Пакліканы гісторыяй — Яўзебі Лапацінскі

№ 5 (1497) 30.01.2021 - 06.02.2021 г

(Працяг. Пачатак у № 4)

/i/content/pi/cult/835/17804/024.jpgШУМСКІЯ ГЕРБА “ЯСТРАБЕЦ”

Распавядаючы пра продкаў Яўзебіця Лапацінскага нельга абысці ўвагай вядомы род Шумскіх, да якога належала яго бабуля. Шумскія паходзілі з Віленскага ваяводства, і з даўніх часоў мелі не апошнія ролі ў мясцовай вертыкалі. Віленскія, гродскія і земскія суддзі, пісары і падстоліі, ашмянскія лоўчыя і скарбнікі… якіх толькі ўрадаў яны не мелі.

Звестак пра Ваврынца Шумскага, віленскага канюшага (1789 — 1792), прадзеда Яўзебія Лапацінскага, засталося не шмат. Валодаў ён Балошай у Свянцянскім павеце. З жонкай Людвікай Кашчыц, дачкой мядзельскага старасты, нарадзіў трох дзетак — Барбару, Юзафа і Станіслава (1790 — 1871). На асобе апошняга спынімся больш падрабязна. Нарадзіўся ён у Віленскім павеце, у маёнтку Шумск. Пасля смерці бацькі сям’я вымушана была прадаць маёнтак і перабрацца ў Вільню. Жылі яны разам з сям’ёй цёткі Станіславы Кашчыц, якая была замужам за Станіславам Святаполк-Мірскім, сябрам Найвышэйшай Рады паўстання ВКЛ у 1794 годзе. Віленскі ўніверсітэт Станіслаў Шумскі скончыў у 1809 годзе са ступенню кандыдата філасофіі. Далейшы шлях Станіслава, збольшага, падобны на шлях вялікай колькасці вялікалітоўскай моладзі таго часу. З пачаткам паходу Напалеона, шмат хто з яе ўступіў у новастворанае войска ВКЛ. Але некаторыя маладыя ліцвіны-беларусы патрапілі ў іншыя часткі. Напрыклад, Дамінік Рэйтан, пляменнік нашага нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана, прайшоў кампанію 1812 — 1814 гадоў, служачы ад’ютантам пры генеральным штабе Напалеона. Станіслаў Шумскі, у рангу капітана, патрапіў у штаб корпуса кавалерыі маршала Мюрата. З гэтым “капітанствам” Шумскага звязана, папраўдзе, анекдатычная гісторыя. Усе навабранцы-шляхцюкі, якія паходзілі з былога ВКЛ — Мастоўскі, Гарэцкі, Нарбут і іншыя, пры залічэнні іх у войска патрабавалі ранг капітана. Зразумела, што і Шумскі, які нічым не быў горшы за сваіх землякоў і ледзь не аднагодкаў, не мог стаць нейкім там “паручнікам”. Але такая зухаватасць паводзінаў амаль дваццацігадовага Шумскага страшэнна раз’юшыла намесніка шэфа штаба, італьянца, генерала Барэлі. У яго пад началам былі правераныя шматгадовай службай французы і італьянцы, але іх рангі, у лепшым выпадку, былі не вышэй паручнікаў. А тут цэлы статак маладзёнаў, якія порах нюхалі толькі на паляванні бацькоў, але ж ўсе ўжо амаль ці не патрабуюць запісаць іх у капітаны. Прычым, Шумскі яшчэ і адкрыта заявіў, “або запісваеце капітанам, або служыць я не буду”. Барэлі, з адчаю, напісаў ліст каралю, а той адказаў, “запішыце палкоўнікам, калі захоча”. Бо для караля важна было мець афіцэраў прыемнага выгляду і ведаючых расійскую мову.

/i/content/pi/cult/835/17804/025.jpgАднойчы і князь Юзаф Панятоўскі пакпіў з “капітана Шумскага”: “Ага, пэўна пан ліцвін, бо гэта ў вашага караля няведаючых службы адразу робяць капітанамі”, у той час як яго афіцэры атрымлівалі капітана заслужана, пасля некалькіх кампаній.

Узгадаць тыя часы вайсковай службы давялося Шумскаму пазней. Аднойчы, у 1819 годзе, падчас праезду расійскага імператара Аляксандра праз Вільню ў яго гонар быў наладжаны баль. Быў на яго запрошаны і Станіслаў Шумскі, бо яго жонка Марыя Мірская, славутая прыгажуня, была фрэйлінай пры царскім двары. Убачыўшы на “франдзёрскіх” грудзях Станіслава ордэн ганаровага Легіёна, імператар пацікавіўся, ці не за кампанію 1812 года ўзнагарода? “Так!” — адказаў сціплы Шумскі. “А ці не паліў пан Шумскі Маскву?” Адказ быў такі самы. Праўда, даўно вядома, што Маскву спалілі самі рускія, каб не даць магчымасці Напалеону замацавацца ў горадзе. І ў тым полымі згарэлі ў тым ліку і параненыя расійскія жаўнеры.

Добра ведалі Шумскія вядомага мастака Яна Рустэма, які пакінуў для сямейнага збору некалькі партрэтаў. У шлюбе са сваёй дваюраднай сястрой Марыяй Мірскай Станіслаў Шумскі меў толькі адну дачку, таксама Марыю, якая ў 1846 годзе выйшла замуж за Ігната Лапацінскага.

Слухаючы байкі старога цесця, Ігнат Лапацінскі падаў Шумскаму ідэю запісаць іх на паперы. І той паставіўся да просьбы адказна. Важкі том “W walkach i wiezieniach : pamietniki z lat 1812-1848” быў надрукаваны ў 1931 годзе, і са зместам кнігі можна азнаёміцца ў Сеціве.

АПОШНІ ЎЛАДАР САР’І

Станіслаў Лапацінскі (1851 — 1933) быў малодшым у сям’і. Лёс Юзафа, старэйшага брата, няпэўны, а Сафія пабралася шлюбам з Феліксам Жавускім. Пасля першапачатковай хатняй адукацыі Станіслаў паступіў у Імператарскі Варшаўскі ўніверсітэт, на юрыдычны факультэт. З 1872 года цягам пяці гадоў быў сакратаром славутага расійскага адваката, юрыста, крытыка літаратуры Уладзіміра Спасовіча (1829 — 1906), ураджэнца Рэчыцы. Да 1884 года Станіслаў займаўся адвакацкай дзейнасцю, а пасля смерці бацькі ў 1884 годзе перабраўся ў Сар’ю і заняўся гаспадаркай, спалучаючы гэты занятак з актыўнай грамадскай дзейнасцю. Толькі пералік устаноў, у якіх ён быў сябрам, старшынём, сузаснавальнікам, а таксама зробленага ім у прамежак ад 1901 па 1933 гады, заняў бы не адну старонку. Актыўна выступаў Станіслаў Лапацінскі і за адмену смяротнага пакарання. Што да таго, якім ён быў “жывым чалавекам” — добра апісала на падставе розных успамінаў даследчыца Людміла Хмялеўская ў сваёй кнізе пра род Лапацінскіх.

“Пан Станіслаў Лапацінскі, як чалавек свецкі, які дбае пра заваяванне людзей, рассыпаўся ў гасціннасці і пачцівасці. Ягонае красамоўства, пастава, лад жыцця, павага, якой ён быў абкружаны, рамантычныя недагаворванні пра нябожчыцу жонку, маглі абудзіць сімпатыі. Насіў ён сябе па-панску, і мы называлі яго — ваявода”. “Жанаты ён быў з графіняй Борх, якая паходзіла з вялікага, але заняпалага роду, рана аўдавеў, але ўсе ведалі, бо ён сам гаварыў пра гэта, што не суцішыўся пасля яе страты, і кожны год наведваў магілу жонкі ў Швейцарыі. Таксама вельмі маладым атрымаў вялікую спадчыну, абцяжараную, аднак, даўгамі, прычынай якіх было марнатраўства бабкі Дароты з Марыконіх, і таму працаваў у Кіеве адвакатам, каб уратаваць спадчыну”.

