Этнаграфічныя падставы для эканамічных перамог

№ 41 (859) 11.10.2008 - 17.10.2008 г

У Гомельскім раёне абавязкова трэба пабываць тым, каго цікавіць гісторыя. На тэрыторыі рэгіёна што ні вёсачка — то ліст да сучаснікаў з глыбіні вякоў. Паселішчы часоў Кіеўскай Русі, назвы, звязаныя з імёнамі караля Жыгімонта I і цара Пятра I, паркі другой паловы XIX стагоддзя — усё гэта цесна пераплецена з сучаснай гісторыяй краю.

Хіба ж дзіва, што на Гомельшчыне першачарговую ўвагу надаюць вывучэнню, захаванню і перадачы народнай побытавай культуры? Культасветработнікі распрацоўваюць турыстычныя маршруты, мастацкі складнік якіх забяспечаны творчасцю народных умельцаў, праводзяць міжраённыя навукова-практычныя канферэнцыі і займаюцца сістэматызацыяй усіх праяў народнай культуры Прысожжа. Мастацкая палітра раёна — надзвычай яркая, бо традыцыйныя промыслы тут цесна перапляліся з культурнай самабытнасцю шматлікіх перасяленцаў з зямель, што пацярпелі ад чарнобыльскай навалы. 

Знайсці другую радзіму і скарыстаць вопыт
Здаўна гомельская зямля сардэчна прымала шматлікіх прыезджых, што хацелі замацавацца ў гасцінным краі. Сюды перабіраліся жыхары памежных раёнаў Украіны, а таксама прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. Многія з іх склалі славу гомельскаму краю. Прыкладам, усёй рэспубліцы вядомы жыхар Новай Гуты Валерый Аванесян — кіраўнік дзіцячай вакальнай студыі, аўтар вядомых песень не раз станавіўся лаўрэатам рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, а асаблівым яго гонарам сталася Гран-пры на Фестывалі нацыянальных культур у Гродне.
Калі адбылася катастрофа на АЭС, Гомельскі раён прытуліў людзей, чые дамы трапілі ў зону адсялення. Па словах дырэктара раённага метадычнага Цэнтра народнай творчасці Наталлі Бяскроўнай, тут нямала вёсак, дзе цэлыя вуліцы складаюцца з дамоў перасяленцаў. Культасветнікі дапамаглі ім не толькі захаваць сваё традыцыйнае мастацтва, але і развіваць яго, перадаваць дзецям.
Вось у вёсцы Яроміна жыве майстрыха-вышывальшчыца Марыя Мішчанка, якая пераехала сюды з Веткаўскага раёна. Па ініцыятыве дырэктара мясцовага Дома культуры Аляксея Вараб’ёва ў яе хаце быў адчынены “Дом аднаго майстра”. Дзеці і дарослыя пастаянна прыходзяцьсюды, каб павучыцца вышыўцы ды ткацтву. Кожны пакой у Марыі Пракопаўны — нібыта этнаграфічны музей: расшытыя ручнікі, фіранкі, накідкі, арыгінальныя карціны — адметныя праявы інсітнага мастацтва. А колькі жвавая жанчына можа расказаць старадаўніх казак ды быліц!

 /i/content/pi/cult/179/1783/K_Gomel1.jpg
Намеснік старшыні Гомельскага райвыканкама Вячаслаў Дарошчанка і начальнік аддзела культуры Аксана Хімакова.
З пытаннем, у чым жа сакрэт плённай працы культасветнікаў, звярнулася да намесніка старшыні Гомельскага райвыканкама Вячаслава ДАРОШЧАНКІ.

— Перш за ўсё нашы работнікі вылучаюцца сваёй згуртаванасцю, — адказаў ён. — Яны здольны вырашыць любыя задачы. Толькі разам можна стварыць усе умовы, каб перасяленец хутка адчуў, што тут — ягоная другая радзіма... Зазначу, што начальнік аддзела культуры Гомельскага райвыканкама Аксана Хімакова разам са сваёй камандай дасягае поспехаў у розных сферах. Сёння ж аддзел культуры павінен вырашаць не толькі творчыя, але і арганізацыйныя пытанні, займацца, напрыклад, умацаваннем матэрыяльнай базы, адраджэннем вёскі. І ў гэтым яны — на вышыні.

— Вячаслаў Сяргеевіч, вы часта бываеце з дзелавымі візітамі ў замежжы, суседніх рэгіёнах Расіі. Як выглядае на гэтым фоне Гомельскі раён?

— Вельмі годна, бо нашаму аддзелу культуры ёсць што паказаць і чаму павучыць. Я ж імкнуся пераняць самыя цікавыя рэчы, каб паўтарыць вопыт у нашым раёне. Навошта вынаходзіць веласіпед, калі можна скарыстаць добры досвед на рэгіянальным узроўні? Вось у апошняй паездцы ў Курск захапіўся тамтэйшым падыходам да бібліятэчнай справы. Як і ў Беларусі, там сфера культуры развіваецца ў межах нацыянальнага праекта.

Куране атрымліваюць мэтавыя грошы і паступова, па некалькі сельскіх бібліятэк у год, даводзяць установы да ўзорнага стану. Мы ж таксама не адстаём, імкнучыся ўдасканаліць бібліятэчную справу.

— Што, на ваш погляд, павінна быць прыярытэтным для работніка культуры?

— Для мяне заўсёды ў культуры было некалькі важных рэчаў. Да прыкладу, колькасць народных і ўзорных калектываў. У нас іх — 27, і гэта вельмі неблагі паказчык. І яшчэ — колькасць людзей са званнем заслужанага дзеяча культуры. Але самым галоўным на сёння лічу ўзровень работы з моладдзю. Падаецца, у нашых культработнікаў гэта атрымліваецца добра. Толькі на базе аднаго раённага Дома культуры займаецца безліч калектываў, аснова якіх — маладыя людзі.

78 397 перамог Каб справа ладзілася, начальнік аддзела культуры Гомельскага райвыканкама Аксана Хімакова імкнецца забяспечыць культасветнікаў усім неабходным. Калі культработнікі заняліся зборам матэрыялаў у носьбітаў народнай творчасці, аддзел культуры адразу набыў дыктафон. З яго дапамогай справа пайшла хутчэй, а бібліятэкі папоўніліся унікальнымі звесткамі па традыцыйнай культуры раёна.
 /i/content/pi/cult/179/1783/K_Gomel3.jpg
Руднамар’еўскія школьнікі паказваюць абрад “Хрэсьбіны” на раённым свяце
“Вясковая сябрына”.

У рэгіёне праводзіцца шмат канцэртаў і мерапрыемстваў. Толькі для дзяцей за апошні год было арганізавана 2920 праграм: ранішнікі, дні імянінніка, КВЗ, дзіцячыя дыскатэкі. Але без добрай гукавой тэхнікі нават самае прадуманае тэатралізаванае свята, старадаўні абрад будуць выглядаць блякла. Сёлета на набыццё музычнай апаратуры было затрачана каля 34 мільёнаў рублёў. Да таго ж, аддзел культуры набыў відэакамеру — ствараецца відэаархіў культурнага жыцця раёна.

На думку Аксаны Валер’еўны, сур’ёзны падыход да працы — патрабаванне часу. Каб людзей прывабіць платнымі канцэртамі, культасветнікі павінны прапанаваць якасны прадукт. За восем месяцаў года на платных танцавальных вечарах, тэатралізаваных святах, спектаклях і канцэртах пабывала 78 397 чалавек.

За гэты час культасветнікі зарабілі амаль 124 мільёны пазабюджэтных грошай.

Да добра наладжанай справы пацягнулася моладзь. У жніўні раённая каманда культасветнікаў папоўнілася 8 выпускнікамі Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н.Сакалоўскага і Гомельскага дзяржаўнага мастацкага вучылішча. У асноўным, маладыя спецыялісты прыйшлі выкладаць у музычныя школы і школы мастацтваў раёна.

“Аддзел культуры” ў мініяцюры

На пачатку 1980-х гадоў з Браншчыны на Гомельшчыну прыехала сям’я Кавалёвых. Сёння пра дынастыю культасветнікаў аграгарадка “Урыцкае” ведаюць многія. Віктар Кавалёў узначальвае Урыцкі рэгіянальны цэнтр культуры і адпачынку і з’яўляецца мастацкім кіраўніком народнага ансамбля народнай песні “Скарыначка”.

