Паміж Беніцай і Смалянамі, або Чаму б не пракласці маршрут для турыстаў?

№ 5 (1497) 30.01.2021 - 06.02.2021 г

У папярэдніх частках мы распавялі пра Смалянскае адгалінаванне маршрута “Шлях Тамаша Зана”. Нагадаем, што на Смаляншчыне прайшлі апошнія гады жыцця славутага філамата. Прыйшоў час перанесціся на захад Беларусі, дзе, уласна, знаходзяцца карані гэтай гісторыі. І пачнем мы з Беніцы, якую мы вызначылі за адпраўны пункт “Шляху”.

/i/content/pi/cult/835/17794/04.jpgВядома, што Тамаш Зан быў у прыязных адносінах з гаспадарамі маёнтка ў Беніцы, неаднаразова бываў і ў сядзібе, вядома ж, заходзіў у беніцкі касцёл. Трымаючы ў руках самаробную карту маршрута не можаш не здзівіцца, які ён атрымаўся складаны. І каб у ім не заблытацца, няблага мець падказку, накшталт той, якую мелі героі рамана Джэка Лондана “Сэрцы трох”. “Ён (клубок  — З.Ю.) быў падобны на пэндзаль, няўмела звязаны з мноствам вяровачак, спрэс пакрытых вялікімі і маленькімі вузельчыкамі. Вяровачкі таксама былі неаднолькавыя — адны патаўсцей, іншыя танчэйшыя, адны — доўгія, іншыя — кароткія. Стары прабег па ім пальцамі, мармычучы сабе пад нос нешта незразумелае.

— Ён чытае…Вузлы — гэта наша старажытная мова, і ён чытае па іх, як па кнізе!” Падаецца, што аналогіі лепей не падабраць. Бо шлях сапраўды падобны на той, што апісаны ў рамане. І вузламі, як і там, з’яўляюцца імёны, падзеі, назвы паселішчаў. А таксама помнікі архітэктурнай спадчыны.

Гарады-пабрацімы

Выдатны нарыс па гісторыі Беніцы пакінуў гісторык-краязнаўца і паэт Часлаў Янкоўскі (1857 — 1929 гады), ураджэнец Ашмянаў. Янкоўскі з’яўляецца аўтарам выдатнай працы “Powiat Oszmianski”, чатыры тамы якой выйшлі ў 1896 — 1900 гадах (нарыс пра Беніцу змешчаны ў першым томе). Гісторыю ж Беніцы ад 1896 да 1939 года падрабязна апісаў Раман Афтаназі, вядомы даследчык помнікаў культуры былой Рэчы Паспалітай. У спрэсаваным выглядзе ўсё выглядае так.

Першая згадка ў крыніцах Беніцы прыпадае на 1507 год. Вядома, што да 1507 года на яе абшарах жылі выгнанцы з роднага краю — татары, якіх пасяліў тут вялікі князь Вітаўт. Не бракавала тут і мясцовых родаў — Валовічаў, Аляшкевічаў, Акушкаў, Камароў, Астравухаў і шматлікіх іншых. Адны роды страчвалі свае сціплыя зямельныя надзелы, іншыя іх прыбіралі да сваіх рук. Шлюб Андрэя Астравуха з Гальшкай Камар, які паяднаў немалыя зямельныя абшары ў адно цэлае, фактычна і прывёў да стварэння мястэчка Беніца. Ад унукаў Андрэя Астравуха ў 1653 годзе маёнтак перайшоў да ашмянскага маршалка Самуэля Гераніма Коцела. Род Коцелаў герба “Пелікан”, як лічылі самі Коцелы, паходзіў ад старажытнага славянскага князя Коцела (Кочела), які яшчэ ў васьмісотым годзе прыняў хрост ад саміх Кірыла і Мяфодзія. Гісторык Янкоўскі іранізуючы пракаменціраваў гэты пасаж, кажучы, што геральдысты ранейшых часоў мусілі больш лічыцца з фантазіямі паноў, чым са зместам дакументальных крыніц. У дакументах жа Коцелы, як сцвярджаў Янкоўскі, упершыню згаданы ў 1512 годзе. Як тут не згадаць легенды пра Радзівілаўскіх продкаў — міфічных Палямона і Ліздзейку “Арлінае гняздо”.

