А вось песні ўсе — хіты!

№ 5 (1497) 30.01.2021 - 06.02.2021 г

3 лютага ў Вялікай канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца юбілейная вечарына музыканта і кампазітара Аляксандра БАЛОТНІКА, песні якога настолькі трывала ўвайшлі ў наш ужытак, што ўспрымаюцца за народныя. Адна з іх — “Будзь здаровы, гаспадар!” на верш Алеся Бадака — дала назву ўсёй вечарыне. Адначасова гэты выраз — традыцыйнае беларускае прывітанне, актуальнае сёння, як ніколі. “Сказаў, як звязаў” таксама і прыказка, і яшчэ адна песня юбіляра на словы Аляксандра Лягчылава. Ну а “Чарка на пасашок” на ягоныя ж вершы даўно стала адной з візітовак не толькі ансамбля “Бяседа”, але і іншых калектываў народнай музыкі.

/i/content/pi/cult/835/17802/021.jpg— Аляксандр, у вашым аўтарскім канцэрце прымаюць удзел ансамблі “Бяседа”, “Свята”, “Спадчына”. Першыя два — шырока вядомыя, іх назвы непарушна звязаны менавіта з гэтымі прафесійнымі калектывамі. “Бяседа” на чале з народным артыстам Беларусі, знакамітым кампазітарам Леанідам Захлеўным знаходзіцца ў складзе Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. “Свята” — ансамбль Беларускай дзяржаўнай філармоніі, якім кіруе Вячаслаў Статкевіч. А вось разнастайных “Спадчын” па рэспубліцы багата.

— Я запрасіў сваіх, можна сказаць, землякоў, — Заслужаны аматарскі ансамбль народнай музыкі “Спадчына” Дзяржынскага ГДК.

— Але ж вы, наколькі вядома, родам з Лепеля.

— Так, і потым заканчваў Віцебскае музычнае вучылішча. Выпускніком той жа навучальнай установы з’яўляецца кіраўнік згаданай “Спадчыны” Віталь Клімакоў. Зямляк! Яшчэ адзін мой “музычны зямляк” і па Віцебску, і па нашай кансерваторыі — вядомы баяніст, дыпламант найпрэстыжнага Міжнароднага конкурсу ў Клінгенталі Сяргей Ціханаў. Ён выканае дзве свае інструментальныя кампазіцыі — “Святочную круцель” і “Дрындушкі” (сама назва адразу ўсмешку выклікае). Атрымаецца такі блок віншаванняў ад землякоў.

— І вы, і той жа Ціханаў скончылі Акадэмію музыкі як баяністы, падкрэслю, акадэмічнага кірунку. Дарэчы, нават вучыліся ў аднаго педагога — Генадзя Мандруса. Але ж працуеце крыху ў іншым напрамку — сачыняеце ўласныя творы. Што гэта — недасканаласці нашай сістэмы адукацыі? Ці, можа, упарты пошук свайго прызначэння?

— Айчынная сістэма музычнай адукацыі — ад дзіцячых школ мастацтваў да Акадэміі музыкі — дае вельмі грунтоўны прафесійны падмурак, што ахоплівае ўсе эпохі, навучае выканальніцтву практычна ва ўсіх стылях. Для баяністаў, акардэаністаў адным з самых запатрабаваных рэчышчаў становіцца менавіта фальклорнае. Наўрад ці можна назваць выключэннем і тое, што многія выканаўцы пачынаюць ствараць уласныя кампазіцыі. Гэта нармальнае развіццё творчай асобы. Невыпадкова цяпер не толькі студэнтам, але і больш малодшым вучням выкладаюць асновы музычнай імправізацыі, хтосьці факультатыўна наведвае заняткі па кампазіцыі ці проста атрымлівае кансультацыі ад прызнаных майстроў. Мне калісьці кампазітар Ларыса Мурашка прапаноўвала скончыць кансерваторыю яшчэ раз — ужо па кампазіцыі, дый многія іншыя ад мяне гэтага чакалі.

— Дадам, што сярод нашых кампазітараў розных пакаленняў больш за ўсё, здаецца, былых баяністаў: Уладзімір Буднік, Леанід Захлеўны, Мікалай Ліцвін, Уладзімір Кур’ян, Уладзімір Каральчук, Андрэй Цалко — спіс можна працягваць яшчэ доўга.

