Што тоіцца за плямамі фарбы?

№ 6 (1497) 06.02.2021 - 13.02.2021 г

Майстар, які не грэбуе... смеццем
Мастаку Алесю ФАЛЕЮ, мабыць, як нікому іншаму ўдаецца увасабляць той аголены нерв авангарда, які наўрад ці адчуеш у акадэмічных музейных экспазіцыях заходніх музеяў, дзе гэты накірунак сёння актыўна прадстаўлены. Асабліва той нерв адчувальны ў яго асамбляжах і інсталяцыях, матэрыялы для якіх аўтар часцяком знаходзіць на сметніку. Гэтыя творы можна назваць своеасаблівым працягам яго экспрэсіўнага абстрактнага жывапісу — прыклад таго, калі карціна выходзіць за ўласныя рамкі і набывае аб’ём. І наўрад ці хто назаве тыя “трэш-творы” неэстэтычнымі. Здаецца, усё акурат наадварот: яны ўсцяж прасякнутыя эстэтыкай — праўда, да вычварнасці своеасаблівай. Ідэю ў большасці выпадкаў расшыфраваць немагчыма — на тое яна і абстракцыя. Але аўтар валодае выбітнай здольнасцю прымушаць матэрыял — хай гэта будуць фарбы, або, скажам, іржавая бляха — гаварыць самому за сябе. Мабыць, менавіта гэта найперш і прываблівае нават вельмі спакушаных у сучасным мастацтве гледачоў. Звязаўшыся віртуальна з мастаком, меркаваў заспець яго ў родных Баранавічах — але ён адказаў мне з іншай краіны, з Чарнагорыі, дзе мае неблагую славу.

— Звычайны шлях беларускага мастака — вучэльня або Парнат, потым Акадэмія. Але ў вас ён, наколькі я разумею, не надта тыповы…

— Думаю, усё ад мамы. Я нарадзіўся ў далёкім 1959 годзе ў вёсцы Задзвея непадалёк ад Баранавічаў, там і гадаваўся. Час майго дзяцінства — мякка кажучы, не самы заможны, але ж пластылін ды алоўкі ў нашым доме былі заўсёды. Ды і мама мая — асоба творчая: у маладосці яна аздабляла шыбы яркімі малюнкамі з букетамі кветак!

/i/content/pi/cult/836/17821/7_1.jpg

Што да адукацыі… Яна ў мяне мо і нетыповая, але ўсё ж мастацкая. Скончыў я Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці па спецыяльнасці “мастацкае праектаванне вырабаў тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці”. І быў там на добрым рахунку. Ужо ў студэнцкія гады Музей сучаснага выяўленчага мастацтва набыў у сваю калекцыю мой габелен. А ў выпускны 1992 год я стаў лаўрэатам студэнцкай выставы ў Віцебску.

— А ці паўплывала такая прыкладная, здавалася б, адукацыя на вашу цяперашнюю творчасць?

— Так, нават вельмі! У інстытуце ў мяне былі выдатныя выкладчыкі — самі па сабе добрыя мастакі. Дзякуючы ім я спасцігнуў паняцці стылізацыі, кампазіцыі, колеру — і наогул свабоды мастацкага мыслення. А гэтае паняцце мае ўніверсальны характар ды не надта залежыць ад сферы яго прымянення.

— Здавалася б, у тыя гады, нішто не прадвяшчала вашага захаплення “ўпадніцкай”, як пісалі ў савецкіх газетах, эстэтыкай…

— Вы не паверыце, але ў студэнцкія гады я быў утрапёным рэалістам! Прычым гэта ў мяне, скажу без лішняй сціпласці, нядрэнна атрымлівалася. Ужо на другім курсе я ўдзельнічаў у рэспубліканскай выставе — што ў тыя гады для студэнта было амаль нерэальна. Праца тая называлася “Красналукі”. Там пакошаны плот, дрэвы, жывапіснае месіва зямлі і калюжынаў… Магчыма, з мяне атрымаўся б добры рэалістычны мастак — каб не адзін выпадак.

