Увага да аб’ектаў рэгіёнаў

№ 7 (1498) 13.02.2021 - 19.02.2021 г

9 лютага адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. Дзякуючы сродкам відэасувязі, удзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

На нарадзе прагучалі даклады па выніках праверкі ўстаноў культуры Дзяржынскага, Валожынскага і Стаўбцоўскага раёнаў Мінскай вобласці, якая была праведзена рабочай групай міністэрства на мінулым тыдні. Падчас паездкі ў згаданых раёнах былі наведаны дзіцячыя школы мастацтваў, установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, бібліятэкі і музеі.

Як паведаміла начальнік упраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны Наталля Хвір, акрамя гэтага быў праведзены агляд чатырнаццаці аб’ектаў, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а таксама выяўлены тры нематэрыяльныя праявы творчасці, якія могуць прэтэндаваць на ўключэнне ў спіс — гэта майстэрства вырабу драўляных гадзіннікаў, кінетычны тэатр “Балабуха” ў Дзяржынскім раёне ды івянецкая кераміка ў Валожынскім.

Адзначана, што выклікае пэўную занепакоенасць тэхнічны стан аб’екта гісторыка-культурнай каштоўнасці, які знаходзіцца ў Станькаве Дзяржынскага раёна — скарбніцы ў колішняй сядзібе шляхецкага роду Чапскіх. Неагатычны будынак другой паловы XIX стагоддзя патрабуе супрацьаварыйных і рэстаўрацыйных работ, таму прынята рашэнне неўзабаве правесці перамовы з іх патэнцыйным інвестарам.

Падчас нарады былі закранутыя і пытанні распрацоўкі крытэрыяў ацэнкі дзейнасці ўстаноў культуры і мастацтва, якія будуць улічвацца пры падвядзенні вынікаў іх работы з вызначэннем лепшых паказчыкаў сярод рэгіёнаў.