Эфект падсветкі Нацыяналкі: канфігурацыя — унікальная!

№ 41 (859) 11.10.2008 - 17.10.2008 г

Прэстыж установы культуры, вядома ж, фарміруюць найперш яе супрацоўнікі. Але ж і знешняя адметнасць таго будынка, дзе ствараецца духоўны скарб народа, мае сваё значэнне. Развагі датычацца такой сталічнай славутасці, як Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Ужо сама архітэктура прываблівае сваёй арыгінальнасцю. А ўвечары ж вялізны гмах быццам змяняе “адзежу” на зіхоткае праменне тысяч ліхтарыкаў. Хто кіруе зменамі на гэтым найбуйнейшым у краіне экране? Якая тэхналогія функцыянавання “зорнага неба” НББ? І ці падлічылі, колькі зорак-лямпачак ззяе на ім?

Адказаць на пытанні пагадзіліся Сяргей СЦЯПАНАЎ — генеральны дырэктар замежнага прадпрыемства “Уолтэр Індастрыз”, што займаецца вытворчасцю святлодыёдных і люмінесцэнтных свяцільнікаў, і Сяргей КУШАЛЬ — вядучы інжынер аддзела абслугоўвання электратэхнічнага абсталявання і ліфтаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

С.С.: — Насамрэч у бібліятэцы стаіць камп’ютэр, куды загружана пэўная праграма, што працуе як у аўтаматычным рэжыме, так і з дапамогай аператара, які ўручную вызначае парадак і працягласць эфектаў (“узораў” ілюмінацыі). Самі эфекты — гэта пэўная камп’ютэрная праграма і нейкая частка сістэмы: гэта значыць, праграміст НББ, скажам, вызначае толькі парадак і працягласць эфекту, але не прапісвае сам эфект, які распрацоўваецца на больш раннім этапе.

С.К.: — Праграма лічбавай асновы ілюмінацыі НББ называецца “Octagon”. Яна ўстаноўлена на адным з камп’ютэраў дыспетчарскага аддзела бібліятэкі. Увечары, калі святлодыёдная падсветка павінна функцыянаваць, супрацоўнікі аддзела яе ўключаюць і задаюць паслядоўнасць чаргавання эфектаў, працу з рэкламным радком і тэкстам, які ён змяшчае.

 /i/content/pi/cult/179/1789/Biblioteka1.jpg
— Праграма падсветкі НББ на святлодыёдах распрацоўвалася на стадыі будаўніцтва бібліятэкі, або рашэнне так незвычайна ўпрыгожыць і пераўтварыць збудаванне ўзнікла пры ўводзе яго ў эксплуатацыю?

С.С.: — Зразумела, усё распрацоўвалася на этапе праектавання. Вядучыя архітэктары НББ В.В. Крамарэнка і М.К. Вінаградаў праектавалі піксельную канцэпцыю падсветкі. Бо інакш як сродкамі святлодыёдных лазераў падсвяціць вялізны шкляны актаэдр не ўяўлялася магчымым. А традыцыйныя спосабы, напрыклад, пражэктары, былі недарэчнымі. Атрымалася б так: пры падсветцы будынка звычайным пражэктарам частка святла проста адбівалася б і сыходзіла кудысьці, а частка — высвечвала б не экстэр’ер, а інтэр’ер пабудовы. І ў выніку эфект — не той. Іншага спосабу, акрамя як свяціць з бібліятэкі, не было. Гэта значыць, на яе аснове трэба было стварыць вялізны экран.

— Сяргей Васільевіч, а якія дадатковыя магчымасці ёсць у дадзенай праграмы? Ці праўда, што сродкамі падсветкі на святлодыёдах на гранях “дыямента” можна трансліраваць нават кіно?

С.С.: — У прынцыпе, усё магчыма, і трансліраванне кінастужак — таксама. Але, на жаль, не на НББ: там даволі мала святлодыёдаў, і яны не прыдатныя для трансляцыі візуальных эфектаў — кіно і малюнкаў з відэавыявай, таму рэальна магчымая толькі графіка. Аднак выключэннем усё ж з’яўляюцца ўсім вядомыя выявы Нацыянальнага сцяга і бягучы радок, які добра чытаецца.

— Мы пастаянна згадваем вызначэнне “эфект”. А хто займаецца распрацоўкай, прадумваннем і сачыненнем усіх гэтых узораў ці геаметрычных малюнкаў ілюмінацыі НББ?

С.С.: — Нашы праграмісты на прадпрыемстве. Спачатку тэарэтычна прадумваецца які-небудзь узор, а потым пачынаецца тэхнічная частка рэалізацыі ідэі. У нас, дарэчы, ёсць такая задумка: мы хочам адкрыць “пратакол абмену” ў гэтай галіне — гэта значыць, даць магчымасць студэнтам, да прыкладу, распрацоўваць эфекты для НББ. Можна, напрыклад, абвясціць конкурс на саамы прыгожы эфект.

