Ува што трансфармуецца празрыстасць?

№ 10 (1501) 06.03.2021 - 12.03.2021 г

“Как вы лодку назовёте, так она и поплывёт” — гавораць нашы ўсходнія суседзі. Прымаючы да веры гэтую тэзу, я насцярожана стаўлюся да людзей з экзатычнымі імёнамі-псеўданімамі-нікамі. У жанчын яны звычайна запазычаны з гламурных серыялаў, у мужчын — таксама выдраныя з нейкага рамантычнага кантэксту, хіба што ўхіл брутальны. І тыя, і другія, як вынікае з майго досведу, чамусьці маюць звычку ставіцца да іншых з пагардай. Не заўжды, але часта. У кніжных крамах абмінаю ўвагай выданні з занадта мудрагелістымі назвамі, бо лічу, што калі аўтар ужо з вокладкі цісне на чытача сваім нібыта высокім інтэлектам і сваёй нібыта недасягальнай для людзей паспалітых дасведчанасцю — прасцей кажучы, зыходна не паважае свайго магчымага суразмоўцу, дык тое самоўе і не патрэбнае. Тое ж датычыць і мастацкіх выстаў: калі назва выставы з прэтэнзіяй на інтэлектуальную перавагу над гледачом, дык хутчэй за ўсё я не стану марнаваць час на знаёмства з экспазіцыяй.

/i/content/pi/cult/840/17881/17.jpgПрынамсі, на выставу пад назвай “Любопытныя заметки о цветопрозрачности” я ні ў якім разе не пайшоў бы. Па прычыне згаданай вышэй, і таму што пытанне “цветопрозрачности” вельми далёкае ад маіх надзённых інтарэсаў. Трапіў я туды абсалютна выпадкова. Шпацыруючы па праспекце ў раёне плошчы Незалежнасці, згадаў, што даўно не бываў у галерэі “Мастацтва” — самым вядомым мастацкім салоне сталіцы, а яна якраз побач. Зайшоў, што называецца, “на агеньчык”, агледзеў экспазіцыю і толькі потым прачытаў, як гэта называецца. Выстава аказалася лепшай за сваю назву. Цікавая яна найперш тым, што гэта спроба спалучыць у малой экспазіцыйнай прасторы рэчы ад розных творчых цэхаў. Такое можна зрабіць у вялікіх выставачных залах, дзе канцэптуальна розныя сегменты, захоўваючы пэўную аўтономію, пры правільным дызайне могуць ствараць эфектную паліфанію. Туды ж, дзе і аднаму няма як па-сапраўнаму разгарнуцца, праблематычна ўплішчваць яшчэ некалькіх. Аднак, паспрабавалі. Дзякуй за эксперымент.

На гэтай жа выставе прадстаўлены Дзмітрый Сурыновіч (акварэль і графіка), Алесь Фалей (жывапіс), Ганна Аляксейчык і Алена Златковіч (скульптура), Віктар Сянькоў і Ксенія Свірыд (фатаграфія), Вольга Сямашка і Ілона Гавіна (дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Ігар Салаўёў (дызайн).

Найбольш эфектна на выставе глядзіцца Дзмітрый Сурыновіч. Ён вядомы як жывапісец, графік і мастак-аніматар. Спалучэнне ў кантэксце асобы трох відавочна раўназначных для гэтага мастака творчых іпастасяў дазваляе спадару Дзмітрыю працаваць нібыта на памежжы, сілкуючыся з розных крыніц, засяроджвацца на сутнасным, ігнаруючы дробязі, якія так любяць людзі ў пэўным сэнсе аднамерныя. У дадзеным выпадку “аднамернасць” — не абраза, а характарыстыка іншага творчага тыпу. Яно пры пэўных умовах можа быць нават сінонімам грунтоўнасці.

Дзмітрый Сурыновіч малюе не аб’ект, а сваё ўражанне. І яно, па маіх назіраннях, уздейнічае на гледача мацней, чым работа фотарэалістычнага кшталту. Асабліва эффектна майстар працуе ў акварэлі. У гэтай іпастасі я параўнаў бы яго з вялікімі мастакамі Далёкага Усходу, якія некалькімі плямамі фарбы ствараюць цудоўныя настраёвыя краявіды. Толькі малюе Сурыновіч не краявіды, а сюжэтныя сцэны. Па форме ягоныя акварэлі — эскізы, па сутнасці — завершаныя карціны. Сумныя, іранічныя, пяшчотныя…

Алесь Фалей — таксама постаць шматгранная. Ён працуе з металам, канкрэтна і прадметна, ствараючы вобразы, што маюць адносна рэалістычныя прататыпы, і піша абсалютна абстрактныя карціны. Я схільны думаць, што жывапіс для яго свайго роду адпачынак пасля цяжкой кавальскай працы і адначасова спантаны пошук вобразаў, што потым набудуць трывалы металічны гарт. Між тым, не толькі адухоўленае жалеза спадара Алеся, але і ягоны жывапіс мае немалую аўдыторыю заўзятараў. Творы Алеся Фалея, як жывапісныя, так і металічныя, знаходзяцца ў музейных фондах і ў прыватных калекцыях. Паколькі ўсе выставы ў галерэі мастацтва ладзяцца з мэтай продажу твораў, можна не сумнявацца, што частка прадстаўленага тут зараз стане ўпрыгожваннем прыватнага жытла ці офісаў.

Астатнія ўдзельнікі выставы, як мне падаецца, знаходзяцца ў ценю двух згаданых творцаў. Яны таксама пры справе, таксама нейкім чынам працуюць на не надта ўцямную канцэпцыю выставы. Рэч у тым, што паводле энцыклапедыі, “колерапразрыстасць — гэта ўмоўны тэрмін, які вызначае сукупнасць выразных якасцяў колеру і святла, якія па-розным праяўляюць сябе ў залежнасці ад абранага мастаком альбо дызайнерам матэрыялу. Колерапразрыстасць дазваляе разглядаць аб’ект у момант ягонай найбольшай слабізны ў працэсе знікнення і трансфармацыі”.

Зразумела, што жывапіс, графіка, скульптура і гэтак далей — розныя матэрыялы паводле шкалы празрыстасці і перспектыў знікнення і трансфармацыі. Адно, хай усведамленне таго, што ўсё існае калі-небудзь трансфармуецца і знікне, усё каляровае паблякне, а ўсё празрыстае замуціцца (калі разважаць далей, дык і сонца калі-небудзь пагасне…) не перешкаджае вам мець задавальненне ад вартага вашай ўвагі мастацтва.

Радуйцеся празрыстаму ранку. Вясна надышла!

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"