Найлепшае для праекцыі на патрыятызм

№ 11 (1502) 13.03.2021 - 20.03.2021 г

9 сакавіка адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. Дзякуючы сродкам відэасувязі, удзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

Анатолій Маркевіч зноў закрануў тэму неабходнасці стварэння пры міністэрстве Савета па культуры, у склад якога ўвайшлі б эксперты па ўсіх накірунках сферы, якія здолеюць аператыўна разглядаць і вырашаць праблемныя пытанні. Цяпер адбываецца падбор кандыдатур удзельнікаў Савета.

Былі ўзнятыя таксама пытанні ўмацавання беларускай дзяржаўнасці, патрыятычнага выхавання і развіцця ўнутранага турызму. Распрацаваны праект інструкцыі парадку арганізацыі і правядзення рэспубліканскага конкурсу на найлепшыя культурныя праекты патрыятычнай тэматыкі. Конкурс прапаноўваецца правесці да канца года, вызначыўшы пераможцаў у намінацыях “Найлепшы спектакль” (з выдзяленнем асобных намінацый для тэатраў драмы, лялек і музычнага тэатра), “Найлепшая канцэртная праграма” (з падзелам на праекты ў сферы музычнага і эстраднага мастацтваў альбо харэаграфіі), “Найлепшы фільм” (у гульнявой, негульнявой і анімацыйнай форме), “Найлепшы твор выяўленчага мастацтва” (у жывапісе, графіцы, скульптуры і манументальным мастацтве), “Найлепшае культурнае мерапрыемства народнай творчасці” (з падзелам на канцэртныя праграмы, спектаклі, прадстаўленні аматарскіх калектываў, выстаўкі народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, інтэрактыўныя клубныя праекты), “Найлепшы інтэрактыўны музейны праект” (з падзелам на праекты культурна-асветніцкай дзейнасці, інклюзіўныя праекты, а таксама праекты ў гісторыка-краязнаўчай галіне) і “Найлепшы бібліятэчны інтэрактыўны праект”.

11 сакавіка міністр культуры Анатолій Маркевіч правёў сустрэчу з калектывам Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”. Падчас сустрэчы былі абмеркаваныя пытанні, звязаныя з планамі работы комплексу.

На наступны дзень, 12 сакавіка, Анатолій Маркевіч ужо наведаў Гомель, дзе правёў грунтоўную размову пра культуру без закрытых тэм. Міністр культуры абмеркаваў пытанні рэканструкцыі сядзібы ў Хальчы і нюансы развіцця галіны культуры на сустрэчы з калектывам Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Адбыўся карысны і змястоўны дыялог.

Матэрыял пра сам Гомельскі палацава-паркавы ансамбль — адзін з найпрыгажэйшых і самых старых музеяў Беларусі — чытайце на старонцы 13