Крэда рэжысёра са Слоніма

№ 10 (1501) 06.03.2021 - 12.03.2021 г

Вучыцца ў мастацтва, духоўна ўзбагачацца самому і выхоўваць мастацтвам іншых — так фармулюе сэнс сваёй творчай працы галоўны рэжысёр ДУК “Слонімскі драматычны тэатр” Васіль Сявец, якога 7 сакавіка калектыў тэатра павіншуе з паўвекавым юбілеем. Выразнасць пазіцый у мастацтве, умацаванне рэалістычных прынцыпаў, своеасаблівы культ жыццёвай праўды на сцэне — вось крэда Слонімскага творчага тэатральнага калектыву, які ён узначальвае з 2011 года.

/i/content/pi/cult/840/17880/15.jpgВасіль Сявец — летуценнік. Часам яго ўяўленне малюе захапляючыя карціны шматпланавых пастановачных рашэнняў, прасторавых пабудоў мізансцэн у афармленні, дзе святло, канструкцыі, фарбы і музыка ствараюць гранічна дасканалую і ў той жа час нейкую асаблівую атмасферу дзеянняў. Але ў сваім калектыве і на людзях ён марыць, так сказаць, у межах магчымасцяў свайго тэатра. Пры гэтым Васіль Васільевіч заўсёды імкнецца іх пашырыць і ўмацаваць За рэжысёрам артысты ідуць аддана, ведучы за сабой і тых, хто яшчэ і не вызначыўся ў адносінах да тэатральнага мастацтва. Тут — аб’яднанне творчых аднадумцаў, людзей, якіх па-сапраўднаму з’яднаў і захапіў дэвіз галоўнага рэжысёра — “Вучыцца і вучыць”.

А пачалося гэта ў 1993-м. У той год на сцэне Слонімскага драмтэатра адбылася прэм’ера спектакля з незвычайнай назвай “Свінячае жыццё”. П’есу напісаў былы студэнт Мінскага інстытута культуры Аляксандр Богдан. І паставілі яго студэнты-аднакурснікі Богдана — гэта быў іх дыпломны спектакль. У пастаноўцы — толькі чатыры дзейныя асобы: Гаспадар, Гаспадыня і Парсюкі. Рабога парсюка тады іграў выпускнік інстытута Васіль Сявец. Гэта быў яго дэбют на прафесійнай сцэне. Маладому артысту спадабаўся калектыў, тая творчая атмасфера, якая існавала ў тэатры. Таму пасля заканчэння інстытута ён прыехаў у Слонім і, як кажуць, атабарыўся тут назаўсёды.

У верасні 1993 года галоўны рэжысёр тэатра, заслужаны работнік культуры Мікалай Варвашэвіч у спектаклі “Прымакі” па п’есе Янкі Купалы прапанаваў Васілю сыграць ролю Мацейкі. Бачна было, што малады артыст яшчэ мала адчуваў сцэну, скаванасць і нерашучасць не дазвалялі яму поўнасцю раскрыць вобраз закаханага юнака. Патрэбны быў час, каб па-сапраўднаму зразумець, што хочуць ад яго рэжысёры-пастаноўшчыкі і як павінен артыст іграць сваіх герояў.

Але час і новыя ролі спрыялі маладому таленту. У спектаклях для юных гледачоў “Хітрыкі бабы Ягі”, “Апошні дыназаўрык”, “Чырвоны каптурык”, “Чарадзейныя суніцы” і ў іншых малады артыст іграў ролі казачных, найперш станоўчых герояў, якіх любілі дзеці. Гэтыя героі былі шчаслівыя і добрыя, простыя і вясёлыя.

Найбольшыя здольнасці Васіль Сявец праявіў у спектаклях для дарослых гледачоў. У першую чаргу, у спектаклях “Жарты Парыжа” па п’есе К.Манье рэжысёра Таццяны Дубік і “Камедыя” па п’есе У.Рудава ў пастаноўцы рэжысёра Віктара Небальсіна, дзе артыст выконваў ролі Блэза і Жыда. Блэз, наогул, любімая роля Васіля Сяўца. Але вобраз Жыда ў “Камедыі” — гэта сапраўдны поспех. Ён атрымаўся тыповым местачковым беларускім насельнікам 1920 — 1930-х гадоў. І пластыка, і мова, і погляды - усё артыст удала спалучыў у вобразе свайго сцэнічнага героя.

/i/content/pi/cult/840/17880/16.jpgВядома ж, вялікае значэнне для прафесіі рэжысёра маюць ўласны артыстызм, педагагічныя і арганізатарскія здольнасці. А яны ў Васіля ўжо былі, тым больш, што шмат у чым яму дапамагаў тагачасны галоўны рэжысёр тэатра Мікалай Варвашэвіч.

