Шукаць магчымасці і знаходзіць іх

№ 6 (1497) 06.02.2021 - 13.02.2021 г

2 лютага адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. Дзякуючы сродкам відэасувязі, удзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

Дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Святлана Карукіна выступіла падчас нарады з дакладам, у якім падзялілася досведам арганізацыі анлайн-трансляцыі спектакляў і манетызацыі іх праглядаў. Да гэтай практыкі ў тэатры звярнуліся ў сакавіку мінулага года ў сувязі з пандэміяй, калі гледачы не мелі магчымасці актыўна наведваць спектаклі. Тады было вырашана распачаць паказваць у Сеціве запісы пастановак з відэаархіва тэатра. Пра гэта “К” пісала ў пазамінулым нумары гпзеты. Названыя захады карысталіся поспехам у аўдыторыі, у тым ліку таму, што гледачы здолелі зноў пабачыць ранейшыя спектаклі, якія з тых ці іншых прычын ужо зніклі з рэпертуару.

/i/content/pi/cult/836/17805/2_1.jpg

Удалося таксама наладзіць продаж квіткоў на анлайн-паказы, а пазней арганізаваць супрацоўніцтва з платформамі “A1” і “Voka” — так у маі была зладжаная першая анлайн-прэм’ера спектакля, а агулам з таго часу былі паказаныя такім самым чынам яшчэ дзве пастаноўкі. Гэтая практыка надзвычай каштоўная таксама з той прычыны, што яна дазваляе прыцягнуць увагу да айчыннай драматургіі не толькі з боку беларускай публікі, але і гледачоў з замежжа. Прагляды спектакляў тэатра ў сервісе “Youtube” з сакавіка мінулага года дасягнулі адзнакі ў пяцьсот пяцьдзясят чатыры тысячы. Як адзначыў міністр, такая практыка вартая пераймання іншымі ўстановамі культуры ў рэгіёнах.

Пры абмеркаванні фестывальнай дзейнасці і конкурсных праграм для творцаў, было згадана, што ў першым паўгоддзі сёлета запланаваныя нацыянальны адбор для ўдзелу ў фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”, Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, фінальныя мерапрыемствы рэспубліканскага конкурсу Нацыянальнай тэатральнай прэміі, якія летась не адбыліся ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, а таксама Рэспубліканскі конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча, які мяркуецца правесці ў канцы мая, і шэраг іншых рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў.

Былі закранутыя таксама пытанні арганізацыі канцэрта, прымеркаванага да правядзення Усебеларускага народнага сходу, які адбудзецца ў Мінску 11 — 12 лютага. Увазе дэлегатаў будуць прадстаўленыя выступленні творчых калектываў з усіх абласцей краіны.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