— Усё гэта так. Але я не збіраюся і ніколі не збіраўся замахвацца на сімфонію ці араторыю, неабходныя ў якасці дыпломнай працы студэнтаў-кампазітараў. Бо, лічу, знайшоў сябе ў песнях, прычым блізкіх народным. А вось акцёрская адукацыя, думаю, не перашкодзіла б ніводнаму інструменталісту. Цяпер ёсць нават такое навуковае азначэнне — інструментальны тэатр, што толькі падкрэслівае адыход ад строга акадэмічнага напрамку. А для тых жа баяністаў акцёрскія здольнасці, якія можна і трэба развіваць, — гэта ўвогуле адзін з самых неабходных складнікаў прафесіі. Калі б мне раней, яшчэ ў вучылішчы, падказалі гэта, я больш настойліва вучыўся б артыстызму. А так — маёй “школай” у гэтым відзе мастацтваў сталі студэнцкія капуснікі, у якіх я любіў браць удзел.

— Баян палюбілі з дзяцінства? Можа, хтосьці са сваякоў граў на гармоніку?

— Не, бацька крыху граў на скрыпцы. Ягоны дзядзька Іван Судак быў майстрам па вырабу гэтых інструментаў, вельмі добрыя скрыпкі рабіў. Бацька загінуў, калі мне было ўсяго чатыры гады. Але я добра памятаю яго. І тое, як некалькі разоў ён ладзіў мне гармонікі — наўпрост з паперы, з газеты. Я на такіх папяровых “баянчыках” спрабаваў граць — зразумела, беспаспяхова: гучанне даводзілася імітаваць спевамі. І аднойчы здарыўся цуд. Неяк бацька прыходзіць, рукі трымае за спінай — запытвае: “Ну што, зладзіць табе гармонік?” Вядома, я пагаджаюся, чакаю, што пачне з паперы складаць. А ён раптам працягвае да мяне рукі, што хаваў, і на іх — сапраўдны музычны інструмент, хай і цацачны. Увесь такі перламутравы, ссіняча чорны, а мех — чырвоны. Я настолькі разгубіўся, што страціў дар мовы — не ў пераносным, а ў поўным сэнсе слова. Дарослыя перапужаліся, бацька таксама не чакаў такога выніку: што ж гэта з хлопцам такое? Думалі, радавацца пачне, скакаць. А я папросту асалапеў, збянтэжыўся, бо на маіх вачах нейкі цуд неверагодны ўтварыўся!

— Зразумела, пасля такога здарэння вы не маглі не абраць баян для далейшай вучобы. А як сачыняць пачалі?

— Спярша рабіў аранжыроўкі. Але мелодыі самі ў галаву лезлі — і першай песняй стала “Сказаў, як звязаў” на словы Аляксандра Лягчылава. З гэтым паэтам мы разумеліся-дамаўляліся не тое што з аднаго позірку — з адной-адзінай літары, з паловы літары.

— Прызнанне да вас прыйшло адразу. Вы яшчэ ў кансерваторыі вучыліся (на той час там было завочнае навучанне), а ўжо працавалі музычным кіраўніком ансамбля Беларускага радыё “Жывіца”, які быў больш вядомы як калектыў Валянціны Пархоменка.

— У 1987 годзе быў яе сольны вечар. Памятаю, як мы рыхтаваліся, касцюмы шылі. А пасля канцэрта ў закуліссе прыйшлі такія зорныя асобы! Паэт Ніл Гілевіч запытвае: “Хто кіраўнік?” А Леанід Смялкоўскі, што кіраваў ранейшым Камерна-інструментальным ансамблем радыё, зацікавіўся аранжыроўкамі: “Хто зрабіў?” Усе на мяне паказваюць, а я стаю здранцвелы ды паверыць не магу, што мяне так ухваляюць.

— Пазней вы працавалі з многімі калектывамі, частку іх стваралі практычна “з нуля”. Некаторыя з тых назваў: “Бліскавіца”, “Грымата” — цяпер падхапілі іншыя ансамблі. Вы ж з’яўляецеся салістам канцэртна-гастрольнага аддзела Беларускай дзяржаўнай філармоніі. А быў яшчэ замежны перыяд — у Амерыцы.

— Паехаў туды, затрымаўся крыху — і вярнуўся дадому. Можа, характар у мяне не такі “баявы”, але перамагла настальгія. Там усё было не тое і не так, няўтульна, самотна. А тут — радзіма, усё роднае, блізкае.

— Тады згадайце самыя запамінальныя гастролі. Мабыць, з якімсьці народным ансамблем?

