Як гукалі вясну ў Вязынцы, на радзіме Янкі Купалы

№ 13 (1504) 27.03.2021 - 02.04.2021 г

Штогод Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Студэнцкае этнаграфічнае таварыства ладзяць абрадавую дзею “Гуканне вясны”. Сёлета свята “Гукання”, якое, дарэчы, праводзіцца з 2011 года, прыпала на 22 сакавіка. Мы вырашылі наведаць Вязынку, каб распавесці пра свята нашым чытачам.

/i/content/pi/cult/843/17924/1.jpg“Гуканне” і раней праводзілася ў славутай Вязынцы. Але гэтым разам дадаўся яшчэ снегапад і завіруха, што толькі падахвочвала гучней заклікаць вясну прыйсці хутчэй і прагнаць зіму. Уласна, у гэтым і ёсць сэнс старажытнага беларускага абраду.

Традыцыйна, у праграме былі загукальныя спевы на гары (з кульмінацыйным момантам, калі ў неба ўзлятаюць печаныя птушкі), а таксама гульні (“Цяцёрка” і іншыя), вясновыя карагоды “Явар” і “Баяры”, гушканне на арэлях, лекцыя Вольгі Бабурынай “Выцінанка ў беларускай традыцыі. Кампазіцыі. Тэхнікі. Сімвалізм”, майстар-клас па птушках з паперы і віктарына ад ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Былі народныя танцы ад клуба “Сіта” і спевы ад фальклорнага гурта “Горынь”. Даволі насычаная праграма дазваляла кожнаму знайсці што-небудзь для душы. Можна было азнаёміцца і з экпазіцыяй музея. Безумоўна, асаблівую радасць свята даставіла дзецям, многія з якіх былі ў народных строях.

Прысутнічалі на “Гуканні” і народныя майстры, якія арганізавалі невялічкі кірмаш, каб кожны ахвочы мог пакінуць сабе на ўспамін якую-небудзь памятку.

/i/content/pi/cult/843/17924/3.jpg

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар