Высекчы з каменя душу...

№ 5 (1497) 30.01.2021 - 06.02.2021 г

Так распарадзіўся лёс, што студзень на Беларусі праходзіць яшчэ і пад знакам Мулявіна. 12-га — яго Дзень народзінаў, а 26-га — Дзень памяці Уладзіміра Георгіевіча. У гэты дзень, ужо 18 гадоў таму, Пясняр пайшоў у Вечнасць. Яго імя даўно ўжо стала сапраўдным сімвалам Беларусі і, што неаспрэчна, у краіне шмат чаго зроблена для ўвекавечання памяці геніяльнага Артыста. “К” неаднаразова пісала пра ўсе тыя акцыі. Але кожная новая дата — з Дня народзінаў Мулявіна ці з Дня яго смерці — становіцца чарговым напамінам, каб падвесці некаторыя вынікі таму, што ўжо зроблена, і спланаваць, па магчымасці, парадак наступных дзеянняў.

/i/content/pi/cult/835/17803/022.jpgАле зараз гаворка пайдзе пра тое, як вобраз нашага знакамітага сучасніка быў увекавечаны прынамсі ў беларускай скульптурнай пластыцы. Сёння, мабыць, няма мінчука, які так або інакш не быў бы візуальна знаёмы з помнікамі Песняру — адзін з іх усталяваны на Усходніх могілках, другі — у скверы Беларускай дзяржаўнай філармоніі на бульвары яго імя. Не прамінаюць людзі таксама і мемарыяльную дошку на доме № 13, ідучы па вуліцы Леаніда Бяды.

Аўтарам усіх трох твораў з’яўляецца адзін чалавек — таленавіты беларускі скульптар, шырока вядомы ў колах мастакоўскай суполкі. Але грамадскасць, на жаль, — і так павялося мо спрадвеку — не заўсёды ведае імёны такіх “прарокаў у сваёй айчыне” — канкрэтных скульптараў і архітэктараў, якія ствараюць велічныя манументы, буйныя мемарыяльныя комплексы і памятныя дошкі ў гонар лепшых людзей краіны і свету. Як правіла, аўтары чамусьці становяцца неапраўдана сціплымі: вельмі рэдка ставяць аўтографы на п’едэсталах сваіх манументальных твораў, у адрозненне ад выставачных работ, дзе заўсёды абавязкова абазначана імя творцы.

/i/content/pi/cult/835/17803/023.jpgДык вось, імя гэтага аўтара — Аляксандр Каструкоў, які апошнія два дзесяцігоддзі свайго жыцця амаль цалкам прысвяціў пластычнай “мулявініяне”. Падкрэслю, што акрамя ўжо вядомых, знакавых помнікаў Песняру “ў вечных матэрыялах” (граніт, бронза), ён, у час пошукаў іх лепшых варыянтаў, папярэдне зрабіў у гліне і пластыліне мноства рабочых эцюдаў, эскізаў і мадэлей мулявінскіх партрэтаў-бюстаў у гіпсе, а таксама ўвасобіў у невялічкіх бронзавых кампазіцыях з адлюстраваннем Музыканта з гітарай у самых розных ракурсах.

Вопыт работы ў скульптурнай творчасці да таго часу ў Каструкова быў ужо вельмі значны. За плячамі — Мінскае мастацкае вучылішча, театральна-мастацкі інстытут з такімі педагогамі як Г.Мурамцаў, А.Бембель, А.Анікейчык, помнікі Ахварям фашызму ў в. Вялікія Сялючыцы на Гомельшчыне і воінам-афганцам у Светлагорску, бронзава-гранітны манумент першаму Герою Беларусі, ваеннаму лётчыку Уладзіміру Карвату ў Мінску, шмат псіхалагічных партрэтаў сучаснікаў і класных кампазіцый, у тым ліку прысвечаных У.Караткевічу і М.Растраповічу, каля дзясятка мемарыяльных дошак у гонар лепшых людзей краіны...

...Я добра запомніў той дзень 9 студзеня 2006 года, калі на ўчастку па апрацоўцы каменя скульптурнага камбіната Беларускага саюза мастакоў, у двары, пад паліэтыленавым “парасонам” і начным ліхтаром, ішла праца над завяршэннем гранітнага мемарыяла ў памяць геніяльнага кампазітара, музыканта і спевака. Праз тры дні, 12 студзеня, у 65-ю гадавіну з дня нараджэння Мулявіна, помнік павінен будзе знайсці сваё вечнае месца над яго магілай на Усходніх могілках.

