Вернісаж на Пляцы Здзяйсненняў

№ 7 (1498) 13.02.2021 - 19.02.2021 г

Як візуалізавалася на форуме тое, чым беларусы ганарацца
..На пляцоўках фае другога паверха Палаца Рэспублікі віравала ажыўленая людская плынь. Дэлегаты і запрошаныя на Усебеларускі народны сход госці, што прыехалі ў сталіцу з усіх рэгіёнаў Беларусі, зацікаўлена знаёміліся з экспанатамі імправізаванага выставачнага комплексу, які прэзентаваў сваю работу пад красамоўнай назвай “Разам — у будучыню”. Працавалі над маштабным канцэптуальным напаўненнем выставачнай пляцоўкі шматлікія міністэрствы, ведамствы і ўстановы краіны, якія прадстаўляюць галіны прамысловасці і аховы здароўя, навукі і культуры, інфармацыі і адукацыі, сельскай гаспадаркі, спорту і турызму. Сярод арганізатараў — і тыя ўстановы, якія носяць у сваім найменні ганаровае азначэнне “нацыянальны”: Нацыянальны гістарычны і Нацыянальны мастацкі музеі, Нацыянальная бібліятэка і Нацыянальная акадэмія навук... Выстаўка ўвабрала ў сябе тры грунтоўныя раздзелы — “Спадчына Айчыны”, “Дасягненні суверэннай Беларусі” і “Будучыня — за намі”. Атмасфера непрыхаванай цікавасці панавала прынамсі вакол экспанатаў, што прэзентаваліся ў цэнтральнай частцы фае.

/i/content/pi/cult/837/17835/32.jpgНепахісны падмурак

У аснову ўвасаблення раздзела “Спадчына Айчыны” была пакладзена ідэя дэманстрацыі аб’ектаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны, узноўленай за гады незалежнасці Рэспублікі Беларусь. І як тут, да прыкладу, не нарадзіцца сцішанай зачараванасці, калі дакранаешся позіркам і думкамі да ўнікальнага факсімільнага выдання  — пяцісотгадовай даўніны Бібліі Францыска Скарыны, якая маўкліва-горда абвяшчае прысутным аб сваім высокім статусе ў свеце. Дэлегаты пабачылі і іншыя старажытныя друкаваныя экземпляры беларускіх кніг, ды нават кнігу інтэрактыўную, што прадстаўляла ўжо зусім іншае, трэцяе тысячагоддзе. У ліку экспанатаў — Тураўскі крыж, факсіміле рукапіснага Слуцкага Евангелля, а таксама і ўзноўленыя сёння ў копіях слуцкія паясы, выявы Гальшанскага і Крэўскага замкаў праз акуляры віртуальнай рэальнасці, відэаролікі на плазменным экране, прысвечаныя іншым адроджаным да жыцця велічным замкам Беларусі... Багацце гісторыка-культурнай спадчыны Бацькаўшчыны, што наўпрост ажывала перад вачамі, папаўняла праз гаджэты яшчэ і інтэрактыўная калекцыя “Ажыўшыя палотны”. Пры дапамозе планшэта можна было разглядзець літаральна кожны мазок на карцінах знакамітых беларускіх творцаў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея.

Так, на выставе старажытнасць і сучаснасць, віртуальнасць і рэальнасць у прасторы Палаца Рэспублікі перапляліся ў адзіным дзействе.

Датычнае кожнага з нас

На вернісажы заяўляла пра сябе і музыка. Маладыя выканаўцы ігралі на музычных інструментах беларускай вытворчасці, а ўзоры цымбалаў, піяніна, баянаў, домраў стаялі на подыумах непадалёк. Увагу прысутных вабілі не толькі артысты ў старажытных нацыянальных касцюмах і розных вобразах, з якімі маглі сфатаграфавацца госці, але і легпрамаўская калекцыя ільнянога адзення, што шыкоўна выглядала на манекенах. Раздзел “Дасягненні суверэннай Беларусі”, пра які зараз мы згадваем, прэзентаваў айчынную прамысловасць, у прыватнасці, мадэлі электрацягнікоў і аўтамабіляў, трактароў і камунальнай тэхнікі, што ўведзены ў вытвочасць за гады Незалежнасці. Аграпрамысловы комплекс быў прадстаўлены разнастайнымі гатункамі раслін беларускай селекцыі, садавінай і гароднінай, узорамі люксавых марак прадуктаў харчавання ды іншай смакатой. Як тут шчыра не падзякаваць нашым сяльчанам-карміцелям, якія даюць чалавеку “хлеб штодзённы”!

Вядома ж, у гэтыя два дні працы выставы нельга было не засяродзіць сваёй увагі на экспазіцыі, якая таксама наўпрост датычная кожнага з нас. Бадай такі пільны інтарэс грамадства да галіны аховы здароўя ў апошні час як ніколі актуальны ў тым ліку з-за пандэмічнай сітуацыі на зямным шары. І толькі найноўшыя распрацоўкі ў айчыннай медыцыне ва ўсіх яе шматгранных аспектах, з якімі знаёмілі прысутных экспанаты падраздзела “Ахова здароўя”, даюць нам спадзеў на тое, што беларускія медыкі годна “трымаюць удар” розных нездаровых для арганізма наступстваў...

На чым яшчэ рабіла акцэнт экспазіцыя раздзела “Дасягненні суверэннай Беларусі”? Пабачыўшы артыста ў касцюме легендарнага і абаяльнага Лесіка ў акружэнні шматлікіх цікаўных, разумееш, што побач размешчаны павільён “Спорт”. Ну а там — узоры формы нацыянальнай зборнай Беларусі на II Еўрапейскіх гульнях, якія адбываліся ў нашай краіне, адтуль жа і факел да эстафеты “Полымя міра”, узнагароды і кубкі беларускіх спартсменаў з іншых міжнародных спаборніцтваў.

І вось на адной з плазменных панэляў (трэба сказаць, што кожная вышэйназваная галіна пракручвала свой прэзентацыйны відэаролік) ідзе расповед пра культуру і сродкі масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь, якія і асвятляюць штодзённы напружаны рытм соцыума ў яго праблемах і здзяйсненнях, планах і перспектывах на будучыню.

А “дрэва жыцця” зелянее!

Тут мы акурат і пяройдзем да раздзела “Будучыня — за намі”. Зразумела, што без адукацыі і навукі “дрэва жыцця” не зазелянее. Назавем толькі некаторыя наватарскія распрацоўкі, якія прадставілі беларускія вучоныя ў сваёй экспазіцыі, але маштаб палёту іх думкі можна ўявіць проста па гэтым няпоўным пераліку экспанатаў: макет беларускай антарктычнай станцыі “Гара Вячэрняя”, комплекс беспілотных лятальных апаратаў, суперкамп’ютар, мадэль электрычнага транспарту... А інтэлектуальныя здольнасці і творчыя амбіцыі маладога пакалення суайчыннікаў у гэтым раздзеле праілюстравалі лепшыя праекты Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.