянах, толькі не з глінай, а з дрэвам. Калі загадчыца аддзела Валянціна Свірская прапанавала працаваць з глінай, з радасцю згадзіўся — ганчарства і лепка неяк бліжэй да душы, чым разьба. Ды і было на чым працаваць: і электрычны ганчарны круг, і электрычная печ для абпалу гліняных вырабаў у аддзеле ўжо былі, а гліны ў нашай мясцовасці хапае. З радасцю ўзнавіў веды па ганчарстве, наведаўшы спецыялізаваныя курсы ў Мінску.

На сценах у аддзеле — выявава гальшанскай Белай Панны, медальёны з выявамі жывёл і гербаў, на паліцах — посуд для розных патрэб, Гальшанскі замак, цацкі. Зразумела, што ўсё гэта — з гліны. Матэрыял Мар’ян збірае сам, прасейвае яго, надае патрэбную эластычнасць. Гаворыць, што працаваць з “жывой” глінай складана, але цікава. Майстар не дабаўляе ў яе пластыфікатар, дабіваецца пластычнасці і мяккасці сам, пакрысе пазнаючы тонкасці работы з капрызным матэрыялам.

Зразумела, вельмі хацелася ўбачыць майстра за работай на ганчарным крузе. Літаральна за некалькі хвілін на маіх вачах кавалак гліны ператварыўся ў кубак. Здаецца, што ўсё адбылося вельмі лёгка. Вось пачаў свой бег ганчарны круг, бясформенны камяк пад рукой майстра паслухмяна выцягваецца ўверх — праяўляецца знешняя форма, затым майстар, прыціскаючы гліну ўсярэдзіне і ўніз, прымушае яе разыходзіцца, разбягацца ў бакі — і з’яўляюцца сценкі пасудзіны. Але па тым, як грунтоўна Мар’ян сядае ля круга, як устойліва абапіраецца локцямі, каб не варухнуцца, пахіснуцца ў час працы, як увесь час трымае напружанымі рукі, разумею, што лёгкасць зманлівая. Трэба адчуваць рукамі форму, таўшчыню сценак, дно: адзін няправільны рух, лішняе імгненне — і пачынай працу спачатку. У старажытныя часы, калі толькі з’явілася ганчарства, яно было жаночай справай, але са з’яўленнем ганчарнага круга праца з глінай з жаночых далікатных рук нездарма перайшла ў моцныя мужчынскія.

Перш, чым сесці за ганчарны круг, майстру трэба намаляваць у сваім ўяўленні, а затым і на паперы жаданы вобраз, магчыма, не раз. Наогул, Мар’ян лічыць, што трэба маляваць, маляваць і маляваць, увесь час развіваць пачуццё прасторы, вучыцца бачыць як мага больш адценняў. Ганчара ён параўноўвае з хірургам. Рукі і аднаго, і другога павінны быць моцнымі і далікатнымі, лёгкімі і дакладнымі, а ў галаве павінен быць выразны вобраз і падрабязны план яго ўвасаблення.

Стварэнне вырабу на крузе ці яго лепка — гэта яшчэ зусім не канец работы. Вырабу патрэбна высахнуць у пэўных умовах, тут трэба вытрымаць і час, і тэмпературу. Затым выраб пакрываецца глазурай. Тут таксама існуюць свае хітрасці: і ў спосабе глазуравання, і ў выбары матэрыялу: малако, кефір, расліннае масла. Можна не глазураваць, а абпальваць гліну, і атрымліваецца тэракотавы выраб. Глазураванне кефірам, напрыклад, надае гліне своеасаблівы цёмны дымчаты колер.

Склалася ўражанне, што лепшыя работы майстра яшчэ наперадзе. Пошукі сябе прывялі яго да ганчарства, мабыць, нездарма. Яго духоўныя памкненні знайшлі сваё выйсце. “Трэба ствараць толькі добрыя і светлыя вобразы, каб яны дапамагалі людзям, неслі цяпло і прыгажосць,” — перакананы Мар’ян Козар. А яшчэ ён лічыць, што сапраўдны майстар — не той, хто выдатна валодае тэхнікай, а той, хто можа дапамагчы нежывому матэрыялу загучаць, загаварыць.

Круціцца ганчарны круг і спявае адвечную песню жыцця. Яго бег нараджае зноў і зноў новыя вобразы, ён — па-за часам і прасторай, ён не спыняецца і дазваляе служыць сабе толькі пакліканых.

Ірына БРАЗОЎСКАЯ

Ашмяны

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