Я ўжо чуў ад Сашы Каструкова, што ён упершыню ўбачыў Уладзіміра Георгіевіча ў час ягоных гастроляў яшчэ з “Лявонамі” ў Гродна, дзе тады жыў 18-гадовы будучы скульптар. Сам ён, пасля заканчэння дзесяцігодкі, іграў у гэтым горадзе на гітары ў адным музычным ансамблі. Тады “Лявоны”, асабліва Мулявін, вельмі ўразілі яго; у тыя часы выконваць беларускія песні ў цудоўнай аранжыроўцы было не вельмі, так бы мовіць, модна. Там, у Гродне, і адбылося яго асабістае знаёмства з Мулявіным. Потым прайшоў нейкі час. Была армія. Дэмабілізацыя. Работа на кінастудыі “Беларусьфільм” у якасці мастака камбініраваных здымак. І тут ён зноў сустрэўся з Мулявіным на кінастужцы “Ясь і Яніна” рэжысёра Юрыя Цвяткова, дзе Валодзя з “Песнярамі” выконвалі вядучыя “партыі”. Потым, так здарылася, што Каструкоў і сям’я Мулявіных жылі ў адным доме на Ленінскім праспекце, 13, над кінатэатрам “Цэнтральны”. Неаднойчы Саша прысутнічаў на репетыцыях, пастаноўцы гука і канцэртах “Песняроў” у Палацы спорту. А аднойчы вылепіў па памяці вобраз Песняра з гітарай — спакойным, задуменным, крышку мінорным... Але работу не паспеў скончыць: у маі 2002-га здарылася з Валодзем трагедыя...

А калі Міністэрства культуры аб’явіла адкрытыя конкурсы на надмагільны помнік Мулявіну і мемарыяльную дошку, Каструкоў адразу вырашыў прыняць у іх удзел. І ў абодвух конкурсах стаў пераможцам. Мастак заўсёды лічыў Уладзіміра Георгіевіча — Месіяй, які прынёс у музычную культуру краіны яркі нацыянальны фактар. Толькі дзякуючы яму Беларусь, а потым і ўвесь свет заспяваў беларускія песні. І потым, па словах Аляксандра, у часы роздумаў і ўспамінаў аб непапраўных стратах такіх асоб, што спазналі цану чалавечых адносін, мы часта бываем ахоплены жалем. Смуткуем, што не паспелі або не змаглі своечасова прыслухацца сэрцам да такіх знакавых творцаў, як Мулявін, не паспелі ўзбагаціць сябе ўсім лепшым і адказаць ім тым жа самым, не паспелі аддаць ім больш поўна свае душэўныя пазыкі. І тады прыходзіць пачуццё адзіноты і болю, таму што не пачулі наша нацыянальнае Сумленне...

Мулявін і гітара... Гэта прынцыповы вобраз помніка. Усё сваё жыццё Пясняр не расставаўся з гітарай, гітарыстам ён быў — найвыдатным! Хаця цудоўна іграў практычна на ўсіх музычных інструментах, акрамя скрыпкі. На гітары мог іграць па дзесяць гадзін на суткі. І свет ведаў гэтыя ўнікальныя гукі, што сыходзілі з-пад яго лятаючых рук... Менавіта такім — пазнавальным, глыбокім, прыгожым — Каструкоў стварыў Мулявіна ў карэльскім граніце. У граніце, які выдатна паддаваўся паліроўцы, выдаючы вельмі прыгожыя градацыі чорнага і шэрага колераў. Акрэсленая канструктыўная рэалістычная трактоўка пластычнай формы, суадносіны манументальнага і вострай характарыстыкі знешняга вобліка надалі мемарыяльнаму вобразу Мулявіна пераканаўчую чысціню, шчырасць і выразнасць.

Дадам, што асабіста сам скульптар высек камень і ўдала захаваў не толькі знешнюю фізічную данасць Песняра, але і, не зважаючы на жанрава-пабытавую прыземленасць, адлюстраваў складана-драматычны лёс вялікага чалавека, які, “плача и любя, пылая и томясь”, усё сваё жыццё прысвяціў людзям. А дапамагаў яму архітэктар Станіслаў Федчанка і на апошняй стадыі — каменячосы Генадзь Скабіцкі, Канстанцін Козел і Мікалай Бакуменка.