/i/content/pi/cult/836/17821/7_2.jpg

Адным сонечным летнім днём я мімаходзь завітаў у майстэрню аршанца Боры Іванова. Разглядаючы яго працы, адчуў, як па спіне ажно мурашкі прабеглі — настолькі моцнымі былі мае ўражанні. Чым мяне гэтак зачапілі тыя фігуратыўна-дэкаратыўныя кампазіцыі? Ды найперш сваім духоўным напаўненнем, якому аўтар аддаваў выразную перавагу перад усім іншым. З таго дня ў маёй свядомасці нешта памянялася. Працы ў рэалістычным кірунку паступова сталі адыходзіць на другі план. Пачаліся эксперыменты, няўрымслівыя пошукі сябе… І так ужо недзе 25 гадоў!

— Не шкадуеце цяпер, што не той шлях абралі?

— Не, бо гэты шлях — мой. Калі б хто з мастакоў ведаў, як яно трэба насамрэч, як яно павінна быць “правільна”, дык без ваганняў бы тое рабіў. Але я адказаў не маю, вось і даводзіцца іх несупынна шукаць. Ды і сёння не магу назваць сябе адэптам таго ці іншага канкрэтнага напрамку. Проста так склалася, што абстрактнае, беспрадметнае мастацтва мне бліжэй. Але гэта не значыць, быццам я лічу яго “адзіным верным”.

— А наколькі на вашыя пошукі паўплывалі дадаісты ды іншыя авангардысты — асабліва рух arte povera?

— Не магу сказаць, што заходняе мастацтва надта на мяне паўплывала. Па адной простай прычыне: у гады маёй маладосці паспрабуй ты знайсці пра яго інфармацыю — яна практычна да нас не трапляла. Затое я шмат спасціг дзякуючы працам Малевіча, Кандзінскага, Шагала — усё ж, яны былі больш даступнымі за тое ж arte povera. А збольшага неяк яно само, сваім ходам…

— Што тоіцца за плямамі фарбы на вашых палотнах: ідэі або эмоцыі?

— Я неяк аднойчы зразумеў, што працы трэба пісаць не столькі розумам, колькі сэрцам. Чым менш ты імкнешся прыўнесці ў твор нейкія думкі, тым больш іх там у выніку апынаецца. Таму імкнуся ўсё рабіць на падсвядомым узроўні. Каштоўнасць працы, на мой погляд, заключаецца ў эмацыйным, духоўным і экспрэсіўным напаўненні. Калі твор адбыўся, у ім нараджаецца цэлы свет, космас.

/i/content/pi/cult/836/17821/7_3.jpg

— Большасць вашых работ нават назвы не маюць, і праінтэрпрэтаваць іх вельмі праблематычна…

— Але гэта не перашкаджае разуменню. Многія бачаць у іх нешта кранальнае, трагічнае… Нейкую маю непасрэдную рэакцыю на ўласныя адчуванні ад гэтага свету. І ў значнай меры такія гледачы маюць рацыю.

— Чым вас прывабліваюць рэчы, пазбаўленыя сваіх першасных функцый? І па якіх прыкметах вы іх абіраеце, каб надаць ім новае, мастацкае значэнне?

 — Я выкарыстоўваю ў сваіх працах абсалютна любы матэрыял, няма ніякіх рамак або абмежаванняў. І вельмі часта гэта тыя рэчы, якія ўжо былі ва ўжытку. Яны паспелі набрыняць глыбокім духоўным зместам, увабралі ў сябе сваю эпоху і час. Зразумела, новая ікона адрозніваецца ад намоленай стагоддзямі. Зразумела, што гартаючы пажоўклыя старонкі старога фаліянту, ты атрымаеш зусім іншыя ўражанні, ніж ад новай кнігі. Але ж тое самае можна сказаць літаральна пра кожную рэч — скажам, чайнік або пральную машыну. Цягам гадоў яны назапашваюць нейкую энергію, інфармацыю — гэта нават вонкава адлюстроўваецца, у адценнях колераў, якія набывае іх паверхня. Як мастак я вельмі востра тое бачу.

— Вы жывяце ў невялічкім горадзе, дзе наўрад ці ёсць насычанае мастацкае жыццё. Для творчасці такое адлюдніцтва — гэта добра ці не?

— Як па мне — вельмі нават няблага. Ты маеш удосталь часу, каб занурыцца ў сваёй майстэрні ды працаваць, і ніякая мітусня цябе ад гэтага не адцягвае. Вядома, камунікацыя з іншымі мастакамі таксама патрэбная, але хіба толькі ў меру. Мне яе хапае.

— І дапамагае тут, вядома, Інтэрнэт. Вашы творы ў сацсетках “лайкаюць” сотні людзей з усяго свету. Ці спрыяе віртуальная папулярнасць нейкім канкрэтным праектам — скажам, запрашэнню на выставы?

— Я быў сам здзіўлены, калі два гады таму праз Інтэрнэт мяне знайшоў знакаміты расійскі галерыст Марат Гельман, які цяпер перабраўся ў Чарнагорыю, ды прапанаваў мне папрацаваць колькі месяцаў ў Будве — першаму з беларускіх мастакоў. Акурат днямі пабываў у яго галерэі — і быў агаломшаны ад шчасця, даведаўшыся, што там цэлая зала аддадзеная пад мае творы.

А наогул выставаў ды пленэраў у маёй біяграфіі ўжо недзе з пару соцень, і збольшага за мяжой. Ды і цяпер я вам адказваю з Чарнагорыі, дзе працую ўжо не ўпершыню. Тут цёпла, горы, вінаграднікі, прыгожае бязлюднае месца. Адзін мецэнат стварыў тут свайго кшталту гатэль для мастакоў і запрасіў мяне туды.

— У вашай біяграфіі згадваецца званне “Майстар”, атрыманае на міжнародным фэсце ў Санкт-Пецярбургу. Але ці можна стаць майстрам, працуючы са смеццем?

— Думаю, так. Раней у мяне была адна ўдалая праца з дзесяці, а цяпер атрымліваюцца ўжо недзе дзевяць. Гэта досвед, прафесіяналізм. Я менш хістаюся, менш раблю памылак…

/i/content/pi/cult/836/17821/7_4.jpg

Звычайна творы Алеся Фалея назвы не маюць.

— Цікава, а які ў дадзеным выпадку крытэрый “удаласці”? Па чым вы мяркуеце, што праца атрымалася? Пагатоў, традыцыйны паняційны апарат мастацтвазнаўцы тут наўрад ці прымяняльны.

— А хто вам сказаў, што ў маіх творах няма, скажам, кампазіцыі? Гэта няпраўда! У іх ёсць усе тыя параметры, якія характэрныя для класічнага твора — хіба, можа, выяўленыя яны па-іншаму. Таму я перакананы, што да абстрактнага жывапісу таксама могуць дапасоўвацца такія паняцці, як майстэрства і прафесіяналізм.

— Адпаведна, вы лічыце, што ў мастацтве ёсць нейкія ўніверсальныя прынцыпы, агульныя для ўсіх эпох і стыляў?

— Ведаеце, нехта гаворыць па-беларуску, нехта па-англійску… Калі ты замежную мову не ведаеш, дык і сэнсу сказанага не зразумееш, а незнаёмыя словы могуць падацца табе грубымі ды недарэчнымі. Хаця, вядома ж, кожная мова па-свойму прыгожая. Дый кажуць людзі часта пра адныя і тыя самыя рэчы, важныя для ўсіх часоў ды народаў. Тое самае і ў мастацтве.

Фота з архіва мастака