“Шляхетная пастава Станіслава Лапацінскага, яго прыгожы твар, “з арліным носам і спушчанымі ўніз вусамі”, як адзначыла аўтарка ўспамінаў Яніна Жаўтоўская, падабаліся сучаснікам. За выключэннем нейкай пані Трыпольскай. “Яна казала ў салонах, што менавіта такім яна і ўяўляла сабе ўсё жыццё пана Твардоўскага, які, як вядома, вадзіў сяброўства з самім д’яблам”. Магчыма, беларускаму чытачу імя славутага чарнакніжніка караля Жыгімонта Аўгуста, персанажа польскіх баек і паданняў мала што кажа, але гэта персона папраўдзе культавая. Бо праславіўся пан Твардоўскі перш наперш тым, што на замову караля выклікаў з небыцця дух каралевы, “у дзявоцтве” князёўны Барбары Радзівіл.

У шлюбе з Тэкляй Борх герба “Тры каўкі” (1840 ? — 1892) у Станіслава нарадзіўся толькі адзін сын — Яўзебі-Мар’я-Ян, наш герой. Але неўзабаве пасля смерці жонкі, недзе ў 1895 годзе, на свет прыйшоў другі сын, якога назвалі Станіслаў. Легалізацыя паўторнага шлюбу з жанчынай, якая прыслугоўвала нябожчыцы-жонцы, і ўсынаўленне Станіслава адбылося незадоўга да смерці Станіслава-старэйшага.

БОРХІ ГЕРБА “ТРЫ КАЎКІ”

Напрыканцы радаводнай часткі публікацыі застаецца трошкі распавесці і пра род маці Эўзебія Лапацінскага. Польскі гісторык Тадэвуш Туркоўскі, аўтар нарысаў пра Борхаў для “Polski slownik biograficzny”, сцвярджаў, што Борхі адносяцца да аднаго з самых старых шляхецкіх родаў з Інфлянтаў, куды яны, па словах Туркоўскага, перасяліліся з Вестфаліі. Карані ж іх — у сонечнай Італіі. Прапрадзед Тэклі, Ежы (1683 — 1722), быў палкоўнікам войск ВКЛ і інфлянцкім земскім суддзёй. Жанаты ён быў на Людавіцы фон Флок, дачцы Міхала, палкоўніка войск ВКЛ. Бацька ж Тэклі, сын Юзафа і Ганны Багамолец, Міхал Борх (1808 — 1881) (на партрэце Юзафа Пешкі ў цэнтры, на руках маці), у адрозненне ад сваіх продкаў, якія займаліся палітычнымі круцелямі ў вышэйшых эшалонах Рэчы Паспалітай, выглядае даволі сціплай асобай — “бібліяфіл і літаратар”. Але яго дзейнасць на гэтай ніве папраўдзе ўражвае. Збіраў рукапісы, рэдкія выданні, актыўна займаўся перакладамі, у тым ліку і Адама Міцкевіча. Шмат напісаў і сваіх уласных твораў, якія былі прыхільна ўспрыняты крытыкамі.

Адзіная спроба актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці для Міхала Борха завершылася высылкай у Яраслаўль. У 1850 годзе ён быў абраны маршалкам шляхты Віцебскай губерні. Але гэта прывяло да вострага канфлікту з віцебскім генерал-губернатарам князем Андрэем Галіцыным, які для “пользы Отечеству” пажадаў перамясціць Борха падалей у глыбінку. Праўда, ссылка доўжылася нядоўга. І як “царскім загадам” яго пасадзілі на рэйс кібіткі “Віцебск-Яраслаўль”, так загадам цара праз два месяцы і вярнулі. За Міхала ўступіўся яго дваюрадны брат Аляксандр Борх, дырэктар царскіх тэатраў. Падтрымліваў Міхал Борх жывую сувязь з паэтам з Віцебшчыны Тадэвушам Лада-Заблоцкім (1811 — 1847), які ў студэнцкія годы пісаў антыўрадавыя вершы, а пазней быў сасланы на Каўказ. Думаю, аўтар паэм, балад, крытычных нарысаў і прац па гісторыі літаратуры, і зямляк скульптара Яна Астроўскага (аб якім мы нядаўна пісалі), варты асобнай публікацыі.

Застаецца дадаць, што ажаніўся Міхал Борх з прадстаўніцай аднаго з самых старых беларускіх шляхецкіх родаў — Марыяй Корсак уласнага герба. У гэтым шлюбе нарадзіся сын Яўзебі і тры дачкі — Марыя, Стафанія і Тэкля — маці героя нашай публікацыі.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар