Калі субота — смачная

№ 7 (1498) 13.02.2021 - 19.02.2021 г

Днямі шукаў на сваіх паліцах кніжку “Век крыміналістыкі”. Адразу знайсці не атрымалася. Пакуль корпаўся, паспеў падзяліць усіх людзей (па ступені стаўлення да чытання) вось на якія групы. Адны ўвогуле не маюць ва ўласнасці кніг. Другія расстаўляюць іх у сваіх шафах па колеры. Трэція ці не моляцца на сабраную гадамі калекцыю. А яшчэ адны любяць пазычаць і не аддаваць. Думаў яшчэ пра тое, што даўно трэба зрабіць прыстойныя паліцы, каб не стаялі на іх кнігі, як той казаў, у тры рэдзі. А яшчэ згадваў мімаволі, колькі выданняў за доўгі век мне так і не вярнулі. Асноўны спіс скрадзенага атрымаўся такі: “Малдаўскія казкі” пра адмыслоўца Фэт Фрумоса, “Вайна каля Цітавай копанкі” Івана Навуменкі, “Янкі пры двары караля Артура” Марка Твэна, “Брамнік рэспублікі” Льва Касіля (не сустракаў у букіністыках ніколі), паморскія аповесці Канстанціна Бадзігіна, асабліва шкада “Апошніх вершаў” і “Зацемак…” Леаніда Галубовіча. Хтосьці сказаў, што ў эпоху нечытання кніжкі красці — не грэх. Мо і так. Мо і сапраўды тое скрадзенае камусьці больш патрэбнае. А як думаеце вы?

/i/content/pi/cult/837/17825/12.jpgУ Ветцы ў мяне быў сябра — галоўны інжынер бавоўнапрадзільнай фабрыкі, дзе я пасля школы працаваў слесарам. Пасябравалі з ім з-за вялікай любові да кніг. Уласны дамок дзядзькі Мішы нагадваў бібліятэку: асноўнай мэбляй любога пакоя былі кніжныя стэлажы да столі. Я днямі займаўся іх даследаваннем. Хлусня, што кнігі пахнуць пылам. Яны пахнуць марамі: салёным марскім ветрам, снегам на горных вяршынях, таямнічай тайгой і некранутай тундрай… Я хачу жыць у такім доме. А дзядька Міша даўно памёр. Я перабраўся ў Мінск і нават не ведаю, куды дзелася запаветная бібліятэка.

Натуральна, што пасля такой запеўкі тэму працягваюць нашы раённыя ды сельскія бібліятэкі. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Настасся Дзедзіён піша: “4 лютага ў нас працавала літаратурна-музычная гасцёўня. Да мерапрыемства была падрыхтавана выстава “Шчучыншчына — часцінка вялікай краіны”. Тут сабраны кніжкі пра гісторыю нашага краю, летапісы гарадскога пасёлка Астрына, выданні мясцовых паэтаў. Падчас прэзентацыі можна было пазнаёміцца з фактаграфічнымі базамі дадзеных на сайце райбібліятэкі. Для стварэння новай базы абвешчана раённая акцыя “Гадзіны гістарычнай памяці”, цягам якой бібліятэкары раёна працягнуць збор звестак пра знакамітых землякоў і пра гісторыю стварэння паселішчаў.”

А вось навіна з інтэграванай бібліятэкі аграгарадка Дэмбрава Шчучынскага раёна. Тут для старшакласнікаў праведзена віктарына “Падарожжа па роднай зямлі”. Пытанні і заданні, па словах бібліятэкара Святланы Медушэўскай, былі прысвечаны мове, літаратуры, этнаграфіі, гісторыі нашай слаўнай зямлі.

Што такое даты здароўя? Адказвае дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна Вольга Ляснеўская. Аказваецца, “Даты здароўя” — гэта буклет і назва новага бібліятэчнага праекта адначасова. У буклеце сабраны даты, звязаныя са здаровым ладам жыцця, з прафілактыкай захворванняў. У сённяшніх эпідэміялагічных умовах тэма — надзвычай актуальная. А інфармацыя буклета — вельмі цікавая. Вы, да прыкладу, ведаеце, што існуе Сусветны дзень гігіены рук? Самы час іх септацыдам апрацаваць.

Яшчэ адна навіна ад Вольгі Ляснеўскай. Гаворка пра творчыя стасункі з муніцыпальнай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай Пскова. Апошняя сумесная акцыя была прысвечана паэзіі Ігара Грыгор’ева з Пскова. Мерапрыемствы з гэтай нагоды прайшлі не толькі ў цэнтральнай раённай установе, але і ў Відзаўскай гарпасялковай, Слабодкаўскай і Іказненскай сельскіх бібліятэках. Праектам, сцвярджае аўтар допісу, было ахоплена з нашага боку больш за сто чытачоў.

Загадчык гарадской бібліятэкі Ашмян Людміла Зарэцкая распавядае, што літаратурны агляд, прысвечаны Халакосту, дапоўнілі кніжная выстава і прагляд відэароліка “Максім Кац: што такое Халакост”.

