Працаваць, каб іншыя маглі адпачыць

№ 12 (1503) 20.03.2021 - 27.03.2021 г

16 сакавіка адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. Дзякуючы сродкам відэасувязі, удзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

Разглядалася пытанне працаўладкавання супрацоўнікаў Магілёўскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў сувязі з яго меркаванай ліквідацыяй. Мяркуецца, што студэнты філіяла працягнуць навучанне ў Мінску, а супрацоўнікі ўстановы атрымаюць прапановы аб працаўладкаванні ў Магілёве.

Таксама была закранутая сітуацыя, якая склалася на Добрушскай папяровай фабрыцы, шэраг будынкаў якой маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці другой катэгорыі, але сёння іх тэхнічны стан выклікае занепакоенасць. Комплекс будынкаў фабрыкі з’яўляецца помнікам прамысловай архітэктуры канца XIX стагоддзя. Для вырашэння пытання аб захаванні аб’ектаў, якія ўваходзяць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, на прадпрыемства будзе накіраваная рабочая група.

Міністр звярнуў увагу і на пэўныя недахопы ў арганізацыі працы ўстаноў культуры ў некаторых рэгіёнах. Так, назіраецца пэўны разнабой у іх рэжыме працы па суботах і нядзелях. Было адзначана, што неабходна забяспечыць дзейнасць клубных і бібліятэчных устаноў такім чынам, каб у свае выхадныя дні асноўная маса насельніцтва, занятая ў іншых сферах, мела магчымасць наведаць клуб альбо бібліятэку.