Крок да моманту ісціны

№ 6 (1497) 06.02.2021 - 13.02.2021 г

Ляхавіччына шануе памяць славутага земляка
“У якой бы краіне свету ні давялося быць, усё параўноўваў са сваімі Федзюкамі”, — пісаў у аўтабіяграфічнай “Споведзі” знакаміты беларускі кінарэжысёр Міхаіл Пташук. Федзюкі — вёска ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, дзе рэжысёр нарадзіўся і вырас. Былі потым розныя сталіцы свету, былі слава і званне народнага артыста Беларусі, былі дзяржаўныя прэміі і перамогі на вялікіх кінафестывалях. А думкі пастаянна вярталі ў родную вёску. Жыццё Міхаіла Пташука абарвалася ў аўтакатастрофе ў 2002 годзе. І цяпер на яго роднай ляхавіцкай зямлі штогод, на дзень нараджэння рэжысёра 28 студзеня, адбываюцца памятныя святочныя падзеі. І сёлета цэлы Тыдзень памяці Міхаіла Пташука прайшоў на Ляхавіччыне.

Міхаіл Пташук — адзін з самых слынных кінарэжысёраў Беларусі, яго фільмы — у залатым фондзе беларускага кіно. Адна з апошніх стужак  — “У жніўні 44-га…” — папулярна і зараз, не пакідае экранаў тэлебачання. Фільмы паводле твораў нашых выдатных беларускіх пісьменнікаў — “Знак бяды” Васіля Быкава, “Вазьму твой боль” Івана Шамякіна, “Чорны замак Альшанскі” Уладзіміра Караткевіча — маюць для беларусаў асаблівую каштоўнасць. Дарэчы, “Вазьму твой боль” у 1980 годзе здымаўся і ў родных для рэжысёра Федзюках, вяскоўцаў нават можна ўбачыць сярод масоўкі. І абавязкова кожную сваю новую стужку рэжысёр прывозіў паказваць аднасяльчанам.

/i/content/pi/cult/836/17814/11_1.jpg

У 2002 годзе, пасля некалькіх месяцаў, праведзеных у Злучаных Штатах Амерыкі, дзе ішлі здымкі фільма “Імя ружы” (ён потым атрымаў назву “У чэрвені 41-га”), Міхаіл Пташук прыляцеў у Маскву на цырымонію ўручэння прызоў “Ніка” ад Расійскай кінаакадэміі — стужка “У жніўні 44-га” была намінавана ажно ў шасці катэгорыях. Але позна ўвечары 26 красавіка здарылася аўтакатастрофа, у якой рэжысёр загінуў. Было яму 59 гадоў.

Сям’я яго — жонка, дачка — жыла ў Мінску, маці за некалькі гадоў да таго пакінула свет, а бацька памёр яшчэ ў 1946-м, прыйшоўшы з фронту інвалідам. Родная хата ў Федзюках пасля гібелі рэжысёра — звычайная сялянская хата — стаяла сабе і пакрысе трухлела. Але неабыякавыя людзі з саміх Федзюкоў, з Конькаўскай школы, якая раней была Федзюкоўскай, з сярэдняй школы №13 Баранавічаў, дзе будучы рэжысёр вучыўся ў старэйшых класах і пасля заканчэння якой паехаў паступаць у Маскву на рэжысёра, супрацоўнікі культурных устаноў раёна, і, урэшце, раённая адміністрацыя пэўны час таму хаткай заняліся. У 2010-м на доме з’явілася памятная шыльда, на якой напісана: “Тут нарадзіўся і жыў кінарэжысёр, народны артыст Беларусі Міхаіл Пташук”, а непадалёк у тых жа Федзюках быў усталяваны паклонны крыж, у падножжы якога надпіс: “У славу Божую, і ў памяць кінарэжысёра Міхаіла Пташука, ураджэнца вёскі Федзюкі Ляхавіцкага раёна”. У Ляхавічах і Баранавічах цяпер ёсць вуліцы Міхаіла Пташука.

