Прынамсі, менавіта такой бачаць бліжэйшую перспектыву развіцця раёна культасветнікі Шаркаўшчыны. Балазе няма ў іх патрэбы выдумляць брэнды-сімвалы. Маляванкі Язэпа Драздовіча, што захоўваюцца ў Музеі мастацтва і этнаграфіі вёскі Германавічы, і яблыкі Івана Сікоры, якія вырошчваюцца ў садзе Мемарыяльнага музея імя знакамітага селекцыянера ў вёсцы Алашкі, не адно дзесяцігоддзе выконваюць гэтуюролю. Вакол гэтых брэндаў мясцовыя культасветнікі імкнуцца весці мэтанакіраваную агульнакарысную дзейнасць. Пра важкія эканамічна-маральныя вынікі казаць, напэўна, зарана, але першыя крокі ў рэалізацыі справы даводзяць неабыякавасць мясцовых носьбітаў культуры.
Спектаклі на пленэры? А чаму б і не!
5 кастрычніка Германавічы адсвяткавалі ўласнае 445-годдзе і 120-годдзе з дня нараджэння мастака, скульптара, лінгвіста, гісторыка, этнографа, літаратара, астранома, настаўніка Язэпа Драздовіча. Хоць і нарадзіўся гэты выбітны чалавек у засценку Пунькі сённяшняга Глыбоцкага раёна, але Шаркаўшчыну наведваў даволі часта, бо маці ягоная, Язэфа Янаўна, арандавала тут зямлю. У вёсцы Сталіца Драздовіч стварыў школку з беларускай мовай навучання, а ў Германавічах — культурна-асветнае таварыства “Заранка”, пры якім дзейнічалі бібліятэка, дзве школы, аматарскі тэатр…
Дырэктар Музея мастацтва і этнаграфіі ў Германавічах Людміла Навіцкая. |
Вось тут, у музеі, і нарадзілася нечаканая думка пра тое, каб бабіным летам з нагоды народзін Драздовіча ладзіць ля музейных муроў тэатралізаваныя прадстаўленні пра гісторыю паселішча, слынных асоб, якія множылі славу гэтай зямлі. Таццяна Еўдакова загараецца ідэяй імгненна: “Сцэнарый напісаць — не праблема. І дэкарацый не трэба: колішні маёнтак графа Шырына, ягонае маляўнічае наваколле — найлепшы антураж для сучаснай сцэнічнай дзеі! А музыку напіша акампаніятар ДШМ Іван Русецкі (разам не адну песню склалі). І дзеткі-акцёры такой незвычайнай самарэалізацыяй цалкам будуць задаволены!”
Сапраўды, праект, так бы мовіць, надзвычай эсклюзіўны. А калі ўлічыць, што касцюмы для спектакля без праблем могуць вырабіць удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання “Гармонія” Германавіцкага СДК, дык рэалізацыя задумкі, як падаецца, можа ператварыцца ў з’яву не толькі вясковага і раённага маштабаў. Дарэчы, “Гармонія”, якой кіруе Вольга Сташкевіч, для мадэлей адметнага адзення выкарыстоўвае радно,поліэтылен, магнітафонную плёнку... Словам, матэрыяльныя ўкладанні — капеечныя. А на выхадзе — адмысловы арт-прадукт, які застанецца ў свядомасці спажыўца як лагічны духоўныМаляванкі Язэпа Драздовіча. |
Несумнена, любая культурная акцыя зацікавіць не толькі карэнных жыхароў, але і заезджых турыстаў, бо Германавічы — ледзь не асноўны пункт раённага турмаршруту, хоць і не распрацаванага да лагічнага канца ў плане эфектыўнай інфраструктуры, але дзейнага і перспектыўнага. Адзін толькі музей прымае штогод да трох тысяч наведвальнікаў. Але ёсць у Германавічах яшчэ адна цікавостка — філіял раённага Дома рамёстваў, які таксама немагчыма абмінуць. У кіраўнікоў установы ганчара Сяргея Рымдзёнка і ткачыхі Ганны Рымдзёнак (абодва ўваходзяць у раённы народны Клуб народных і самадзейных майстроў “Талака”) паміж сабой нават негалоснае спаборніцтва абвешчана: хто больш дыпломаў на прэстыжных конкурсах збярэ — муж ці жонка. Ганна летась перамагла на “Матчыных кроснах”. Сяргей заўжды ў ліку першых сярод майстроў на “Славянскім базары ў Віцебску”. Гэтым летам вучні з Міёраў спецыяльна завіталі на веласіпедах да германавіцкіх рамеснікаў: даведаліся пра мясцовае ганчарства, захацелі прыдбаць узоры для пераймання.
Касцёл Перамянення Гасподняга |
Маўляў, канцэрт у зале СДК — справа для паселішча будзённая, а вось выступленне на летнім ці восеньскім прыродным улонні— тая нешараговая адметнасць, якая стане яшчэ адным брэндам вясковага духоўнага асяроддзя. Маўляў, ёсць у горадзе вулічныя музыкі — дык чаму б іх не займець і на сяле? Гаворка не пра раённыя фестывалі, а пра планавыя яркія акцыі, якія патрабуюць не грашовых уліванняў, але прадуманай сцэнарна-рэкламнай стратэгіі. А выгада ад іх правядзення — відавочная: яшчэ адзін раённы брэнд, яшчэ адна нефармальная прынада для турыстаў, урэшце — яшчэ адзін від платных паслуг.
Начальнік аддзела культуры Сяргей Райчонак, які працуе на пасадзе першы год, перакананы, што аграгарадок “Германавічы” — адна з найпершых кропак прыкладання раённых сіл. І справа тут не ў СДК ці ДШМ, якія дзейнічаюць бездакорна: музей, у якім аж 116 твораў Драздовіча, не мае ні галерэі, ні фондасховішча.
Райчонак цяпер “прасоўвае” даволі слушную ідэю: у вёсцы ёсць пустуючыя памяшканні, дык чаму б не перавесці сюды дзіцячы садок, якія займае цяпер палову палаца графа Шырына, — музейная плошча павялічылася б удвая. І яшчэ адзін нявыкарыстаны рэзерв турыстычнай прывабнасці Германавічаў: граф Шырын быў вялікім эстэтам, любіў шпацыры ў маляўнічым дуброўным наваколлі ўласнага палаца. Захаваліся ля музея прыродныя валы і штучныя насыпы для няспешных прагулак па прымузейных да прыкасцельных землях. Добраўпарадкаваць тэрыторыю — і будзе гатова яшчэ адна прынада для вандроўнікаў, зацікаўленых маляванкамі Драздовіча. Сяргей Райчонак перакананы, што і тут можна абысціся без вялікіх грашовых сродкаў. Патрэбны толькі падтрымка мясцовай сельскай гаспадаркі ды энтузіязм сельсавецкіх улад ды вяскоўцаў.
Восеньскі яблык пахне летам На другім канцы раёна — невялічкая вёска Алашкі, знакамітая Іванам Паўлавічам Сікорам. Настаўнік, які за польскім часам выкладаў на Глыбоччыне па-беларуску, з пасады быў звольнены і распачаў займацца на радзіме садоўніцтвам і кветкаводствам. У час Вялікай Айчыннай быў сувязным партызанскай брыгады і працягваў селекцыйныя доследы. Пасля вайны адным з першых у Еўропе распрацаваў методыку лячэння і амаладжэння пладовых дрэў. За гады працы распаўсюдзіў па вобласці і Беларусі больш за 50 тысяч саджанцаў. Вывеў гібрыд, плады якога садоўнікі называлі яблыкамі ХХІ стагоддзя. Пасля смерці навукоўца сорт назвалі “Памяць Сікоры”...Дырэктар Мемарыяльнага музея садавода-селекцыянера І.Сікоры ў вёсцы Алашкі Вольга Вялічка. |
Дваццаць гадоў у Алашках дзейнічае Мемарыяльны музей садаводаселекцыянера І.Сікоры. Больш за 2 гектары займае сад. Менавіта тут у якасці навуковага музейнага супрацоўніка і распачынаў працоўны шлях сённяшні начальнік аддзела культуры Сяргей Райчонак. Добраўпарадкаванне тэрыторыі, летняя эстрада, альпінарый ды сажалка — ягоная ініцыятыва. Па сутнасці, уся вёска — своеасаблівая музейная зона. Кветкі, разведзеныя садоўнікам-самавукам, радуюць вока з вясны да позняй восені.
Кожны кветнік на вясковай вулачцы, кожны гародчык — і напамін пра самаахвярнасць Сікоры, і надзвычайная прыродная прыгажосць. Таму і не дзіўна, што па прапанове дырэктара раённага метадычнага цэнтра Ларысы Якубёнак штогод у музейным садзе ладзіцца раённае свята “Светлы яблычны Спас — сікораўскай душы часцінка”...
Дарэчы, пра Ларысу Якубёнак — гаворка асобная. За гады працы ў сферы культуры цудоўна зразумела, што такое раённы арт-прадукт і ягоная рэалізацыя спажыўцу. Менавіта яна, дасведчаная і няўрымслівая, прыдумала аматарскае аб’яднанне “Гармонія” Германавіцкага СДК, клуб народных майстроў “Талака”, фальклорны калектыў “Купалінка” Каўшэлеўскага СДК (усе яны сталі народнымі!) і клуб нацыянальнай кухні Радзюкоўскага сельскага дома культуры.
“Пагадзіцеся, на ініцыятыўныя кадры, здольныя на крэатыў у творчасці, дэфіцыту ў нас няма”, — сцвярджае Сяргей Райчонак. Ён мае рацыю. Як, зрэшты, і ў тым, што звычайнае, здавалася б, свята Спаса ў надзвычайным сікораўскім антуражы маляўнічых Алашак рана яшчэ рабіць абласным. Дырэктар Мемарыяльнага музея садоўніка-селекцыянера Вольга Вялічка распавядае, што пастаяннай аўтобуснай сувязі з Алашкамі няма, бліжэйшы прыпынак — у Жукоўшчыне, за 2,5 кіламетра ад музея. Але нават не ў гэтым справа: хоць і не ходзіць сюды аўтобус, але музей сёлета наведала амаль 2 тысячы экскурсантаў. Хвалюе тое, што сад, размешчаны больш чым на 2 гектарах, — састарэў. А малады, закладзены музейшчыкамі ў 1997-ым, як і гадавальнік сеянцаў ды саджанцаў, патрабуе пільнай увагі і грашовых укладанняў.
І садоўнік тут не перашкодзіў бы прафесійны, і набор адпаведнай тэхнікі быў бы дарэчы... Каб не знік вядомы яблычны брэнд, каб збіраліся тут не толькі творчыя калектывы Шаркаўшчыны (у тым ліку і шэсць народных і адзін узорны), але і вобласці, рэспублікі.
Як даказаць уласную неабходнасць?Малады начальнік аддзела культуры ў дзейнасці абапіраецца, натуральна, на досвед старэйшых таварышаў. Гэта не толькі кіраўнік РМЦНТ Ларыса Якубёнак, але і дырэктар раённага Дома культуры Галіна Русачонак, якая ў культуры — 30 гадоў. Вось менавіта з ёй мы і размаўлялі пра прэстыж работнікаў культасветы.
Узорны цыркавы калектыў РДК “Мара” — патэнцыйны творчы брэнд Шаркаўшчыны. |
Але каб паважалі культработніка, цанілі ды прыслухоўваліся, штодня трэба даказваць сваю патрэбнасць. Як?
Слушнымі творчымі праектамі і іх рэалізацыяй!” Напэўна, дакладней і не скажаш. Кіраўніца РДК ганарыцца падначаленымі: і крэатыўнымі рэжысёрамі Людмілай Казіцкай, Івіяй Шапяцько, і артыстычным мастацкім кіраўніком Жаннай Пундзіс, і кіраўніком народнага хору “Спадчына” Жаннай Русак, і віртуозным акампаніятарам і гукарэжысёрам Уладзімірам Пундзісам.
Калі гаварыць пра будучы турмашрут “Германавічы — Шаркаўшчына — Алашкі”, дык культурнае яго забеспячэнне, па словах начальніка аддзела культуры, у першую чаргу возьме на сябе РДК. Ёсць аўтаклуб, ёсць практыка мабільнага абслугоўвання любога па маштабе мерапрыемства. Калектывы здольныя зацікавіць любую аўдыторыю: у рэпертуары — і класіка, і эстрада, і фальклор, і цырк...
Узорны цыркавы калектыў “Мара” — тэма для асобнай гаворкі. На нядаўняй абласной калегіі Упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Шаркаўшчына была станоўча адзначана за самабытны цыркавы калектыў: маўляў, аналагічнага ў вобласці няма.
“Мара”, якой кіруе Віталь Дарашчонак (прафесійны фізкультурнік), існуе з 1989 года. Выхаванцаў — амаль тры дзесяткі. І дасягненняў у юных жанглёраў ды акрабатаў — процьма: лаўрэацтва на Рэспубліканскім фестывалі “Беларусь — мая песня”, уганараванне на тэлевізійных конкурсах маладых талентаў, выступленні на “Дажынках”, у Літве, на вобласці. Два хлопчыкі з “Мары” прайшлі адборачны тур для ўдзелу ў Дэльфійскіх гульнях сярод краін СНД. Майстэрства юныя таленты сапраўды паказваюць незвычайнае!
Цырк Шаркаўшчыны — яшчэ адзін брэнд, вакол якога ствараецца якасны арт-прадукт.
Але не толькі калектывы РДК могуць здзівіць творчым эксклюзівам. Дастаткова мабільны і згаданы ўжо Клуб нацыянальнай кухні “Груца” (адзін з відаў беларускай фасолевай стравы) Радзюкоўскага СДК — заўжды пачастуе здаровай і смачнай ежай па старадаўніх рэцэптах Шаркаўшчыны. Не менш самабытныя народныя гурты “Купалінка” ды “Лужкаўскія песняры” Каўшэлеўскага і Лужкаўскага СДК...
* * *
Пагадзіцеся, што для такога маленькага раёна Віцебшчыны, як Шаркаўшчынскі, культурніцкіх цікавостак — больш чым дастаткова, дый адметных людзей, здольных на рэалізацыю адмысловых праектаў і годную іх прэзентацыю, хапае таксама. Эканамічны вынік і вопыт эфектыўнай працы таксама відавочныя. Але лепей не толькі чытаць і ўяўляць — няблага яшчэ й чуць ды бачыць. Таму наведайце Шаркаўшчынскі раён — не пашкадуеце!
Яўген РАГІН,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Шаркаўшчына — Германавічы — Алашкі — Мінск
Фота аўтара