/i/content/pi/cult/835/17794/05.jpgСамуэля Коцела, з павагі да яго адданасці, Сапегі і Агінскія дазволілі пахаваць у сваёй крыпце ў віленскім касцёле бернардынцаў. Сын Самуэля Міхал-Казімір (1653 — 1722), будучы троцкі ваявода, а пазней і вялікі літоўскі падскарбі, быў актыўнай і заўважнай фігурай на палітычным шахматным полі ВКЛ. У грамадзянскіх войнах паміж магнацкімі кланамі Сапегаў і Агінскіх заўсёды падтрымліваў апошніх. Яго клопатам у 1701 — 1704 гадах у Беніцы быў узведзены касцёл Найсвяцейшай Троіцы (аб ім будзе асобна). Сын Міхала генерал-маёр войск ВКЛ Тадэвуш, атабарыўшыся ў Беніцы, пабудаваў палац (аб ім асобна). Складзены ў 1779 — 1781 гадах з бруса з трывалай лістоўніцы той бесклапотна прастаяў да сярэдзіны ХХ стагоддзя. Ад Коцелаў, праз шлюбныя сувязі, Беніца перайшла да ротмістра нацыянальнай кавалерыі войск ВКЛ Андрэя Абрамовіча. А дзякуючы шлюбу яго дачкі Марыяны з Казімірам Швыкоўскім, сакратаром Станіслава-Яна Ябланоўскага, пасла пры Берлінскім двары, Беніца стала ўласнасцю Швыкоўскіх і заставалася іх уласнасцю аж да 1939 года.

Чаму ж Беніца і Пружаны гарады-пабрацімы? І ці не жарт гэта? Зусім не, бо родны брат Казіміра Пётр атрымаў у спадчыну ад бацькі Бернарда Швыкоўскага, камісара скарбу ВКЛ, славутае мястэчка Пружаны, у якім, клопатам Швыкоўскіх, была пабудавана сапраўдная італьянская віла, той самы “Пружанскі палацык”.

Царква неспраўджаных надзей

Рэйсавы аўтобус, на якім мы прыехалі ў Беніцу з Маладзечна, толькі на адну хвілінку спыніўся ў цэнтры мястэчка, каб выгрузіць двух вандроўнікаў-энтузіястаў. Яшчэ праз хвіліну ён знік у імглістай раніцы. Мы стаялі ў самым сэрцы Беніцы, паміж касцёлам і царквой, але, падаецца, такой цішыні, якая панавала там, не было нават у палях пад Смалянамі. Аб тым, што тут таксама жывуць людзі, мы здагадаліся праз паўгадзіны, калі непадалёк праехаў раварыст-месціч.

Агляд мясцовых цікавостак вырашана было пачаць з царквы ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы, пабудаванай з цёсанага бутавага каменя ў 1886 годзе. На вялікі жаль, у саму царкву патрапіць мы не змаглі. Але адрэстаўраваны ў 1990-х гадах будынак выглядае проста выдатна. Вельмі ўразіла якасць апрацоўкі камянёў. Уздоўж муроў царквы можна блукаць гадзінамі, разглядаючы малюнкі на камянях, якія дзясяткі тысяч гадоў таму стварыла маці-прырода. І майстар-дойлід, як бы наўмысна падабраў для муроўкі самае выразнае.

/i/content/pi/cult/835/17794/03.jpgГісторыя гэтай царквы не зусім тыповая. Як вядома, пасля паўстання 1863 года вялікая колькасць каталіцкіх касцёлаў была або зачынена, або перароблена на праваслаўныя цэрквы. Уладар Беніцы Канстанцін Швыкоўскі, жадаючы захаваць у Беніцы касцёл, пабудаваў уласным коштам вышэйзгаданую царкву. Але гэта не дапамагло. Як пісаў Раман Афтаназій, царскія ўраднікі прынялі “падарунак”, але з касцёла зрабілі царкву. А каб нішто не нагадвала пра мінулае забялілі або пазнішчалі мармуровыя пліты, прыбралі старыя карціны, а з падземных крыпт прыбралі труны фундатараў.

Касцёл
Найсвяцейшай
Троіцы

Пасля агледзін царквы настала чарга і касцёла. Чэслаў Янкоўскі ў сваёй публікацыі згадаў, што пасля таго, як касцёл быў перароблены на царкву, унутры здарыўся моцны пажар. Аварыйны будынак зачынілі. А ў 1918 годзе, пры нямецкай акупацыі, яго вярнулі каталікам. Праўда, прыгоды на гэтым не скончыліся. У 1948 годзе і касцёл, і царква былі зачынены савецкімі ўладамі. Спробы вярнуць касцёл да жыцця былі прадпрыняты ў 1988 годзе. Менавіта тады пачалася рэстаўрацыя, у выніку якой дах касцёла быў пакрыты новай дахоўкай. Прайшлі гады, але ў адрэстаўраваны будынак жыццё так і не вярнулася. Хіба што толькі турысты раз-пораз зазірнуць у яго, ці вандалы, якія размалёўваюць сцены “таямнічымі знакамі”. За некалькі дзён да нашага прыезду, як распавялі мясцовыя жыхары, у касцёле ўстроілі “слёт нейкія аматары нячыстай сілы”. Таму мясцовыя ўлады ў чарговы раз закрылі касцёл на замок.

Мы, маючы намер агледзець стан касцёла знутры, усё ж знайшлі доступ праз крыпту. Дарэчы, хацелася б звярнуць на гэту праблему ўвагу мясцовых уладаў. Зачынены ўваход вельмі ўмоўна, проста прыстаўлена нейкая апора. Таму кожны ахвочы без перашкодаў можа патрапіць у касцёл.

Чые парэшткі знаходзяцца ў крыпце — сёння ўжо адказаць, падаецца, немагчыма. Там павінны былі быць пахаваны і Коцелы, і Абрамовічы, і Швыкоўскія, а таксама, магчыма, прадстаўнікі іншых родаў, склаўшых шчодрую ахвяру на касцёл. Мусілі там спачыць і ксяндзы.

Але ж туды не раз цягам ХХ і ХХІ стагоддзяў наведваліся скарбашукальнікі. Скарбашукальнікаў натхняла старое паданне, паводле якога Міхал Казімір Коцел загадаў пакласці ў сваю труну колькі тысяч залатых дукатаў. І дазволіў іх узяць толькі ў выпадку, калі касцёлу спатрэбяцца грошы на аднаўленне. Хто і калі парупіўся пра скарбы Коцела — невядома, але напрыканцы ХІХ стагоддзя ў крыпце ўжо было пуста.

Унутры касцёла на здзіўленне светла і адносна чыста. Хаця, падаецца, правесці там адзін суботнік не зашкодзіла б. Хаця б дзеля таго, каб прыбраць сляды прысутнасці малалетніх “нячысцікаў” (графіці, свечкі) і бытавое смецце. Мармуровыя пліты фундатараў касцёла, якім на здзіўленне пашанцавала перажыць ліхалецці, хоць і разбіты на кавалкі, але нейкай руплівай рукой сабраны разам. І не выглядае вялікай праблемай адрэстаўраваць іх і вярнуць на сцены або забраць на захаванне ў які-небудзь бліжэйшы краязнаўчы музей. Да лепшых часоў.

Падняліся мы і на адну з вежаў касцёла, адкуль адкрываецца шыкоўны краявід на мястэчка. Але ж, падымаючыся наверх, заўважылі і пабітыя шыбы вокнаў, праз якія ўнутр касцёла трапляюць ападкі. Самыя ж трывожныя знакі прыкмецілі з верхняга яруса вежы. Мяркуючы па фотаздымкам, знойдзеных у Сеціве, шмат гадоў таму нейкія дабрадзеі разбілі некалькі дзясяткаў плітак дахоўкі. І ўвесь гэты час снег і дождж заліваліся пад страху, наносячы “цяжкія цялесныя пашкоджанні” мурам касцёла. Пакуль што пашкоджанні хоць і цяжкія, але не выглядаюць на катастрафічныя. Сёння яшчэ можна зрабіць рамонт з дапамогай некалькіх лістоў бляхі. А вось якім коштам абыйдзецца сур’ёзны рамонт, калі абваліцца, напрыклад, частка мура, не хочацца нават і думаць.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар