Міншчына. Візітоўкі прафесіяналаў

№ 41 (859) 11.10.2008 - 17.10.2008 г

На Міншчыне штогод ладзіцца звыш 100 тысяч разнастайных культурных мерапрыемстваў. Іх якасць забяспечваюць 9416 работнікаў сферы. Назіраецца станоўчая дынаміка па росце колькасці дыпламаваных спецыялістаў: на пачатак 2008 года гэты паказчык дасягнуў 89,2%. За мінулы год установы культуры і мастацтва Мінскай вобласці папоўніліся больш чым 200 выпускнікамі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.

За апошнія гады ў Жодзінскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы з’явіліся новыя падраздзяленні — аддзел аўтаматызацыі і інфармацыйных паслуг, зала віртуальнага турызму, сектар інфармацыі і краязнаўства ды іншыя. Дадзеныя структурныя пераўтварэнні адбыліся дзякуючы творчай актыўнасці, мэтанакіраванасці кіраўніка бібліятэкі Тамары Чарновай, якая сёлета атрымала Спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Кіраўнік сістэмы публічных бібліятэк Барысаўскага раёна Галіна Слесарэнка напоўніла новым зместам дзейнасць па адраджэнні духоўных традыцый, папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, асвеце і выхаванні маладога пакалення. Бібліятэкі раёна паспяхова рэалізуюць праекты “Праз праваслаўную кнігу — да духоўнага адраджэння”, “Барысаўскі край — наша слава і гонар”, “Чытанне — адукаванне розуму і сэрца”... Па ініцыятыве Галіны Міхайлаўны Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прысвоена імя слыннага бібліяфіла і мецэната Івана Каладзеева. Адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў Яго гонар адбылося ў Дзень беларускага пісьменства...

Вядомы дырыжор Аляксей Шут — нязменны мастацкі кіраўнік музычнай капэлы “Санорус”, у рэпертуары якой — каля 500 твораў беларускай, рускай і заходнееўрапейскай класікі. Добра вядомы на Міншчыне музыкант, педагог, член Саюза кампазітараў Рэспублікі Беларусь Алена Атрашкевіч, сумесна з беларускім паэтам Васілём Жуковічам стварыла песню “Міншчына”, якая стала гімнам вобласці. Алена Віктараўна з’яўляецца нязменным кіраўніком узорнай студыі эстраднай песні “Спяваем разам”, якая створана па яе ініцыятыве ў 1997 годзе і працуе на базе Палаца культуры Маладзечна.

Неўзабаве адзначыць паўвекавы юбілей Дзяржынскі гарадскідом культуры. Адкрыты ў 1961 годзе, ён заслужана займае вядучае месца сярод аналагічных устаноў культуры рэгіёна. Дырэктар ГДК Таццяна Чаган здолела сфарміраваць прафесійны калектыў аднадумцаў. За апошнія гады пры актыўнай падтрымцы райвыканкама тут была значна пашырана і ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база: зроблены капітальны рамонт, абсталяваны ўласная студыя гуказапісу, апаратна-студыйны комплекс (камп’ютэрнае кіраванне гукам і святлом). У 2002 годзе менавіта тут быў выпушчаны першы сярод гэтых устаноў культуры Міншчыны кампакт-дыск з творамі дзяржынскіх аўтараў у выкананні творчых калектываў ГДК. Цяпер рыхтуецца прэзентацыя наступнага дыска!

Камунараўскі сельскі дом культуры Любанскага раёна па выніках работы за мінулы год прызнаны лепшым у вобласці сярод сельскіх устаноў культуры. А ўзначальвае яго таленавіты кіраўнік Ірына Яскевіч. Супрацоўнікі СДК старанна і паслядоўна цягам некалькіх гадоў развіваюць аматарскі рух, мастацкую самадзейнасць, культурна-выхаваўчую дзейнасць. Лаўрэатамі абласных конкурсаў сталі летась мясцовыя вышывальшчыца Галіна Сівіцкая і майстар разьбы па дрэве Васіль Мігун. А ўжо сёлета дырэктар Камунараўскага СДК ткачыха Ірына Яскевіч стала лаўрэатам Міжнароднага фестывалю мастацваў “Хрустальны ключ” у Багародску Ніжагародскай вобласці.

Сёлета адзначыў 55-гадовы юбілей Морацкі народны хор, якім на працягу 28 гадоў кіруе Яўгенія Піліпеня. Сёння калектыў стаў творчай майстэрняй па захаванні беларускіх народных традыцый, носьбітам своеасаблівай манеры гучання і меладычнасці нацыянальнага песеннага мастацтва. На базе калектыву праходзяць семінары-практыкумы кіраўнікоў харавых і фальклорных калектываў рэгіёна, вобласці, дзе Яўгенія Ніканаўна праводзіць майстар-класы па народных спевах. Яна сабрала найбагацейшы песенны матэрыял рэгіёна, стварыла канцэртныя праграмы “Спявай, Морацкі край!” (налічвае каля 30 песень), “Песня і праца рады спаткацца” (з каляндарна-абрадавага цыкла), “Купальскія напевы” і “Песняй мой дух маладзіцца”. Летась на Беларускім радыё запісаны музычны альбом “Марачанскія напевы”, складзены з 40 рэгіянальных песенныхтвораў, якія гучаць у выкананні старэйшых удзельнікаў Морацкага народнага хору.

За вялікі ўклад у развіццё мастацкай самадзейнасці і народнай творчасці рэспублікі ў 1998 годзе Яўгенія Ніканаўна Піліпеня ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны, а ў 2008-ым — удастоена звання “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь”.

Нясвіжчына сёння — буйны гістарычны і культурны цэнтр, сталіца маштабных культурных мерапрыемстваў. Узначальвае і каардынуе работу ўстаноў культуры рэгіёна Леаніда Віхрова, заслужаны работнік культуры, чый працоўны стаж у галіне — звыш 30 гадоў, а начальнікам аддзела культуры Леаніда Мікалаеўна працуе 21 год. Візітоўкай Нясвіжчыны сталі народны тэатр імя Уршулі Радзівіл раённага Цэнтра культуры і вольнага часу, народны ансамбль народнай музыкі і песні “Зараніца” Нясвіжскай ДШМ і ўзорны ансамбль “Аношкаўскія музыкі” Аношкаўскай ДШМ.

Леаніда Мікалаеўна клапоціцца аб актыўнай кацэртнай дзейнасці артыстаў-аматараў. Неаднаразова калектывы раёна прымалі ўдзел у міжнародных конкурсах, фестывалях, прадстаўлялі Мінскую вобласць у Літве, Расіі, Украіне, Польшчы, Францыі, Германіі, Турцыі, Румыніі.

(Звесткі прадастаўлены Упраўленнем культуры Мінскага аблвыканкама)