Магічная вязь сакральнай кнігі

№ 9 (1500) 27.02.2021 - 06.03.2021 г

Што можна даведацца пра беларускую мову з рукапісаў татараў эпохі Вялікага Княства Літоўскага
У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы, 16 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі прайшоў круглы стол “Беларуская мова ў кітабах”. Арабісты, цюрколагі і славісты сабраліся разам, каб абмеркаваць даследаванні рукапісаў татараў Вялікага Княства Літоўскага.

/i/content/pi/cult/839/17864/19.jpgТатар запрасіў у Вялікае Княства Літоўскае Вітаўт. Ужо праз стагоддзе яны амаль забыліся на родную мову і з XVI стагоддзя карысталіся ў побыце беларускімі гаворкамі. Тады ж пачалі ствараць кітабы — рукапісныя кнігі па-беларуску арабскай вяззю. Кітабы — каштоўная крыніца для вывучэння жывой гутарковай беларускай мовы, бо літаратурным, унармаваным варыянтам татары не карысталіся. У кітабах звычайна змяшчаліся цытаты з Карана і выказванні прарока Мухамеда, тлумачэнні Карана, апісанні мусульманскіх абрадаў, казкі і апавяданні. Акрамя кітабаў на круглым стале абмяркоўвалі тафсіры (тлумачэнні Карана), хамаілы (умоўна — малітоўнікі), і, канечне, сам Каран.

Па словах вядучай круглага стала, даследчыцы Ірыны Сынковай, менавіта беларуская мова стала асновай для фарміравання этнаканфесійнай групы татараў Вялікага Княства Літоўскага (выкарыстоўваюць таксама назву “беларускія татары”).

Складанасці перакладу

Спробы перакласці сакральную кнігу мусульман рабіліся яшчэ ў XVI стагоддзі ў рэчышчы цікаўнасці да перакладаў кананічных тэкстаў аўрамічных рэлігій пад уплывам Рэфармацыі. Даследчык Міхаіл Тарэлка лічыць, што тады самі татары Вялікага Княства Літоўскага рабілі пераклады на беларускую і польскую мовы. Беларускі пераклад, на жаль, не захаваўся, а адзін з польскіх варыянтаў захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі і датуецца 1686-м годам. Што цікава, рэлігійная тэрміналогія ў польскіх тэкстах можа давацца па-беларуску, і гэта, на думку Міхаіла Тарэлкі, сведчыць на карысць існавання больш ранняга перакладу на беларускую мову і таго, што беларускія варыянты сталі для татараў Вялікага Княства Літоўскага кананічнымі.

Дасюль няма поўнага перакладу Карана на сучасную беларускую мову. Тры групы перакладчыкаў займаюцца гэтым паралельна, і кожны мае сваю версію тэксту. На думку ўдзельнікаў круглага стала, гэта пойдзе толькі на карысць беларускай арабістыцы. Навукоўцы абмеркавалі складанасці і нюансы перакладу з арабскай мовы на беларускую. Бадай, самая вялікая складанасць у тым, што Каран нельга перакладаць даслоўна, патрабуюцца тлумачэнні, і кожны перакладчык абірае свой варыянт перакладу і па-свойму яго каментуе.

Яшчэ адна праблема — уплыў на беларускую арабістыку расійскай. Самы яркі прыклад — напісанне імя Алаха. Знаёмы нам варыянт замацаваўся праз пераклады Карана на рускую мову. Па-арабску ў канцы імя — прыдыханне з гукам кшталту як у слове “снег” па-беларуску. Але ў рускай мове няма такога гука і таму прынята пісаць “Аллах”. Па-беларуску было б дакладней “Алаг”. Арабскія падвойныя зычныя ў беларускай мове павінны ператварацца ў адзінкавыя, аднак для мусульман у сакральных імёнах гэта недапушчальна. Таму ў варыянце перакладу Духоўнага ўпраўлення мусульман Беларусі, як распавёў яго муфтый Алі Варановіч, пішуць Аллаh і Муhаммад, каб вернікі чыталі больш дакладна. Вымаўляць “Алах” падчас малітвы для простага мусульманіна будзе памылкай.

