На Пятровіцу ў Любань, на Свята пчол у Лельчыцы…

№ 7 (1498) 13.02.2021 - 19.02.2021 г

Фальклорная спадчына ў культурна- пазнавальным турызме
Унікальны вясковы абрад, адметная рамесная традыцыя мясцовасці, непаўторная манера спеваў пэўнага рэгіёна — багацці народнай беларускай культуры могуць стаць падмуркам для захапляльнага культурна-пазнавальнага турызму. Удалыя прыклады падобнага спалучэння ў Беларусі ўжо ёсць, хаця асноўная праца ў гэтым кірунку яшчэ наперадзе. На пачатку новага года былі апублікаваныя вынікі даследавання аб выкарыстанні нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей у турыстычнай дзейнасці цягам апошніх трох гадоў. Якіх поспехаў дасягнулі вобласці, раёны і асобныя рэгіёны ў гэтай справе, з якімі праблемамі яны сутыкаюцца і на што яшчэ варта звярнуць увагу?

/i/content/pi/cult/837/17824/9.jpgТурызм як з’ява шмат у чым абапіраецца на культурныя асаблівасці і традыцыі народаў, краін, мясцін. Для таго людзі і вандруюць — каб убачыць, каб даведацца нешта новае пра іншыя краіны, каб падзівіцца і захапіцца. Пра іншыя краіны — ці хаця б пра іншыя мясціны сваёй Радзімы, ды нават пра суседнія вёскі і гарады! Пагадзіцеся, у нашай роднай Беларусі ёсць столькі ўсяго цікавага і адметнага, а ці кожны здольны пахваліцца тым, што частаваўся на фестывалі “Мотальскія прысмакі” ў Моталі альбо заслухоўваўся спевамі на фестывалі “Берагіня” ў Акцябрскім, наведваў свята зімовых абрадаў “Конікі” ў Давыд-Гарадку альбо Свята ткацтва “Кросенцы” ў Неглюбцы, і да таго падобнае. Таму відавочна, што пытанне аб тым, трэба ці не трэба выкарыстоўваць элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС) для развіцця турыстычнай сферы, не стаіць. Трэба. Вось толькі як?

/i/content/pi/cult/837/17824/10.jpgUNESCO і інвентар НКС

Спачатку дам невялічкую даведку па НКС і яе элементах і патлумачу, чаму зараз мы гаворым толькі пра народныя традыцыі, якія ўжо маюць афіцыйны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Канвенцыя UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны была прынятая ў 2003 годзе, і Беларусь далучылася да яе адной з першых. Пэўныя традыцыі — рамёствы, абрады, выканальніцкія мастацтвы — пачалі набываць статус, а з 2012 года, калі быў атрыманы грант UNESCO, у нашай краіне прыступілі і да стварэння інвентара НКС на падставе адзінага падыхода згодна з патрабаваннямі канвенцыі UNESCO. Увасабленнем гэтага інвентара НКС і своеасаблівым метадычным цэнтрам стаў спецыялізаваны рэсурс Міністэрства культуры — сайт “Жывая спадчына Беларусі”, на якім можна знайсці і сам спіс, і мноства разнастайных інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў: сайт і ўсю дзейнасць, датычную НКС, вядзе Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКіМ.

/i/content/pi/cult/837/17824/11.jpgДарэчы, самым першым у Беларусі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці ў 2007 годзе атрымаў абрад “Юраўскі карагод” вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, другім элементам стаў абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы” вёскі Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна той жа вобласці. А на гэты момант у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь — 94 аб’екты НКС. Звычайна за год каля сямі-васьмі элементаў традыцыйнай культуры набываюць статус, а вось мінулы 2020-ы стаў больш ураджайным — спіс узбагаціўся ажно 17 новымі пазіцыямі, сярод якіх такія розныя традыцыі, як выпяканне грачанага хлеба ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці, інсітнае мастацтва Віцебшчыны, мастацкія практыкі саломапляцення і гэтак далей.

