Метафізіка ў ювелірнай аздобе

№ 9 (1500) 27.02.2021 - 06.03.2021 г

Перасоўныя мастацкія выставы можна параўнаць з тэатрам на гастролях. Калі б іх не было, мноства аматараў выяўленчага мастацтва, якім праблемна выправіцца ў далёкія вандроўкі па сусветных культурных цэнтрах, ніколі б не пабачылі арыгіналаў шэдэўральных твораў, былі б вымушаныя сілкаваць сэрца і розум, пачуцці і інтэлект выключна рэпрадукцыямі рознага інфармацыйнага фармату. Так што дзякуй тым, хто робіць нам такія падарункі.

/i/content/pi/cult/839/17869/24.jpgЗараз у Нацыянальным мастацкім музеі экспануецца графіка і скульптура двух вядомых у свеце мастакоў — Лізы Саціліс і Джорджа дэ Кірыка (1888 — 1947). Яднае гэтых творцаў тое, што абодва яны выхаваныя на культуры Міжземнамор’я. А гэта — старажытная Элада і старажытны Рым, “Іліяда”, “Адысея”, “Энэіда”. Гэта міфалогія і філасофія, з якіх дагэтуль сілкуецца сусветная цывілізацыя. Зрэшты, гэта ранняе Хрысціянства і Рэнэсанс. Паводле слоў людзей дасведчаных, гэта такая зямля, куды трапіўшы ўпершыню адчуваеш шок ад насычанасці прасторы мастацтвам вышэйшага гарту. Вось адтуль родам згаданыя вышэй творцы.

Што ні кажы, а крэатыўныя ідэі, здольныя заваяваць свет, нараджаюцца не ў чыстым полі, не на некранутай цаліне, а там, дзе інтэлектуальная глеба ўзарана і засеяна многімі пакаленнямі творцаў. Джорджа дэ Кірыка уваходзіць у кагорту класікаў сюррэалізму. Калі вяршыню стылю ўвасабляе Сальвадор Далі, дык Джорджа быў каля вытокаў і сваёй творчасцю сцвердзіў сюррэлізм як канцэпцыю і філасофію быцця.

Ён гаварыў: “Трэба памятаць, што карціна мусіць быць адлюстраваннем глыбокага адчування, якое ў сваю чаргу азначае дзіўнае, а дзіўнае азначае невядомае і нязведанае. Дзеля таго, каб твор мастацтва стаў бессмяротным, неабходна, каб ён выйшаў за межы чалавечага, туды, дзе адсутнічае здаровы сэнс і логіка. Такім чынам твор набліжаецца да сну і дзіцячага летуцення”.

Нарадзіўся класік у Грэцыі ў італьянскай сям’і. Бацька — інжынер, будаваў чыгунку, быў, як сказалі б мы сёння, у рабочай камандзіроўцы. І першую адукацыю Джорджа атрымаў паводле сямейнай традыцыі — у Політэхнічным інстытуце. Потым — Вышэйшая мастацкая школа ў Афінах, Каралеўская акадэмія прыгожых мастацтваў у Мюнхене, дзе малады чалавек сутыкнуўся з містычнай філасофіяй Ніцшэ і Шапенгаўэра, містычным мастацтвам Клінгера і Бёкліна, з такога ж кшталту музыкай Рыхарда Вагнера. А адсюль ужо і адзін крок да ягонага ўласнага метафізічнага жывапісу. Потым вяртанне на радзіму, у Фларэнцыю. А далей — Парыж, дзе былі Пікаса, Брак, Дэрэн, Апалінэр… Некаторы час мастак жыве і працуе ў Злучаных Штатах. Памёр у Італіі, на сваёй гістарычнай і духоўнай радзіме.

/i/content/pi/cult/839/17869/25.jpgЯк і многія класікі ХХ стагоддзя Джорджа дэ Кірыка не замыкаўся ў адной спецыялізацыі. І хоць вядомы ён найперш як жывапісец, ягоная пластыка і графіка таксама ўяўляюць безумоўную каштоўнасць, дазваляюць лепш зразумець і ягоны ўласны творчы метад, і канцэптуальныя асновы сюррэалізму. У параўнанні з той ступенню разняволенасці, якой дасягнулі сюррэалісты пазнейшай генерацыі, мастацтва Джорджа дэ Кірыка можна лічыць пурытанскім.

Ліза Саціліс на працягу некалькіх гадоў была адзінай памагатай Джорджа дэ Кірыка ў ягоных буйных скульптурных праектах. Энцыклапедыя называе яе грэка-італійскай скульптаркай, жывапісцам і ювелірам. Гэта творча самастойная асоба, але ўплыў мэтра сюррэалізму, з якім ёй пашчасціла працаваць, у яе работах адчуваецца. Як на маю думку, эфектная форма для яе важней за канцэптуальнае начынне твора. У яе работах дамінуе дэкаратыўнасць. Яна майстар скульптуры малых форм на мяжы прадметнасці і абстракцыі. Нашы мастакі, што працуюць у аналагічнай галіне і фармаце, маглі б пазайздросціць тэхналагічным магчымасцям, якія яна мае на ўзбраенні.

Экспазіцыя цікавая яшчэ і тым, што дае ўяўленне пра тое, як мастацтва сутнасна рэвалюцыйнае  — агрэсіўнае і дыскамфортнае, чым быў для свайго часу сюррэалізм, паступова трансфармуецца ў аздобу рэспектабельнага побыту і працу дзеля стварэння псіхалагічнага камфорту.

Я нешта падобнае адчуў у Фігерасе, у Музеі Сальвадора Далі. Напачатку бачыш творы, якія, быў час, літаральна ўскаланулі свет, акрэслілі новы, радыкальны напрамак мастацкай думкі, а на завяршэнне — калекцыя ювеліркі па эскізах мэтра. Тое, што было выявамі на карцінах выбуховага зместу, трансфармавалася ў вытанчаную аздобу для багатых інтэр’ераў. Авангард, які стаў утульным. Відаць, інакш і не бывае.

Выстава двух выдатных грэка-італійскіх творцаў дае гледачам магчымасць паразважаць пра перспектывы нашага мастацтва, нашай культуры. Беларускі жывапісец Андрэй Дубінін, які даволі часта бывае ў Італіі, у інтэрвью нашай газеце згадваў, што ў грамадстве, якое дасягнула высокага ўзроўню спажывання, у пашане мастацтва зручнае і утульнае. Цяжка ўявіць у сённяшняй Італіі з’яўленне творцаў, падобных да геніяў Рэнесансу. Няма на іх грамадскага запыту. Магчыма, мы ідзем у тым жа напрамку. Так што сёння ў залах Нацыянальнага мастацкага можна сустрэцца з нашай верагоднай будучыняй. Пры тым, як сказана ў Пісанні, “Няспавядальныя шляхі Босскія…”

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"