Першай самастойнай рэжысёрскай працай Васіля Васільевіча стаў спектакль для дзяцей “Хачу быць чараўніцай” па п’есе Н.Нячаевай. Даволі лёгкая п’еса і з боку рэжысёрскай пастаноўкі, і па змесце. А вось другая дзіцячая сцэнічная казка па п’есе слонімскага драматурга Аляксея Якімовіча аказалася больш складанай, якая адрознівалася і зместам, і канфліктнымі сітуацыямі. Сёе-тое малады рэжысёр вырашаў сумесна з Мікалаем Варвашэвічам і з аўтарам п’есы. Напрыклад, ён хацеў зрабіць двухгаловага Добрага Змея. Але, параіўшыся з драматургам і з мастацкім кіраўніком тэатра, прыйшоў да высновы, што ў беларускім фальклоры, у беларускіх казках і паданнях няма двухгаловых і трохгаловых змеяў, ёсць проста вужакі, вужы, змеі аднагаловыя. Адсюль і трэба было зыходзіць. Так упершыню на слонімскай сцэне ў гэтым спектаклі з’явіўся элемент лялечнага тэатра — лялька, якая іграла побач з акцёрамі. І гэтаю пальчатачнай лялькай з’яўляўся сам Добры Змей.

Пасля пастаноўкі гэтых двух спектакляў Васіль Сявец не толькі іграе ролі як артыст, але і актыўна спалучае працу рэжысёра. Ён даволі ўдала ставіць шэраг іншых спектакляў для юных гледачоў. Асабліва ўвагу надае беларускім драматургам. На сцэне ажываюць героі Пятра Васючэнкі (“Новы калабок”), Алены Палешчанковай (“Мяфа”), Васіля Ткачова (“Аднойчы гарачым-гарачым летам”), Георгія Марчука (“Шмат прыгод пад Новы год”), Генадзя Аўласенкі (“Як павука з луга праганялі”) і іншыя.

У 2005 годзе Васіль Сявец ставіць спектакль “Курыца” па п’есе Мікалая Каляды. Першая спроба для дарослых гледачоў аказалася даволі паспяховай. Рэжысёр і артысты здолелі захапіць публіку арыгінальнасцю пабудовы пастаноўкі і выканальніцкім майстэрствам.

Інтэлігентны, заўсёды стрыманы, але са сваёй уласнай пазіцыяй, Васіль Васільевіч часам бывае непазнавальны падчас рэпетыцый. Пільная творчая засяроджанасць, эмацыянальны парыў, тэмперамент заўзятага мастака на сцэне творыць цуд. І такі гарэзліва-апантаны творца зараджае выканаўцаў. Таму яго спектаклі — ці гэта складаныя сацыяльна-псіхалагічныя творы Эрдмана “Самазабойца”, Баэра “Тустэп на фоне чамаданаў”, Ткачова “Белы ліст” ці камедыі Шарта “Маю жонку клічуць Марыс”, Бартохавай “Нязваны госць”, Салагуба “Бяда ад пяшчотнага сэрца”, Галубка і Чужыніна “Вось табе і гоцаца” — заўсёды гранічна эмацыянальныя, хвалюючыя. Магчыма ў іх часам здараюцца асобныя промахі ў логіцы развіцця характараў ці некаторыя недагляды ў раскрыцці падзейных даматургічных ліній, але ўжо раўнадушша, рамесніцтва ці гульні на гледача ў іх ніколі не сустрэнеш.

У 2017 годзе Васіль Сявец паставіў унікальны спектакль “Тарас на Парнасе” па п’есе Сяргея Кавалёва, дзе занята ўся трупа тэатра. Гэты спектакль гледачы ўбачылі ў Бабруйску на VI Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі. Як адзначала беларуская прэса, акцёры Слонімскага драматычнага тэатра пры дапамозе рэжысёра Васіля Сяўца здзейснілі неверагоднае. Іх імпрэза паводле класічнай паэмы, прадстаўленая на сцэне ў Бабруйску, уразіла і юных, і сталых гледачоў.

Галоўны рэжысёр дзяржаўнага тэатра ў Слоніме працягвае працаваць над новымі пастаноўкамі. Цяпер Васіль Васільевіч рэпеціруе спектакль “Мудрамер” па п’есе Мікалая Матукоўскага. Да ўсяго сказанага вышэй пра Васіля Сяўца, хочацца дадаць, што ён быў у свой час лаўрэатам персанальнай Прэзідэнцкай надбаўкі за вялікі ўклад у развіццё беларускай культуры, мастацтва і літаратуры. Ён узнагароджваўся рознымі граматамі і дыпломамі, а таксама Ганаровай граматай Гродзенскага аблвыканкама за плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнага тэатральнага мастацтва…

Але Васіль Васільевіч не вельмі любіць, калі яго хваляць. Галоўнае, як ён лічыць, гэта здароўе. Бо калі будзе здароўе, тады будуць з’яўляцца і новыя пастаноўкі, а значыць - будзе чым радаваць гледача. Ну а сам рэжысёр жыве і пастаянна вучыцца ў іншых вопытных майстроў сцэнічнага мастацтва і, вядома ж, вучыць.

Сяргей ЧЫГРЫН, загадчык ДУК “Слонімскі драматычны тэатр”

Фота з архіва аўтара