Казачнае царства маляванак Віцебскага Паазер’я

№ 8 (1499) 20.02.2021 - 27.02.2021 г

Маляваныя дываны — унікальная беларуская традыцыя з ХХ стагоддзя. Амаль забытая, пакрысе яна адраджаецца — маляванкі лепшых мастакоў мінулага захоўваюцца ў музеях, імёны Алены Кіш і Язэпа Драздовіча цяпер ведаюць усе адукаваныя людзі. Але жыве традыцыя тады, калі ёсць сучасныя творцы і сучасныя творы. 17 лютага ў Мінску ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася вялікая выстава “Чароўных слоў увасабленне. Легенды, паданні і казкі Віцебшчыны ў маляваных дыванах”. Такога ў сталіцы Беларусі раней не было — 21 майстар з Віцебскай вобласці прадстаўляе свае яскравыя, казачныя маляванкі. І гэта трэба бачыць. Выстава будзе ісці цягам двух месяцаў.

/i/content/pi/cult/838/17850/21.jpgВіцебскае Паазер’е — захад Віцебскай вобласці — адно з тых месцаў, дзе маляванкі на Беларусі мелі найбольшае распаўсюджанне і вызначаліся адметнымі мастацкімі рысамі. Там жа, на Дзісеншчыне, яшчэ ў 30-х гадах мінулага стагоддзя іх ствараў і Язэп Драздовіч — мастак, пісьменнік, этнограф. У 2014-м традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я атрымала ў Беларусі статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. З Віцебшчыны — з Докшыцаў — і знакаміты беларускі мастак Віктар Маркавец: разам з калегамі яны зрабілі вялікі ўнёсак у справу адраджэння мастацтва маляванак, і самі стварылі цэлы іх шэраг. Маляваныя дываны маюць даўнюю гісторыю, яшчэ з канца ХІХ стагоддзя — як працяг цэхавай традыцыі малярскага мастацтва і як частка такой значнай для Віцебшчыны з’явы, як інсітнае мастацтва.

/i/content/pi/cult/838/17850/22.jpgТаму вялікая выстава сучасных творцаў менавіта з Віцебскага Паазер’я невыпадковая — яна з сэрца гэтай традыцыі. І з таго месца, якое ў Беларусі ледзь не адзінае, дзе мастацтва маляванкі працягвае жыць як масавая з’ява. Прынамсі, зараз мы кажам пра некалькі дзясяткаў майстроў, якія прадставілі свае работы на выставу. Некаторыя з іх гэтае мастацтва пераймалі яшчэ ад знаных творцаў мінулага стагоддзя. Напрыклад, Святлана Скавырка з Глыбокага вучылася ў Галіны Таляронак, тая — у Фёдара Сухавілы, аднаго з самых славутых беларускіх майстроў, таксама з Глыбоччыны. А Фёдар Сухавіла меў магчымасць на свае вочы назіраць за працай самога Язэпа Драздовіча. Насамрэч, пераемнасць. Дарэчы, цягам двух месяцаў, што выстава будзе ісці, плануецца правесці і шэраг майстар-класаў па маляванцы. Гэтая інфармацыя сапраўды можа зацікавіць многіх.

На ўрачыстым адкрыцці экспазіцыі 17 лютага вядомы мастацтвазнаўца, загадчык кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДУКіМ Рыгор Шаура назваў выставу сапраўднай падзеяй у нашай нацыянальнай культуры і падзякаваў спецыялістам з Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, чыімі намаганнямі мастацтва маляванкі так паспяхова адраджаецца — дырэктару Кацярыне Лабука, вядучаму метадысту Людміле Вакар, усім майстрам. Старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута, найзнакаміцейшы мастацтвазнаўца і этнолаг, таксама адзначыў унікальнасць гэтай з’явы — віцебскага мастацтва — і праведзеную вялікую працу:

— Яшчэ гадоў 35 таму пра маляваныя дываны Паазер’я амаль ніхто не ведаў. І я хачу падзякаваць віцебскім энтузіястам. Гэта яны ператварылі край, спалены вайной, у край народных талентаў. Я добра памятаю, як даўно ўжо, раней, калі гаворка заходзіла пра збіранне выстаў народнай творчасці, то пра Віцебшчыну казалі — там нічога няма, усё вайна знішчыла. А потым аказалася, што Віцебская вобласць выйшла на перадавыя пазіцыі ў народнай творчасці, гэты край аказаўся самы багаты на народных майстроў. І маляваныя дываны Паазер’я цяпер сапраўдная з’ява  — са сваёй мастацкай мовай, са сваімі аўтарскімі набыткамі. І ўсё дзякуючы энтузіязму і таленту руплівых мясцовых людзей.

