Адраджэнне народных рамёстваў — справа важная і цікавая!

№ 7 (1498) 13.02.2021 - 19.02.2021 г

Працягваючы знаёмства з гісторыка-культурнай спадчынай Лідскага краю, вучні 8Б класа Сярэдняй школы № 11 г. Ліды наведалі Лідскі раённы Цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры “Спадчына”.

/i/content/pi/cult/837/17837/33.jpgДзеці ўжо не раз прысутнічалі ў Цэнтры на занятках, прысвечаных адраджэнню народных рамёстваў. Мінулы раз, на прыканцы восені, іх увазе былі прапанаваны майстар-класы па пераборным пляценні, стварэнні ніткавых паясоў, розных відах ткацтва. Юныя майстры пазнаёміліся з разнавіднасцямі ткацтва, даведаліся, якія раней існавалі віды рамёстваў. Дзеці даведаліся пра гэта не толькі ў тэорыі, але і на практыцы. Кожны меў магчымасць паспрабаваць сябе ў тэхніцы пераборнага ткацтва і стварыць сваімі рукамі ўзор “багацце”, які нашы продкі выкарыстоўвалі пры вырабе пакрывалаў, ручнікоў, элементаў адзення.

У зімовы час вучні 8Б класа наведалі яшчэ адзін майстар-клас, на гэты раз па кераміцы. Занятак, па меркаванню юных рамеснікаў, стаў самым хвалюючым, бо праца з глінай выклікала ў іх як прыемныя ўражанні, так і невялікія расчараванні на пачатку. Майстар-кераміст Алена Свідэрская прапанавала навучэнцам старыць свае вырабы ў жгутавай тэхніцы. Спачатку невялікія парады ад настаўніка, і праца закіпела. Кожны стараўся як мог: спачатку юныя керамісты раскачвалі гліну ў тонкія жгуты, далей кожны жгут налепліваўся паверх першага. Галоўная ўмова — выконваць пэўныя правілы лепкі: жгуты павінны шчыльна прылягаць адзін да аднаго. Далей кожны зрабіў насяканні на сваім вырабе, змазваючы шлікерам, і прыдаў форму па жаданні.

За гадзіну працы атрымаліся выдатныя кубкі. Але гэта яшчэ не ўсё: вырабы павінны былі прайсці працэс сушкі і апальвання ў печы. Толькі праз тыдзень усе змаглі ўбачыць свае керамічныя шэдэўры. Бацькі, калі ўбачылі на фотаздымку працы сваіх дзяцей, ацанілі, сказаўшы: “Дык, гэта ж сапраўдны сервіз!”

Вось такія цікавыя і незвычайныя для сучасных дзяцей заняткі могуць наведаць усе лідчане і госці горада. У плане знаёмства з народнымі рамёствамі лідскім школьнікам пашанцавала, бо ў іх ёсць магчымасць наведваць заняткі па адраджэнні шэрагу рамёстваў: кераміцы, вышыванню, саломапляценню, выцінанцы, дрэваапрацоўцы і нават ткацтву.

Наталля Анашкевіч,
класны кіраўнік 8Б класа СШ № 11 г. Ліды