Захаваць культурны код нацыі

№ 7 (1498) 13.02.2021 - 19.02.2021 г


/i/content/pi/cult/837/17834/30.jpgНа сваіх старонках “Культура” пастаянна піша пра захаванне нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны нашай Беларусі — прыгожай непаўторнай краіны, багатай на традыцыі і таленты.

Літаральна за некалькі дзён да VI Усебеларускага народнага сходу ўрад Беларусі прэзентаваў дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2021 — 2025 гады. На мінулым тыдні “К” акцэнтавала ўвагу на асноўных раздзелах гэтай праграмы, сэнс якой палягае на падтрымцы і развіцці нашай роднай беларускай культуры.

Задача гэта застаецца адной з галоўных задач дзяржаўнай палітыкі ў сацыяльнай сферы і на бліжэйшую будучыню, а безумоўнае захаванне нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, стварэнне ўмоў для творчасці і папулярызацыі беларускай культуры — яе асноўнымі прыярытэтамі.

/i/content/pi/cult/837/17834/31.jpgПра тое, што дзяржава гатова падтрымаць таленты, якія стануць светачамі і захавальнікамі культурнага кода беларусаў гаварыў і кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, выступаючы з дакладам на VI Усебеларускім народным сходзе.

Як вядома, на разгляд удзельнікаў форуму, які праходзіў на працягу двух дзён, былі вынесеныя Асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021 — 2025 гады. Цягам абмеркавання Праграмы акцэнтная ўвага была нададзена таксама і пытанням падтрымкі і далейшага развіцця нацыянальнага гонару беларусаў — яго непаўторнай культуры.

У сваім дакладзе Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што новыя пакаленні беларусаў павінны памятаць і ведаць свае духоўныя і культурныя вытокі, бо існуе рызыка “страціць ідэнтычнасць, упусціць у сваё жыццё не ўласцівыя нашаму менталітэту мадэлі”.

“Свае стандарты паводзінаў, маральныя прынцыпы з пакалення ў пакаленне мы чэрпалі з творчасці вялікіх пісьменнікаў, рэжысёраў, архітэктараў. Тых, хто для сваіх пакаленняў, кажучы сучаснай мовай, былі лідарамі меркаванняў. І задача — зрабіць так, каб нашы дзеці і ўнукі сталі захавальнікамі культурнага кода нацыі. Нам жыццёва неабходныя сучасныя Коласы, Купалы, Караткевічы, Шагалы, Пташукі. Не проста куміры і светачы. Дзяржава чакае і гатова ўсяляк падтрымаць такія таленты”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Трэба будзе сур’ёзна ўкласціся ў захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. Неабходна завяршыць стварэнне музейнага квартала Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску. І ў бліжэйшы час — рэканструкцыю і рэстаўрацыю Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку, палацава-паркавага ансамбля ў вёсцы Жылічы Магілёўскай вобласці, Крэўскага замка ў Гродзенскай вобласці і іншых жамчужын, якія вартыя таго, каб пра іх ведалі ва ўсім свеце”, — адзначыў Кіраўнік дзяржавы.