Букет святочных канцэртаў, або Віншаваць — дык з музыкай

№ 10 (1501) 06.03.2021 - 12.03.2021 г

Здаецца, ніколі яшчэ да жаночага свята музыканты не адорвалі нас такой колькасцю адметных, разнастайных канцэртных праграм — на ўсе стылі і густы.

/i/content/pi/cult/840/17883/19.jpg“Песні добрага настрою” ад тэатральнай кампаніі “Мюзіклэнд” прагучалі ўчора: наведвальнікаў Цэнтральнага Дома афіцэраў радавалі артысты некалькіх тэатраў, кіно і эстрады. Шкада, калі вы гэта прапусцілі, але наперадзе, акурат на восьмы дзень сакавіка — “Джазавыя вечары ў філармоніі”: квінтэт Дзмітрыя Наскова сыграе-праспявае на свой манер хіты Фрэнка Сінатры. Калі ж вам больш даспадобы фальклорны струмень, зазірніце ў гэты вечар у Малую залу імя Рыгора Шырмы: гурт “Купалінка” прапануе вам “Усе кветкі для жанчын”.

Віншаваць з дапамогай добрай музыкі можна і напярэдадні. Вялікі тэатр Беларусі і яго рэжысёр Галіна Галкоўская падрыхтавалі Святочны канцэрт да Дня жанчын. На больш крэатыўную назву-ўпакоўку сілы марнаваць не сталі, затое сканцэнтраваліся на змесце: да папулярных оперных і балетных фрагментаў дадалі нумары са спектакляў, што ў нашым тэатры не ідуць.

А яшчэ — крыху аперэтачнай музыкі, неапалітанскіх песень, сучаснай харэаграфіі (“Танга для Клода” ў пастаноўцы Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова). Прагучыць і беларуская музыка: урыўкі з опер “Сівая легенда” Дзмітрыя Смольскага, што замацавалася ў рэпертуары, і “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Солтана, новая пастаноўка якога неўзабаве ўпрыгожыць афішу.

Адначасова ў філармоніі 7 сакавіка — яшчэ два канцэрты. У Вялікай зале — “Падарунак жанчыне” ад сімфанічнага аркестра музычнай капэлы “Санорус”, запрошаных салістаў і заслужанага артыста Беларусі Віктара Бабарыкіна. Гэта яго другая аўтарская праграма ў якасці дырыжора сталічнай філармоніі: першая, “Мужчына & Жанчына”, была зроблена да Дня закаханых. На гэты раз стылёвы разгорт яшчэ больш шырокі — ад А.Вівальдзі да С.Пракоф’ева і песень гурта АВВА.

А ў Малой зале — “Тэатральныя старонкі ў гуках раяля”. Народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў прадставіць фартэпіянныя пералажэнні (пераважна свае) музыкі з драматычных спектакляў, опер, балетаў. Шмат будзе і жаночых музычных партрэтаў, у тым ліку з “Кармэн”, “Спячай прыгажуні”, лермантаўскага “Маскарада” (знакаміты “Вальс Ніны” Анатоля Багатырова).

Дый сёння ўвечары — таксама два філарманічныя канцэрты. Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр на чале з нястомным Аляксандрам Анісімавым увасобіць музычныя абліччы Раймонды, Снягуркі, Русалкі, Далілы і іншых дзяўчат-жанчын. А паралельна ў Малой зале — праграма “Дзе натхненне непадробна...”: харавыя рамансы ў выкананні Дзяржаўнага камернага хору краіны на чале з Наталляй Міхайлавай.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"