Пранізлівы голас яго акварэлі

№ 8 (1499) 20.02.2021 - 27.02.2021 г

Легендарная Стэфанія Міхайлаўна Станюта ў адным з інтэрв’ю прызналася, што “ніколі не адчувала ўзросту”. Гэтак жа — і Іван Міхайлавіч Пратасеня, тонкі лірык-мастак, страсна ўлюбёны ў акварэльныя фарбы, паліграфіст, былы мастацкі рэдактар Дзяржтэлерадыё БССР, іншых выдавецкіх устаноў. Сваё доўгае жыццё ён прысвяціў услаўленню Радзімы і гераічных постацяў мінулага і сучаснасці. Ды і зараз, не зважаючы на шаноўны ўзрост, працягвае шчырую трапяткую размову з белым аркушам і капрызлівай акварэллю.

/i/content/pi/cult/838/17846/14.jpg1 лютага Іван Пратасеня, чые творы знаходзяцца ў 18 музеях Беларусі і Расіі, а таксама ў шматлікіх прыватных калекцыях далёкага і блізкага замежжа, адзначыў свой 90-гадовы юбілей.

Напярэдадні свята мы сустрэліся з мастаком. Іван Міхайлавіч узгадаў сваё маленства на Случчыне, вёску Старцавічы (цяпер вёска Знамя), вучобу ў Мінскім мастацкім вучылішчы і Маскоўскім паліграфічным інстытуце, які скончыў у 1965 годзе. Урэшце, атрымаўся шчыры маналог творцы.

... “З самых малых гадоў праявілася мая здольнасць бачыць, здзіўляцца і адчуваць гармонію і прыгажосць у навакольнай прыродзе, у сямейным жыцці, — успамінае ён. — Маці і бацька былі цудоўнымі майстрамі. У хаце стаялі кросны, маці прыгожа ткала і вышывала, а бацька быў наогул майстрам на ўсе рукі. Свае вырабы любіў аздабляць дзівоснымі ўзорамі. Старэйшы брат Аляксей яшчэ вучнем намаляваў алоўкам для сельскага клуба копіі партрэтаў знакамітых дзеячаў, а бацька зрабіў адмысловыя рамкі. Гэта мяне так уразіла, што я пачаў маляваць усё, што мяне хвалявала. Потым быў нязменным афарміцелем школьных газет. Разам з настаўнікам матэматыкі Іванам Багушэвічам упрыгожвалі вясковую сямігодку да розных святаў.

Я з вялікай цікавасцю глядзеў, як Іван Цімафеевіч маляваў на цыратах дываны клеявымі фарбамі. Потым і сам пачаў капіраваць з часопіса “Огонёк” “Трох багатыроў” і “Алёнушку” Васняцова, “Паляўнічых на прывале” Пярова і іншых.

Не забыць мне і гады вучобы ў Мінскім мастацкім вучылішчы. Даўно гэта было, але з той пары, з 1950-х, захавалася некалькі маіх акварэльных работ, прысвечаных старому Мінску. Некалькі кампазіцый нават былі надрукаваны ў газеце “Мінская праўда”. А адразу пасля заканчэння вучылішча зрабіў першае сваё афармленне кнігі паэзіі Дзмітрыя Кавалёва “Рабінавая ноч”. З таго часу і пайшло: Першыя маладзёжная і акварэльная выставы, шматлікія тэматычныя і юбілейныя экспазіцыі, прысвечаныя гісторыі нашай краіны, славутым постацям нацыянальнай культуры. Так у мяне нарадзіліся акварэлі “Жменя зямлі. Курган Славы”, “Раніца ў Хатыні”, “Нафтавікі Палесся”, “Будаўніцтва воднай сістэмы “Вілія і Свіслач”, “Ляўкоўскі бераг Дняпра”, “Хата Я. Купалы ў Вязынцы”, “Родны кут Я. Коласа ў Акінчыцах”, “Вяселле ў Падгор’і” і іншыя.

Усё творчае жыццё актыўна ўдзельнічаў у розных выставах, аж да юбілейнай  — у Палацы мастацтва, прысвечанай 75-годдзю Вялікай Перамогі, на якой я прадставіў шматфігурную кампазіцыю “Памінальная малітва”. На пярэднім плане размешчаны вобраз маёй маці. Яе сын Міхаіл, мой брат, не вярнуўся з франтоў Вялікай Айчыннай. Жанчыны моляцца пад высокім небам, звяртаючыся да нябёсаў...

Вялікая Айчынная вайна пакінула балючы след у маім дзяцінстве. На вайне загінуў мой старэйшы брат, загінулі дзясяткі аднавяскоўцаў, брат маёй жонкі Уладзімір. Рэха вайны адгукнулася ў маіх творах рознымі праявамі ў кампазіцыйных і пластычных рашэннях. Боль успамінаў пра вайну не аднойчы натхняў мяне на творчыя рашэнні, сагрэтыя душой і сэрцам: “Аб перажытым. Партрэт бацькі”, “Партрэт маці”, “Маці. Прысвячаецца А. Ф. Купрыянавай і яе сынам”, “Паэт і вайна” ды іншыя. Кожная мая работа — споведзь перад сваім сумленнем, экзамен на званне мастака. Эстэтычным арыенцірам і маральным кодэксам для мяне заўсёды былі прыгажосць і праўда. Праўда — гэта тое, што адпавядае рэчаіснасці. Па словах Арсенія Таркоўскага, “мэта мастацтва — гэта праўда і ісціна, усё астатняе — гэта фальш і гульня”.

З вялікай удзячнасцю хачу ўзгадаць сваю працу ў выдавецтвах краіны, асабліва ў “Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі”, дзе я працаваў пасля заканчэння Маскоўскага паліграфічнага інстытута. Гэта была невычэрпная крыніца майго духоўнага, інтэлектуальнага і эстэтычнага станаўлення. Надараліся шматлікія сустрэчы з выдатнымі дзеячамі, якія паўплывалі на мой светапогляд і ўзбагацілі творчы дыяпазон. У той час з’явіліся мае работы, прысвечаныя слынным постацям Айчыны: “Кірыла Тураўскі”, “Слова да нашчадкаў. Еўфрасіння Полацкая”, “Кветкі Радзімы. Францыск Скарына”, “Набат. 1863. Кастусь Каліноўскі і Марыся”, “Максім Багдановіч і Зоська Верас у 1916 годзе”, “Думы Цёткі. Алаіза Пашкевіч”, “Кветкі Радзімы. Максім Багдановіч”, работы, прысвечаныя Я. Купалу, Я. Коласу, П. Броўку, В. Быкаву, У. Караткевічу... Скажу шчыра, я ганаруся тым, што ў шматлікіх публікацыях у рэспубліканскім друку мяне называюць беларускім мастаком. Хачу дадаць, што з’яўляюся і савецкім мастаком (да гэтага часу захоўваю пасведчанне сябра Саюза мастакоў СССР).

Пачуццё адказнасці перад асабістым сумленнем, перад будучыняй стрымліваюць мяне ад розных сумнеўных пошукаў, ад “новай эстэтыкі” беспрадметнага мастацтва на плоскасці ці ў аб’ёме. Распад СССР і “жалезнага занавесу” адкрыў шырокі шлях для інтэграцыі і глабалізацыі. З’явілася магчымасць свабодна, без унутранага кантролю ствараць што хочаш і як хочаш. Выраз “Усё, што мастак зрабіў — гэта мастацтва” часам успрымаецца апрыёры. Такія высновы жывуць, яны не сустракаюць сур’ёзных пярэчанняў. Маўляў, мы жывём у цэнтры Еўропы і мы не можам адставаць ад яе. На мой жа погляд, у культурным і этычным жыцці мы павінны заставацца беларусамі, несці і развіваць свае нацыянальныя асаблівасці.

Аднойчы і я напісаў твор у абстрактнай стылістыцы. Ён стаўся рэфлексіяй на аварыю на Чарнобыльскай АС. Той выбух парушыў звыклыя асновы жыцця, нябачная смяротная небяспека ў выглядзе радыяцыі рабіла нас іншапланецянамі на роднай зямлі. Гэты стан здранцвення-страху-невядомасці праявіўся ў маім творы дысгарманічнай кампазіцыяй, ненатуральным каларытам і лініяй. Але ж тым не менш мне падаецца, што эстэтыка рэалістычнага мастацтва — самая найлепшая і праўдзівая. Акварэльнаму жывапісу я прысвяціў больш за 60 гадоў свайго жыцця. Акварэль мне падуладная для стварэння і пейзажаў, і сюжэтных кампазіцый, і кампазіцыйных партрэтаў”...

Вось так горача, усхвалявана дзеліцца сваімі думкамі мастак. Побач — новая акварэль “Зімовая элегія”, напісаная нядаўна пад уражаннямі селетняй снежнай зімы.

Шматлікія публікацыі ў альбомах, кнігах, брашурах, часопісах, газетах сцвярджаюць, што жыве сярод нас таленавіты мастак, майстар, Рыцар Яе Вялікасці Акварэлі, прыгожы чалавек з вялікай душой і сэрцам, які ў сваіх творах замілавана і мужна, вельмі сардэчна і кранальна апявае родную Беларусь, яе краявіды, славутых людзей гісторыі і культуры, — і гэтым бязмежна шчаслівы.

З пяшчотай і павагай трымаю ў руках невялікую сціплую кніжачку, альбом-манаграфію пра мастака аўтарства Таццяны Гаранскай, выдазеную выдавецтвам “Беларусь” у 1986 годзе, якую падарыў мастак на добры ўспамін. На вокладцы — “Бацькоўскі дом. Слуцкая мадонна”, адзін з лепшых твораў акварэліста. На ёй мы бачым на фоне раскрытага вясковага акна светлы воблік маладой жанчыны, што так кранальна туліць да сябе немаўля. Святло і цяпло мацярынскіх сэрцаў спрадвеку і сёння, і заўжды будзе мацаваць наша жыццё, натхняць творцаў на жыццесцвярджальныя высокадухоўныя мастацкія творы.

За актыўны ўдзел у мастацкім жыцці краіны Беларускі саюз мастакоў узнагародзіў Івана Пратасеню медалём “За дасягненні ў выяўленчым мастацтве”.

У сувязі з юбілеем хочацца пажадаць шаноўнаму Івану Міхайлавічу доўгіх гадоў жыцця і штодзённага бадзёрага ды творчага настрою!

Святлана РАМАНАВА

Фота аўтара