15 варыянтаў творчасці

№ 8 (1499) 20.02.2021 - 27.02.2021 г

Кажуць, жыццё развіваецца па спіралі. Вельмі хочацца ў гэта верыць. Як і ў тое, што рэгіянальная культура пойдзе далей і вернецца ў сваёй эвалюцыі да тых часін, калі заможныя гаспадаркі зноў возьмуць на баланс музычныя школы, клубы, будуць выплачваць заробак настаўнікам ДШМ і грашовую надбаўку ўдзельнікам самадзейнасці, возьмуць на сябе абавязак па кампенсацыі камандзіровачных выдаткаў для творчых калектываў і наладжванні брэндавых фестываляў. Помнікамі тым часінам застаюцца двухпавярховыя будыніны, дзе хапала месца для адміністрацыі сельскагаспадарчых арганізацый і сельсаветаў, дзе працавалі пошта, ФАП, клуб, бібліятэка, музычная школа. Не, я не за вяртанне СССР, я за тое, каб сельгаспрадпрыемствы не станавіліся банкрутамі, каб не паміралі вёскі, я — за вяртанне гонару ад таго, што ў дбайнага гаспадара — дбайныя хлебаробы і жывёлаводы, якія маюць талент не толькі нарошчваць эканоміку, але і ўмацоўваць традыцыю спеўнасці, суладнасці памкненняў ды дзеянняў. Я за тое, каб у нашай прыгожай неабсяжнай Беларусі запальвалася святло ва ўсіх без выключэння вокнах памянёных гмахаў, якія яшчэ можна адрадзіць. Колькасць вырашчанага хлеба і колькасць творчых гуртоў — паняцці раўназначныя і ўзаемазалежныя.

Я да чаго ўсё гэта? Вельмі не хочацца назіраць, як чэзне беларуская вёска з яе трвдыцыямі. Так, гімн ёй, колішняй, стварыў Іван Мележ. Расповед пра тое, як адзначаецца стагоддзе славутага пісьменніка, даслала даўняя наша аўтарка Валянціна Расошанка — галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Светлагорскай раённай бібліятэкі. Вось што яна піша: “8 лютага, у дзень нараджэння Івана Мележа, бібліятэкі раёна правялі літаратурную імпрэзу “Пісьменнік вялікага таленту і душэўнай шчодрасці”. У дзіцячай раённай прайшла медыягутарка, у Сасноваборскай гарпасялковай школьнікі адправіліся ў віртуальную экскурсію па Мележаўскіх мясцінах, у тым ліку — у вёску Глінішча Хойніцкага раёна, дзе нарадзіўся пісьменнік. А цэнтральная раённая бібліятэка наладзіла вечарыну ў літаратурнай гасцёўні “Гармонія”, якая адбылася ў фармаце праекта “Калейдаскоп бліскучых імёнаў”. А яшчэ ў раённым цэнтры быў арганізаваны анлайн-буккросінг “Чытаем Мележа разам”. Маштабным сталася і наступнае мерапрыемства, пра якое варта пагаварыць асобна. Дырэктар Светлагорскай раённай сеткі бібліятэк Вікторыя Бусел падключыла да справы калегу — дырэктара Хойніцкай раённай бібліятэкі Алену Мідзялоўскую. У выніку атрымаўся сумесны анлайн брэйн-рынг “Пісьменнік з зорнай вечнасці”. У ім бралі ўдзел старшакласнікі Светлагорска і Хойнікаў, а таксама — маладыя спецыялісты, настаўнікі, работнікі культуры. Пытанні для каманд былі няпростыя. Да прыкладу: колькі варыянтаў назвы рамана “Людзі на балоце” было ў пісьменніка, калі ён прынёс яго ў часопіс “Полымя”?” Сапраўды, а колькі? Валянціна Мікалаеўна распавяла па тэлефоне, што варыянтаў было аж 15! Сярод іх, зазначыла, былі і такія назвы: “Наступ на балоты”, “Туманы над багнай”… У вёсцы Глінішча (У рамане — Глінішчы) я быў некалькі разоў. Паказвалі мне месца, дзе была цагельня, дзе адбылася бойка паміж Васілём і Карчом. Запомніўся такі ўспамін вяскоўцаў: калі Іван Паўлавіч прыязджаў на радзіму ў шыкоўнай “Волзе”, ён збіраў поўны салон дзятвы і вёз усіх у Мазыр па цукеркі. Хто ж забудзецца на такія шыкоўныя вандроўкі?! Любіў Мележ вёску ды вяскоўцаў. Любіў, даражыў і нам завяшчаў.

/i/content/pi/cult/838/17848/18.jpgСвае нататкі бібліятэкар па сувязях з грамадскасцю аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Заянчкоўская назвала “Бібліятэка выхоўвае”. Ці не таму ў нас вёскі чэзнуць, што бібліятэчнага выхавання не стае? “Бібліятэка — цэнтр культуры, — піша аўтарка. — Менавіта гэтага прынцыпу прытрымліваецца супрацоўніца Мальскай бібліятэкі Анжэла Янкоўская. Працуе даўно, літаратурны густ сярод чытачоў стараецца прывіваць з маленства. Вось душа і ратуецца прыгожым ды разумным”. Лепей і не скажаш.

