Цнота з гарэзіяй

№ 5 (1497) 30.01.2021 - 06.02.2021 г

Дабіраўся сёння да рэдакцыі праз туман і слоту пераменлівай зімы, якая абрыдла да мяжы. Згадаў бацькаву параду: “Калі кепска на душы, чытай пра сябе вершы, якія любіш”. Бацька разбіраўся ў жыцці. А згадалася раніцай вось што: “Праўду з няпраўдай, цноту з гарэзіяй вымешай спрытам — будзе паэзія…” Хто казаў, што дарэвалюцыйны Янка Купала — сумны?! І разумець трэба правільна, што “няпраўда” ў дадзеным выпадку — гэта не мана, а фантазія. Увогуле згаданая страфа песняроўскага верша — нібыта трапны эпіграф да дзейнасці сумленнага работніка культуры. Так! Любая якасная праца — гэта палымяная паэзія. А творчасць — сінтэз цноты і гарэзіі, фантазіі і рэальнасці. Гаворку пра “паэзію” і “паэтаў” наша газета вяла, вядзе і будзе весці. У тым ліку і падчас аглядаў рэдакцыйнай пошты.

/i/content/pi/cult/835/17799/018.jpgДуша прагне вясны, так што расповед пра зімовыя святы сёння — апошні раз. Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталля Ефціфеева піша: “Гарадзецкая публічная бібліятэка сумесна з прыходам храма Ушэсця Гасподняга аграгарадка Гарадзец Кобрынскага раёна ладзіць пастаянныя дабрачынныя акцыі “Падары Раство дзіцяці”. Натуральна, што і сёлета эстафета дабрыні мела месца. Паўдзельнічаць у акцыі мог кожны жыхар аграгарадка. Для гэтага ў бібліятэцы, у царкве і на прадпрыемствах гандлю размясцілі спецыяльна аформленыя скрынкі, куды можна было пакласці сувенір, зроблены сваімі рукамі або набыты ў краме. З гэтых сувеніраў і фармаваліся падарункі для дзяцей з 13 шматдзетных ды маламаёмасных сем’яў і для дзяцей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі”.

У Жупранах (Ашмянскі раён) згадваюць Стары Новы год. Пры гэтым жартуюць, што павіншавалі ў гэты дзень тых, на каго забыліся 31 снежня. Вось такія вясковыя ўрачыстасці вельмі сімпатычныя тым, што кожны іх удзельнік мог пачаставацца ласункамі, выпечанымі мясцовымі гаспадынямі.

Навіна са Свіслацкага раёна. У Ціхавольскім сельскім клубе-бібліятэцы прайшоў дзень адпачынку “Зімы чароўныя імгненні”. У гэты дзень жыхары аграгарадка Ціхаволя падсумавалі вынікі сямейнага конкурсу па добраўпарадкаванні “Зімняя казка ў двары”. На жаль, хто якую казку ўтварыў на сваім падворку, засталося невядомым.

І апошнім акордам святочнай нізкі навін прагучыць ліст з Ліды. 22 студзеня тут адбылася цырымонія закрыцця калядных і навагодніх мерапрыемстваў “Да новай сустрэчы ў зімовы вечар”. Вельмі аптымістычная назва, трэба сказаць. А супрацоўнікі гарадскога Палаца культуры пастараліся, каб і змест акцыі быў яскравым ды запамінальным. Гучала класічная музыка ў выкананні ансамбля скрыпачоў “Славяначка” і інструментальнага гурта “Фестываль”. А за эстрадныя кампазіцыі адказвалі музычны калектыў “Талісман”, студыі “Ліда-Мюзікл” і “Акцэнт”, гурт рэтра-песні “Мерыдыян”. Нацыянальныя мелодыі прагучалі ад салістаў ансамбля польскай песні “Крэсавяцы”, калектыву яўрэйскай музыкі “Шалом” і ансамбля песні і танца “Лідчанка”. Для тых, хто не змог прысутнічаць на канцэрце, прадастаўлена магчымасць паглядзець яго відэазапіс. Ён размешчаны на афіцыйным сайце ўстановы ў рубрыцы “Не падымаючыся з канапы”. Хоць і згаслі навагоднія агеньчыкі, але сумаваць не выпадае: вясна-лета-восень — і чарговы Новы год!

Некалькі лістоў прысвечаны майстрам-рамеснікам. Вось дзе гаворка пра сапраўдную паэзію, што нараджаецца з-пад умелых рук. Да прыкладу Ала Лялькіна, начальнік аддзела Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці працягвае гаворку пра арт-праект “Партрэт майстра”. Гэтым разам у выставачнай зале ўстановы працуе персанальная выстава народнага майстра з Докшыц разьбяра Віктара Гарбачова. “У экспазіцыі, — распавядае аўтар, — сорак дэкаратыўных пано, выкананых у тэхніцы рэльефнай разьбы. Ёсць і драўляныя цацкі. Сюжэты — з вясковага жыцця, з жывёльнага і расліннага свету. Віктар Іванавіч — лаўрэат міжнародных фэстаў, браў удзел у рэстаўрацыі касцёла Святой Троіцы ў Докшыцах і касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Параф’янаве”. А працуе Гарбачоў майстрам-метадыстам разьбы па дрэве ў Докшыцкім раённым Доме рамёстваў. Ягоныя работы ёсць у прыватных калекцыях Літвы, Расіі, Польшчы, Венгрыі, Балгарыі, Беларусі.

Чарговая паэтычная натура — Таццяна Вангул. Яна — лялечніца з Мастоўскага раённага Цэнтра рамёстваў. Не толькі традыцыі захоўвае, але і сучасныя кірункі творчасці распрацоўвае, робіць, напрыклад, аксесуары для дзіцячага адзення. Інтарэс да гэтага невыпадковы: Таццяна Анатольеўна скончыла ў свой час Мінскі тэхналагічны каледж па спецыяльнасці “канструктар-мадэльер жаночага адзення”.

Вядучы метадыст Шчучынскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Павел Войкель піша пра мастака, графіка Казіміра Альхімовіча, які 180 гадоў таму нарадзіўся на Шчучыншчыне, у маёнтку Дэмбрава. Скончыў Віленскую гімназію, займаўся жывапісам, працаваў аканомам ва Украіне, удзельнічаў у паўстанні 1863 — 1864 гадоў, быў арыштаваны і сасланы за Урал. Пасля амністыі жыў у Варшаве, вучыўся ў Парыжы, распрацоўваў у сваіх работах беларускую гістарычную тэматыку, а таксама ствараў пейзажы і партрэты. Пахаваны ў Варшаве, але душа яго лунае над беларускімі абсягамі.

Цнота з гарэзіяй арганічна спалучаецца і ў музыцы. Дакладней кажучы, толькі з гэтага спалучэння музыка і нараджаецца па маім цвёрдым перакананні. Намеснік дырэктара Навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў па выхаваўчай рабоце Ніна Сідаркевіч распавядае, што летась 213 навучэнцаў бралі ўдзел і сталі пераможцамі творчых музычных конкурсаў рознага ўзроўню. 25 такім школьнікам аказана матэрыяльная дапамога. Сярод выніковых калектываў школы — узорны хор “Саловушка” (кіраўнік Наталля Раманюк, канцэртмайстар Таццяна Галушко), узорны цымбальны ансамбль “Каляровыя ноткі” (кіраўнік Наталля Ляскоўская, канцэртмайстар Галіна Станкевіч), народны гурт народнай музыкі “Гумарэска” (кіраўнік Людміла Аніскіна), народная вакальная група “Рэчанька” (кіраўнік Наталля Раманюк).

Свае важкія здабыткі і ў Карэліцкай дзіцячай школе мастацтваў. Установа прыняла ІІІ адкрыты рэгіянальны фэст “Галасы традыцый-2021”. Было пададзена 103 заяўкі з Гродзенскай, Мінскай, Гомельскай, Брэсцкай і Магілёўскай абласцей. У дыстанцыйным конкурсе прынялі ўдзел 275 аматараў нашага фальклору і рамёстваў ад 7 да 78 гадоў. Статыстыка, пагадзіцеся, вельмі ўнушальная.

Класны кіраўнік 8 “Б” класа сярэдняй школы № 11 Ліды Наталля Анашкевіч працягвае пісаць летапіс культурных падзей роднага горада і роднага класа. “Традыцыйна кожную сераду студзеня, — распавядае аўтарка, —- ладзіцца міжнародная акцыя “Сэлфі ў музеі”. Мае вучні ў гэты дзень наведалі Лідскі гісторыка-мастацкі музей, дзе падчас гульні “Чарадзейная шкатулка” пабывалі ў шасці выставачных залах. Фотаздымкі рабілі на фоне ўпадабаных экспанатаў. Да прыкладу, на фоне Дзеда Мароза часін Вялікай Айчыннай вайны.”

Мастацтва вучыць і выхоўвае. Чарговы доказ таму — у лісце малодшага навуковага супрацоўніка Ганцавіцкага раённага Дома рамёстваў Наталлі Білімавай: “Аб тым, што тэатр бывае розным, даведаліся вучні 6 класа сярэдняй школы № 1 Ганцавічаў падчас адукацыйных заняткаў у Доме рамёстваў. Наведвальнікі пазнаёміліся з гісторыяй лялечнага тэатра і яго відамі, даведаліся пра ценявы, пальчыкавы тэатры і пра тэатр на фланелеграфе. Убачылі дзеці батлейку ў дзеянні, паспрабавалі сябе ў якасці артыстаў-лялькаводаў. Адукацыйная праграма РДР распрацавана такім чынам, каб гаворка пра нашу спадчыну была цікавай ды нязмушанай”.

Ліда сёння б’е ўсе рэкорды аператыўнай інфарматыўнасці. Чарговая навіна — пра адраджэнне мясцовага традыцыйнага сялянскага жаночага касцюма пачатку ХХ стагоддзя. Пашчыравалі тут майстры Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Гэта плён дзейнасці мінулага года. А дэманстрацыя, як цяпер модна казаць, рэплік адбылася ў вясковым асяродку. Нашы прабабулі насілі ўзімку зручнае і прыгожае адзенне: ахінакі (вялікія хусты), тканыя андаракі (спадніцы), рукавічкі з воўны, лямцавы абутак са скураным нізам. Над стварэннем рэплік працавалі метадыст Ірына Дыдышка, майстры-ткачыхі Валянціна Сільвановіч, Марыя Шылкоўская, ткач Яўген Маркевіч і майстар па пашыве адзення Марына Андрушкевіч.

Чарговая інфармацыя са Свіслацкага раёна. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу мясцовай райбібліятэкі Ніна Калач распавядае пра дзейнасць Поразаўскай гарпасялковай бібліятэкі-цэнтра краязнаўства, а дакладней — пра Ірыну Сарай, якая працуе тут 42 гады. За гэты час паспела стаць легендай. І як краязнаўца, і як бібліятэкар, і як чалавек. Усё гэта я і называю высокай паэзіяй прафесійнага майстэрства.

Беражыце сябе, шаноўныя!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"