Мне здаецца, што Каструкоў зрабіў усё, каб гранічна эмацыянальна перадаць свае пачуцці і свае адносіны да гэтай асобы. Ён паказаў Мулявіна ў знакамітым канцэртным касцюме, у якім ён вельмі любіў выступаць, — у стане творчасці, калі ў глыбіні яго сэрца нараджаецца музыка. Яна яшчэ не ўвасобілася ў ноты, у канкрэтныя гукі, але ўжо на шляху да гэтага. У той жа час здаецца, што Пясняр усё ж...адыграў. Ці то музыка гучыць, але артыст яе не чуе, акорд узяты, але рука лягла на калена і, магчыма, ужо ніколі не падымецца да гітарнага грыфа... Урэшце, у гэтым творы кожны можа пабачыць штосьці сваё. Адны бачаць Мулявіна як бы перад пачаткам работы над песняй, іншыя — што праца ўжо завершана. Назаўсёды. Але ў выніку тут праглядаецца галоўная ідэя, кажучы пушкінскім радком, “печаль моя светла...” Так, могілкі — месца журботнае. Месца філасофскіх роздумаў пра жыццё, пра тленнасць быцця. І ў той жа час — пра Вечнасць. І помнік гэты менавіта — Вечнасць. Вечнасць чалавека і яго Музы...

Таксама, трошкі раней, удалай атрымалася і мемарыяльная дошка на доме №13 па вуліцы Леаніда Бяды, дзе ў апошнія гады жыў Мулявін з жонкай Святланай і сынам Валерыем. І тут скульптар адчуваў велізарную адказнасць за сваю працу, бо гэта таксама помнік Песняру — толькі помнік малой формы. І ў гэтым жанры мастак праявіў сябе самым дастойным вобразам, што і было адзначана ў час адкрыцця дошкі 1 ліпеня 2004 года пры вялікім натоўпе народу.

Прайшоў нейкі час, і нарэшце ўжо ў самым цэнтры Мінска, у скверы філармоніі, з’явіўся і доўгачаканы помнік Песняру, пра які так марылі жыхары сталіцы. Аўтар — зноў жа Аляксандр Каструкоў. Канешне, былі дыскусіі і нават спрэчкі: чаму, напрыклад, помнік паставілі не на плошчы, перад фасадам філармоніі, а ззаду яе — у скверы. Але, на маю думку, фасад філармоніі выходзіць усё ж на плошчу Якуба Коласа, і там праз праспект — вялікая фігура народнага пісьменніка з героямі яго твораў. Помнікі двум песнярам у адной прасторы — гэта было б няправільна. А паколькі бульвар носіць імя Мулявіна, сквер, у якім Уладзімір Георгіевіч вельмі любіў адпачываць адзін ці са сваімі “песнярамі”, у дадзеным выпадку прыйшоўся як нельга дарэчы, тым больш, што службовы ўваход у філармонію, якая доўгія гады была яго “другім домам”, выходзіць літаральна ў засень дрэў.

Прынамсі, сёння ўсё тут выглядае вельмі дастойна, па-челавечы камерна, прыемна — цудоўны помнік, алеі, утульныя дарожкі... Цудоўна выяўлены ўсе архітэктурна-пластычныя элементы, якія арганізуюць прастору помніка, і даюць магчымасць раскрыць гледачу ўвесь сэнс вобраза музыканта пры кругавым аглядзе. Ды і сама скульптурная фігура Песняра, які сядзіць з апушчанай ля нагі вернай гітарай, — камерная, вышынёй каля двух метраў, а таму і здаецца вельмі блізкай людзям. Мулявін, адпачываючы, быццам бы ўспамінае пра штосьці з мінулага ці задумваецца пра будучыню — добразычлівы, сціплы, просты і ў той жа час велічны, горды, непаўторны... Не дзіва, што за апошнія тры гады гэты помнік стаў любімым памятным месцам для мінчан і гасцей сталіцы.

Ну а Сашу Каструкову можна сказаць толькі адно: вялікі дзякуй за тое, што падараваў нам “свайго” Мулявіна, які, аднак, і ў скульптуры аказаўся такім жа “нашанскім”, жывым, простым і недасяжным у сваёй унікальнасці, якога блізка ведалі мы, яго сябры і прыхільнікі...

Барыс Крэпак,
заслужаны дзеяч
мастацтваў Беларусі

Фота з архіва аўтара

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"