Гомельшчына. Каб засведчыць самадастатковасць

№ 41 (859) 11.10.2008 - 17.10.2008 г

Летась Гомельшчына пяты раз за сем гадоў заняла першае месца ў рэспубліканскім спаборніцтве на лепшую арганізацыю работы ўстаноў культуры і мастацтва па канцэртным і тэатральным абслугоўванні сельскага насельніцтва. Выніковым для вобласці стала і леташняе спаборніцтва па эканоміі рэсурсаў: Упраўленне культуры Гомельскага аблвыканкама ў намінацыі “Пераможца па эканоміі рэсурсаў сярод упраўленняў культуры” прызнана лепшым, а Гомельскі дзяржаўны цырк перамог па энергазберажэнні сярод тэатральна-відовішчных арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству культуры.

Для захавання і ўзнаўлення аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Гомельшчыны выдаткавана 5,4 млрд. рублёў, у тым ліку за кошт рэспубліканскага бюджэту — 2,6 млрд., абласнога — 2,8 млрд. У пералік аб’ектаў рэстаўрацыі ўключаны Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, будынак колішняга калегіума езуітаў і стаянка першабытнага чалавека ў вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна, сядзібны дом у Красным Беразе Жлобінскага раёна, палацава-паркавы ансамбль у Нароўлі. Сёлета на гэтыя мэты выдзелена 2,9 млрд. рублёў з абласнога бюджэту і 3,5 млрд. з рэспубліканскага.

У вобласці адкрыты карцінная галерэя краязнаўчага музея ў Рэчыцы, раённыя гісторыка-краязнаўчыя музеі ў Буда-Кашалёве, Добрушы, Петрыкаве, Музей “Трагедыя Чарнобыля” ў вёсцы Судкова Хойніцкага раёна. Створаны новыя музейныя экспазіцыі ў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установе “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”, Рэчыцкім краязнаўчым музеі.

Капітальна адрамантавана абласная універсальная бібліятэка. За першае паўгоддзе на камплектаванне бібліятэчных фондаў накіравана 27,3% сродкаў ад аб’ёму фінансавання бібліятэк. Камп’ютэрызавана 179 бібліятэк Гомельшчыны. Сёлета з абласнога бюджэту выдаткавана 70 млн. рублёў на набыццё аўтаклубаў і камп’ютэраў для сельскіх бібліятэк і музеяў. 23,9 млрд. рублёў выдзелена ў 2008 годзе на рамонт і будаўніцтва сельскіх устаноў культуры.

Летась Гомельшчына пяты раз за сем гадоў заняла першае месца ў рэспубліканскім спаборніцтве на лепшую арганізацыю работы ўстаноў культуры і мастацтва па канцэртным і тэатральным абслугоўванні сельскага насельніцтва. Выніковым для вобласці стала і леташняе спаборніцтва па эканоміі рэсурсаў: Упраўленне культуры Гомельскага аблвыканкама ў намінацыі “Пераможца па эканоміі рэсурсаў сярод упраўленняў культуры” прызнана лепшым, а Гомельскі дзяржаўны цырк перамог па энергазберажэнні сярод тэатральна-відовішчных арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству культуры.

У 2007 годзе Гомельскаму палацава-паркаваму ансамблю прысуджана прэмія “За духоўнае адраджэнне”. Палацава-паркавы ансамбль стаў дыпламантам Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу “Пазнай Беларусь” як лепшы турыстычны аб’ект.

На пачатку лета ў Белай гасцёўні Палаца Румянцавых і Паскевічаў прайшла цырымонія ўручэння пасведчанняў стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі 18-ці выканаўцам і двум творчым калектывам Гомельшчыны.

Сёлета ўзорная студыя цыркавога мастацтва “Арэна” з Мазыра атрымала дыпломы першай ступені і фестывальную карону Сусветнага маладзёжнага карнавалу-фестывалю “Арфей у Італіі”. А харэаграфічны ансамбль Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў заваяваў Гран-пры ў намінацыі “Народны танец” на рэспубліканскім конкурсе маладзёжных выканаўцаў “Шаную цябе, Беларусь!”.

Усе 13 удзельнікаў гомельскай дэлегацыі, якая прадстаўляла Беларусь на Міжнародным музычным фэсце “Закарпацкі Эдэльвейс-2008”, сталі пераможцамі ў інструментальных і вакальных намінацыях. Творчую дэлегацыю ўзначальваў саліст абласной філармоніі, вядучы майстар сцэны Т.Анціпаў. А саліст філармоніі С.Якуш заняў другое месца на фестывалі расійскай песні ў Зялёнай Гуры.

Узорны ансамбль “Золак” Гомельскай дзіцячай харэаграфічнай школы атрымаў Гран-пры Міжнароднага адкрытага конкурсу харэаграфічных калектываў “Новы век: погляд у будучыню-2008”. 748 удзельнікаў з 32 краін бралі ўдзел у Міжнародным конкурсе камернай ансамблевай музыкі, што праходзіў летась у Японіі. Інструментальны ансамбль “Лірыца” Гомельскай абласной філармоніі ўвайшоў у дзесятку лепшых удзельнікаў. Статуэтку “Ніка” і лаўрэацкі дыплом прывёз Мазырскі драмтэатр імя І.Мележа з Міжнароднага фестывалю этнічных тэатраў, які ладзіўся ва Украіне.

Народны духавы аркестр Ельскага ГДК заваяваў другое месца на фестывалі духавой музыкі ў Валадарску-Валынскім (Украіна).

Шмат творчых дасягненняў і ў народных майстроў вобласці. На Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Вясновы букет” у Мінску лепшымі ў лозапляценні прызнана сям’я Шафарэнкаў, у мастацкай апрацоўцы дрэва — В.Расолаў, у ганчарстве — Я.Канавалава, у ткацтве і вышыўцы — Л.Кавалёва.

На высокім узроўні, як і заўжды, прайшлі ў Акцябрскім раёне Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, у Калінкавіцкім раёне — Рэспубліканскі фестываль народнага гумару “Аўцюкі”, у Гомелі — Міжнародны фэст харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод”. З 7 па 21 верасня бягучага года ў Дзяржаўнай выставачнай зале Паўднёва-Заходняй адміністрацыйнай акругі Масквы ладзілася дакументальна-мастацкая выстаўка “Гісторыя і культура Гомельшчыны”.

(Звесткі прадастаўлены Упраўленнем культуры Гомельскага аблвыканкама)