Паміж Беніцай і Смалянамі, або Чаму б не пракласці маршрут для турыстаў?

№ 7 (1498) 13.02.2021 - 19.02.2021 г

(Працяг. Пачатак у №№ 3 — 5)
Беніца і яе ваколіцы адыгралі выключна важную ролю ў жыцці Тамаша Зана. Пэўны час, пасля вяртання з “расійскага палону”, сядзібу Швыкоўскіх філамат-географ абраў за “галоўную кватэру”. Паспрыяла гэтаму неспадзяванка. Але пра гэта мы распавядзем пазней. А пакуль — Беніца і яе адметнасці.

/i/content/pi/cult/837/17833/27.jpgПрыкасцёльная галаваломка

Як мы ўжо згадвалі ў папярэдняй частцы: адразу пасля таго, як ў касцёле Найсвяцейшай Троіцы з’явіўся новы гаспадар — праваслаўная царква, усё, што сведчыла пра “каталіцкую прысутнасць” адтуль было прыбрана. У тым ліку і насценныя мармуровыя пліты фундатараў (цудам ацалелі, хоць і пабіты на кавалкі) разам з іх парэшткамі, якія знаходзіліся ў крыпце. Але адзін помнік сям’і Швыкоўскіх захаваўся. Знаходзіцца ён на колішнім цвінтары (могілкі пры храме), каля ўваходнай брамы. У свой час ён выглядаў даволі велічна, бо складаўся з трох частак. Сёння яны хаатычна раскіданы і напалову засыпаны зямлёй. Падаецца, што гэта не надмагілле, бо адна з асобаў, чыё імя напісана на помніку, была пахавана ў крыпце ў касцёле.

Улічваючы, што Беніца здаўна карыстаецца попытам у тырыстаў і публікацыі аб ёй з’яўляюцца ў беларускіх СМІ даволі рэгулярна, думаецца, што мясцовым уладам варта было б узяць пытанне “на ўзбраенне”. Можна было б скарыстацца дапамогай валанцёраў, якія маюць досвед “вяртання да жыцця” помнікаў такога кшталту. Як не зашкодзілі б інфармацыйныя стэнды каля касцёла, царквы і сядзібы.

/i/content/pi/cult/837/17833/28.jpgПару слоў трэба сказаць і пра браму ў агароджы. Здаля яна выглядае проста шыкоўна, але калі прыгледзецца, можна няўзброеным вокам заўважыць, што час бярэ сваё. Скляпенні пакрыты шчылінамі. І пра гэта варта падумаць. У тым ліку і адмыслоўцам-рэстаўратарам. Будзе вельмі шкада, калі ў бліжэйшы час з брамай здарыцца непапраўнае.

На госці да Швыкоўскіх

Праз усё мястэчка да месца, дзе калісьці стаяла сядзіба роду Швыкоўскіх вядзе заасфальтаваная дарога. Недзе пасярэдзіне, паміж касцёлам і сядзібай, з левага боку стаіць прыгожы міжваенны двухпавярховы дамок з чырвонай цэглы. Мяркуючы па “начынні”, якое раскідана па ўсіх пакоях і шафах, некалі тут была нейкая “медустанова”. Як і ў касцёле, тут таксама адзначыліся сваёй прысутнасцю прыхільнікі пошукаў “інфернальнага”. І гэта не толькі ў нас так. Такія “знакі ўвагі” мне даводзілася бачыць і ў Польшчы, і ў Нямеччыне, і ў Расіі. Дзе ёсць людзі, там заўсёды знойдзецца месца такога роду “подзвігам”. Які лёс чакае гэтую “амбулаторыю” ў мястэчку, дзе не так шмат людзей? Было б, вядома, добра, каб у яе з’явіўся гаспадар, бо будынак адметны і трывалы.

/i/content/pi/cult/837/17833/29.jpgРэчышча плыткай рэчкі Бенічанкі, заваленае валунамі, выглядае вельмі маляўніча. А вось ад ставоў, якіх там было шмат, лічы, нічога ўжо і не засталося. Як не засталося і следу ад старасвецкай сядзібы. На новай жыццёвай прасторы савецкая ўлада, як правіла, размяшчала свае “штабы” ў кінутых сядзібах, гаспадары якіх або паспелі выратавацца, або не. Так на месцы колішняга маёнтка ўзніклі калгасныя пабудовы. Усё, што засталося — самотны “амбар” з бутавага каменю і цэглы. Але, падаецца, што прызначэнне яго пры Швыкоўскіх магло быць іншым (стайня?). Яшчэ зусім нядаўна, у 2014 годзе (засталіся фотаздымкі), будынак меў надзейны дах. Сёння ж аб тым, што там быў дах, нагадвае тоўсты слой бітага шыфера пад нагамі. Усё, што можна было вынесці (таўшчэзныя старыя брусы нясучай канструкцыі) — вынесена. Рэшта пакінута дагніваць пад адкрытым небам. Неабаронены ад непагадзі будынак пачаў паціху канаць. А ён, між іншым, праз пятнаццаць гадоў адзначыць сваё двухсотгоддзе. На камяні з правага боку ад ўвахода выбіта дата пабудовы “Roku 1836 Maia 24 Dnia” (праз 7 гадоў у Беніцы атабарыцца Тамаш Зан). Праз сто гадоў нехта крыху вышэй, ужо на цэменце, вывеў “1936” (магчыма, год рамонту). З левага боку, на цэменце, таксама быў выведзены нейкі надпіс, які мы з гісторыкам Анатолем Сцебуракам, на вялікі жаль, не разабралі. Было б выдатна, каб улічваючы тыя-сія акалічнасці маладзечанскія і вілейскія краязнаўцы парупіліся пра ўнясенне гэтага будынка ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Ды і супрацьаварыйны клопат быў бы не залішнім.

Каля будынка намі быў знойдзены кавалак цагліны з выявай якара і з клейнай “HOGANАS”. Як пазней аказалася, цэгла гэта “прывандравала” ў Беларусь са Швецыі.

Што да сядзібы, то была яна пабудавана для тагачаснага гаспадара Беніцы Тадэвуша Коцела ў 1779 — 1781 гадах італьянскім архітэктарам Карла Спампаніа (1750 — 1783). На рахунку вядомага архітэктара ўжо было, або ім вялося ў гэты самы час, нямала важных аб’ектаў — у Шчорсах палацава-паркавы ансамбль (разам з Я. Габрыелем і Дж. Сака), палац у Сёмкава пад Мінскам, палацава-паркавы комплекс у Нясвіжы, Палац Пшаздзецкага і касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Заслаўі, палац у Радзівілімонтах, абнаўленне капліцы Святога Казіміра ў Віленскім кафедральным саборы і інш.

Як пісаў у свой час Раман Аўтаназі, пабудаваны ў тыя часы палац з лістоўніцы прастаяў амаль у нязменным выглядзе да пачатку Другой сусветнай вайны. Захавалася нямала фотаздымкаў выгляду сядзібы, а таксама план сядзібы 1827 года. Ёсць і некалькі інтэр’ерных здымкаў. У гэтых сценах бывала нямала вядомых асобаў, сярод якіх для нас асаблівую цікавасць выклікаюць Станіслаў Манюшка, Уладзіслаў Сыракомля, Тамаш Зан і Напалеон Банапарт. Паводле мясцовага падання, 5 снежня 1812 года ў правым крыле палаца спыніўся французскі імператар. У левым крыле заночыла яго світа, якую складалі генералы. Не такія ўжо старыя вайскоўцы забаўляліся тым, што сцізорыкамі ці шаблямі старанна выводзілі свае імёны на дзвярах. Пазней, паводле Аўтаназі, гэтыя памятныя дзверы былі выкрадзены і вывезены ў адзін з замежных музеяў. Цікава, ці не пакідалі гэтыя генералы такія памяткі ў кожнай з сядзіб, дзе ім даводзілася спыняцца? Чаму б не памарыць…