Некаторыя нашыя традыцыі трапляюць і ў спіс UNESCO тых каштоўнасцей, якія маюць патрэбу ў тэрміновай ахове. Так, напрыклад, у 2009 годзе ў яго быў уключаны калядны абрад “Цары” вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Падтрымка пайшла на карысць: за прайшоўшыя амаль 12 гадоў абрад не проста не знік, а узмацніўся новай маладой камандай “цароў”, якая штогод ладзіць калядны фестываль і збірае на яго дастаткова вялікую колькасць публікі. Між іншым, гэта і ёсць адзін з удалых прыкладаў выкарыстання элементаў НКС у турыстычнай дзейнасці — госці аграгарадка на Міншчыне цягам дня могуць наведаць Цэнтр ткацтва (а ім Семежава таксама славіцца), пабыць на кірмашы, а ўвечары ўбачыць “цароў”, якія перад тым як пачынаць свой традыцыйны абход дамоў, на плошчы для ўсіх прысутных паказваюць інтэрмедыю.

Як скарыстацца культурным патэнцыялам

Падобны станоўчы вопыт, ці яго адсутнасць, на прыкладзе 2017—2020 гадоў і аналізаваўся ў даследаванні, праведзеным Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДКіМ шляхам анкетавання. Менавіта ў 2017-м уступіў у дзеянне Кодэкс аб культуры. Тады і паўстала пытанне: элементаў НКС ужо многа, яны пад аховай і пільнай увагай дзяржавы і ўстаноў культуры, а як цяпер гэты культурны патэнцыял скарыстоўваць на практыцы, як яго, між іншым, правільна ахоўваць і падтрымліваць, а не толькі апісваць і назіраць за ім?

Варта зазначыць, што далёка не ўсё цікавае і каштоўнае з народных традыцый ужо трапіла ў Дзяржаўны спіс — нешта пакуль жыве і без статусу, і яго таксама трэба падтрымліваць і развіваць. А яшчэ вельмі істотны і такі момант, што НКС — гэта менавіта жывая спадчына, жывая традыцыя ў саміх супольнасцях людзей, якія лічаць яе каштоўнай і таму займаюцца ёй. А тут існуе небяспека так званай “фалькларызацыі”, ад якой інстытуты UNESCO і перасцерагаюць, — каб не адбывалася празмерная папулярызацыя і камерцыялізацыя, каб не эксплуатаваліся самі носьбіты і не рабілі нічога па прымусе, каб не здарылася такога, што фальклор прадстаўляецца толькі і менавіта для гледачоў. Таму ўключэнне падобных элементаў НКС у турыстычную дзейнасць павінна быць кампетэнтным і пісьменным, у першую чаргу — з боку ўстаноў культуры і мясцовых уладаў. Менавіта ўстановы культуры з’яўляюцца медыятарамі паміж носьбітамі спадчыны і ўсімі зацікаўленымі гледачамі, турыстамі, гасцямі святаў. І не ўсё ж магчыма прыстасаваць пад турыстычныя мэты. Тым не менш…

— Публікацыяй вынікаў нашага даследавання мы ў першую чаргу імкнуліся пазнаёміць з паспяховымі практыкамі, якія існуюць нягледзячы ні на што, — расказвае вядучы спецыяліст Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКіМ Алена Каліноўская. — Хацелася, каб людзі, пачытаўшы, пра іх даведаліся, натхніліся і крытычна паглядзелі ў свой бок — маўляў, а чаму ў нас не так, што нам перашкаджае пераняць удалы вопыт? У Беларусі многае ў справе народных традыцый аддадзена на адказнасць абласцей, а нейкай асобнай рэспубліканскай структуры не існуе, і атрымліваецца, што нават спецыялісты не вельмі добра ведаюць, што і як адбываецца ў іншых мясцінах.

Дарэчы, UNESCO сярод іншага вядзе асобны ўлік лепшых практык аховы, якая ўключае ў сябе і выкарыстанне культурнай спадчыны ў турыстычных мэтах. І з ўсяго свету ў гэтым спісе толькі некалькі дзясяткаў практык. Беларускіх прыкладаў у ім пакуль няма, але ж і мы маем тое, што можна назваць удалым, паспяховым і вартым пераймання. Натуральна, усё лепшае і вартае ўвагі ў межах аднаго артыкула мы згадаць не здолеем — цалкам пачытаць пра вынікі даследавання можна на сайце “Жывой спадчыны Беларусі” livingheritage.by. Але расставім акцэнты і вызначым тэндэнцыі.

У лідарах — дзве вобласці

На пытанне, як у цэлым у нас выглядае карціна з выкарыстаннем элементаў НКС у турыстычнай дзейнасці, адзін з аўтараў даследавання Алена Каліноўская кажа, што “вельмі сярэдне”. Мовай лічбаў гэта гучыць так: “У цэлым па краіне 52 % нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей мэтанакіравана ўключаны ў розныя формы турыстычнай дзейнасці. Значна большы гэты паказчык толькі ў Віцебскай і Гродзенскай абласцях”. У зводнай табліцы ў графе “колькасць каштоўнасцей, якія маюць нявыкарыстаны турыстычны патэнцыял” Віцебская і Гродзенскія вобласці маюць нуль, Гомельская — 5, Магілёўская і Брэсцкая — 4, Мінская — 2. Пры гэтым лічбы па каштоўнасцях, якія ўжо актыўна выкарыстоўваюцца ў турыстычнай дзейнасці, такія: Гродзенская — 13, Віцебская — 11, Брэсцкая і Мінская — 7, Магілёўская — 6, і Гомельская — 5.

— Як ні парадаксальна, лепшыя практыкі выкарыстання элементаў НКС і ўключэння іх у турыстычныя праграмы якраз у тых абласцей, дзе найменш захавалася жывых народных абрадаў і традыцый, — расказвае Алена Каліноўская. — Гэта Віцебская і Гродзенская вобласці. Там працуюць даўно і сістэмна. І ў Віцебскім рэгіёне, дзе шчыльнасць сельскага насельніцтва ўжо даволі нізкая, практычна ўсю адказнасць за збор і аднаўленне традыцый узялі на сябе раённыя цэнтры культуры і дамы рамёстваў пад кіраўніцтвам абласнога метадычнага цэнтра. Там шукаюць традыцыі, якія яшчэ можна аднавіць і ўзмацніць, аб’ядноўваюць майстроў з розных раёнаў. У выніку атрымліваецца не адзінкавая з’ява, а традыцыя цэлага рэгіёна. Так было і з маляванкамі, і з інсітным мастацтвам, і з глінянымі свістулькамі.

Тое ж самае можна сказаць і пра Гродзенскую вобласць, дзе асноўны ўклад у справу ўносяць усё ж раёны паасобку. Там бачная тэндэнцыя па стварэнні брэндавых мерапрыемстваў, у аснову якіх пакладзеныя тыя ці іншыя элементы НКС. Ёсць нават цэлы фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”, для ўдзелу ў якім калісьці перад кожным раёнам была пастаўлена задача адшукаць свае нематэрыяльныя культурныя каштоўнасці. Такім чынам, раённыя ўстановы культуры шчыльна ўзяліся за гэтую справу, знайшлі, вывучылі і апісалі тое адметнае, што ёсць у іх мясцовасці, і на гэты момант практычна кожны раён мае тыя ці іншыя святы, на якія запрашаюцца госці, на якія прыязджае многа наведнікаў і турыстаў.

А вось вобласці, дзе народныя традыцыі ў жывым існаванні захаваліся найбольш, — Гомельская, Брэсцкая — асноўную адказнасць ускладаюць на супольнасці носьбітаў, на самі фальклорныя калектывы. І на Гомельшчыне сапраўды — у Веткаўскім раёне на “Ваджэнне стралы” выходзяць цэлымі вёскамі, у Лельчыцкім раёне абрад гукання вясны “Чырачка” захоўваюць некалькі калектываў, на “Стрэчанне” ў Новым Палессі людзі едуць нават здалёк, і гэтак далей. Менавіта ў Лельчыцкім раёне ў найбольшай ступені захавалася і традыцыя бортніцтва — цяпер там у маі праводзіцца “Свята пчол” у Сусветны дзень пчол — разам з мясцовымі ўстановамі культуры і з мінскімі маладымі аматарамі-бортнікамі са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. І падобных прыкладаў шмат.

