“На асіне сяджу, скрозь клён гляджу, бярозу трасу...”

№ 12 (1503) 20.03.2021 - 27.03.2021 г

Жаночыя прылады ткацтва па-веткаўску
Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый мае філіял у Гомелі, у якім 4 залы. Адна з іх — “Жывое рамяство”, тут жа майстэрня з кроснамі і іншымі прыладамі для пляцення, снавання і ткання паясоў, спрэнга, габелена… Менавіта тут, у вопыце шматгадовага дзеяння клуба “Параскева”, і наспела пытанне аб унутраных сэнсах творчасці. У майстэрні адкрылася выстава пра майстэрства.

/i/content/pi/cult/842/17920/017.jpgУзнавіць дыялог

Загадкавая назва і “абыдзённая” расшыфроўка тэмы — толькі зазыўны слоган выставы Веткаўскага музея, якая адкрылася ў яго гомельскім філіяле. Гэта ж і формула канцэпцыі. Усё падаецца ў семіятычным ключы і на матэрыялах экспедыцыйных доследаў, як і заўсёды ў веткаўцаў. Таму ў навуковым дыскурсе патрэбна б было дадаць падзагаловак. Напрыклад, “Семіётыка традыцыйнай культуры: код ткацтва”. Рэчы і паняцці прадстаюць у дасканалых лагічных хадах, у адкрыцці невядомых нам гістарычных і дагістарычных фактаў.

А насамрэч, справа нават не ў семіятычнай дасканаласці. Узнавіць дыялог паміж сучаснай свядомасцю гледача і таямніцамі ўласнай старажытнай культуры. Вось звышзадача кожнага праекта “Веткі”. Адметна, што ўсё больш моладзі імкнецца асвойваць ткацтва сваімі рукамі. І жадае ведаць аб яго сімвалічным змесце. А ў рамяства з узростам у 5 тысяч гадоў — шмат неверагодных таямніц і загадак. І шэраг з іх — адгадваецца на матэрыяле ўласных традыцый.

Рамяство як таямніца

Выстава — заўсёды падарожжа ў таямніцу і цудоўны выхад “на паверхню” з новымі ведамі: “спрадвеку” — у сучаснасць. Што на гэты раз?

Велізарная таямніца — рамяство ткацтва. Разгледзім яго анатомію: як тэхналогію і як міф. Адкуль крупіцы ведаў? Старажытная тэрміналогія — назвы дэталяў красён і назвы прыёмаў “у тэраталагічным стылі” (кабылкі, вочкі, даіць…). Анатомія саміх кроснаў. Архетыпы працэсу ткацтва (у глыбіні — стварэнне Свету нанова). Арнаментальны фонд знакаў-істот і псіхалогія майстрыхі… Гэта — з аднога боку.

Мова загадкі, сінтаксіс абрадавай дзеі, траекторыя карагоднага руху і словы самой карагоднай песні — з другога боку. Усе яны ўтрымліваюць, нібы жывое зерне, архаічныя метафары. Але так утварыўся цэлы ком сэнсавых “валокнаў”. Як быць? Каб разблытаць, спрасці, упарадкаваць разуменне — рушым услед за самім ткацтвам. Адзіныя тэмы, траекторыі, формы і сэнсы выяўляюцца на ўсіх згаданых вышэй “кодах”.

У “слоўніку” традыцыйных тэрмінаў і ў складзе экспанатаў удзельнічаюць выявы і вобразы коней, калёс, калясніц, грэбняў, кос і космаў, стыхійных хваляў-змей-дажджоў-“крывуль” і іх культурнага пераўтварэння, знакаў плоднасці ва ўзорах і схемах “крывых танкоў”. Таму дарэчы — параўнанне сучасных этнаграфічных і археалагічных даных.

Дызайн кроснаў і мадэль Сусвету

Каб штосьці пачалося-зачалася — яго трэба завязаць. Амулеты-падвескі радзімічаў — падобныя да схем руху ў “Крывым танку”, які заплятае-завязвае сваім рухам дзяцей. Прасніцы, верацёны, само прадзенне аказваюцца ў адзіным кантэксце з архаічным карагодам-гульнёй “Драма”, дзе старая жанчына “дрэмле” з верацяном, седзячы сярод карагода, і коле ім неасцярожных. Звычай мець “кругаль” звязаных верацён расшыфроўваецца як абярэг, павязаны са з’яўленнем Пятніцы-Мокашы нерадзівым праллям.