Зараз вакол дома вядуцца невялічкія рамонтныя работы, нарэшце быў вырашаны яго прававы статус — цяпер ён перададзены ва ўласнасць Конькаўскага сельсавета, да якога належыць вёска Федзюкі. І, як паведаміў на мітынгу-рэквіеме “Чалавек, які хацеў жыць і ствараць…”, што адбыўся 28 студзеня ля гэтага дома, старшыня Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса, у далейшым запланаваны рамонтныя работы ўнутры дома, электрыфікацыя, аднаўленне пячнога ацяплення і афармленне ў доме музейнага пакоя. “Сёння для нас дом, у якім нарадзіўся і вырас Міхаіл Пташук, неацэнная культурная спадчына, і наш абавязак — узяць на сябе адказнасць за яго добраўпарадкаванне і захаванасць”, — дадаў Леанід Іосіфавіч.

/i/content/pi/cult/836/17814/11_2.jpg

Мітынг-рэквіем “Чалавек, які хацеў жыць і ствараць...”

Плануецца, што домік стане сапраўднай выдатнай, памятнай мясцінай на карце Ляхавіччыны, увойдзе ў спіс аб’ектаў, якія наведваюць турысты. Дачка Міхаіла Пташука Анжаліка перадасць для музейнага пакоя і старыя плакаты, і многае іншае, што мае дачыненне да памяці пра яе бацьку. А інтэр’ер хаткі і застанецца такім, якім быў: гэты момант істотны, бо неаднойчы адзначалася, што ў фільмах рэжысёра ўсе сялянскія хаты выглядалі як яго родная, федзюкоўская. І сам Міхаіл Пташук у дзённіках пісаў:

“Калі ўважліва паглядзець мае фільмы, можна пераканацца, што ў кожным з іх адна і тая ж хата па планіроўцы. Калі чытаў аповесць “Знак бяды”, бачыў свой дом, у якім вырас і з якога так рана пайшоў “у людзі”, бачыў, як героі Васіля Быкава ходзяць па маім доме. Я ведаў кожны рух Сцепаніды са “Знака бяды”, кожны рух Івана Батрака з шамякінскага рамана “Вазьму твой боль”. Нічога не трэба было прыдумляць — усе героі рухаліся па маім федзюкоўскім доме…”

Натуральна, на захаванне памяці пра свайго славутага земляка, які зрабіў такі значны ўнёсак у беларускае мастацтва, многа гадоў працуюць і культурныя ўстановы Ляхавіччыны. Сёлета адзначаўся 78-ы дзень нараджэння Міхаіла Пташука, а цяпер, паводле слоў дырэктара ДУК “Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная клубная сістэма” Юрыя Грыня, яны ўжо ў думках, як ім яскрава і гучна адзначыць 80-годдзе з дня нараджэння рэжысёра, бо гэта сапраўды павінна быць нешта адметнае. Але і сёлета ўвесь тыдзень культурныя і адукацыйныя ўстановы Ляхавіччыны ўспаміналі рэжысёра. У Ляхавіцкай цэнтральнай бібліятэцы імя Я. Купалы была зладжана інтэрактыўная вандроўка па старонках жыцця славутага земляка “Споведзь кінарэжысёра”, у Конькаўскай школе прайшоў вялікі Урок выдатнай асобы “Рэжысёр з вялікай літары”…

/i/content/pi/cult/836/17814/11_3.jpg

Дачка рэжысёра Анжаліка Пташук у хаце.

А цэнтральнымі падзеямі можна лічыць памятнае мерапрыемства ў Федзюках, на якім прысутнічалі не толькі жыхары вёскі — іх ужо і не так многа засталося, але і прадстаўнікі раённай адміністрацыі, вучні Конькаўскай школы, родныя Міхаіла Пташука. Сярод іншага, успамінамі пра бацьку, пра тое, як ён любіў свой родны вясковы дом, як прывозіў сюды сяброў і як ягоная маці частавала ўсіх запрошаных, як яму падабалася проста прыехаць пабыць у адзіноце ў яблыневым садзе, падзялілася дачка рэжысёра Анжаліка Пташук. Сама яна працуе рэжысёрам на Беларускім радыё.

А ў гарадскім Доме культуры Ляхавічаў адбыўся вечар памяці, гучалі не толькі прамовы і ўспаміны, але і песні з фільмаў Міхаіла Пташука ў выкананні артыстаў аматарскіх калектываў. Сцэны са стужак не толькі паказваліся на экране — народны тэатр “Дом Дыягена” Ляхавіцкага ГДК паказаў арыгінальную тэатральную пастаноўку — з эпізодаў фільмаў рэжысёра. Дарэчы, “Дом Дыягена” нядаўна атрымаў Гран-пры фестывалю “Тэатральнае Палессе”.

А яшчэ пад час вечарыны быў паказаны 15-хвілінны відэафільм “Наш славуты зямляк”, зроблены сіламі і па ініцыятыве Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Ляхавічаў, зняты ў вёсцы Федзюкі. Асабліва кранальны завяршальны эпізод відэафільма — дзеянне адбываецца ў бацькоўскай хаце рэжысёра: акцёры-аматары з Конькаўскага сельскага Дома культуры інсцэніравалі размову Міхаіла Пташука і яго маці, і абапіраліся пры гэтым на ўспаміны з кнігі “Міхаіл Пташук”.

/i/content/pi/cult/836/17814/11_4.jpg

Сцэна з фільма “Знак бяды” ад народнага тэатра “Дом Дыягена”.

А ўвогуле, многа пра родныя мясціны, пра Федзюкі можна пачытаць у кнізе-споведзі Міхаіла Пташука “І плач, і слёзы”. Першая глава ўспамінаў у рэжысёра называецца “Знак бяды”, а назва ўсёй кнігі ідзе ад яе літаральна першых радкоў. Нарадзіўся Міхаіл Пташук у 43-м годзе, калі Федзюкі былі пад акупантамі:

“Я вырас сярод слёз. Мне і дасёння здаецца, што вочы мае бачылі толькі слёзы, а вушы чулі толькі плач. Я бачыў і чуў іх у кожнай хаце: плакалі бабы, што засталіся ўдовамі пасля вайны, плакалі дзеці, што сталі сіротамі, плакалі бацькі, што страцілі сваіх дзяцей. У Федзюках не было дома без сірот. Такім домам быў і наш…”

І можна патлумачыць неўразуменне вяскоўцаў, калі гэты вялікі рыжы хлапец захацеў стаць рэжысёрам. Усе дзівіліся — адкуль, што? Як ён асмеліўся паехаць у Маскву, як здолеў паступіць у адну з самых прэстыжных за савецкім часам навучальных устаноў — Вышэйшае тэатральнае вучылішча імя Б. Шчукіна, асабліва пасля таго, як яго адлічылі з мінскага тэатральна-мастацкага інстытута? Якім чынам так хутка пачаў атрымліваць прызы на фестывалях і стаў цэлай эпохай для беларускага кінематографа? Адкуль і што ўзялося — адказ таксама можна знайсці ў аўтабіяграфічнай кнізе “І плач, і слёзы”. Узялося, канешне ж, з дзяцінства, з Федзюкоў:

“О, гэта старая-старая гісторыя. І пачынаецца яна ў дзяцінстве. Калі ў маю родную вёску прывозілі кіно, я першым імчаў за белым палатном для экрана, што дазваляла глядзець кіно бясплатна. Гэта былі самыя шчаслівыя імгненні! Потым да нас прыехаў тэатр, і я глядзеў спектаклі. А пасля — памятаю, як быццам учора гэта было — падышоў да акцёраў і сказаў, што тыя не так іграюць! Рэжысёр тэатра пагадзіўся і заўважыў: “Быць табе рэжысёрам!” Маленькі вясковы хлапчук і сам яшчэ не ведаў, што зрабіў першы крок да сваёй будучыні”.

Дзякуем за прадастаўленыя фота газеце “Ляхавіцкі веснік”.

Фота Сяргея Варановіча