Скарб з-пад каўша экскаватара

№ 10 (1501) 06.03.2021 - 12.03.2021 г

Чаму да вынясення вердыкту “спрэчныя” аб'екты нельга чапаць?
Слова “скарб” у наш век зазвычай ужываюць хіба ў метафарычным сэнсе. Але бываюць і выключэнні. На мінулым тыдні медыяпрастору абляцела навіна пра скарб самы сапраўдны, які складаецца з дарэвалюцыйных залатых манет ды ўпрыгожванняў. Прычым знайшлі яго не дзе-небудзь, а ў самым цэнтры Мінска — у парку Марата Казея, які ці не кожны з нас шматкроць вымяраў сваімі нагамі. Зрэшты, у жыцці супрацоўніка музея Янкі Купалы Паўла КАРАЛЁВА такая знаходка ўжо далёка не першая (праўда, папярэднія мелі выключна гістарычную, а не матэрыяльную каштоўнасць). Так што гэта не шчаслівы выпадак: проста трэба ведаць, дзе шукаць. І цяпер будаўнікі ўжо не кпяць з таго дзівака, які пільна ўглядаецца ў свежае ворыва катлавана. Яны ўглядаюцца самі.

/i/content/pi/cult/840/17874/4.jpg— Ёсць звесткі, што гадоў сто таму на месцы цяперашняга парка Марата Казея знаходзілася жылая забудова, — распавядае Павел, які акурат вярнуўся з чарговага шпацыру па ім. — Раён быў не вельмі прэзентабельны: як ні як, на той час гэта гарадская ўскраіна. Раскопкі там наўрад ці калі праводзіліся — месца ўсё ж не самае цікавае для археолагаў. Але нешта вартае ўвагі, вядома, можна адшукаць. Як музейшчык не магу прайсці міма. Раблю што магу.

— Ёсць стэрэатып, нібы ў Мінску нічога захавацца папросту не магло: надта шмат тут было розных пературбацый…

— Насамрэч такі стэрэатып непраўдзівы  — у чым я ўпершыню пераканаўся на свае вочы з год таму, калі працы адбываліся непадалёк ад Купалаўскага музея. Будаўнікі натрапілі на падмуркі дома Луцкевічаў, і ёсць немалая доля верагоднасці, што кафля ці посуд, якія мне ўдалося знайсці ў траншэях (потым мы нават зрабілі адмысловую выставу ў музеі Купалы), належалі знакамітаму роду. Адпаведна, такія рэчы маюць таксама і мемарыяльную каштоўнасць. А вы кажаце, што нічога не захавалася!

Павел дэманструе свежую знаходку: керамічны кругляк, які быў свайго кшталту рэклама парфумы. Між іншым, зроблена ў Парыжы! Адпаведна, мінскія ўскраіны сто гадоў таму сёе-тое маглі сабе дазволіць!

— Зразумела, для навукоўцаў такія рарытэты не надта цікавыя — гэта ж не эпоха Полацкага княства. Ды, тым не менш, мы не настолькі багатыя на каштоўнасці, каб імі грэбаваць, — дадае ён.

— І сапраўды, адна справа, калі вядзецца гаворка пра замчышча ці гарадзішча (там працы без пільнага нагляду археолагаў — прамое парушэнне закону), і зусім іншая — калі гісторыя месца не настолькі пэўная ды яскравая, а часцяком яно яшчэ і не мае ахоўнага статусу. І што рабіць, калі раптам з пад каўша экскаватара з’яўляюцца нейкія цікавыя і патэнцыйна каштоўныя рэчы? Мабыць, у гэтым разе выпадае спадзявацца толькі на прараба, які можа паклікаць навукоўцаў.

— Па ідэі, так яно і павінна быць: трэба спыніць працы ды паведаміць пра знаходку археолагам. Гадоў пяць таму будаўнікі метро, наткнуўшыся на скарб, дзейнічалі менавіта паводле гэтай схемы, прадугледжанай заканадаўствам. Ды на практыцы так робіцца не заўсёды. Далёка не кожны пагодзіцца забяспечваць сваёй брыгадзе прастой. Асабліва калі тэрыторыя не мае ахоўнага статусу ды і знаходзіцца недзе на ўскрайку. У такіх выпадках усё аддадзена на сумленне тых людзей, якія там працуюць.

