На Шчучыншчыну, да Чэслава Немэна

№ 8 (1499) 20.02.2021 - 27.02.2021 г

16 лютага, у дзень народзінаў сусветна вядомага музыканта Чэслава Немэна, “К” пабывала на яго малой радзіме, у вёсцы Старыя Васілішкі, што на Шчучыншчыне. У гэты святочны дзень землякоў Чэслава Немэна і гасцей з іншых рэгіёнаў Беларусі чакала насычаная культурная праграма, падрыхтаваная Шчучынскім раённым Цэнтрам культуры.

/i/content/pi/cult/838/17849/19.jpgДругое знаёмства

...У Шчучыне я быў сустрэты вядучым метадыстам раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці спадарыняй Галінай Петушок. І ўжо адтуль, на аўтобусе Шчучынскага Цэнтра культуры, разам з арганізатарамі, удзельнікамі і жадаючымі папрысутнічаць на свяце, мы прыехалі ў Старыя Васілішкі (да якіх ад Шчучына ўсяго чатырнаццаць кіламетраў). Дарога ішла заснежанымі палямі, праз вёскі са старымі, магчыма стогадовымі хатамі, таму размова са спадарыняй Галінай, сама сабой, ад праграмы імпрэзы перайшла на гісторыю гэтых мясцінаў. Сюды вельмі захацелася абавязкова вярнуцца, можа, як пацяплее…

Першай кропкай нашага муршруту стаў падворак дома-музея Чэслава Немэна. Пакуль арганізатары рыхтаваліся да важнай часткі праграмы (адкрыцця мемарыяльных дошак), у мяне быў час агледзецца. Ці думаў я, што аднойчы, па пояс ў снезе, у моцныя маразы, буду сустракаць дзень народзінаў Немэна ў двары хаты, дзе ён прыйшоў на свет і адкуль назаўжды з’ехаў на чужыну? Вядома ж, не. Але я быў тут. Я быў сярод людзей, якія шануюць памяць пра музыканта, ганарацца тым, што ён наш зямляк. Гэта было кранальна.

Спадарыня Галіна пазнаёміла мяне з дырэктарам дома-музея спадаром Уладзімірам Сенютам, які загадзя парупіўся, каб у звычайнай сялянскай хаце было цёпла і ўтульна. Быў час пазнаёміцца і паразмаўляць таксама і з прадстаўнікамі апякунскай рады дома-музея, якія адмыслова з Мінска прыехалі ў гэты дзень. На вялікі жаль, гэтым разам з імі не было спадарыні Веры Савінай, якая вельмі шмат высілкаў прыклала да з’яўлення гэтага музея і папулярызацыі імя Чэслава Немэна ў Беларусі.

/i/content/pi/cult/838/17849/20.jpgДзіўны лёс гэтага музея. Хата, пабудаваная больш за сто гадоў таму дзедам Чэслава Якубам Выдрыцкім, як і іншыя васілішкаўскія хаты, нейкім цудам перастаяла Першую і Другую сусветныя войны, прайшла праз розныя рукі, пабывала вясковай крамай і пазнала нават заняпад… і раптам стала адзіным у свеце жывым музеем Чэслава Немэна. І паспрыяла гэтаму ў пэўным сэнсе смерць музыканта. Калі б не яна і тая новая, шырокая хваля цікавасці да асобы таленавітага старавасілішкаўца, хату, якая сваім занядбаным выглядам псавала мінакам настрой, маглі б і не пашкадаваць. Але не невядомы чараўнік з кійком прыйшоў на дапамогу сядзібе — жывыя людзі-беларусы. Стварэнню музея папярэднічалі цягам пэўнага часу ліставанне, неабходныя сустрэчы, публікацыі. І вось 16 лютага 2010 года адбылося ўрачыстае адкрыццё музея. Паступова, у трох пакойчыках сфармілавалася экспазіцыйная прастора, якую запоўнілі фотаздымкі, творы мастацтва, кнігі, памятныя медалі. З’явілася і фартэпіяна, прывезенае саветам апекі з Мінска.

Разглядаючы фотаздымкі, я ледзь не прапусціў закліч на экскурсію ў касцёл, які быў першым важным пунктам святочнай праграмы.

Касцёл святых Пятра і Паўла

Недзе гадоў 500 таму ў Старых Васілішках быў пабудаваны першы касцёл. Праз нейкі час ён згарэў, але па загаду каралевы Боны Сфорцы быў адноўлены. Стары драўляны касцёл разабралі напрыканцы ХІХ стагоддзя, каб на яго месцы пабудаваць “сучасны” храм (1905). Цікавых адметнасцяў ад падобных неагатычных храмаў у ім нямала. Першае, што кідаецца ў вочы, гэта тое, што на гранітных камянях падмурка і аркі ўвахода выбіты імёны асоб, якія ахвяравалі на ўзвядзенне касцёла. Праўда, яны з нейкай прычыны замазаны цэментам. Але ж варта было б іх раскрыць. Па-другое, клопатам Зыгмунта і Марыі Дэмбінскіх, з левага боку ад алтарнай часткі пабудаваны ўнікальны грот, унутры якога захаваліся фрэскі 1908 года. Ёсць і іншае, што варта ўбачыць. Напрыклад, арган мяжы XVIII — XIX стагоддзяў, які рамантаваў бацька Немэна Антон Выдрыцкі. Арган, які да нядаўняга часу быў у жахлівым стане, у 2017 годзе быў адноўлены.

У гэтым касцёле ў 1939 годзе і быў ахрышчаны Чэслаў Выдрыцкі. Тут жа пасля вайны спяваў у хоры. Аб сувязі Немэна і гэтай святыні нагадвае чорная мармуровая дошка, замацаваная на адной з калон касцёла. А сёння, у дзень нараджэння музыканта, яшчэ і адмысловы памятны стэнд. Пасля экскурсіі па касцёлу мы вярнуліся на падворак Выдрыцкіх.

Памятны камень

На апошнім здымку, які быў зроблены падчас канчатковага развітання з радзімай, Чэслаў Немэн сфатаграфаваны на вялізарным валуне. Раней, месціўся ён на беразе маляўнічай рачулкі Лябёдкі, якую ў часы празмернага савецкага захаплення меліярацыяй бязлітасна спрамілі, ператварыўшы ў звычайную канаву. Той чароўны куток, куток дзіцячых і юнацкіх мар быў, на жаль, назаўжды знішчаны. Цяпер гэты камень клопатам сям’і Антона Федзюковіча і Тамары Аўтуховіч займеў новае месца на дзядзінцы сядзібы. Яны ж падрыхтавалі дзве пліты з чорнага мармуру, на адным з якіх змешчана выява Чэслава Немэна, а на другім выгравіраваны кароткі вершык педагога і паэтэсы са Шчучына спадарыні Галіны Беляўскай.

“На камень сеўшы,

бы ў дзяцінстве

У дзверы памяці пастукаў…

Сваё з Радзімаю адзінства

Ён прыгадаў у мроях гукаў…”

Пасля ўрачыстага адкрыцця памятных дошак перад сабранымі выступілі з кароткімі прамовамі ўдзельнікі імпрэзы — спадары Антон Федзюковіч, Аляксандар Нілаў, Уладзімір Сенюта і аўтар вершаванага прысвячэння Галіна Беляўская.

Трошкі падзамёрзлыя мы ізноў вярнуліся ў музей. Яго дырэктар спадар Уладзімір Сенюта цалкам завалодаў увагай наведвальнікаў. Слухаў з захапленнем прамову і я. Дарэчы, даведаўся шмат новага, бо за гады існавання музея ў ім пабывала вялікая колькасць “немэназнаўцаў”, якія падзяліліся цікавымі звесткамі. Асабліва ўразіла апавяданне пра кліматычныя з’явы ў дзень паховінаў музыканта на варшаўскіх Паванзках. Дарэчы, пару гадоў таму паставіў ля магілаў Чэслава Немана і Станіслава Манюшкі пару сваіх знічак і я, таму магу засведчыць, што словы пра культавасць магілы Немэна — факт.

Ад землякоў

Завяршальная частка праграмы адбылася ўжо ў Цэнтры культуры аграгарадка Васілішкі, ад якога да вёскі Ст. Васілішкі каля двух кіламетраў.

Пакуль у актавай зале збіраліся ўдзельнікі, гледачам была паказана дакументальная стужка “Гэты дзіўны свет…” , знятая ў 2009 годзе Верай Савінай у суаўтарстве з Аляксандрам Нілавым. Перш чым распачалася абяцаная канцэртная праграма, з прамовамі пра Чэслава Немэна выступілі спадары Антон Федзюковіч, Уладзімір Сенюта, а таксама і аўтар гэтых радкоў.

Пасля чаго адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне памятнымі падарункамі асоб, якія адзначыліся на ніве папулярызацыі асобы Чэслава Немэна і шматгадовай падтрымкай музея — Веры Савінай, Анатоля Федзюковіча і Тамары Аўтуховіч, Алы Бібікавай, Сяргея Касперчука, Аляксандра Кунцэвіча, Вячаслава Бруйка, Аляксандра Смірнова і дырэктара музея Уладзіміра Сянюты. Ад імя Шчучынскага райвыканкама падарункі ўручыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі спадарыня Кацярына Дзенуць.

Напрыканцы імпрэзы ў выкананні маладых спявачак Таццяны Шэршань і Веранікі Шырокай прагучалі спевы Чэслава Немэна. Фінальную ж кропку паставіў народны ансамбль песні “Васільковая раніца” з канцэртнай праграмай “Яшчэ не раз вы ўзгадаеце мяне”.

На пасткрыптум мерапрыемства адбыліся дыскусіі ў кулуарах, калі за кубкам кавы ці гарбаты вяліся размовы пра Чэслава Немэна, пра развіццё і праблемы музея. Думаю, што больш сур’ёзная спонсарская дапамога Дому-музею і зараз не была б на шкоду.

Перад ад’ездам у Шчучын хапіла часу і на тое, каб прайсціся па цэнтральнай Савецкай вуліцы мястэчка да барочнага касцёла Яна Хрысціцеля 1769 года пабудовы. Цікава, што на гэтай вуліцы захавалася даволі шмат драўляных і каменных дамкоў месцічаў, пабудаваных, як мне падалося на першы погляд, яшчэ “да 1917 года”.

Паабяцаў вярнуцца

Каб адзначыць камандзіроўку завітаў я і ў Шчучынскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці, дзе пазнаёміўся з яго дырэктарам спадарыняй Святланай Жвірбля. Падчас размовы я даведаўся пра планы Цэнтра на 2021 год, а таксама падзяліўся сваімі думкамі і прапановамі.

Ужо ў маршрутцы, усё яшчэ пад натхненнем ад цудоўнай імпрэзы і ветлівай цеплыні шчучынцаў, я занатаваў на памяць, што паабяцаў перадаць для фондаў музея Чэслава Немэна сведчанні праведзеных намі ў 2009 — 2014 гадах папулярызатарскіх “немэнаўскіх” вечарынаў і фестываляў.

Улічваючы ўсё гэта, я вельмі спадзяюся, што на Шчучыншчыне я пабываю яшчэ не раз. І яшчэ не раз будзе пра што распавесці чытачам “К”.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар