Зямля пад нагамі, неба над галавой

№ 10 (1501) 06.03.2021 - 12.03.2021 г

Чалавек праходзіць па жыцці, нават калі ад з’яўлення на свет да скону не выязджаў за межы паселішча, дзе нарадзіўся, і ўвесь гэты час бачыў за акном адзін і той жа нязменны краявід. Ёсць прыпавесць пра чалавека, які захоўваў спакой на тле агульнай мітусні, нікуды не ссоўваўся са свайго падворка, між тым, як вакол яго ўсе кудысьці спяшаліся. Па лепшую долю. Калі ж яго запыталі, чаму ён нікуды не імкнецца, можа ведае якую таямніцу, што трымае яго на гэтым месцы, чалавек адказаў: “Куды ты ні пойдзешь, усё адно пад нагамі будзе зямля, над галавой — неба, а на карку — дармаед”. Відаць, падобным жыццёвым досведам і тлумачыцца, што часта ў сталыя гады нават заўзятыя вандроўнікі становяцца дамаседамі. Вось і Мастак Леанід Марчанка здолеў пабачыць свет, а стрыжнявой тэмай ягонай творчасці заўжды была Беларусь.

/i/content/pi/cult/840/17879/14.jpgЗараз у Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць ягоная персанальная выстава пад назвай “Летапіс маіх дарог”. Напісаў “персанальная” і ўдакладняю, што персона ў фізічным сэнсе адсутнічае. Мастак нарадзіўся ў 1941 годзе, памёр у 1996-м. Гэта выстава памяці, прымеркаваная да 80-годдзя з дня нараджэння. Творчая спецыялізацыя спадара Леаніда — графіка. Вядомы ён найперш як майстар афорта. Плённа працаваў таксама ў літаграфіі і лінарыце. Яшчэ любіў акварэль. Звонку такое спалучэнне эстампа і акварэлі выглядае ненатуральным. Бо эстамп — справа тэхналагічна складаная, і патрабуе яна ад мастака дысціпліны, засяроджанасці, дакладнасці, а вось акварэль, у параўнанні з ім, — лічы, свабодная стыхія. Тут у пашане імправізацыя, пачуццёвасць і разняволенасць.

Хоць некалькі апошніх гадоў жыцця мастак быў грамадзянінам суверэннай Беларусі, у цэлым ягоная творчасць належыць савецкай эпохе. І фармавалася яна на той, савецкай рэчаіснасці. Была, да слова, за савецкім часам такая добрая практыка як творчыя камандзіроўкі мастакоў у розныя рэспублікі, розныя рэгіёны вялікай краіны. Праз гэта Леанід Максімавіч пабываў у Запаляр’і, Сібіры, Сярэдняй Азіі, Крыме, Прыбалтыцы, Каўказе. Наведваўся і за мяжу — Іспанія, Польшча, Германія, Данія, Сірыя. Прычым, творы ягоныя не запаўнялі прастору майстэрні, чакаючы лепшых часоў, калі да іх разумення даспее публіка і мастацкая крытыка. Яны вандравалі па выставах — персанальных, рэспубліканскіх, усесаюзных, міжнародных. Выстаў такіх было больш за 80. Вельмі сур’ёзны творчы рахунак. Беларускасць жа праяўлялася не толькі ў колькаснай перавазе нашага мясцовага матэрыялу над іншаземным, а ў грунтоўнасці падыходу да творчай справы і ў спецыфічным беларускім бачанні рэчаіснасці. У аснове гэтага бачання рэалізм як філасофія.

Я параўнаў бы ягоную творчасць з журналістыкай, калі аўтар не засяроджданы на зборы матэрыялу на нейкую даволі далёкую перспектыву, на напісанне эпахальнага бэстселеру, а працуе на перыёдыку  — стабільна, рэгулярна дзеліцца з грамадой, у дадзеным выпадку — з гледачамі, сваімі уражаннямі, эмоцыямі, думкамі з нагоды надзённых падзей. Ёсць штосьці ў ягонай творчасці ад справы рэпарцёра ці калумніста.

Творы Леаніда Марчанкі захоўваюцца ў шэрагу дзяржаўных збораў Беларусі, Расіі, Германіі, у прыватных галерэях і зборах ЗША, Германіі, Даніі, Польшчы. Ёсць у творчай спадчыне спадара Леаніда партрэты, нацюрморты, сюжэты, але аснону складаюць краявіды. Мяркую, што мастак цягнуўся душой да вечнага, сутнасна нязменнага, і знаходзіў гэта менавіта ў прыродзе, у яе разнастайных праявах. Што ж датычыць матэрыяльнага свету, дык ён усведамляў ягоную хісткасць і эфемернасць. Аддаючы адлюстраванню матэрыяльнага атачэння чалавека частку свайго мастакоўскага імпэту і творчай энергіі, усё ж глядзеў на яго як на нешта другаснае адносна неба, зямлі, вады.

Бывае, што стаіш на лясной дарозе ці на ўскрайку поля, на беразе рачулкі ці пасярод іншай, нібыта нічым не адметнай, не кідкай на фарбы і формы прыроды, і раптам прыходзіць разуменне, што гэта Космас, а ў ягоным цэнтры(што ў ягоным цэнтры). І гэты звычайны краявід такі ж фантастычны як і той, што можна пабачыць у аб’ектыве тэлескопа ці ў ілюмінатары касмічнага карабля. Леанід Марчанка ўмеў так маляваць звыклае, што ягоныя работы могуць выклікаць ва ўдумлівага гледача эмацыйны водгук, падобнае згаданаму вышэй пачуццю.

Экспазіцыя выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі складаецца ў асноўным з работ менавіта такога класу. Яно і сапраўды, куды ні пойдзеш, пад нагамі будзе зямля, над галавой неба.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"