Начыталіся? Цяпер варта падсілкавацца. Суботнім вечарам 6 лютага ў Грынкаўскім сектары культуры запахла такім апетытным блінным водарам, што нават ваўкі ў бліжэйшым ляску пусцілі сліну і паабяцалі стаць вегатарыянцамі. Вось што піша кіраўнік мясцовага народнага тэатра-студыі гульні “Карагод” Марыя Самалевіч: “Мы прыдумалі праект “Смачная субота”. Апошняя кулінарна-забаўляльная праграма была прысвечана блінам. Сваімі фірмовымі рэцэптамі з моладдзю падзяліліся знаныя гаспадыні Ганна Лукашэвіч і Святлана Гінч. Не толькі расказалі, але і пачаставалі. А потым быў конкурс “Мае смачныя бліны”. Перамаглі ў ім Настасся Сянкевіч і Лізавета Сахарчук. І зноў ахвотныя частаваліся смакатой.” Ад сябе дадам, што смачнаму праекту — год. Першая акцыя прысвячалася Масленіцы. Потым былі Дні варкі, юшкі і шмат чаго яшчэ. Прыдумала праект і вядзе яго Марыя Самалевіч.

Вельмі падрабязна і з вялікай любоўю настаўніца беларускай мовы і літаратуры Княжыцкай сярэдняй школы (Магілёўскі раён) Наталля Чабан аналізуе творчасць земляка — франтавога паэта Васіля Матэвушава. Ён скончыў літаратурна-лінгвістычны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута, працаваў настаўнікам на Віцебшчыне, служыў у войску, ваяваў, пасля працаваў у Магілёўскай абласной газеце, пісаў цудоўныя вершы.

Піша Андрэй Струнчанка: “Справаздачныя канцэрты калектываў мастацкай творчасці на пачатку года — добрая традыцыя, што склалася ва ўстановах культуры Віцебскага раёна. Мазалаўскі сельскі Дом культуры і мясцовая дзіцячай школа мастацтваў — не выключэнне. Днямі перад вяскоўцамі выступілі народны ансамбль народнай песні і музыкі “Вераснянка”, народны жаночы клуб “Залаты ўзрост”, тэатральны гурт “Вобраз”, харэаграфічныя калектывы, інструментальныя ансамблі і салісты.”

Дыпломам “за аўтэнтычнае выкананне аўтарскай песні” ўзнагароджана фіналістка другога сезона адкрытага абласнога дыстанцыйнага творчага конкурсу Надзея Цвяткова — актыўная ўдзельніца мерапрыемстваў аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы вёскі Бакшты Іўеўскага раёна. Як паведамляе вядучы метадыст па асноўных жанрах аддзела метадычнай работы Іўеўскага Цэнтра культуры і вольнага часу Святлана Лугіна, Іванова выконвала песню ўласнага сачынення.

У Дзяржынску з 30 студзеня па 7 лютага праходзіў фестываль праваслаўнай культуры “Кладзезь”, які паспеў стаць традыцыйным. У праграме фэсту — не толькі канцэрты, але і асветніцкія гутаркі, рамесніцкія майстар-класы, батлейка, кірмаш Свята-Елісавецінскага манастыра, дзе можна набыць іконы, манастырскі хлеб, мёд, кераміку, тэкстыль…

У лісце малодшага навуковага супрацоўніка музея “Замкавы комплекс “Мір” Веранікі Красоўскай — прыемныя веснавыя матывы. Аўтарка допісу распавядае, што ў зборах установы ёсць французскі веер пазамінулага стагоддзя пад назвай “Алегорыя вясны”. Рэч упрыгожана жывапіснай кампазіцыяй. У аснове сюжэта — карціна франзускага мастака Аляксандра Луі Лелуара “Калясніца ластавак”. У калясніцы едзе Венера, якая атаясамліваецца з грэчаскай Афрадытай — багіняй кахання, вясны, жыцця.

Радасная навіна! Народны ансамбль песні і музыкі “Весялуха” Зэльвенскага Цэнтра культуры і народнай творчасці браў удзел у анлайн-конкурсе #Людзі Спяваюць (Масква) і атрымаў дыплом першай ступені і сертыфікат на бясплатнае размяшчэнне матэрыялу ў друкаванай версіі выдання інфармацыйнага агенцтва “Музычны Кландайк”. Радасцю падзялілася загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці Таццяна Умарава.

“У Лідскім Палацы культуры прайшла творчая сустрэча лідскай мастачкі і паэткі Ірыны Вашкевіч са студэнцкай аўдыторыяй і людзьмі, якія цікавяцца культурай у розных яе праявах, — паведаміла метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Дыдышка. — Ірына працуе кіраўніком народнага лялечнага тэатра “Батлейка”, паспявае маляваць алеем (валодае і пескаграфіяй) ды пісаць вершы.”

Не менш актыўнічае ў сваіх творчых пошуках і Палац мастацтваў Бабруйска. Як сцвярджае загадчык аддзела мастацкай творчасці Наталля Кулікова, днямі тут былі наладжаны майстар-класы па ткацтве паясоў на бердышках. Свой досвед перадавала ахвотным Людміла Крылова — настаўнік і даследчык роднай культуры. “Падчас майстар-класа прысутныя асвоілі асноўныя этапы стварэння тканага вырабу”, — піша Наталля Кулікова.

Вясна вясной, але гэтым тыднем краіну замятала снегам. Таму навіна пра снегавіка застаецца актуальнай і напрадвесні. Свіслацкі раён працягваюць праслаўляць работнікі культуры Грынкаўскага сектара культуры і вольнага часу. Тут працуе выстава вырабаў з пластыліну “Рознакаляровы снегавік”. Кіруе аматарскім аб’яднаннем “Творчая майстэрня” Наталля Казлоўская.

Беражыце сябе і пішыце пра цікавае!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"