У гэтай сядзібе захоўваліся ўспаміны і памятныя кніжкі вядомай паэткі, пісьменніцы і мемуарысткі Габрыэлі з Гюнтэраў Пузыні. Былі ў іх згадкі пра яе добрых знаёмых, а таксама паплечнікаў па літаратурнай ніве — Ігната Ходзькі, Антонія Эдварда Адынца, Юліяна Корсака, мастакоў Яна Дамеля і Яна Рустэма, слыннай піяністкі Марыі Шыманоўскай (маці Цэліны, жонкі Адама Міцкевіча) і, зразумела, Тамаша Зана, які нават прысвяціў ёй жартаўлівы вершык. Падумаць толькі, што нейкія 80 гадоў таму гэты набрынялы за стагоддзі гісторыяй палац яшчэ стаяў. Як стаяў і драўляны свіран, спраектаваны Спампані. І, магчыма, стаяла і прыдарожная калона, якую бачна на адным старым здымку. Усё-ўсё гэта беззваротна страчана. Ды і тым калгасным пабудовам, якія замянілі “аджылае”, мяркуючы па іх стане, нядоўга засталося ўпрыгожваць краявіды.

Там, дзе былі дрэвы

Вяртацца на Маладзечна (дакладней, дайсці да блізкага Маркава), нягледзячы на суворыя кліматычныя ўмовы (пайшоў мокры снег), мы вырашылі пешшу. Бо неахопленымі заставаліся могілкі ў Беніцы. Цікава, каму першаму прыйшло да галавы, у пошуках дармовай драўніны, пазбаўляць старыя могілкі дрэваў? Не тых, якія спарахнелі і ўжо ўяўлялі небяспеку для “прыхажанаў”, а пераважна маладых соснаў, якія звычайна ахвотна растуць на могілках. Гэтыя дрэвы даюць і цень, у якім не так буйна квітнее хмызняк, і самі яны не “засяваюць” штогод прастору вакол сябе рознай зелянінай. Бо пасля “лесанарыхтовак” літаральна за пару гадоў могілкі тонуць у непралазным гушчары, з якім змагацца вельмі цяжка, а часам і няма каму. Вось з могілкамі ў Беніцы здарылася нешта падобнае. Дзе былі дрэвы (праўда, не сосны), там можна было агледзіць старыя пахаванні, у тым ліку даўно разрабаваную капліцу-пахавальню (верагодна, Швыкоўскіх). Вакол яе нават захавалася частка прыгожай агароджы. Дзе дрэваў не было, надмагіллі “патанулі”. Прадзіраючыся праз мокры хмызняк, там-сям удавалася расчытаць пад снегам і мохам імёны і тытулы пахаваных — “Antoni Oganowski sedzia P. Oszmianskiego” (паходзіў з мясцовага татарскага роду, памёр у 1886 годзе), “Pamiatka Michala Oganowskiego” (памёр у 1830 годзе), “Tuszewicz”, “Турцевич”. Шкада, што немагчыма было спыніць неўмольны бег гадзінніка...

Маркаўскія знакі

Развітаўшыся з могілкамі, мы рушылі далей. Маркава ад Беніцы аддзяляе каля двух кіламетраў. Ісці было недалёка. Ды і за размовай (Анатоль Сцебурака распавядаў пра гісторыю Маркаўскага стараства, у якое ўваходзіла калісьці Беніца) час праляцеў незаўважна. Завершыць вандроўку мы вырашылі аглядам цэнтральных маркаўскіх адметнасцяў — драўлянага памятнага знака з датай заснавання Маркава (патрабуе рамонту) і царквы ў гонар Святой Троіцы. Храм з бутавага каменю даволі тыповы, у “рэтраспектыўна-рускім стылі”, які распаўсюдзіўся на беларускіх землях у сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Гэтым можна было абмежавацца, калі б не адно “але”. Акрамя даты пабудовы царквы (1860), невядомы дойлід маленькімі каменьчыкамі акуратна выклаў у свежым тынку выявы раслінаў (чатыры адзінкі) і “раўнаканцовы крыжык”.Такога багацця, па шчырасці , бачыць яшчэ не даводзілася. Падказваць не буду, хай наш чытач сам разгадае гэты квэст з мастацкім ухілам.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар