Сілкуючыся творчай аўтаноміяй

№ 7 (1498) 13.02.2021 - 19.02.2021 г

З гарадамі як з людзьмі. Ёсць такія, да якіх вымушана прызвычайваешся, спрабуючы прыняць як дадзенасць, а ўсё адно не атрымліваецца. Усё адно нешта ў іх абліччы муляе вока і цісне на псіхіку. А іншыя прымаеш адразу і назаўсёды такімі, якія яны ёсць. Для мяне Магілёў — горад, дзе мне было б утульна, калі б абставіны занеслі мяне туды на трывалае жыхарства. Магілёў спадабаўся мне з першай сустрэчы. Тут у наяўнасці прыгожы ландшафт, шырокая рака, даволі гарманічнае спалучэнне манументальнай савецкай забудовы і старасвецкай архітэктурнай спадчыны, цудоўныя музеі. І яшчэ ў горадзе моцны мастацкі асяродак. А як кажа мой сябар Рыгор Сітніца: “Калі ў горадзе ёсць мастакі, дык ён не будзе для цябе чужым”.

/i/content/pi/cult/837/17829/19.jpgЗараз у Магілёўскім мастацкім музеі імя Паўла Масленікава праходзіць выстава скульптара Уладзіміра Конанава і жывапісца Галіны Конанавай. Яны сям’я. Спадарства, Уладзімір і Галіна разам больш за сорак гадоў, і гэта той выпадак, калі два таленты моцна ўзаемазвязаныя, сілкуюць адзін аднаго, але пры гэтым захоўваюць пэўную творчую аўтаномію. Выстава прымеркавана да зімовых святаў, што звязаныя з хрысціянскімі традыцыямі, і назву мае адпаведную, хоць крыху і мудрагелістую — “Гэта жыцця дар… Дзякуй Богу за ўсё”.

Па маладых гадах чалавек ставіцца да Бога збольшага па-спажывецку: дай, Божа, гэта, дай тое… А з жыццёвым досведам прыходзіць да высновы, што, няглядзячы на ўсё, нібыта, недадзенае, ёсць за што Лёсу/Богу/Абсалюту ці іншай іпастасі вышэйшай волі казаць “Дзякуй”. У дадзеным выпадку за самое жыццё, за паразуменне ў хаце, за магчымасць займацца любімай справай, за тое, што дачка Конанавых Ганна пайшла шляхам бацькоў і сёння сама мастак і самадастатковая творчая асоба.

/i/content/pi/cult/837/17829/20.jpgБоскасць на выставе магілёўскіх творцаў прысутнічае не ў выглядзе ікон і простага звароту да біблійных прыпавесцей. Яна ў адлюстраванні светлых бакоў жыцця. Сваімі карцінамі спадарыня Галіна сцвярджае аптымізм як стваральную веру. Яе творчасць — шматаблічная ілюстрацыя да тэзы, што менавіта прыгажосць выратуе наш далёкі ад дасканаласці свет. Не супярэчыць гэтай думцы і зробленае спадаром Уладзімірам. Абодвум мастакам уласцівы выразны дэкаратывізм, уменне ўзяць ад зыходных матэрыялаў — фарбы, каменя, бронзы — максімум выразнасці. Але асаблівасці тэхналогіі вызначаюць спецыфіку выяўленчай мовы. Там, дзе жывапісец стварае прыгажосць лёгкім дотыкам пэндзля да палатна, скульптар у справе нагадвае шахцёра з адбойным малатком. А ў выніку лёгкасць почырку Галіны Конанавай і грунтоўнасць формы ад спадара Уладзіміра ўвасабляюць прывабны для гледача кантраст, які, па-сутнасці, уяўляе гарманічнасць — але не наўпрост.

Значная частка жывапісных работ на выставе — рэалістычныя, з высокай ступенню тыповага абагульнення — партрэты, а пластыка прадстаўлена формамі, блізкімі да абстракцый з пункцірна пазначанай прадметнай канкрэтыкай у аснове. У адным са сваіх інтэрв’ю спадарыня Галіна распавядала, што мастацтва для яе пачалося з захаплення балетам і музыкай. І, мяркую, водгулле гэтага першага кахання сёння, калі прыслухацца, чуецца ў яе карцінах. На маю думку, яна малюе свет лепшым, прыгажэйшым, чым ён ёсць на самой справе. Але такім яна хацела б яго бачыць…

А творчае крэда спадара Уладзіміра гучыць так: данесці да гледача аўтарскую думку дапамагае сам камень. “Я імкнуся не разбурыць задуму прыроды, але наадварот — разгадаць шматвекавы інфармацыйны код, закладзены ў валуне”. У гэтым сэнсе ягоная творчая філасофія — блізкая скульптарам Балтыйскіх краін. Яшчэ за савецкім часам камень, дрэва, бронза, бетон мелі для іх самадастатковую эстэтычную каштоўнасць. Часта сюжэт быў для гэтых майстроў пластыкі падставай выявіць каштоўнасць матэрыялу, а не наадварот, як было б у нас — прымусіць матэрыял працаваць на сюжэт, часам нават у неўласцівым яму рэжыме. Зрэшты, розныя школы — рознае бачанне. Ёсць чаму ў суседзяў вучыцца.

Усяго на выставе — каля 150 твораў. І гэта толькі малая частка таго, што зроблена двума мастакамі для аздобы публічнай прасторы — ад музейных інтэр’ераў да гарадскіх плошчаў і сквераў. Нягледзячы на паважаны ўзрост аўтараў, экспазіцыя не ўспрымаецца справаздачай, гэткім настальгічным рэтра з азіраннем назад. Я бачу тут эстэтычныя напрацоўкі, што могуць быць запатрабаванымі ў дні заўтрашнім. І нічога ў гэтым дзіўнага няма. Талент — па-за часам і актуальны заўжды.

Будзеце ў Магілёве — наведайце выставу. Яна пасуе абліччу і характару горада, які напярэдадні Другой сусветнай вайны ледзь не стаў сталіцай Беларусі. І з таго часу так ці інакш нагадвае пра свой няздейснены статус, пра свае сталічныя амбіцыі. У дадзеным выпадку — выдатным мастацкім праектам сталічнага кшталту.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"