Яшчэ ў 1980-я гады мы знайшлі ў “дызайне” кроснаў і ў працэсе ткацтва вобраз калясніцы і падарожжа. У Неглюбцы самі ставы — бы пара коней (ствалы з нагамі-рассохамі так і завуцца: кабылы). Навоі-валы — бы восі з коламі. Гукі ткацтва падобныя да грукату капытоў, кол. Ткачыха — “мажэ бачыць мертвых”. А калі само рамяство — падарожжа да продкаў? Якія і “дыктуюць” знакі-сімвалы з узростам у тысячы гадоў…

Але дзе галовы гэтай пары коней? Каб разгадаць загадку, патрабавалася з’ездзіць у Карэлію, а праз гады, ужо ў новым тысячагоддзі, — выпісаць і старадаўнія дэталі кроснаў з рускай Поўначы. Прыйшлі яны з Цвярской вобласці, дзе калісьці ўзаемадзейнічалі наўгародцы і крывічы… Набілкі — коні з салярнымі знакамі. Калі ўставіць бёрды — атрымліваецца мадэль судна! Альбо мадэль Сусвету. Пары коней люстэркава паўтараюцца: “Што ўверсе — то і ўнізе”. Бёрды прачэсваюць аснову — альбо грабуць, бы вёслы, па стыхіі? А вось і яшчэ міфалагема: верх — коні (блізнечны міф індаеўрапейцаў), ніжняя частка набілак — рыбы-шчупакі.

Балта-славянская міфалагема сонечных коней і нябеснага вяселля паўстала перад вачыма. З далёкай Мезені Архангельскай вобласці дасылаюць у музей прасніцу-лапастку. На ёй — коні, птушкі, сонечныя знакі, зямныя клеткі-нівы і “бёрды”. Спосаб выяўлення — той самы, што і ў геаметрычным перыядзе Элады — каля 3 тысяч гадоў таму… Дарэчы, з той даўніны родам — і геаметрычны стыль арнаментаў знакамітай Неглюбкі.

Бронзавыя падвескі — конікі і коні-грабенчыкі X стагоддзя, — таксама адгукваюцца ў “транспартным кодзе” стану-калясніцы. Чаму — коні-грабеньчыкі?

І тут настае пара пералічыць найстаражытныя “культурныя аперацыі” па засвойванню стыхійнага. Мы прадставілі адну з галоўных. Як ні дзіўна, у ткацтве гэта дзея “часаць”-“грабаць”-дзяліць, у-па-рад-коў-ваць.

Грэбень у прасніцы — і бярдо ў набілках. Паміж сонечным-конскім верхам і рыбіным-шчупаковым нізам — той самы грэбень у рамцы. Таямніца ў тым што этымалагічная радня “бярду” — “борт” карабля. Таму тут да вобраза калясніцы дадаецца вобраз судна, што пераплывае-пераграбае вёсламі бездань ніжняга Свету… Старажытныя грэбні для чалавечых валасоў маюць той жа вобраз. Ладдзя-калясніца — так ткацкі станок паўстае ў анатоміі сваёй істоты і ўзнаўляе міф пра касмалогію Тварэння.

Безумоўна, гаспадыняй насычанай прасторы выступае жанчына-стваральніца жыцця і тэкстаў ткацтва (з глыбіні — тоеснасць працэсаў стварэння: прадзенне лёсу і тканне плоці чалавечай, метафара выкарыстоўваецца з часоў Гамэра, прадзецца і тчэцца нават “адзежа Слова” — плоць Хрыста-чалавека). Фігура жанчыны ў позе малення — Аранта. Яна — у звычайным, і ў сакральным, і ў таямнічым міфалагічным абліччы. Марыя на іконе “Знаменне”. Постаць жрыцы, што ўгадваецца ва ўзорах тканых ручнікоў, якія рупліва збіраюцца музеем. Некаторыя даследчыкі бачаць у тканай постаці Мокаш (Б.А. Рыбакоў); іншыя — Багіню-Сонца (Л.С. Клейн). Макош-Параскева-Пятніца — у цудоўным свеце народных былічак.

А ў чым сэнс загадкі, якая сталася назвай выставы “ў дэндралагічным кодзе”? З асіны рабілі донца прасніцы. З клёна — грэбень. Верацяно — з бярозы. А цяпер дадазім сэнсаў у паразуменні. З пластычнай мяккай горкай асіны — донца прасніцы, на ім сядзела пралля. Асіна ў хрысціянстве мае славу “праклятага дрэва”. Аднак з яе рабілі і чаўны для плавання, і дранку-шчапу для дахаў хат, і кроўлю драўляных храмаў. — У абрадах утыкалі ў шчэліны галінкі і шчэпкі асіны ад злых духаў і ведзьмакоў. З цвёрдага салодкага клёна (мужчынскі сімвал) рэбень, на ім бы воблак, кудзеля. А з чаго само верацяно (таго ж кораню і “вярнуць”, і рускія “веремя-время”)? бярозы, з веснавога, светлага, дзявочага сімвала. Верацяно вядома цудамі з антычнасці, яно — зафіксаваны сімвал дзяўчыны-прахі; яно ж “зброя” фей і самой Пятніцы.

Галіна Нячаева, намеснік дырэктара Веткаўскага музея па навуковай рабоце