— Для такіх паездак я заўсёды імкнуўся зрабіць новую апрацоўку якой-небудзь народнай песні той краіны, куды мы выпраўляліся: расфарбоўваў інструментоўку, дадаваў аўтарскае стаўленне. Вядома, такія песні паўсюль даводзілася спяваць на мове арыгінала — іспанскай, французскай, нямецкай. А словы я куды горш запамінаю, чым музыку. Пэўна, ва ўсіх музыкантаў так. Але ж тыя ж французы даравалі мне тое, што іх песню я выконваў па паперцы. Толькі вось на нейкі чарговы канцэрт я паперку сваю забыў у гатэлі. І песня не прагучала. А “сарафаннае радыё” спрацавала, усе гэту песню чакалі. Канцэрт скончыўся — запытваюць, чаму яе не было. Я не стаў хлусіць, прыдумляць паважлівыя прычыны: гавару, што проста забыўся на тэкст. Мабыць, пераклад майго адказу быў недасканалым, бо яны палічылі, што тэкст страчаны. І на маё наступнае выступленне прыцягнулі безліч раздруковак, дзе былі нават дадатковыя куплеты. Толькі каб тая песня прагучала! А для Германіі мелодыю я знайшоў у нейкім іх фальклорным зборніку. І здзівіў саміх немцаў. Яны сказалі, што я зрабіў для іх сапраўднае адкрыццё: маўляў, вы прывезлі нам нашу народную песню, якой мы не ведалі, бо нават на дні народзінаў спяваем англамоўны хіт — Happy birthday to you.

— А вашы ўласныя песні перакладаліся?

— Ведаеце, у мяне быў шок, калі мне паказалі зборнік, падрыхтаваны для Кітая. Там былі сабраны лепшыя песні Беларусі: быў і гімн нашай краіны, і песні Ігара Лучанка. І раптам — дзве мае. Гляджу — ноты і сапраўды мае, а пад імі, на месцы для слоў, — іерогліфы нейкія.

— Мабыць, гэта і ёсць вышэйшае прызнанне вашай творчасці?

— Не, вышэйшую адзнаку атрымала іншая песня — “Еўфрасіння” на верш Леаніда Дранько-Майсюка. Яна ўзнікла ў 1994-м. Спачатку, як заўжды, мелодыя. Іх многа ў мяне з’яўляецца, бывае, ідуць суцэльнай чарадой. Але занатоўваю я толькі тое, што лічу каштоўным, таму песень у мяне мала, але ўсе яны — вельмі дарагія для мяне.

Слухаю Аляксандра і нарэшце разумею прычыны гэтакай “народнасці” яго песень. Звычайна як бывае? Стала штосьці папулярным, а на імя аўтара “забыліся”, часам наўмысна, як гэта было з рэпрэсаванымі творцамі. Балотнік жа падсвядома адпраўляе свае песні ў жыццё “фальклорным шляхам”, толькі спрэсоўвае час: самастойна робіць той інтанацыйны адбор і далейшую шліфоўку, што стагоддзямі адбываюцца ў народным выкананні. Таму і ўспрымаецца ўсё, бы сапраўдны фальклор.

— Дык вось, паказаў я тую мелодыю Людміле Палкоўнікавай, якая ў той час курыравала песенныя праграмы на радыё і тэлебачанні. І яна накіравала мяне да Леаніда Дранько-Майсюка. Яго жонка Вольга частавала нас смачнымі дранікамі, а мы ніяк не маглі вызначыцца, пра што будзе новая песня. Сыходзячы, пачуў: “Можа, пра Еўфрасінню?” Леанід на той час якраз вярнуўся з паездкі па святых месцах, арганізаванай для літаратараў. Дый яго бабулю, тады год як нябожчыцу, звалі Еўфрасінняй. Так усё і сышлося. Прэм’ера песні была ў Сафійскім саборы ў Полацку. Прысутнічаў Уладыка Філарэт — і ён заплакаў, як пачуў гэты твор. Гэта і ёсць вышэйшая адзнака.

— Песень у вас і сапраўды нямнога, але ўсе — хіты. Ці будуць на юбілеі прэм’еры?

— Так, упершыню прагучыць мая новая песня на словы Міхаіла Марачкоўскага “Ты мая мара”.

— Песня, я так разумею, пра каханне. Але ж слова мара такое шматграннае! Вось у вас асабіста — якая мара? Ці ўсе яны ўжо здзейсніліся і няма чаго жадаць?

— Мара — каб шанавалі Бога. Каб нічога ў свеце не рабілася насуперак сумленню.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"