У 60-я гады мінулага стагоддзя развіццё гэтага віду народнай творчасці было амаль прымусова спынена, калі ўсіх рамеснікаў абклалі падаткамі. Але ў Віцебскай вобласці традыцыя маляванак да канца і не перарывалася: хоць і некалькі майстроў, але працягвалі працаваць. Ужо ў другой палове 80-х Віцебскі метадычны цэнтр арганізаваў у райцэнтрах семінары па маляванках, у Віцебску, Полацку, Мінску і Смаленску прайшлі выставы “Краскі Паазер’я”, прысвечаныя 100-годдзю Язэпа Драздовіча, апошнія 20 гадоў і выставы, і святы-конкурсы адбываюцца хоць і нячаста, але пастаянна. І маюць яны, дарэчы, паэтычныя назвы, адпаведныя ідылічнай сутнасці маляванак, — напрыклад, “Райскі сад”. А свята-конкурс, што праходзіць у межах фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”, называецца “Фарбы нябёсаў”.

І ўсё роўна, мастацтва гэтае застаецца штучнай, рэдкай з’явай. Тым больш каштоўная выстава “Чароўных слоў увасабленне…”, што адкрылася ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры: 40 маляваных дываноў! На бліжэйшыя два месяцы некалькі выставачных залаў музея ператвараюцца ў нейкі казачны сусвет, наведнік быццам трапляе ў чароўнае царства. Прычым царства Віцебскага Паазер’я: усе выявы, усе творы нахтнёныя легендамі і паданнямі гэтага краю, у значнай ступені — паданнямі пра паходжанне гарадоў і вёсак. Русалкі і цмокі, жыватворныя крыніцы і райскія сады, абавязкова блакітныя азёры, якімі славіцца Віцебшчына, — усё гэта на маляваных дыванах. Водная стыхія ўвогуле — адзін з устойлівых вобразаў дыванковых пейзажаў віцебскіх мясцін. Такім чынам злучаецца і слова, літаратура, — музей жа гісторыі беларускай літаратуры — і выяўленчае мастацтва.

Прыгожая сама канцэпцыя выставы. Падзеі, што прывялі да яе адкрыцця, склаліся адна за адной. Год таму ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры праходзіла выстава, прысвечаная Васілю Кораню і яго першай гравіраванай Бібліі для народа ў малюнках канца ХVII стагоддзя. Васіль Корань быў родам з Дуброўна, яго маляваная Біблія расказвала народу, на тые часы малапісьменнаму, біблейскія гісторыі праз карцінкі. Прыкладна тады ж новым супрацоўнікам музея стала Ірына Князева — куратар цяперашняй выставы і, між іншым, сама аўтар маляваных дываноў, якая да таго пэўны час працавала якраз у Віцебскім АМЦНТ. Разам з тагачасным дырэктарам музея Міхаілам Рыбаковым — а ён ізноў жа родам з Дуброўна! — яны распрацавалі цікавую ідэю, як сумясціць маляванкі і беларускае слова і як папоўніць музейны праект “Рэгіёны” яшчэ адным цікавым мерапрыемствам. Легенды, паданні — гэта таксама мастацтва слова, гэта літаратура, гэта гісторыя літаратуры. Маляванкі — як маляваная гісторыя, як метафара, народжаная фальклорнай першакрыніцай. І большая частка маляваных дываноў, прадстаўленых на выставе, стваралася менавіта пад канцэпцыю: майстрам Віцебшчыны было прапанавана звярнуцца да сваіх мясцовых легенд і паданняў. Такім чынам, амаль усе гэтыя работы — новага часу, зусім нядаўнія, ёсць нават ужо 21-га года. Прадстаўлены 14 раёнаў Віцебшчыны — не па ўсёй вобласці гэтае мастацтва было распаўсюджана. Па выніку больш за ўсё атрымалася маляванак з Лёзна.

Некалькі слоў пра тое, што такое маляванкі: у цэнтры ільнянога палатна, пафарбаванага ў чорны колер, малюецца карціна і бярэцца ў дэкаратыўнае акаймленне. Атрымліваецца як звычайны дыван, толькі маляваны. Просты народ не мог дазволіць сабе сапраўдныя дарагія дываны, а маляваныя прызначаліся для ўпрыгожання пакояў, і вешаліся, як правіла, на сцяну над ложкам. Яны нават уваходзілі ў пасаг маладой дзяўчыны і часта спраўляліся перад вяселлем. Былі і вялікія дываны, былі і столачкі, альбо паўдыванкі, і яшчэ меншыя. Раней для малявання карысталіся анілінавымі фарбамі, у якія дадавалі сталярны клей, зубны парашок, крэйду. Раслінныя ўзоры “набівалі” пры дапамозе трафарэтаў і штампаў — а штампамі маглі быць і бульбіна, і рэпка, і многае іншае. Вольным роспісам пэндзлем валодалі толькі рамеснікі-маляры — мастакі-аматары, цэнтральны сюжэт яны менавіта малявалі. У наш час мастакі працуюць ужо ў асноўным з акрылавымі фарбамі, у іх малюнках ужо больш розных тэм і стыляў — ёсць і мадэрн, і нават абстракцыянізм. Але прынцып дывана — дэкаратыўнае афармленне па контуры, у цэнтры карціна, і агульная паэтыка ідылічнага свету з метафарамі раю — усё той жа.

