Эмацыйны наратыў анімацыі

№ 9 (1500) 27.02.2021 - 06.03.2021 г

Напрыканцы лютага прайшла анлайн-прэм’ера анімацыйнага фільма маладога беларускага аўтара Івана Гапіенкі “Каралеўства зорак”. Цягам мінулага года фільм паўдзельнічаў у вялікай колькасці міжнародных фестываляў, сабраў там шэраг узнагарод. І быў, дарэчы, адзінай анімацыйнай стужкай, адабранай для ўдзелу ў конкурсе фестывалю “Лістапад-2020”, які ў выніку не адбыўся. Над ёй нядаўні выпускнік факультэта дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Іван Гапіенка працаваў на працягу чатырох гадоў. Яго праект цалкам незалежны, і акрамя іншага цікавы тым, што на прыкладзе гэтай работы можна ацаніць, якім можа быць новы шлях беларускай анімацыі.

/i/content/pi/cult/839/17859/8.jpgАнімацыйныя стужкі кінастудыі “Беларусьфільм” — гэта тое, чым беларускае кіно можа ганарыцца і ў нашы дні. На міжнародных фестывалях яны атрымліваюць узнагароды, вучаць добраму і вечнаму дзяцей, вызначаюцца добрым густам — і тым, што па большай частцы ўсе маляваныя, з нязначным выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій: гэта найбольш працаёмкі спосаб ствараць мультфільмы, але пры гэтым і найбольш каштоўны з мастацкага пункту гледжання. Шырокі ж свет анімацыі на ўсю моц захоплены 2D- і 3D-тэхналогіяй, якая дэмакратычна дае магчымасць не толькі буйным кінастудыям, але нават незалежным творцам рабіць свае фільмы.

Іван Гапіенка аўтарскай 17-хвіліннай стужкай “Каралеўства зорак”, якая паўдзельнічала ўжо больш чым у 20 міжнародных фестывалях і здабыла нямала прызоў (у асноўным адзначаўся візуальны шэраг фільма), дэманструе, як гэтае мастацтва ва ўмовах Беларусі можа развівацца не толькі на кінастудыях.

Мы вядзем гаворку пра зусім маладога творцу — летась ён скончыў навучанне ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: і каму, як не маладым, пачынаць усё новае! З “Беларусьфільмам” Іван Гапіенка, дарэчы, супрацоўнічае: у розных ролях ён быў задзейнічаны ў стварэнні ўжо як мінімум чатырох анімацыйных стужак. А вядомы факт, што для кінастудыі зараз не лепшыя часы, і з анімацыйнага цэху адбыўся даволі значны адток кадраў, таму перспектыўнага студэнта і запрашалі, і запрашаюць. Тым не менш, Іван пасля заканчэння Акадэміі працуе ў іншай галіне, дзе яго ўменні віртуальнай анімацыі выкарыстоўваюцца ў прыкладных, камерцыйных мэтах. Кіно ж — свае аўтарскія фільмы — ён і далей плануе ствараць незалежна, плануе прасоўваць яго на фестывалях, быць і рэжысёрам, і сцэнарыстам, і мастаком — як гэта было, дарэчы, у фільме “Каралеўства зорак”: нават музыку Іван Гапіенка напісаў для яго сам.

“Каралеўства зорак” на гэты момант не адзіная работа Івана, але, мабыць, усё яшчэ галоўная. Хоць і зразумела, што да яе трэба ставіцца пакуль як да першага сур’ёзнага вопыту ў галіне кіно — праца над стужкай была скончана ў 2019 годзе. Шырокі глядач можа ўбачыць яе толькі зараз, калі яна з’явілася ў вольным анлайн-доступе. Акрамя таго, леташняя дыпломная работа “Мары зорак” — адукацыйны відовішчны фільм пра космас — была паказана ў Мінскім планетарыі і планавалася да ўдзелу ў ІІІ фестывалі паўнакупальнага кіно ў мінулым кастрычніку (фестываль перанесены на гэты год). Тым не менш, “Мары зорак” будуць ісці ў пракаце ў планетарыі. Некалькі гадоў таму Акадэмія мастацтваў і Мінскі планетарый заключылі дамову аб супрацоўніцтве, і фільмы на адпаведную касмічную тэматыку пачалі рабіць студэнты менавіта факультэта дызайну. Такім чынам, студэнцкая творчасць і дыпломныя работы маюць магчымасць дайсці да шырокага гледача. Хаця, здавалася б, дызайнер — не рэжысёр, не мастак, але ў век новых тэхналогій дызайнер віртуальнага асяродку (менавіта такую спецыяльнасць у Акадэміі атрымаў Іван) мае самае непасрэднае дачыненне да анімацыі хаця б з тэхнічнага пункту погляду. А Іван Гапіенка, дарэчы, якраз мастак, скончыў гімназію-каледж мастацтваў. І хацеў бы пасля яе заканчэння пайсці навучацца анімацыйнаму кіно, але ў той год на такую спецыяльнасць не было набору. І цяпер ён можа выбіраць сам, у якой тэхніцы рабіць фільмы: “Каралеўства зорак” створана ў асноўным у 2D-анімацыі, але часткова і з графікай, намаляванай ад рукі.