— Дарэчы, забылася спытацца: ці шмат затрачваецца электраэнергіі ў момант працы святлодыёднай падсветкі?

С.С.: — Мне ўвесь час даводзіцца адказваць на гэтае пытанне. Магу вас запэўніць, што падстанцыя, энергіяй якой карыстаецца ілюмінацыя, — каля 16 кВт. Па мерках асвятлення — гэта проста мізэрна. Прычым поўная лічба практычна ніколі не рэалізуецца, а рэальная магутнасць спажывання ў дынамічным эфекце складае прыкладна 5 кВт, плюс-мінус, — залежыць ад эфекту.

У вельмі грубых падліках скажу, што магутнасць падсветкі раўняецца тром прасам. Карацей кажучы, калі недзе ўключацца тры прасы, дык гэта будзе раўназначна ілюмінацыі НББ.

Здавалася б, усё зразумела. Але не хапала адзінага, заключнага штрыха ў задавальненні цікавасці: хацелася паглядзець на ўладкаванне ілюмінацыі знутры бібліятэкі. Мяне зацікавілі тэхнічныя характарыстыкі падсветкі. Дзякуючы вядучаму інжынеру НББ Сяргею Кушалю, пралілося святло на гэтае пытанне. Толькі ўявіце: 4646 свяцільнікаў, 1349 камутатараў, 54 разгалінавальнікі, адзін галінавальнік каналаў, адзін пераўтваральнік, адзін камп’ютэр і... — кожны вечар мы маем цудоўную магчымасць атрымліваць асалоду ад мільёнаў агнёў бібліятэчнай ілюмінацыі!

С.К.: — У кожным свяцільніку стаяць тры вялізныя святлодыёды чырвонага, сіняга і зялёнага колераў. Яны ўтвараюць так званую RGB-матрыцу і ў сукупнасці даюць розныя колеры. Гэты ж прынцып выкарыстоўваецца ў звычайных тэлевізарах з электронна-прамянёвай трубкай, таксама як і свяцільнікі НББ. (Дарэчы, “свяцільнікі” — вызначэнне некарэктнае, гэта лазерныя выпраменьвальнікі.) Камутатары непасрэдна кіруюць працай апошніх, работай камутатараў — галінавальнікі і г. д. Кожны з модуляў праграмуецца па-свойму. Абсалютна ў кожным з іх знаходзіцца маленькі працэсар, нават у тым, які кіруе працай 4-х свяцільнікаў... Хачу адзначыць: уся гэтая канфігурацыя — унікальная! Яна распрацавана для НББ упершыню. У сусветнай практыцы існуе такая тэндэнцыя — менавіта праектаванне падсветкі пад канкрэтны будынак, і кожная распрацоўка ў гэтым сэнсе унікальная. Аднак у нас такі падыход у галіне падсветкі таго ці іншага збудавання рэалізаваны ўпершыню.

 /i/content/pi/cult/179/1789/Biblioteka2.jpg
— Сяргей Аляксандравіч, а ці складаная ў абслугоўванні дадзеная праграма?

С.К.: — Не. Праўда, спачатку былі недакладнасці мантажу. Яны выпраўляліся месяцы 3 — 4. Зараз не маем ніякіх праблем, бо надзейнасць саміх свяцільнікаў — амаль 100-працэнтная. Гарантыя на іх — 50 гадоў. Усе астатнія элементы працуюць выдатна. Ні галінавальнік каналаў, ні пераўтваральнік (невялікі блок, кшталту каробкі каля камп’ютэра ў дыспетчарскай) са строю не выходзяць! Гэта надзейнае абсталяванне. А апошнім часам — у асноўным выпраўляюцца толькі праграмныя недакладнасці.

— Сяргей Аляксандравіч, і, трэба думаць, апошняе пытанне, не зусім “тэхнічнае”: а ці не шкодныя такое дынамічнае чаргаванне малюнкаў і такая багатая канцэнтрацыя колеру і святла для ўспрыняцця вока чалавека?

С.К.: — Увогуле роўна настолькі, наколькі шкодна сядзець перад тэлевізарам. Той самы эфект! Вы ж перад тэлевізарам праводзіце нейкую частку часу? Так можна сядзець увечары і перад бібліятэкай, гледзячы на яе падсветку. Гэты вялізны тэлеэкран, толькі з вельмі маленькай дыскрэтнасцю элементарнага выпраменьвальніка. І ў сэнсе выпраменьвання ён абсалютна няшкодны, бо ад звычайнага тэлепрыёмніка яно страчваецца недзе ў межах 20-30 сантыметраў, і гэта ўжо электрамагнітны фон зямлі. А тут паняцце фону адсутнічае ў прынцыпе. Так што не турбуйцеся: ніякай шкоды падсветка “Нацыяналкі” не робіць. Толькі карысць!


Гутарыла Кацярына БЕЛІКАВА