“Пятровіца”, “Дрыбінскія таржкі”, “Стрылка”…

Паглядзім, што ж у Мінскай вобласці. У адрозненне ад Віцебскай і Гродзенскай, дзе ў гэты працэс мэтанакіравана ўключаюцца ўсе раёны, тут гаворка ідзе пра асобныя мясціны. Як прыклад, варты пераймання і вывучэння тымі, хто не ведае, як сваю мясцовую традыцыю вывесці на шырокую публіку і прывабіць турыстаў, мы ўжо згадвалі аграгарадок Семежава ў Капыльскім раёне з яго абрадам “Цары” і яго найцікавейшым Цэнтрам ткацтва, дзе захоўваецца выраб традыцыйных бела-чырвоных рушнікоў. А яшчэ і Любанскі раён у Мінскай вобласці сапраўды можа пахваліцца ўдалай практыкай аховы і выкарыстання элементаў НКС. Пад кіраўніцтвам этнахарэографа Сяргея Выскваркі, супрацоўніка Любанскага раённага Цэнтра культуры, там даўно ўжо знойдзены і адроджаны сотні беларускіх танцаў, захоўваюцца спеўныя традыцыі — ажно тры фальклорныя калектывы ўключаныя ў лік носьбітаў мясцовага спеўнага стылю. Нядаўна статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымала традыцыя вырабу хлеба ў вёсках Жораўка і Кузьмічы.

— У любанскай практыцы ёсць і арганізацыя летніка традыцыйнай культуры, — адзначае Алена Каліноўская. — Але тут заслуга ўжо не толькі раённых устаноў культуры, але і іх маладых выхаванцаў, сяброў Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Фэст традыцыйнай народнай культуры “Пятровіца” ідзе цягам прыкладна тыдня, і ўсе жадаючыя могуць паглыбіцца ў мясцовыя традыцыі, вывучыць танцы і майстэрства вырабу хлеба, пабываць на майстар-класах па выцінанцы, вышыўцы і спевах, і многае іншае. Летнік завяршаецца ўласна святам “Пятровіца”, якое энтузіясты аднавілі паводле ўспамінаў носьбітаў з вёскі Шыпілавічы.

Летась “Пятровіца” не адбылася ў сувязі з каранавірусам, як і цэлы шэраг іншых фестываляў і святаў, але звычайна гэтае мерапрыемства збірае вялікую колькасць людзей, якім прапануецца літаральна акунуцца ў традыцыйнае народнае асяроддзе. І такі падыход да турызму зараз найбольш папулярны ва ўсім свеце — калі турызм, так бы мовіць, крэатыўны, а турыст сам становіцца ўдзельнікам і творцам, а не проста гледачом.

На каго і на чыю практыку варта звярнуць увагу ў Магілёўскай вобласці? Напрыклад, Дрыбінскі раён мае два элементы НКС — выраб валёнак і выраб лапцей, і можа пахваліцца цікавай формай супрацоўніцтва мясцовага музея і “Сядзібы шапавалаў” у вёсцы Пакуцце. Разам яны ўдзельнічаюць у фестывалі “Дрыбінскія таржкі”, на якім максімальна паказваюцца дасягненні мясцовых майстроў: фестываль з вялікай насычанай праграмай і для дзяцей, і для дарослых, з многімі крэатыўнымі прыдумкамі — натуральна, ён вабіць турыстаў.

Калі на Брэстчыне захочацца адшукаць яскравы і ўдалы прыклад таго, як элементы НКС і ўвогуле народныя традыцыі становяцца натхняльнікамі і рухавікамі турыстычнай дзейнасці, то ў першую чаргу прыгадаецца, канешне, міжнародны кулінарны фестываль “Мотальскія прысмакі”. У інвентары НКС ў Моталя пакуль толькі адзін элемент — вясельная каравайная традыцыя, але суправаджаецца яна на свяце відовішчным абрадам, а Мотальскі музей народнай творчасці прапануе сваю насычаную праграму, ёсць і песні, і танцы, і ўсе астатнія традыцыі гэтых мясцінаў. Турыстаў чакае мноства ўражанняў.

— Моталь якраз і дэманструе адзін з прынцыпаў аховы спадчыны, — тлумачыць вядучы спецыяліст Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКіМ Алена Каліноўская. — Калі не адзін нейкі элемент ахоўваецца і зберагаецца, а ствараецца цэлае асяроддзе, каб элементы былі разам з астатняй традыцыйнай культурай, уласцівай тым ці іншым мясцінам.

Таксама на Брэстчыне захоўваецца і карагодная традыцыя, калі на адкрытых прасторах людзі ўтвараюць вялікія карагоды, і робяць гэта так, як было заведзена яшчэ ў продкаў. У Драгічынскім раёне ў знакамітай вёсцы Бездзеж (цяпер гэта аграгарадок) падтрымліваецца традыцыя веснавога абрадавага карагода “Стрылка”: на першы дзень Вялікадня ў Бездзеж прыязджае мноства гасцей вадзіць карагоды. Падобная ж традыцыя жыве і ў вёсцы Пінкавічы каля Пінска.

У Гомельскай вобласці многа прыкладаў шматлюдных і найцікавейшых святаў. Тое ж “Ваджэнне стралы”, “Юр’я”, дзесяць гадоў таму моладзь аднавіла абрад “Ваджэнне Сулы” ў вёсцы Маркавічы Гомельскага раёна… Тут нават нечаканыя праблемы бываюць — калі турыстаў не мала, а ажно зашмат.

— На “Юраўскі карагод” у вёску Пагост Жыткавіцкага раёна турысты едуць мэтанакіравана, — расказвае Алена Каліноўская. — І перад мясцовымі арганізатарамі і ўладамі там ужо паўстае пытанне: як іх прыняць, як зрабіць так, каб з аднаго боку ўсё паказаць, а з другога — каб натоўп турыстаў не перашкаджаў самому абраду, які ладзяць вяскоўцы. Бо калі на поле, уявіце, разам з карагодам выбягаюць і турысты са сваімі смартфонамі, і дзясятак фотакарэспандэнтаў і відэааператараў, то атрымліваецца толькі вытаптанае поле і кепска бачны карагод.

Пра тое, як прымаць турыстаў і дзе іх размяшчаць, думаюць шмат дзе, перш чым узяцца ладзіць які фэст. Гасцініц і турыстычных комплексаў мала. Бо для турызму недастаткова толькі наяўнасці цікавага элемента народнай культуры — павінна быць і належная інфраструктура.

Спевы “ў перахлёст” і іншыя

На яшчэ адну праблему звярнула ўвагу даследаванне Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКіМ, тычыцца яна выканальніцкіх мастацтваў: “Аналіз паказаў, што сярод элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія амаль не выкарыстоўваюцца ў турыстычнай дзейнасці, аказалася і большасць выканальніцкіх мастацтваў, сярод якіх адметныя спеўныя, танцавальныя, апавядальныя традыцыі. Таму выклікае занепакоенасць, што сёння фактычна адсутнічаюць формы прэзентацыі традыцыйнага спеўнага мастацтва для шырокіх колаў грамадства”. Хаця здавалася б — у нас столькі народных фальклорных калектываў, і яны так часта выступаюць! Але гэта на погляд недасведчанага чалавека. Бо толькі асобныя з іх падтрымліваюць народную старадаўнюю традыцыю і таму маюць статус элемента НКС ці могуць на яго прэтэндаваць у будучыні. У Дзяржаўным спісе трохі больш за дзясятак выканальніцкіх мастацтваў, і, на думку аўтараў даследавання, яны недастаткова прадстаўлены ў публічнай прасторы. А ёсць жа такія ўнікальныя калектывы як “Таняжанка” і “Палескія напевы” з Лельчыцкага раёна, год таму спіс узбагаціўся “спевамі ў перахлёст” з вёскі Багатырская Полацкага раёна, і гэтак далей.

І іншыя звесткі і высновы — якія практыкі і традыцыі маюць большы патэнцыял, на што варта звярнуць увагу, у якіх турыстычных маршрутах прысутнічаюць элементы НКС і якія інтэрактыўныя формы знаёмства з імі распрацаваны, і спіс найлепшых фестываляў і падзей абласнога і раённага ўзроўняў — усё гэта можна знайсці ў апублікаваным на сайце “Жывая спадчына Беларусі” матэрыяле. Канешне, ён можа быць цікавы не толькі спецыялістам са сферы культуры, але ім у першую чаргу. І зразумела, на сайце можна прачытаць пра значна больш прыкладаў паспяховых практык аховы нематэрыяльна-культурнай спадчыны ў параўнанні з тым, што мы здолелі згадаць у межах аднаго артыкула. Бо сапраўды, працэс ідзе, а цікавасць да гэтай сферы вялікая.