Пачэсная прапіска твайго імя

№ 8 (1499) 20.02.2021 - 27.02.2021 г

З “залатога фонду” традыцыйнага мастацтва
Нарэшце ганараваныя майстры нашага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва атрымалі пачэсную прапіску свайго імя ў годным выданні “Народныя майстры Беларусі”, якое падрыхтавана ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур (складальнікі Я. М. Сахута, А. Ю. Лозка. Мінск: ІВЦ Мінфіна, 2020. 300 с.). Сюды патрапілі 140 умельцаў, якім спецыяльнай дзяржаўнай камісіяй прысвоены статус “народнага майстра” (на сённяшні дзень іх ужо 146).

/i/content/pi/cult/838/17851/opt.jpegЗаслугоўваюць такой увагі, безумоўна, ужо нешматлікія (14) ганчары — майстры самага старажытнага рамяства, якое яшчэ ў канцы ХІХ — першай палове ХХ стагоддзяў на тэрыторыі Беларусі прадстаўлялася амаль трохсоценнымі ганчарнымі асяродкамі, а цяпер — адзіным (вёска Гарадная Столінскага раёна). Майстры-ганчары пераважна развіваюць мясцовыя традыцыі, захоўваючы і пашыраючы разнастайныя тэхнічныя прыёмы і сродкі: А. М. Басавец дэкаруе посуд апробным роспісам і палівай; М. Я. Шэлест — нацёкамі зеленаватай палівы (Столінскі раённ); В. І. Логвін працуе ў тэхніцы пружанскай чорнаглянцаванай керамікі (Брэст); В. Л. Шэлест — валодае майстэрствам розных глазураваных керамік (Ганцавічы); А. У. Мяцельскі — займаецца задымленнем і вырабам музычных інструментаў (Дзяржынск); М. В. Васкоўскі стварае керамічныя скульптуры, асабліва ў тэхніцы дымлення, вобразы якіх набываюць колер бліскучага металу (Мазыр); М. А. Насановіч дзейнічае ў мясцовай традыцыі дарасінскіх умельцаў ангобнага роспісу (Любань); Ю. І. Боўда - валодае рознымі жанрамі і прыёмамі (Бабруйск); В. М. Якавенка вырабляе керамічную цацку (Крычаў), М. А. Пратасеня — цацкі-свістулькі, бразготкі і іншае (Салігорск); маюць свой стыль Н. С. Рагоўская (Хоцімск), І. К. Раманчук (Лагойск) і іншыя.

Творы мастацкага саломапляцення сталі своеасаблівым брэндам Беларусі. Дасканаласць майстэрства асобных прадстаўнікоў “залатой” галіны ўзносіць яе да феномена нацыянальнага набытку. Сапраўдныя шэдэўры ствараюць Л. М. Лось, Т. П. Агафоненка, Л. Р. Главацкая ў Мінску, М. В. Ермаловіч, В. Л. Рэут, Т. А. Худзякова на Віцебшчыне, Н. В. Дамянікава, А. І. Зушчык, І. Г. Кухціна, Н. І. Панцялеева, Г. Л. Салонінка на Магілёўшчыне, А. А. Аўсяннікава, Р. А. Раманеня на Міншчыне.

У Беларусі цуды з “залатой” саломкай не заканчваюцца, бо маецца яшчэ старадаўняя тэхніка спіральнага саломапляцення, на аснове якой нараджаюцца дзівосы калекцый посуду, галаўных убораў ды іншае. Тут яркімі прадстаўнікамі рамяства з’яўляюцца Н. Л. Ярмоцык (Бяроза), Л. Г. Гаравая (Віцебск), якіх ведаюць прэстыжныя выставы і музеі ў краінах замежжа. А ёсць яшчэ майстры аплікацыі і інкрустацыі саломкай (Г. А. Сцепанкова з Горак), у тым ліку аплікацыі саломкай па тканіне (М. А. Русаковіч са Старадарожчыны), вырабу лялек з ільну і саломкі (В. М. Сыцікава з Магілёва).

Побач з саломапляценнем добра развіваецца промысел з іншых прыродных матэрыялаў (лазы, сасновай дранкі). У лозапляценні выдатна заявілі пра сябе В. А. Валошчык (Брэстчына), А. М. Краўчук, У. К. Лук’янец, В. П. Сіманковіч з Віцебшчыны, Т. А. Самойленка з Гомеля, А. А. і Л. А. Мускія з са Смаргоні, С. М. Афонькін, Т. А. Багдановіч, Т. М. Фяськова, І. В. Хізанейшвілі з Магілёўшчыны, А. В. Гурэцкая, І. Е. Хацкевіч, У. А. Ціханоўскі з Міншчыны.

У лясной Беларусі мастацкая апрацоўка дрэва спрадвечная, традыцыйная. Пра гэта сведчаць раскопкі ХІ стагоддзя, розныя дакументальныя матэрыялы. Напрыклад, прадукцыя бондараў здаўна паспяхова экспарціравалася ў еўрапейскія краіны. Да нашага гонару працуе адзіная школа бондарства ў Іванаве. А сучасных бондараў у шэрагах “народных майстроў” толькі два: М. М. Кукса (Гродна) і У. І. Станкевіч (Глускі р-н). Традыцыйную нішу ўтылітарна-дэкаратыўнага промыслу займаюць лыжкаробы В. А. Расолаў (Гомель) і Я. П. Осіпаў (Бярэзінскі раён).

Больш сярод майстроў-разьбяроў мастацкай апрацоўкі дрэва, творцаў, якія займаюцца драўлянай скульптурай, малымі формамі і элементамі дамашняй аздобы, з-пад іх “залатых” рук атрымліваюцца сапраўдныя шэдэўры, якія вабяць вока і душу чалавека. Гэта — Ю. І. Камандзірчык з Нарачы Мядзельскага раёна; І. П. Супрунчык, А. С. Туркоў, У. М. Чыквін з Брэстчыны; Ф. Л. Максімаў з Віцебска; В. П. Казлоўскі, М. М. Ляшкоў, В. Л. Мінкоў, В. Р. Сілкоў з Гомельшчыны; М. А. Рышкевіч з Лідскага раёна; І. Л. Грышын і М. Ф. Ячмянькоў з Магілёўшчыны.

Адроджаная беларуская выцінанка цяпер атрымала новае жыццё, узнялася на вышэйшую ступень мастацкага развіцця. Сярод народных майстроў у традыцыйным стылі працуе Н. Р. Адзінец з вёскі Рэчань Любанскага раёна, выцінаншчыкі новага пакалення ствараюць складанасюжэтныя ўзоры станковага характару: В. В. Бабурына, Л. М. Валковіч-Борыс, Н. А. Сухая, Л. Л. Чырвонцава, А. І. Шаліма з Міншчыны; Н. М. Кулецкая з Івацэвіцкага і Ю. В. Каўрус з Нараўлянскага раёнаў, А. Ф. Аўчыннікаў з Гродна.

Найбольшым у новым выданні атрымаўся раздзел “Мастацкі тэкстыль”, які адлюстроўвае майстроў ткацтва, вышыўкі, карункапляцення... Гэта і зразумела — доўгі час яшчэ пасля Вялікай Айчыннай вайны кросны знаходзіліся амаль у кожнай сялянскай хаце, а дзяўчаты без дабротных вышывак не маглі дастойна ісці да ўласнага вяселля. Заслугоўваюць асобнай увагі тыя майстрыхі кроснаў, якія адрадзілі, працягнулі забытыя ці заняпалыя тыпы мясцовых традыцый: М. М. Астапеня, Н. Я. Гарашчэня, В. К. Гладкая, В. М. Кіеня, З. І. Кравец (закладное ткацтва на Капыльшчыне); В. І. Белакоз з Мастоўскага раёна і Н. А. Грыцук, М. І. Краўчынская з Камянецкага (ткацтва падвойных дываноў); М. Л. Гушча і Т. У. Міснікава з Гарадоцкага раёна (ажурнае ткацтва) і іншыя. Паспяхова развіваюцца і традыцыі ткацтва паясоў: Г. Р. Бураўцова (Старыя Дарогі), Т. М. Зданевіч (Бяроза), Х. С. Лямбовіч (Ракаў), Л. М. Лямцава (Круглае), Г. М. Сцепанюк (Антопаль), А. А. Хоміч (Нясвіжчына).

Заканчваецца выданне раздзелам пад умоўнай назвай “Рэдкія рамёствы”. Сюды ўвайшлі народныя майстры роспісу па шкле (М. М. Кулецкая з Пружанаў), малявання дываноў (С. А. Скавырка з Глыбокага), мастацкай апрацоўкі скуры (І. В. Яўсціхаў з Віцебска), аздаблення велікодных вербаў (“пальмаў”) (Д. Д. Кавалёнак з Гродна), вырабу музычных інструментаў (М. А. Скрамблевіч з Гродна), валяння з воўны (Т. М. Чараповіч з Дрыбіна), дэкаравання велікодных яек у тэхніцы шкрабанка (М. У. Вакульчык з Любаншчыны), вырабу вясельных вянкоў (Р. М. Валькова таксама з Любанскага раёна), аздаблення вясельных караваяў і іншай фігуратыўнай пластыкі з цеста (В. К. Уласік са Стоўбцаў).

Зборнік “Народныя майстры Беларусі” не атрымаўся б без творчых біяграфій, што падрыхтавалі метадысты абласных і іншых цэнтраў народнай творчасці, і ўступных артыкулаў прафесара Я. М. Сахуты, старшыні экспертнай камісіі па народных мастацкіх рамёствах. Адно засмучае, што вельмі цікавае і патрэбнае выданне адразу трапляе ў шэраг бібліяграфічных рэдкасцяў, бо выпушчана мізэрным накладам — 150 экземпляраў.

Алесь ЛОЗКА, начальнік аддзела народнай творчасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур