Ігар Петрышэнка, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь: “Настроіцца на канструктыўнасць”

№ 8 (1499) 20.02.2021 - 27.02.2021 г

(З выступлення)

/i/content/pi/cult/838/17840/6.jpgПра няпросты мінулы год

Сёння на калегіі прагучалі і праблемы, і канкрэтныя прапановы па іх вырашэнні. Вядома, усё неабходна вывучыць, каб рэалізаваць кожную рацыянальную ідэю. 2020 год быў складаным для краіны ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, што асабліва адбілася на сферы культуры. Значна знізіліся даходы, — на 43,8 працэнты ў параўнанні з 2019 годам. Скарацілася наведванне спектакляў, канцэртаў. Урадам і Міністэрствам культуры былі прынятыя меры, якія дазволілі забяспечыць бесперапынную работу арганізацый і самае галоўнае — захаваць працоўныя калектывы. Практычна ўсе арганізацыі адукацыі ў сферы культуры не зачыняліся па аналогіі з нашымі суседзямі, а працавалі. Я, канечне ж, хачу падзякаваць усім за самаадданую працу. Аднак не ўсе ўстановы здолелі стрымаць эпідэміялагічны і псіхалагічны ўдар. Дзесьці не хапіла прафесіяналізму, дзесьці захлынулі эмоцыі — ці то творчыя, ці то якія іншыя. Такім чынам, па выніках 2020 года толькі ўстановы вышэйшай адукацыі ў сферы культуры не дапусцілі зніжэння пазабюджэтных даходаў у параўнанні з узроўнем 2019 года.

У гэтай сітуацыі, калі паглядзець на фінансавыя вынікі, практычна ўсе рэспубліканскія, абласныя музейныя, тэатральна-відовішчныя ўстановы не здолелі аператыўна перабудавацца, скарыстацца інфармацыйнымі тэхналогіямі. Выйгралі тыя, хто прапанаваў неардынарныя праекты, арганізаваў працу з наведвальнікамі ў анлайн-рэжыме.

Пра генетычны код нацыі

Культура і традыцыі — гэта генетычны код нацыі, і калі ты звязаў сваю дзейнасць з культурай, значыць, ты нясеш у масы прыгажосць, стваральнасць, адзінства, але не разбураеш мір і парадак, створаныя тваімі папярэднікамі. Больш за тое, за гады незалежнасці, нягледзячы на глабалізацыю і інтэрнізацыю, наш культурны падмурак быў прыкметна ўмацаваны. Што дзяржавай не падтрымана ў сферы культуры? Матэрыяльная база ёсць. Усе рэспубліканскія і рэгіянальныя ўстановы культуры адрэстаўраваны і адрамантаваны. Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы ствараецца музейны квартал у Мінску. Ужо створана прадпрыемства “Фабрыка піяніна”, што дазволіла ўкамплектаваць установы адукацыі і культуры музычнымі інструментамі. Адрамантаваны інтэрнат Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і шэраг іншых аб’ектаў, якія міністр тут называў. Таксама па даручэнні Кіраўніка дзяржавы для названай вну закуплены дзесяць раяляў. І такіх прыкладаў мноства. Гэта тычыцца і рэалізацыі творчых праектаў. Усё цікавае і канструктыўнае падтрымліваецца і урадам, і Міністэрствам культуры.

Пра годнасць і прафесіяналізм

Хачу настроіць усіх на канструктыўную і стваральную культурную дзейнасць. І тут крытэрый адзін — найвышэйшая этыка і прафесіяналізм. У нашым грамадстве не павінна быць лішніх або чужых, “нашых” або “не нашых”. Патрабаванне часу — жыць у міры і згодзе. Мы павінны ўдасканальвацца, павінны быць годнымі людзьмі і толькі тады будуць нас паважаць, будуць паважаць нашу гісторыю, культуру, традыцыі і мову.

Часам аб праблемах і дасягненнях мы хутчэй дазнаемся праз сацыяльныя сеткі або тэлеграм-каналы. І туды перамяшчаецца дыскусія, на жаль, не заўсёды канструктыўная, часцей — неканструктыўная. Можа наспеў час стварыць Савет па культуры пра міністэрстве для абмеркавання найбольш вострых тэм? Таксама ў гэтым накірунку неабходна задзейнічаць апякунскія саветы ў арганізацыях культуры, пакуль жа яны ў нас, на жаль, толькі на паперы. Патрэбна дыялогавая пляцоўка, і нам усім разам трэба падумаць, якія яшчэ формы можна ўкараніць у гэтым накірунку.

/i/content/pi/cult/838/17840/7.jpgПра аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны

Вярнуся да пытання будаўніцтва, рэканструкцыі і капітальнага рамонту аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны і будынкаў устаноў культуры. Усім вядома, што Кіраўнік дзяржавы ў ходзе свайго выступлення на VI Усебеларускім народным сходзе звярнуў увагу на неабходнасць прыняцця ўсіх патрэбных захадаў для захавання гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны. За гады незалежнасці ў гэтым накірунку зроблена шмат. Засяроджуся на праблемных пытаннях, якія набылі, на жаль, сістэмны характар. Зацягваюцца тэрміны распрацоўкі праектнай дакументацыі. Пераносяцца тэрміны здачы аб’ектаў.

Няякасна выконваюцца будаўнічыя і рэстаўрацыйныя работы. Усё гэта прыводзіць да падаражання кошту работ, і, як следства, вось ужо два гады вядзецца рамонт сцэны Нацыянальнага акадэмічнага рускага тэатра імя Максіма Горкага, доўгабудам стала будаўніцтва новага будынка Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава, перанесены тэрміны ўводу аб’ектаў музейнага квартала, Косаўскага палацава-паркавага ансамбля. На гэтыя факты ўвагу Міністэрства культуры звярталі і урад, і Камітэт дзяржаўнага кантролю. Але, на жаль, воз стаіць на месцы. Прашу ўзяць гэтыя пытанні на асобы кантроль і разам з аблвыканкамамі рацыянальна размеркаваць рэсурсы і надалей зыходзіць з прынцыпа: не пачынаць будаўніцтва новых аб’ектаў без завяршэння работ на тых, што ўжо ёсць.

/i/content/pi/cult/838/17840/8.jpgНеабходна таксама актывізаваць працу па далучэнні інвестыцыйных рэсурсаў. Так, гэта няпроста. Але аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны павінны быць далучанымі да турыстычнай сферы. Міністэрствам спорту і турызму сумесна з аблвыканкамамі быў распрацаваны план аб перадачы аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны — палацава-паркавых сядзібаў — уласнікам з мэтай развіцця аграэкатурызму. Прааналізаваўшы, мы бачым, што станоўчых прыкладаў у дадзеным добрым праекце — толькі адзінкі. Я папрашу разабрацца, што перашкаджае, чаму не знойдзены баланс інтарэсаў дзяржавы і прыватніка? Што неабходна зрабіць? Тым больш, што цяпер Міністэрства культуры працуе над унясеннем змен і дапаўненняў у Кодэкс аб культуры. Ёсць магчымасць з улікам практыкі выпрацаваць і ўнесці канструктыўныя прапановы па далучэнні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ў развіццё рэгіёнаў і турыстычнай галіны. Давайце ісці ад жыцця, каб максімальна задзейнічаць усе гэтыя сядзібы, а не чакаць капітальных бюджэтных укладанняў. Таму я папрашу ў частцы нарматыўна-прававога ўдасканальвання і ў частцы ўвядзення інвеставання ў рамках дзяржаўнага і прыватнага партнёрства, любых іншых аспектах разам з Міністэрствам спорту і турызму, з аблвыканкамамі Міністэрству культуры ўключыцца ў справу і, я думаю, тут будзе адпаведны вынік сумеснай працы.

Праблемным застаецца пытанне будаўніцтва новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея. А будаўніцтва ж гэтага аб’екта і стварэнне маштабнай музейнай экспазіцыі павінны стаць асновай беларускага патрыятызму, сімвалам дзяржаўнасці і незалежнасці нашай краіны.

Пра патэнцыял творчай моладзі

Работа з творчай моладдзю. Зрухі ёсць.Ужо сталі прыкметнымі новыя творчыя імёны, з’явіліся новыя таленавітыя выканаўцы і калектывы ў праграмах канцэртаў, прысвечаных знакавым дзяржаўным датам, але расслабляцца не варта. Прашу актыўней працаваць з рэгіёнамі. Магчыма, трэба стварыць банк даных “Новыя імёны”, дзе павінны быць цікавыя рэжысёры, сцэнарысты, маладыя выканаўцы, каб іх далучаць да арганізацыі і правядзення розных знакавых рэспубліканскіх і рэгіянальных праектаў і мерапрыемстваў. Сёння ў кожнай установе адукацыі сферы культуры ёсць пляцоўкі для рэалізацыі творчых здольнасцяў таленавітай моладзі. У гэтым навучальным годзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва ўведзены ў эксплуатацыю культурна-спартыўны цэнтр з найвыдатнай залай і сцэнічнай пляцоўкай, а яна — прастойвае. Трэба актыўней падключаць рэгіёны і яе выкарыстоўваць. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў завершана мадэрнізацыя тэатральнай залы. Усе таленты там павінны быць задзейнічаны, а таму далучайце і творчыя саюзы. У нас створаны і функцыянуе Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. Але як ён задзейнічаны ў выяўленні і прасоўванні маладых мастакоў, скульптараў, дызайнераў? Я пра гэта нічога не пачуў. Таму прашу разам з рэктарамі вну ў сферы культуры, кіраўніцтвам Маладзёжнага тэатра эстрады выпрацаваць новыя падыходы ў працы з творчай моладдзю па эфектыўным і рацыянальным выкарыстанні існуючых пляцовак вну і буйных арганізацый культуры. Неабходна прапрацаваць з рэгіёнамі магчымасць правядзення на дадзеных пляцоўках розных маладзёжных культурных мерапрыемстваў, аглядаў-конкурсаў, падключыўшы прафсаюзы, БРСМ.

Пра музейны кантэкст

Асобная тэма — дзейнасць музейных устаноў. Трэба ісці ў нагу з часам, з развіццём інфармацыйных тэхналогій. Толькі пісьменны менеджмент забяспечыць поспех: пастаяннае абнаўленне музейных экспазіцый, інфармацыя аб выставах на сайтах і ў сацыяльных сетках, увядзенне новых паслуг, зніжак па гасцінічнай карце, правядзенне прэзентацый і культурных мерапрыемстваў ды многае іншае. Сёння Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача развіваць унутраны турызм. І тут значная роля належыць музейным установам у кантэксце фарміравання дзяржаўнай ідэалогіі і патрыятізму. Гэта ключавое пытанне, і мы павінны эфектыўна задзейнічаць усе матэрыяльныя рэсурсы. Прыватныя музейныя праекты атрымліваюць сваё развіццё, чым і прыцягваюць наведвальнікаў, але чаго, на жаль, не скажаш пра нашы дзяржаўныя музеі. Звяртаю ўвагу ўсіх кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый — сёння трэба напружвацца кожнаму на сваім працоўным месцы, трэба літаральна завабліваць і чытача, і гледача, і наведвальніка.

Пра кінавідэапракат

Кінапракатным арганізацыям штогод аказваецца дзяржаўная падтрымка з мясцовых бюджэтаў. У той жа час актыўна развіваецца недзяржаўны сектар у гэтай сферы. І мы бачым, што нягледзячы на высокія кошты ў прыватных кіназалах, нашы прадпрыемствы пачынаюць прайграваць і губляць гледача. За бюджэтныя грошы закупіць фільмы і паказаць іх у кінатэатры — гэта вельмі проста, але пытанне тут у іншым: што паказваюць, асабліва ў рэгіёнах і населеных пунктах. У абласцях — розныя сістэмы кіравання дадзенымі арганізацыямі. Толькі ў Мінску і Мінскай вобласці функцыянуе адзіная структура і сістэма кіравання кінатэатрамі і кінапракатнымі арганізацыямі. Так КУП “Мінскаблкінавідэапракат” мае 21 раённае структурнае падраздзяленне. Бюджэтныя і пазабюджэтныя сродкі тут акумулююцца і рацыянальна размяркоўваюцца — і ў плане мадэрнізацыі раённых кінатэатраў, і закупкі фільмаў, і рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі. Гэтаксама арганізавана і ў Мінску. У астатніх жа абласцях — хто на што здатны. Кінапракат далучаны да клубаў, да аддзелаў культуры, а ў Полацку — да парку культуры і адпачынку. У Глузску кінатэатр перададзены культурна-забаўляльнаму цэнтру, а ў Шклове — упраўленню адукацыі. Мадэрнізацыя раённых кінатэатраў не праводзіцца, а значыць і фільмы, якія стварае Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, не змогуць дайсці да людзей. Папрашу Міністэрства культуры сумесна з аблвыканкамамі прааналізаваць дзейнасць кінапракатных арганізацый і выпрацаваць адпаведныя прапановы па іх эфектыўнай рабоце і рацыянальным выкарыстанні бюджэтных сродкаў.

Бягучы год абвешчаны Годам народнага адзінства. На работнікаў галіны культуры ўскладаецца вялікая адказнасць і праца. Бо ў аснове народнага адзінства — традыцыі, духоўнасць, патрыятызм. Падкрэсліваю значнасць і неабходнасць актыўнасці арганізацый культуры, работнікаў культуры ў правядзенні культурных і памятных мерапрыемстваў, прысвечаных Году народнага адзінства. Прашу ўсіх настроіцца на канструктыўную ды ініцыятыўную работу.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