Пра кветкі вясны і Перамогі

№ 7 (1498) 13.02.2021 - 19.02.2021 г

У снежні — студзені ў Прэзідэнцкай бібліятэцы працавала выстава работ навучэнцаў Дзіцячай мастацкай школы імя Івана Хруцкага горада Наваполацка. Называлася яна “Грані творчасці — грані Перамогі” і прысвячалася 75-гадоваму юбілею з дня заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ў маі 1945-га.

/i/content/pi/cult/837/17828/17.jpgМагчыма, гэту выставу можна лічыць апошнім прывітаннем з 2020 года, калі мець на ўвазе ягоны святочны чыннік. Летась, нягледзячы на пандэмію, юбілей Перамогі быў адзначаны буйнымі вайсковымі парадамі ў Мінску і Маскве, шматлікімі мерапрыемствамі на ўсёй прасторы Садружнасці. І вось апошні напамін пра святкаванне, што адшумела — сціплая выстава дзіцячай творчасці.

Навучэнцы мастацкай школы — гэта падлеткі з рознай ступенню творчай адоранасці. Стануць сапраўднымі мастакамі толькі некаторыя з гэтых аматараў. Вось тады на іх і зверне ўвагу прафесійная крытыка і дасведчаная публіка. Зараз цікавасць яны ўяўляюць у тым ліку і для сацыёлагаў. Бо тое, што сёння закладзена нашай рэчаіснасцю ў дзіцячую свядомасць, праз пэўны час адаб’ецца на стане і абліччы краіны, будзе вызначаць ідэалагічныя, палітычныя і сацыяльна-гістарычныя прыярытэты грамадства і дзяржавы. Скажам так, будучыня фармуецца сёння.

Звыкла базавай для нашай нацыянальнай ментальнасці лічыцца памяць пра Вялікую Айчынную. Мяркуючы па тым, што я бачыў на выставе гэтай і ёй падобных, гадоў праз дваццаць на нашай зямлі пра падзеі 1941 — 1945 гадоў згадваць яшчэ, безумоўна, будуць, але ўяўленне пра тую вайну стане не такім, як сёння. Ёсць спадзяванне, што, усе ж такі, на ўзроўні нацыянальным жудасную факталогію не заменяць на легенды і міфы, крывавую хроніку — на казкі, а праўдзівыя і па-чалавечы супярэчлівыя вобразы байцоў і ахвяр — на набор стэрэатыпаў, якія адпавядаюць фармату коміксаў і камп’ютарных гульняў “пра вайнушку”.

Так, памяць асобнага чалавека і цэлага народа не можа доўга вытрымліваць ціск адмоўнай, дэпрэсіўнай інфармацыі. Але ж памяць пра тую вайну мусіць заставацца безумоўна!

Я звярнуў увагу, што на гэтай выставе няма выяў ворагаў-немцаў, няма крыві. Калі-нікалі сустракаюцца сюжэты, запазычаныя з вядомах палотнаў ці фільмаў пра вайну. Але і ў іх не крывавыя жарсці, а лірычныя моманты. Вайна — вайной, а каханне і прыязнасць ніхто не адмяняў. І якая-небудзь медсястра, ходзячы пад кулямі, блізка ад смерці, усё адно заставалася жанчынай. А ўвогуле — тут акцэнт на кветкі Перамогі і проста кветкі. У дзяцей першага пасляваеннага пакалення было інакш. Жыццё, аднак, ідзе... Зрэшты, за тое і ваявалі, каб жыць і радавацца жыццю.

/i/content/pi/cult/837/17828/18.jpgДадам, што гэта сур’ёзная задача, як распавядаць дзецям пра вайну і пры гэтыс не траўміраваць іх псіхіку. З чымсьці падобным ужо сутыкнуліся ілюстратары Бібліі для дзяцячай аўдыторыі. Пэўны досвед ўжо назапашаны, мастакі навучыліся распавядаць пра пакуты Хрыста, не абражаючы вока гледача/чытача і далікатна абыходзіць жорсткія моманты. Магчыма, варта гэты досвед асэнсаваць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"