Ад сталіцы — да вясковых клубаў

№ 9 (1500) 27.02.2021 - 06.03.2021 г

16 лютага адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. Дзякуючы сродкам відэасувязі, удзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

Напачатку міністр закрануў некаторыя пытанні, узнятыя падчас візіту Кіраўніка дзяржавы ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, што адбыўся на мінулым тыдні. Так, было дадзенае даручэнне для вывучэння магчымасці ўкаранення нарматыўнага бюджэтнага фінансавання ў сферы культуры. Уздымаліся пытанні выдзялення жылля для работнікаў сферы, а таксама праблемы ўжывання іншамоўных тэрмінаў у рэкламнай дзейнасці — дадзенае даручэнне перагледзець сродкі вонкавай рэкламы на прадмет іх адпаведнасці нормам дзяржаўных моў. Што тычыцца спектакля “Паўлінка”, прадстаўленага ў тэатры імя Янкі Купалы, ужо распачаты продаж квіткоў на яго паказы, якія маюць адбыцца ў пачатку сакавіка.

Анатолій Маркевіч таксама распавёў пра ўражанні ад свайго рабочага візіту ў шэраг рэгіёнаў Магілёўскай вобласці, які адбыўся ў мінулую нядзелю. Была звернутая асаблівая ўвага на неабходнасць абнаўлення кніжных фондаў. Што тычыцца дзейнасці клубных устаноў, было дадзена даручэнне арганізаваць іх работу па выхадных днях, каб стварыць лепшыя магчымасці для баўлення грамадзянамі свайго вольнага часу.

Анатолій Маркевіч сустрэўся з работнікамі сферы культуры Карэліччыны, правёў прамую лінію і прыём грамадзян

Падчас адкрытага дыялогу з работнікамі культуры 25 лютага ў Карэліцкай дзіцячай школе мастацтваў Анатолій Маркевіч закрануў шэраг актуальных для галіны задач і праблем, дакладней, фактычна вынес іх на абмеркаванне ў рэгіёнах.

Як паведамляў Тэлеграм-канал “Мінкульт Беларусі” са спасылкай на рэгіянальныя крыніцы, Анатолій Маркевіч закрануў тэму заробнай платы і кадравага забеспячэння. Міністр падкрэсліў, што на дадзеным этапе прапрацоўваецца пытанне павышэння заробку. Неабходна сур’ёзна падыходзіць да пытання аб мэтавым навучанні, каб маладыя спецыялісты, атрымаўшы дыпломы, прыходзілі на свае першыя працоўныя месцы і замацоўваліся. Стаіць задача — амаладзіць кадры.

Таксама Анатоль Маркевіч расказаў, што ў 2021 годзе плануецца правесці парадку 180 фестываляў і конкурсаў.

Пабываў кіраўнік міністэрства культуры і ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці, а таксама раённай бібліятэцы, дзе азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай устаноў і пагутарыў з іх калектывамі.

Падчас правядзення “прамой тэлефоннай лініі” ў райвыканкаме міністру паступіла некалькі званкоў, якія тычыліся ўзроўню заработнай платы і кадравага забеспячэння ў сферы культуры.