/i/content/pi/cult/839/17859/9.jpgЯк фантасмагорыю “Каралеўства зорак” прадстаўлялі ў конкурсе фестывалю “Лістапад-2020”. Можна назваць гэта паэтычнай казкай, але ў любым выпадку — кіно не масавае, а эксперыментальнае, артхаўснае. І звяртаецца ў першую чаргу не да розуму гледача, а да яго пачуццяў. У ідэале глядзець яго варта на вялікім экране, бо выкарыстаныя мастацкія сродкі, яскравыя колеры, розныя эфектныя анімацыйныя прыёмы разлічаны менавіта на такое ўспрыманне — карціна прыгожыя, жывая. І ў ёй ёсць дзеянне, хаця няма слоў. І сюжэт ёсць таксама, хаця і не самы відавочны.

— Я хацеў, каб значную ролю ў фільме адыгрывала менавіта эмоцыя, хацеў стварыць атмасферу, стан, — гаворыць Іван Гапіенка. — Як мне падаецца, галоўная асаблівасць кінематографа ў тым, што ён захоплівае гледача, і той цалкам пагружаецца ў гэты прыдуманы свет. Гэта найвялікшае дасягненне для творцы — калі атрымліваецца падобнага дасягнуць, калі глядач ужо не аналізуе сітуацыю, а сам знаходзіцца ўнутры яе. Наратыў у “Каралеўстве зорак” ёсць, але ён трохі прыхаваны. Мне здаецца, яго трэба не разумець, а адчуваць. Таму кожны можа па-свойму разгадваць гэтыя вобразы. Мне ўжо, дарэчы, даводзілася чуць розныя версіі пра тое, што ж адбываецца на экране.

У цэнтры сюжэта — хлопчык, у якога ёсць лісцік ад чароўнай кветкі. А кветка гэтая — артэфакт, які належыць нейкай боскай сутнасці, зоркам. Але трапляе ў зямное каралеўства, і кароль ператварае кветку ў меч. Хлопчык імкнецца вярнуць артэфакт зоркам. Такі вельмі сціслы і прыблізны пераказ гісторыі: паўтаруся, Іван Гапіенка хацеў стварыць пэўны стан. На выкананне гэтай задачы ў вялікай ступені працуе і гіпнатычная, крыху трывожная музыка, якая ўсе 17 хвілін трымае адзін стан. Відавочна, стваральнік эксперыментаваў са сродкамі эмацыйнага ўздзеяння на гледача. Дарэчы, Іван не хоча нічога мяняць у гатовым фільме, хаця і мог бы. Ён сам бачыць і разумее, як зараз ужо зрабіў бы іначай, лепей. Але гаворыць, што выкарыстае атрыманыя вопытным шляхам веды ўжо ў новых работах.

Хоць яго больш новы, леташні фільм “Мары зорак” для планетарыя меў даволі зразумелы сюжэт і быў разлічаны на шырокую аўдыторыю, далей у кіно Іван Гапіенка хоча развівацца менавіта ў аўтарскім, артхаўсным кірунку. Вопыт удзелу “Каралеўства зорак” у фестывалях — а прасоўваннем фільма, заяўкамі і ўсім астатнім рэжысёр займаўся сам — аказаўся даволі ўдалым. Як лічыцца для анімацыйных фільмаў, калі са 100 разасланых заявак атрымліваецца трапіць на 20 фестываляў, то гэта даволі неблагі вынік. Пры тым што “Каралеўства зорак” са сваім хронаметражом 17 хвілін менш канкурэнтаздольнае ў барацьбе за месца ў фестывальнай праграме ў параўнанні з больш кароткімі стужкамі. Бо арганізатарам прасцей узяць тры невялічкія кароткаметражкі, чым адзін фільм на 17 хвілін. І тым не менш. Здавалася б, усяго толькі дэбютная работа юнага студэнта пад час навучання, зробленая сам-насам з камп’ютарам і без ніякай дапамогі, а з ёй можна перамагаць у конкурсах па ўсім свеце — ад Амерыкі да Азіі.

У беларускай анімацыі ёсць будучыня.