Беларускае аканне для перакладаў з арабскай — таксама праблема. Па-арабску “Ко(у)ран” і “Каран” — гэта розныя словы. Таму напісанне назвы сакральнага тэксту ў беларускім варыянце захоўваюць і нават падкрэсліваюць дадатковы націск: “Кур’ан”. Яшчэ ў арабскай мове шмат дзеепрыметнікаў, якія па-беларуску даводзіцца перадаваць спалучэннем “які/каторы (нешта робіць)”, што змяняе стылістыку тэксту.

Муфтый Алі Варановіч адзначыў, што мэта перакладу Карана — папулярызаваць беларускую мову сярод мусульман і падкрэсліць сувязь мусульман у сучаснай Беларусі з татарамі-мусульманамі мінулых стагоддзяў. У адказ на гэта даследчыца Разалія Александровіч заўважыла, што паслухаць, як гучыць Каран па-беларуску, у мячэць прыйшлі б і праваслаўныя, і католікі, і працытавала паэта Яўгена Гучка:

Ахрышчаны ў праваслаўе,

Я накіруюся ў мячэць,

Калі там моваю Прадславы

Імама слова загучэць.

Рукапісы татараў ВКЛ

У кітабах і хамаілах побач фігуруюць тэксты па-арабску, на цюркскай мове, якая была мовай штодзённага ўжытку татараў, пакуль яны не перайшлі на славянскія гаворкі Вялікага Княства Літоўскага. Наконт славянамоўных уставак спрачаюцца беларускія і польскія славісты: першыя, канечне, класіфікуюць мову татарскіх рукапісаў як дыялекты беларускай. Другія ж даводзяць, што мова — польская, так званая “пальшчызна крэсова”. Вядомы адзін кітаб, напісаны на заходнепалескай гаворцы, хаця ў тых мясцінах татары не жылі.

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Міхаіл Тарэлка на прыкладзе аднаго з хамаілаў паказаў, як у адным помніку пісьменства мовы спалучаюцца. У 2010 — 2015 гадах даследчык разам з Ірынай Сынковай падчас экспедыцый па Беларусі рабіў электронныя копіі тафсіраў, кітабаў і хамаілаў, якія захоўваліся ў татарскіх сем’ях. Алічбавалі каля 250 рукапісаў, самыя каштоўныя з іх летась апублікавалі ў каталогу “Тафсіры, кітабы і хамаілы з прыватных кнігазбораў Беларусі”. Астатнія плануецца паступова публікаваць анлайн. Міхаіл Уладзіміравіч выдзяляе так званую “групу рукапісаў пастаўскага паходжання”. Пра адзін з хамаілаў гэтай групы, перапісаны ў 1950-х гадах у звычайны сшытак завадскога вырабу, навуковец і распавёў на круглым стале.

Міхаіл Тарэлка адзначыў, што пераклад “малітоўнік” для слова “хамаіл” — вельмі ўмоўны. Так, у хамаілах змяшчаюцца малітвы, але далёка не толькі яны. Разам з малітвамі — тлумачэнні, як, калі і ў якіх выпадках іх чытаць, апісанні некаторых татарскіх звычаяў. Арабская — сакральная мова іслама, таму большасць малітваў і цытаты з Карана ў пастаўскім хамаіле запісаны па-арабску. Некаторыя малітвы яшчэ з цюркамоўнага перыяду беларускім татарам дазвалялася прамаўляць па-цюркску, так яны і запісаны ў хамаіле. Аднак, славянскія мовы для малітваў не выкарыстоўваліся. Тлумачэнні да малітваў даюцца на мове штодзённага ўжытку (па-беларуску ці па-польску). Такім чынам, цюркская мова займае прамежкавае становішча між сакральнай арабскай мовай і славянскімі мовамі, якімі карысталіся ў побыце. У славянамоўных частках хамаіла сустракаюцца цюркамоўныя ўстаўкі, якія Міхаіл Тарэлка класіфікуе ў якасці рэліктаў цюркскай як мовы штодзённага ўжытку.