Дый нават археалагічны нагляд — а ён у тым жа парку Марата Казея забяспечваецца — не заўсёды можна лічыць панацэяй. Спецыяліст не можа знаходзіцца на аб’екце зранку да вечара: у яго ёсць і іншыя задачы. Дый кваліфікаваных археолагаў у нас не так і шмат. На усе земляныя работы, пэўна, іх не хопіць.

— І якім вам бачыцца вырашэнне гэтай сітуацыі?

— Думаю, для пастаяннага нагляду за ходам работ варта разлічваць на дапамогу валанцёраў. Без іх у гэтай справе, пэўна, не абысціся. Той жа сквер Марата Казея — чарговы таму прыклад. Скарб прыцягнуў да яго ўвагу, ды не падштурхнуў дэталёва вывучыць увесь раскоп. Ужо праз суткі ад таго насыпу, дзе знайшліся манеты, засталося не болей за палову. Пагалоска пайшла хутка, і нехта і нейкія “старацелі” старанна шукаў, ці не засталіся там якія каштоўнасці. Але варта было б тую зямлю дбайна прасеяць, каб знайсці там не толькі золата, але ўсё вартае ўвагі. Адзін археолаг, які ажыццяўляе нагляд, наўрад ці дасць рады з такой аб’ёмнай працай. Іншая рэч — валанцёры. Каб ведаў, я б прасеяў тую зямлю сам, паклікаўшы сяброў на дапамогу. Як сведчыць мой досвед, штосьці цікавае адшукваецца заўсёды!

— У наш век скарбашукальніцтва — гэта цэлая субкультура, якая сёння фактычна пастаўленая па-за межы закону, бо часта яе прадстаўнікі моцна шкодзяць захаванню археалогіі. А вось бы выкарыстоўваць іх імпэт “у мірных мэтах”… Пагатоў, большасць, думаю, шукае скарбы зусім не з меркантыльных меркаванняў.

— Так, шмат каму цікавы менавіта сам працэс, і было б выдатна стварыць магчымасць легальна ў ім паўдзельнічаць. Загадзя ведаючы, што ў тым ці іншым месцы пачнуцца працы, варта парупіцца пра далучэнне валанцёраў. Гэта могуць быць студэнты, якія вучацца на гістарычных або музейных спецыяльнасцях, старшакласнікі на чале з руплівым настаўнікам гісторыі (ці ж можна прыдумаць лепшы сцэнарый выязнога ўрока?), сябры маладзёжных арганізацый, якія ёсць у нас пры кожнай навучальнай установе. Урэшце, проста цікаўныя да новага досведу людзі, якія атрымліваюць задавальненне, робячы карысную справу.

— А якім вам бачыцца далейшы лёс знойдзеных артэфактаў? Асабліва калі ўлічыць, што далёка не кожны з іх можа стаць музейнай сенсацыяй.

— Прывяду такі прыклад. Каля Тэатра оперы і балета ў траншэях удалося знайсці вельмі шмат аскепкаў керамікі. Што натуральна: некалі там месціўся буйны рынак. Думаю, было б цалкам дарэчы, каб самыя цікавыя знаходкі экспанаваліся ў фае тэатра, разам з аповедам пра тое гістарычнае і вельмі важнае для Мінска месца, дзе ён паўстаў: Траецкую гару. Не сумняюся, што гледачы ў антракце ў ахвоту агледзелі б пару-тройку вітрын.

— Ідэя папраўдзе цудоўная: паказаць гісторыю таго ці іншага кутка Мінска непасрэдна на месцы. А тэхнічных сродкаў для гэтага сёння багата: можна ж і наўпрост у парку Марата Казея змясціць “куленепрабівальныя” вітрыны са знойдзенымі там артэфактамі… Як цікава было б мінаку на іх натрапіць!

— Так, а яшчэ цікавей было б натрапіць на закансерваваны фундамент даўно зніклага храма або палаца. Без сумневу, яны вартыя захавання. Але сёння практыка наступная: калі будаўнікі знаходзяць рэшткі нейкай камяніцы (зразумела, не ведаючы, што за яна), археолаг іх фіксуе, а далей працы працягваюцца сваім ходам, і траншэі прабіваюць падмуркі. Раскопкі не праводзяцца, і таму ніхто нават не паспявае даведацца, які гэта быў будынак. Хаця варта тую знаходку спярша даследаваць, вызначыць па кладцы, да якога часу яна прыналежыць, і што тут наогул магло быць. А потым ужо прымаць узважанае рашэнне, ці мае той знойдзены падмурак вялікую каштоўнасць і ці варта яго захоўваць.

Да прыкладу, на той жа Траецкай гары быў знакаміты касцёл. Прыблізнае яго месцазнаходжанне мы, нібыта, ведаем — але гэта недакладна. І вось, не так даўно будаўнікі ўскрылі непадалёк ад Опернага нейкія падмуркі. Можа, гэта і ёсць рэшткі таго самага храма? Хто яго ведае?

— Ізноў жа пытанне: як палепшыць гэтую сітуацыю?

— На маю думку, тут таксама маглі б дапамагчы валанцёры. Разлічваць на тое, што пасля неспадзяванай знаходкі адразу пачнуцца паўнавартасныя раскопкі, наўрад ці выпадае — хаця б таму, што бюджэтам работ яны не прадугледжаныя. Але можна запрасіць, скажам, выкладчыка са студэнтамі, якія б расчысцілі частку падмурка і далі магчымасць навукоўцам яго даследаваць.

— Магчыма, праблема тут яшчэ і ў тым, што падмуркі многія не ўспрымаюць як паўнавартасны помнік…

— Мне даводзілася прыкладаць намаганні, каб захаваць падмуркі ўжо згаданага дома Луцкевічаў. Праз іх павінны былі прайсці дзве траншэі і яшчэ дарожка, і можна сабе ўявіць, якую шкоду гэта б ім прынесла. Звяртаўся ў Інсытут гісторыі і Мінгарвыканкам з прапановай надаць тым фундаментам статус помніка археалогіі, але, на жаль, атрымаў адмову: узрост у іх не надта вялікі, усяго 120 гадоў. Але ўжо тое, што я праявіў такую ініцыятыву, падмуркі выратавала! Калі рабочыя прыйшлі іх разбураць, заява была ў стадыі разгляду, і я меў усе падставы спыніць працы: паводле заканадаўства, да вынясення вердыкту “спрэчныя” аб’екты нельга чапаць. Будаўнікі чакаць не хацелі і, махнуўшы рукой, самахоць правялі свае траншэі наўзбоч, не закрануўшы падмуркаў. Толькі сцяжыну не ўдалося адвесці ўбок, але ж вялікай шкоды яна не нарабіла.

— Нават дзіўна, як вы гэта ўсё паспяваеце…

— Так, мне ўжо трэба з вамі развітвацца ды бегчы рыхтаваць выставу праекта “Куфар старажытнасцяў” у Духоўнай акадэміі. Я стараюся выкупіць старыя рэчы, датычныя беларускай культуры, і знайсці магчымасць іх адрэстаўраваць — у чым мне часцяком дапамагаюць прыватныя ахвярадаўцы. Часам гэта проста сведчанні эпохі: старыя часопісы, маркі, ліштвы з Гомеля, кнігі з аўтографамі… Прыкладам, на палях адной з іх невядомы вучань Віленскай беларускай гімназіі ў 1920 годзе пакінуў кранальныя ды шчырыя развагі пра каханне. Але здараюцца і сапраўдныя сенсацыі. З год таму ў Кобрыне была знойдзеная ікона XVIII стагоддзя. Яна доўгі час выкарыстоўвалася чыста функцыянальна: была прыбітая да сценкі ў засецы, таму і захавалася. Цяпер спецыялісты працуюць над яе аднаўленнем. Такім абразом ганарыўся бы любы музей!

— І няўжо ў наш час, калі кошт старасветчыны ўжо ўсім зразумелы, яшчэ можна такія сенсацыі адшукаць — прынамсі, па памысным кошце?

— Як напісана ў Евангеллі, хто шукае, той абавязкова знаходзіць.