Хор работнікаў культуры вакол глобуса Мастоўшчыны

№ 41 (859) 11.10.2008 - 17.10.2008 г

Мастамі сваімі адметныя Масты. І гэта масты не толькі праз Нёман і рэчку Зэльвянку, але і масты чалавечай памяці, сяброўства, масты повязі народнай культуры сучаснасці і мінулага. Такія масты немагчыма разбурыць. Толькі будаваць і будаваць новыя!

Але не толькі на лірычны лад настроіла гэтая камандзіроўка на Гродзеншчыну. Сваімі творчымі здабыткамі дзеляцца мастоўцы, не забываючыся і на атрыманне вынікаў эканамічных ды кадравых. 

Семнаццаць перспектыўных напрамкаў 
На пытанні “К” адказвае старшыня Мастоўскага райвыканкама Аляксей ШАФАРЭВІЧ.

— Я лічу, што ад культуры залежыць усё, — распачынае гаворку Аляксей Сцяпанавіч. — Так, матэрыяльная база мусіць быць лепшай за наяўную. У здзяйсненні гэтай мэты нам дапамагае Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця сяла. На сённяшні дзень ужо ўзведзена дзесяць аграгарадкоў, а будзе, згодна з планам, — семнаццаць. Калі казаць мовай лічбаў, дык на сферу культуры з бюджэту раёна выдаткоўваем больш як 2 мільярды рублёў. Дапамагаюць і з абласнога бюджэту.

 /i/content/pi/cult/179/1788/K_Grodno1.jpg

Старшыня Мастоўскага райвыканкама
Аляксей Шафарэвіч.

— А пачынаецца ўсё, мусіць, з РДК? Ці не так, Аляксей Сцяпанавіч?

— Вось і ўклалі ў яго летась 200 мільёнаў рублёў, а сёлета запланавалі яшчэ 490 мільёнаў. Гэта зусім не малыя сродкі.

У наступным годзе папросім дапамогі ў вобласці на шматлікія ўнутраныя работы. Вялікі фронт работ — у дамах культуры і бібліятэках раёна. Напрыклад, у аграгарадку “Правыя Масты” на рамонт ДК затрацілі 150 мільёнаў рублёў. Шмат клопату аддаецца і на рэканструкцыю музеяў. Зразумела, што ў адзін год усе будынкі давесці да ладу проста немагчыма. Трэба дапамагаць Гудзевіцкаму літаратурна-краязнаўчаму музею, неабходна звярнуць увагу на унікальны музей “Лес і чалавек”… Наогул, пры ўстановах культуры існуе 164 клубныя фарміраванні, у якіх займаюцца больш за дзве тысячы чалавек. Працуюць на Мастоўшчыне 18 аматарскіх аб’яднанняў, 12 калектываў маюць званні “народны” і “ўзорны”.

— А як выконваецца праграма па энергазберажэнні?

— Выконваецца, а ў раёне ёсць і свая праграма. Выкарыстоўваем дровы, дранку, торфабрыкет. Апроч таго, ва ўсіх будынках, дзе вядзецца рамонт, адбываецца замена старых вокнаў на шклопакеты — каля 800 адзінак за год. 500 — 600 свяцільняў за той самы перыяд замяняюцца на больш эканамічныя. Да таго ж, усе ўстановы працуюць індывідуальна ў названым напрамку. Паказчык энергазберажэння ў Мастах складае 61,4!

Згадаў Аляксей Сцяпанавіч і раённыя дажынкі. Вядома, вясёлы настрой удзельнікам жніва дадалі культасветнікі, шчодрыя на песні. Сёлета дажынкі на Мастоўшчыне былі адзначаны і правядзеннем мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года бульбы. Для дзяцей з аматарскага клуба “Бураціна” Курылавіцкага СДК такая імпрэза ператварылася і ў сур’ёзную сустрэчу з супрацоўнікамі лабараторыі СВК “Мілявічы”, і ў цікавую забаўляльную праграму, тут жа і далучэнне да зямлі, працы!

— Ды не толькі забаўляць здольныя нашы культасветнікі, — зазначае Аляксей Шафарэвіч. — Яны годна зарабляюць самі.

Сёння ва ўстановах культуры раёна аказваецца 54 віды платных паслуг. За восем месяцаў гэтага года зарабілі 118 мільёнаў рублёў.

 Новае пакаленне для брэнда Мастоў

У гэтай утульнай кватэры ў цэнтры Мастоў гарыць Дабрадатны агонь, які пакінула тут духоўная экспедыцыя, што напярэдадні Дня беларускага пісьменства прайшла праз горад. Каля агню разважаюць пра жыццё і творчасць муж і жонка ГАЎРЫЛАВЫ — Мікалай Іванавіч, рэжысёр народнага тэатра, і Валянціна Мікалаеўна, намеснік дырэктара РДК.

— Ён для мяне і сябра, і настаўнік распавядае Валянціна Мікалеўна пра мужа. — І не толькі для мяне. Мікалай Іванавіч мае аўтарытэт у раёне. І справа тут не толькі ў цудоўным тэатры, якім ён кіруе, але і ў характары: з ім лёгка жыць, працаваць. А якім, пытаецеся, павінен быць работнік культуры? Перш за ўсё — самаадданым!

На думку Мікалая Гаўрылава, правінцыйны тэатр — гэта складана: акцёры ж без вялікіх ведаў, іх патрэбна навучаць. У спектакль “Не пакідай мяне” паводле Аляксея Дударава запрасілі 20-25-гадовых артыстаў. Разам з імі і перайшлі ў новы ДК, дзе праца значна актывізавалася.

— Так, адзін з самых улюбёных драматургаў нашай трупы — Аляксей Дудараў. І вось напярэдадні 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ставім новую ягоную п’есу — “Млын”.

Дэкарацыі і касцюмы артысты шыюць самі. Нешта даводзіцца і перашываць. Да ўсяго, адчувальная дапамога абласногатэатра. Аднак ёсць і праблема — асвятленне сцэны: апаратура састарэла, таму, па словах Мікалая Гаўрылава, святло — “мышынае”.

— Звярнуўся да старшыні райвыканкама Аляксея Шафарэвіча, які зразумеў нашыя праблемы. Тэатр жа — своеасаблівы брэнд Мастоў. Ён падабаецца гледачам. Мы ўдзельнічаем і ў разнастайных фестывалях, атрымліваем узнагароды. Вось нядаўна паспяхова выступілі ў Маладзечне.

Ды нават не ў гэтым справа: правінцыйная публіка даўно сучасная — патрабуе новых эфектаў, цікавых хадоў!

А Валянціна Мікалаеўна спявае ў народным ансамблі народнай песні “Ярыца”. Прыехаў нядаўна ў Масты новы кіраўнік Шаміль Тайраў — сталі выконваць не толькі беларускія народныя песні, але і рускія, украінскія, польскія. Павялічылася цікавасць да ансамбля — выступаюць цяпер не толькі ў СДК на мясцовых святах, але і на міжнародных фестывалях.

Свая відэатэка: актывізаваць параўнаннем

Ужо неаднаразова “Ракурс адказнасці” распавядаў пра такую форму захавання звестак пра рэгіянальную культуру, як відэалетапісы раёнаў.

 /i/content/pi/cult/179/1788/K_Grodno2.jpg

Начальнік аддзела культуры
Уладзімір Свістуноў.

Не выключэннем тут і Мастоўшчына, прычым начальнік аддзела культуры Уладзімір СВІСТУНОЎ сам займаецца гэтай справай ужо восем гадоў.

— Здымаю ўсе культурныя падзеі на ўласную камеру, — распавядае Уладзімір Барысавіч. — Сваю відэатэку скарыстоўваем на любым семінары: вопыт пяцігадовай даўніны можна параўнаць з сённяшнім днём. Заўважаю, што нашыя культасветработнікі, убачыўшы адрозненні, працуюць больш актыўна.

Што трапляе ў аб’ектыў? Напрыклад, конкурс шматдзетных сем’яў на прыз Домны Варэц — ураджэнкі Мастоўшчыны, якая выхавала чацвёра дзяцей адна. Мерапрыемства сапраўды відовішчнае, сцвярджае Уладзімір Свістуноў, у РДК заўжды збірае поўную залу. Конкурс курыруе намеснік старшыні райвыканкама Таісія Мурына. Пасля раённага спаборніцтва пераможцы едуць у вобласць, дзе летась занялі другое месца, а сёлета — першае. І на рэспубліканскім спаборніцтве годна выступілі.

Школа маладосці

У Мастах мастоў багата. Ёсць і падвесны. Стоячы на ім, начальнік аддзела культуры згадаў, што гэты мосцік — вясельны. Існуе традыцыя: жаніх у дзень вяселля павінен перанесці нявесту на руках на іншы бераг Нёмана. Здолее — шчасце будзе ў доме…

Як і чым жыве культура раёна, узбагачанага такімі прыгожымі традыцыямі? Уладзімір Свістуноў задаволены вынікамі аднаго з найбольш прэстыжных мясцовых спаборніцтваў “Красуй, Мастоўшчына!”. У раёне заснаваны пераходныя вымпелы і знамёны для лепшых дамоў культуры, бібліятэк, музеяў. І падарункі такія, каб у працы спатрэбіліся: тэлевізар, сканер, прынтэр, лічбавы фотаапарат. Калектывы раёна — пастаянныя ўдзельнікі абласных фестываляў фальклору “Прынямоння жыватворныя крыніцы”, танцаў — “Гарадзенскія карункі”, тэатральных калектываў — “Лідскія тэатральныя сустрэчы”…

Больш за ўсё клапоціць Уладзіміра Барысавіча праблема маладых спецыялістаў. На Мастоўшчыне закладзена традыцыя пераемнасці пакаленняў. Тыя, хто робіць першыя крокі на ніве сельскай культуры, як правіла, мясцовыя, напрыклад, выпускнікі дзіцячай школы мастацтваў. Вырашаюцца і пытанні з жыллём для моладзі. У Глядавічах маладому спецыялісту далі пакой у інтэрнаце. Гэта звыклая справа. Дырэктар Лунінскага СДК Ірына Сідар выйшла замуж за механізатара — тут жа атрымалі трохпакаёвую кватэру. Ірына, дарэчы, спявае ў знакамітай “Ярыцы”.

— І метадычны цэнтр дапамагае маладым спецыялістам, — дадае яго дырэктар Марына ГОЛУБЕВА. — Адразу збіраем папаўненне, знаёмім са знанымі культасветнікамі раёна. Усе ж разумеюць, што гэта выдатна, калі калектывы сельскіх клубаў абнаўляюцца. Так што маем хоць і невялікую, але ўласную школу маладых кадраў.

— 17 чалавек паступілі за апошні час у розныя ўстановы культуры. Яны і вернуцца да нас, — падводзіць вынік Уладзімір Свістуноў.

 Аматарскі хор прафесіяналаў

У ДШМ педагогі старэйшага пакалення, што кіруюць калектывамі ды ўдзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці, таксама заўжды дапамагаюць маладым спецыялістам. Але галоўнае, як і ў любой школе, вядома ж, дзеці.

— У нас 497 вучняў, — кажа завуч Вольга МАРТЫНЮК. — Штогод нехта едзе вучыцца далей па тым профілі, адукацыю па якім атрымліваў у нас. Школа мае філіялы ў вёсках Рагозніца, Дубна, Пацэвічы, Правыя Масты. Ёсць свой цудоўны аркестр народных інструментаў, якім кіруе наш дырэктар Ганна Плешан, папулярнасць мае вакальны ансамбль “Эцюд”.

Створаны ў Мастах і сапраўды арыгінальны калектыў — хор работнікаў культуры, што ўпершыню выступіў на Дзень Незалежнасці. Нечакана сабраліся і паспрабавалі культасветнікі свае вакальныя здольнасціпад кіраўніцтвам Сафіі Свістуновай, выкладчыка ДШМ. Пасля першага поспеху задумаліся над рэпертуарам і касцюмамі для новых выступленняў.

Для пашырэння творчасці мясцовых калектываў і салістаў у раёне, апроч відэатэкі, ёсць свая студыя гуказапісу. Дырэктар РДК Сяргей Фядотаў дэманструе два рэлізы: на адным дыску — песні “Ярыцы”, на другім — альбом Вадзіма Ткачова “Што ў жыцці ў мяне ёсць”.

Раённы Цэнтр рамёстваў таксама неаднойчы станавіўся аб’ектам здымак начальніка аддзела культуры. Дырэктар установы Ларыса Васілеўская — майстар саломкапляцення — сама доўга вучылася гэтаму мастацтву ў старых прафесіяналаў Мастоўшчыны. Разам з майстрамі РЦР па лозапляценні, льняным касцюме, ткацтве наладжвае кірмашы, дзе кожны выраб — эксклюзіў.

 Ліцэнзійны пракат

У Мастоўскай ЦБС 26 бібліятэк. Дырэктар Таццяна ВАЛЧКЕВІЧ акрамя вялікага кніжнага фонду — больш за 456 тысяч экзэмпляраў — і 25 тысяч чытачоў адзначае і наяўнасць 24 відаў платных паслуг, на якіх летась зарабілі 19 мільёнаў рублёў. Сёлета запланавана ўжо 22,5 мільёна. Чым жа абумоўлены такія высокія вынікі?

— Апроч традыцыйных паслуг, прапануем карыстанне сваім відэафондам: выдаём на пракат ліцэнзійныя фільмы, — распавядае Таццяна Уладзіміраўна.

Працуюць у ЦБС тры публічныя цэнтры прававой інфармацыі. Пры раённай дзіцячай бібліятэцы ёсць інфармацыйна-адукацыйны цэнтр, кожную першую сераду месяца бясплатную кансультацыю дае юрыст.

З навінак у арганізацыі бібліятэчнай справы варта адзначыць стварэнне бібліятэкі-клуба і Цэнтра нацыянальных культур. Ездзіць па малых сёлах і навюткі бібліобус. Акрамя ўласна асветніцкай, у сваіх рэйсах аўтамабіль выконвае і сацыяльна значныя функцыі: дастаўляе пенсію, лекі…

 “Заспяваем і па-французску!”
Антаніна ЧЭРНІК працуе дырэктарам Гудзевіцкага СДК, што мае яшчэ два вясковыя філіялы. Усяго ж у “гаспадарцы” — 12 вёсачак, якія з поспехам аб’ехалі пад час перадвыбарнай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, даючы па тры канцэрты ў дзень.
 /i/content/pi/cult/179/1788/K_Grodno3.jpg

Дырэктар музея ў Гудзевічах Вольга Клімуч.

Народны калектыў вакальная група “Зараначка”, якой ужо 6 гадоў, прапагандуе і народную музыку, і класічную, і духоўную.Няма музычнай адукацыі ў вакалістак, але за час існавання групы навучыліся спяваць па нотах. Выконваюць творы і ў акадэмічным стылі. “Мы — адзіны такі калектыў на Гродзеншчыне. Спяваем па-беларуску, па-руску, а таксама на ўкраінскай, італьянскай, англійскай мовах. Хутка загучым і па-французску!”, — адзначае Антаніна Чэрнік.

Гудзевіцкія творцы паставілі вадэвіль “Нашы добрыя суседзі”, ёсць тут і драматычны тэатр. Дырэктар мясцовай гаспадаркі дапамагае мясцовым артыстам: і транспарт выдзяляецца, і касцюмы шыюцца. Вядома, не пакідае гудзевіцкіх асветнікаў па-за ўвагай і раённы аддзел культуры.

У Гудзевічах ёсць і унікальны літаратурна-краязнаўчы музей, які вырас са школьнага. Ва ўстанове захоўваецца адзіны ў гэтых краях старадаўні глобус з надпісамі на беларускай мове. Наогул, ніколі не скажаш, што гэты музей сабраны адной вёскай: столькі ў ім экспанатаў! І цяпер ва ўстанове — моладзь, што з імпэтам узялася за справу, таму ёсць перспектыва і зацікаўленасць.

І яшчэ. Зусім маленькі помнік лейтэнанту Тордзія, што загінуў пры вызваленні Мастоў. Праз гады наведаў горад ягоны сын Альберт. Ён жыў у сям’і настаўніцы Лідзіі Вашчала. І колішні старшыня райвыканкама вырашыў назваць яшчэ адзін мост у горадзе Мостам Памяці. І з кладкі, мастка ён і сапраўды стаў мостам, па якім праходзяць і людзі, і машыны ўжо нашага часу.


Вольга ЯГОРАВА,
наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Мастоўскі раён —
Мінск
Фота аўтара