Даследчык прыйшоў да высновы, што сумяшчэнне асаблівасцяў беларускіх паўночна-заходніх і паўднёва-заходніх дыялектаў у тэксце аналізаванага хамаіла сведчыць ці пра яго шматразовае перапісванне, ці пра ўплыў старабеларускай пісьмовай традыцыі. Шляхам статыстычнага аналізу выявіў, што рыс беларускай мовы ў славянамоўных частках тэксту больш, чым польскай.

З усіх помнікаў пісьменства першым перасталі перапісваць ад рукі Каран, бо яшчэ ў ХІХ стагоддзі з’явіліся яго друкаваныя выданні. Паступова спынілася таксама перапісванне тафсіраў, за імі — кітабаў. А вось хамаілы перапісвалі да пачатку ХХІ стагоддзя. Чаму?

Дэталі побыту ў татарскіх рукапісах

Адказ на апошняе пытанне можна было атрымаць з паведамлення выкладчыцы факультэта філасофіі і сацыяльных навук Яніны Коршунавай. Яна параўнала тры хамаілы ХІХ — ХХ стагоддзяў і прыйшла да высновы, што ва ўсіх помніках змешчаны тэксты, неабходныя ў штодзённым жыцці: для прадухілення і лекавання хвароб людзей і свойскіх жывёл, для рашэння гаспадарчых праблем, для уплыву на іншых людзей і на прыроду, замовы-абярэгі.

Усе даследаваныя хамаілы маюць знахарскую накіраванасць, а тэксты ў іх — падобную структуру. Спачатку ідзе тлумачэнне, у якіх выпадках карыстацца, а потым — уласна тэкст замовы, якая можа аказацца проста наборам арабскіх слоў ці літар. Таксама сустракаюцца магічныя фігуры, “сіглы”, якія складаюцца з арабскіх літар. У канцы можа быць змешчаны зварот да Алаха.

Тэксты-абярэгі рэкамендуецца “ў шапцы насіць” ці “ў валасы ўванзаць”, а тэксты, што выклікалі дождж — “напісаўшы на дварэ павесіць”. Калі чэрві ядуць збожжа, то тэкст-абярэг трэба “ў жыце павесіць”. Дзеля здароўя рабілі нешта кшталту інгаляцыі, “курачы” паперкі з тэкстамі на вуглях. “Калі ў каго чаляднік уцячэ”, у хамаіле раяць пакласці паперку з тэкстам на месца, дзе той спаў, і “камнямі наваліць”. Абавязкова вернецца.

Разнастайнымі былі рэцэпты любоўнай магіі: тэксты трэба было закапаць пад парогам ці насіць пры сабе. Можна было пайсці складанейшым шляхам: напісаць аят на чырвоным яблыку, зрабіць 70 глыткоў, кожны раз дзьмучы на плод, а потым прапанаваць каханай дзяўчыне яго з’есці. Каб разлучыць пару, трэба было нагрэць тры камяні, а потым астудзіць у вадзе, чытаючы адмысловую замову.

Некаторыя тэксты абаранялі ад нячыстай сілы, прадстаўнікамі якой выступалі шайтаны, ферэі і мара. Апошняя — відавочнае запазычанне ў навакольнага славянскага насельніцтва. Па словах Міхаіла Тарэлкі, у тэкстах, якія ён вывучаў, разам могуць фігураваць джын і Пярун. Узаемадзеянне татарскага і славянскага фальклору — перспектыўны напрамак даследаванняў, дзе рукапісы татараў Вялікага Княства Літоўскага будуць аднымі з асноўных крыніц.

Алена ЛЯШКЕВІЧ, супрацоўніца Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

Фота аўтара