Побач з кожным выстаўленым маляваным дываном на стылізаваным аркушы можна прачытаць само тое паданне ці легенду, якое натхніла на карціну. 40 маляванак — 40 гісторый. Адкрываецца выстава яшчэ ў фае — работамі майстроў з Лёзна Жанны Ільюшкінай і Ірыны Церашковай, якія працуюць з дыванамі даўно і працуюць менавіта як мастакі. Вось, напрыклад, адзін з дываноў Жанны Ільюшкінай “Цудоўная крыніца” заснаваны на паданні пра тое, як у Лёзненскім раёне ўтварыліся крыніцы, — а сваімі крыніцамі месцічы вельмі ганарацца, многа крыніц — многа і розных паданняў. Адно з іх пра балота, на якім стаяў забыты калодзеж, а потым з яго забіла чыстая крыніца і ператварыла гэты край у прыгожы і багаты. Дываны Ірыны Церашковай звернутыя да жаночых вобразаў з паданняў і фальклору, на іх — русалкі, зоры-зараніцы, варажэі.

Увогуле, большасць маляванак натхнёныя тапанімічнымі паданнямі: такім чынам на адной выставе можна не толькі мастацкімі творамі палюбавацца, але і даведацца пра гісторыю мясцін Віцебшчыны. Святлана Скавырка з Глыбокага — знаны народны майстар і дырэктар Глыбоцкага Дома рамёстваў — гісторыі стварэння горада прысвяціла вялікі дыптых. Было возера Глыбокае, а потым там жа утварылася і паселішча. На яе маляванцы выяўлены розныя значныя месцы горада і, канешне, самое возера. Нямала маляванак і з Лепеля — усе яны звязаныя з тапанімічнымі паданнямі, на карціне Аляксея Краўчанкі — знакаміты лепельскі цмок. Ірына Качынская з Ушачаў паказвае “Легенду пра Ушачы”. Вольга Аляксеева з Дуброўна ў рабоце “Добрасуседства” выкарыстала ўжо даволі сучасную гісторыю. Дуброўна ж — цэнтр ганчарства, і праз дарогу жылі два вядомыя на Дубровеншчыне ганчары. У жанчыны-майстра не было ўласнага горна, і абпальваць свае знакамітыя гліняныя свістулькі яна хадзіла да суседа. У цэнтры маляванкі — два гэтыя ганчары, што трымаюць у руках гліняныя свістулькі. Таццяна Даўлетшына, дырэктар віцебскага Цэнтра рамёстваў “Адраджэнне”, захопленная даследаваннямі Мікалая Нікіфароўскага пра нячысцікаў, скарысталася легендай пра русалак, якія, выходзячы на сушу, вадой са сваіх валасоў маглі затапіць цэлую вёску.

Пра ўсе 40 гісторый тут не раскажаш, згадаю хіба што дываны, натхнёныя літаратурнымі творамі. Ірына Князева звярнулася да казкі Уладзіміра Караткевіча “Аўтух-дамоўнік” — і ён намаляваны на кані, голы, як і пісаў Караткевіч. А паводле верша Максіма Багдановіча “Русалка” стварыла маляванку Таццяна Лапкова з Віцебска. Завяршае выставу вельмі адметная работа, створаная куратарам Ірынай Князевай паводле эскіза Марка Шагала “Двое за сталом”. Абгрунтаванне такое: Марк Шагал — легенда Віцебска!

Але не толькі маляванкі можна ўбачыць на новай выставе. На вітрынах экспануюцца і адпаведныя кнігі з фондаў музея: разнастайныя зборнікі казак, “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебшчына”, кнігі “Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры”, “Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі”, “Памятная кніжка Віцебскай губерніі”, “Полацка-Віцебская мінуўшчына”, і гэтак далей. Можна прадказаць, што выстава “Чароўных слоў увасабленне” стане даволі папулярнай у сталічных жыхароў. Бо — і калі яшчэ такое ўбачыш, і — хоць на час экскурсіі, але можна пабываць у прыгожым, ідылічным, маляўнічым казачным свеце.