Пра выхаваўчыя мэты бібліятэчнай справы разважае і бібліятэкар Алекшыцкай сельскай бібліятэкі Бераставіцкага раёна Зоя Хлебнікава. 12 лютага ва ўстанове прайшоў урок мужнасці і гераізму “Споведзь салдацкага сэрца”, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У бібліятэцы сустрэліся ветэраны вайны ў Афганістане і школьнікі, паміж якімі ўзнік дыялог, які і стаў асновай сустрэчы. Аўтар сцвярджае, што не было пры гэтым фармалізму. Цудоўна, калі гэта так.

У чарговы раз з неабыякавымі нататкамі выступіў Канстанцін Карнялюк з Віцебска. Асноўная тэма — патрыятызм. “Гэта наш нацыянальны здабытак, — сцвярджае аўтар. — Вялікі патрыятызм пачынаецца з малой радзімы, з сям’і, дзе ён спее, набіраючыся моцы”. Цяжка з гэтым спрачацца.

Вестка са Свіслацкага раёна. 14 лютага Ханевіцкі сельскі клуб арганізаваў калектыўны дзень адпачынку “Зімовыя забавы”. Дзеці і дарослыя не ўпусцілі магчымасць нагуляцца ў снежкі ды выкачацца ў снежных гурбах.

Апошнія зімовыя тыдні з карысцю выкарыстоўваюць і на Дзятлаўшчыне. Загадчык аддзела метадычнай работы мясцовага Цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец распавяла пра снежны арт, які правялі на пляцоўцы ля Казлоўшчынскага, Гезгалаўскага, Дварэцкага Дамоў культуры, дзе са снегу былі выраблены самыя розныя казачныя персанажы.

Тэму зімовых гульняў працягвае бібліятэкар з Жодзіна і ўдзельнік народнага аматарскага калектыву “Натхненне” Ірына Хілюціч. Свае прэм’ерныя выступленні самадзейныя творчыя калектывы вырашылі аб’яднаць падчас мерапрыемства “Зімовыя ўзоры”. Выступілі народны ансамбль народнай песні “У коле сяброў”, вакальны гурт “Весялінка”, танцавальны калектыў “Натхненне”.

Нізку навін даслала метадыст Смаргонскага раённага Цэнтра культуры Вольга Крывянкова. Яна распавядае, што кожны год, са студзеня па сакавік, ва ўстановах культуры Смаргоншчыны ладзіцца раённы агляд-конкурс па ўсіх відах і жанрах аматарскай мастацкай творчасці. Канцэрты ўжо адбыліся ў Вішнеўскім, Залескім ДК, Лылойцінскім сельскім клубе… У сацыяльных сетках і на сайце Смаргонскага раённага Цэнтра культуры стартаваў відэапраект фолькпадарожжа “Мінулае побач”, распрацаваны работнікамі Лешчаняцкага сельскага клуба. Першым відэасюжэтам стала знаёмства з этнаграфічным пакоем сельскага клуба. Запіс другога адбыўся ў вёсцы Абрамаўшчына, дзе пражывае таленавіты музыкант-самавук Франц Гакуць… Цікавы відэасюжэт да Дня сустрэчы выпускнікоў падрыхтавала рэжысёр Залескага Дома культуры Аксана Ліс. Пасля школьнага выпуску адбылося аж 30 гадоў.

Навіна з Лідскай дзіцячай мастацкай школы. Тамтэйшыя юныя мастакі і навучэнцы мастацкай школы Калінінграда сябруюць ужо шмат гадоў. Днямі лідскія вучні ўдзельнічалі ў міжнародным конкурсе “Мы малюем Каляды”, які ладзіўся ў Калінінградзе. Ксенія Казлоўская атрымала дыплом першай ступені. Дыпломамі другой ступені ўзнагароджаны Максім Гяльвей, Надзея Лоўкіс, Валерыя Пекар, Соф’я Руковіч, Яна Русіновіч. Дар’я Марцінкевіч адзначана дыпломам трэцяй ступені.

“У гарадской бібліятэцы Ашмян экспануецца кніжная выстава, прымеркаваная да 680-годдзя з часу першай згадкі ў літаратурных крыніцах, — распавядае загадчык установы Людміла Зарэцкая. — Мяркуецца, што выстава будзе працаваць цягам усяго года з перыядычным папаўненнем і аднаўленнем дакументаў”.

Напрыканцы сённяшняга агляду спецыяліст Савецкага раённага аддзела надзвычайных сітуацый Мінска Таццяна Бычанок распавядае, што з 18 студзеня па 19 лютага праходзіла рэспубліканская прафілактычная акцыя “Бяспеку — у кожны дом!” Аўтар нагадвае, што асноўнай прычынай надзвычайных сітуацый застаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём. Па гэтай прычыне штогод у краіне гіне каля тысячы чалавек. Чарговая небяспека, што ўзнікае па прычыне тэмпературных перападаў — ледзяшы. Памятайце, што небяспечныя ўчасткі на ходніках пазначаны агароджамі, заходзіць за іх нельга.

Беражыце сябе, шаноўныя!

Пішыце пра цікавае. Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"