У культуры працуюць і пяць родзічаў Віктара Аляксандравіча. Напрыклад, Раіса Ленкава кіруе народным ансамблем песні і музыкі “Крупец”, а Надзея Добрыдзенева — дырэктар Заліпскага СДК — кіруе народным вакальным ансамблем “Чараўніцы”.

Сын Кавалёва вучыцца харэаграфіі ў Мінску і ўжо ставіць танцы сім-тым беларускім эстрадным знакамітасцям.

 /i/content/pi/cult/179/1783/K_Gomel4.jpg
Народная майстрыха Марыя Мішчанка ідырэктар РМЦНТ Наталля Бяскроўная.
За гэтыя гады ў Віктара Аляксандравіча вырасла дачка, якая таксама доўжыць сямейную справу ў культуры. Сёння Іна кіруе ўзорным харэаграфічным калектывам.
— Нядаўна Урыцкі рэгіянальны цэнтр культуры і адпачынку набыў новы статус. Дзякуючы намаганням Віктара Аляксандравіча, РЦКіА стаў самастойнай юрыдычнай адзінкай у складзе Гомельскага раёна, — зазначыла Аксана Хімакова. — Ён аб’яднаў 2 сельскія клубы і 5 дамоў культуры. У штаце ўстановы — 30 чалавек, якія поўнасцю выконваюць як творчую працу, так і фінансавую дзейнасць. У выніку атрымаўся “аддзел культуры” ў мініяцюры.
Стварэнне РЦКіА ўзняло творчы патэнцыял філіялаў. Па-першае, у аб’яднанні існуе зводны план канцэртнай дзейнасці, што дае магчымасць калектывам пастаянна быць занятымі ў разнастайных праграмах. Па-другое, культасветнікі з Урыцкага дапамагаюць калегам з філіялаў неабходнай апаратурай для правядзення святаў. Па-трэцяе, ва Урыцкім кадры — з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, а гэта значыць, што спецыялісты змогуць аказаць метаддапамогу калегам на сяле.
Зоркі цэхавай самадзейнасці

На мяжы з Гомелем — аграгарадок “Мічурынская”. Большасць мясцовага насельніцтва тут працуе на камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Брылёва”. Старшыня КСУП Аркадзь Кобрусеў шмат увагі надае нетолькі вытворчаму працэсу, але і сферы культуры. Дзякуючы кіраўніку ў аграгарадку з’явіўся прыгожы сквер, добраўпарадкавана возера, будуецца царква. Старшыня дапамагае Дому культуры, які знаходзіцца на балансе яго прадпрыемства.

Толькі за апошні час “Брылёва” выдаткавала 14 мільёнаў рублёў на “адзенне” сцэны, больш за 20 мільёнаў — на гукавую апаратуру ДК. Падобныя затраты зразумелыя: Дом культуры знаходзіцца побач з абласным цэнтрам і павінен вытрымліваць марку. Тады і гарадскі жыхар зацікавіцца мерапрыемствамі.

Як паведаміла намеснік дырэктара па ідэалогіі, культуры і быце КСУП “Брылёва” Любоў Казлова, культасветнікі карэкціруюць сваю працу, узгадняючы яе з патрабаваннямі галаўнога прадпрыемства.

Прыкладам, нярэдка можна пабачыць міні-канцэрты на кансервавым заводзе, на ферме, у агароднікаў. Дырэктар ДК Уладзімір Сыбатаў ганарыцца тым, што, акрамя штатных калектываў, ДК развівае цэхавую самадзейнасць. Уладзімір Уладзіміравіч разам са сваімі работнікамі займаецца з ахвотнымі, прычым у той час, які больш зручны для рабочых. У выніку заняткі выліваюцца ў творчы конкурс, дзе задзейнічаны ўсе цэхі прадпрыемства. Гэтае спаборніцтва ўжо выявіла некалькі талентаў, якія пасля конкурсу прыйшлі ў народныя калектывы ДК.

Бібліятэка сацыяльных паслуг

Гомельская ЦБС уключае раённую і 44 сельскія бібліятэкі. Як паведаміла дырэктар сістэмы Святлана Данчанка, у наступным годзе раённай бібліятэцы спаўняецца 90 гадоў. Сёння яна валодае багатым фондам, аднак некалькі невялікіх пакояў не могуць змясціць усю літаратуру і чытачоў. Бібліятэкарам прапанавалі пераехаць на сяло, аднак гэта не выйсце, бо чытачам прасцей дабрацца з вёсак у горад, чым даехаць з аднаго канца раёна ў іншы. Але бібліятэкары працягваюць якасна рабіць сваю справу, праводзіць акцыі.

Адна з самых папулярных — “Падары кнігу бібліятэцы!”. Чытачы прынеслі ўжо 848 экзэмпляраў, якія пасля рэгістрацыі раз’едуцца па бібліятэках раёна. Увогуле на набыццё літаратуры Гомельскай ЦБС было выдаткавана 109 мільёнаў рублёў.
 /i/content/pi/cult/179/1783/K_Gomel2.jpg
Дырэктар Гомельскай ЦБС Святлана Данчанка разбірае кнігі, якія падарылі бібліятэцы чытачы.

Нядаўна адна з бібліятэк Гомельшчыны набыла статус Дома сацыяльных паслуг. І да гэтага бібліятэкар Надзея Чапурная штомесяц праводзіла ў роднай Краўцоўцы Дні міласэрнасці. Надзея Іванаўна наведвала чытачоў дома, прыносіла пажылым людзям прадукты, аплачвала па іх просьбе камунальныя паслугі... Новы статус установы дазволіў займець тэлефон, і цяпер сувязь паміж Чапурной і землякамі, якім патрэбна дапамога, стала больш шчыльнай.

Пра міласэрнасць дбае і супрацоўнік Клімаўскай бібліятэкі Алена Равенка. З 2000 года тут адкрыты сямейны дом для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Хто мог хадзіць, пачалі заходзіць па кнігі да Алены Аляксандраўны. Але бібліятэкар вельмі перажывала, што да яе не могуць трапіць калясачнікі. І тады разам з мужам пры дапамозе Аксаны Хімаковай ля бібліятэкі быў зроблены пандус, заменены ўваходныя дзверы на больш шырокія. Цяпер Алена Аляксандраўна адкрыла ў бібліятэцы Цэнтр эстэтычнага выхавання.

Законы рынку для народных промыслаў

Як бы ні хацелася спыніць імгненне, але час няўмольна ідзе, змяняючы ўсё навокал. Нават носьбіты традыцыйнай культуры, працуючы сёння над сваім творам, не-не — ды і зазірнуць у пошуках новых ідэй у сучасныя часопісы, патроху замяняючы традыцыйныя ўзоры і прыёмы на больш модныя. Іх можна зразумець — сучасныя законы рынку распаўсюджваюцца і на народныя промыслы.

На Гомельшчыне сітуацыя з аўтэнтычным мастацтвам ускладняецца блізкасцю абласнога цэнтра, запатрабаванні якога таксама пакрыху парушаюць самабытныя законы народнай творчасці. У гэтым кантэксце адметная вялікая работа па захаванні духоўнай спадчыны, праведзеная некалькі гадоў таму супрацоўнікамі РЦНТ. Яны арганізавалі некалькі этнаграфічных экспедыцый па раёне. Багаты матэрыял стаў асновай для кнігі.

Сёлета пры падтрымцы райвыканкама надрукавалі ўжо другое яе выданне пад назвай “Народная духоўная спадчына Гомельскага раёна”. Дарэчы, ёсць тут раздзел пра творчасць перасяленцаў з “чарнобыльскіх вёсак”. Назапашаная інфармацыя дапамагла ўлетку правесці на Гомельшчыне міжраённую навукова-практычную канферэнцыю, падрыхтаваць экспанаты для этнаграфічнага музея. Зараз метадысты РЦНТ займаюцца распрацоўкай турыстычнага маршруту, які дапаможа папулярызаваць арыгінальныя абрады Гомельскага раёна і стаць крыніцай дадатковых платных паслуг.

 

Настасся ПАНКРАТАВА,
наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Гомельскі раён — Мінск

Фота аўтара