Не стушыў на палітры святло...

№ 9 (1500) 27.02.2021 - 06.03.2021 г

Жывапіс, які нараджае паэзію, і чалавек, які ствараў паэзію ў жывапісе... Пачытайце гэтыя радкі, прысвечаныя яму, найвыдатнаму мастаку сучаснасці, напісаныя сэрцам паэта. Цалкам “Балада Леаніда Шчамялёва” прагучала на вернісажы з вуснаў яе аўтара — Віктара Шніпа. І хоць вялікім смуткам напоўнены паэтычныя строфы, але бязмежна-высокім жыццесцвярджальным агнём палыхаюць фарбы на палотнах Жыцця мастака. ...Ты не стушыў у майстэрні святло і нікому Ты не сказаў, што сыходзіш з зімы назусім. І, не забраўшы нічога, забраў сваю стому, Каб стала лёгка хаця б на хвіліначку ўсім Тут, на зямлі, дзе карціны твае, як малітвы І як прызнанні ў вялікай любові тваёй Да беларускіх палёў, дзе былі вечна бітвы, Дзе нам пісаліся вершы й карціны крывёй...

/i/content/pi/cult/839/17854/1.jpgСёння ўжо 45 дзён, як адыйшоў ад нас сапраўдны класік беларускага выяўленчага мастацтва Леанід Шчамялёў. У гарадской мастацкай галерэі твораў, якая носіць імя знакамітага жывапісца, 24 лютага адбылося адкрыццё выстаўкі, прысвечанай яго памяці. У экспазіцыі, створанай з любоўю і пачуццём зачараванасці творамі мастака, прадстаўлены каля ста палотнаў і малюнкаў з калекцый галерэі і збора з яго майстэрні.

Некалькі значных твораў гледачы ўбачылі ўпершыню. Ёсць творы тыя, што даўно палюбіліся нам, напрыклад, палотны “Генерал Даватар”, “Першы дзень міру”, “На зямлі бацькоў”, “Возера Нарач”, “Радзіма”, “Сяброўская вячэра”, “Якуб Колас і Янка Купала”, “Сям’я”, цыкл партрэтаў і нацюрмортаў. Ёсць і тыя, што раней рэдка экспанаваліся на выставах — “Трывожнае лета 1941 года”, “Завіруха”, “Люты. 1942 год”, “Белае мора”, “Па тонкаму льду”, шмат пейзажаў, малюнкаў... А ёсць і зусім невядомыя для гледача творы — з хатняй калекцыі мастака. І гэта толькі, можа, нейкая сотая ці дзвюхсотая частка ўсёй спадчыны Леаніда Дзмітрыевіча, якая ўпрыгожвае шматлікія музеі, галереі і прыватныя калекцыі ў розных краінах свету. На жаль, нам ужо дакладна і не даведацца — дзе, колькі і каму шчамялёўскія творы сёння належаць...

/i/content/pi/cult/839/17854/2.jpgНапярэдадні вернісажу ў галерэі быў арганізаваны і невялічкі мемарыяльны куточак з асабістымі рэчамі Шчамялёва, альбомамі яго рукатворных малюнкаў розных гадоў, а на мальберце — цудоўны аўтарскі жывапісны партрэт выдатнага пейзажыста краіны Віталя Цвіркі — любімага настаўніка Леаніда Дзмітрыевіча.

Успомніць мастака і яшчэ раз дакрануццца да яго ўнікальнага духоўнага свету прыйшлі сябры, калегі і былыя вучні, журналісты і літаратары, мастацтвазнаўцы і проста гледачы — гарачыя прыхільнікі яго колерамузычнага жывапісу ды іскрамётнага малюнка. Яго чароўнага і светлага таленту, яго рэдкага чалавекалюбства.

З непрыхаванымі эмоцыямі ўдзячнасці Леаніду Шчамялёву за тое вялікае, што зрабіў ён у сваёй творчай біяграфіі для роднай Беларусі, для нас і нашых нашчадкаў, на вернісажы выступілі галоўны спецыяліст упраўлення культуры Мінгарвыканкама Марына Ясюк, мастацтвазнаўцы Наталля Шаранговіч, Ларыса Фінкельштейн, аўтар гэтых радкоў, мастакі Уладзімір Тоўсцік, Надзея Лівенцава, Уладзімір Крываблоцкі; доктар фізіка-матэматычных навук і сябра сям’і Шчамялёвых Ігар Малевіч, арганізатары і натхняльнікі выставы — дырэктар Музея гісторыі горада Мінска Галіна Ладзісава і дырэктар галерэі Ганна Ясюк. У заключным слове ўдава мастака Святлана Шчамялёва падзялілася ўспамінамі пра свайго мужа і выказала сардэчную ўдзячнасць усім, хто прыйшоў на гэту памятную акцыю, і асабліва падкрэсліла ролю супрацоўнікоў галерэі ў арганізацыі выставы.

/i/content/pi/cult/839/17854/3.jpgПра што ж у гэты вечар ішла гаворка і ў выступах, і пасля — у галерэйных кулуарах? Канешне — пра выдатную “ролю асобы”, г. зн. Шчамялёва, у гісторыі нашай выяўленчай культуры другой паловы мінулага стагоддзя і першых двух дзесяцігоддзяў сённяшняга. І калі тэзісна абагульніць усё, што было сказана ў галерэі, і дадаць мае асабістыя адносіны да гэтага чалавека-мастака і майго старога шматгадовага сябра, — то атрымаецца вось што.

Уся ягоная творчасць — як я сказаў у сваім выступленні, — гэта Аўтапартрэт. Асоба дзівосна светлая і чыстая, незаплямленая канонамі, штампамі і догмамі, часам дынамічная, імклівая, нястрыманая ў эмоцыях, часам спакойная і засцяроджаная — да пары. Пры ўсёй шматграннасці таленту, шырыні сюжэтных пошукоў, разнастайнасці жанраў і пластычных рашэнняў Леанід Шчамялёў як жывапісец унутрана маналітны. У ім немагчыма аддзяліць ідэйнасць і змястоўнасць творчасці ад высокага прафесійнага майстэрства; няма разрыву паміж жаданнем і магчымасцю ўвасаблення, паміж гарэннем і ўменнем, задумай і дасягненнем. Шчамялёў — гэта натхнёны і парывісты пэндзаль, напоўнены напалам і дзіўнай энергетыкай. Пэндзаль, які расплаўляе шэрую абалонку будзённасці ...

Маральны фундамент творчасці мастака — пяшчота і мужнасць, дабрата і душэўная чысціня, надзея і вера ў тое, што чалавеку будзе заўсёды ўтульна, камфортна ў гэтым свеце. І яшчэ мне здаецца, што галоўная асаблівасць Шчамялёва — рэдкая добразычлівасць, творчая і чалавечная. І пра гэта была сказана шмат. Відавочна, гэта ўнутраная сутнасць і трывалая аснова ўнікальнага таленту. Гэта вялікая біяграфія, можна сказаць, амаль апошняга салдата Вялікай Айчыннай, і першага мастака-шасцідзясятніка, які стаў сапраўдным рухавіком найноўшага выяўленчага мастацтва сучаснасці.

Леанід Шчамялёў быў не тым мастаком, для якога праца — ці толькі асалода, радасць, ці пакуты, роздум, — не: жывапіс для яго быў — жарсцю, спусташальнай, усепаглынальнай, як бывае ў каханні; ёй, ягонай рабоце, належалі час, душа, усе жыццёвыя сілы, усе гукі і пахі свету, пра палітру я не кажу: ягоная палітра была поўная трапятлівасці і пяшчоты, хвалявання і неспакою, чакання і здзіўлення. Штодзённая работа ў майстэрні з’яўлялася для яго сэнсам жыцця, самааддачай, самаспаленнем. Ён нібы пераліваў кроў сваёй душы ў свае палотны.

І мне б хацелася, каб чалавек, убачыўшы творы Леаніда Шчамялёва, пастаяў бы перад імі, угледзеўся б у іх і падумаў пра тое, што без мастацтва жыццё бывае цьмяным і сумным, і толькі мастак, ягоны папярэднік ці сучаснік, сапраўдны вялікі мастак, дапаможа яму спазнаць шматстайнасць, прыгажосць і каштоўнасць Жыцця...

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"