Насуперак усім нягодам...

№ 5 (1497) 30.01.2021 - 06.02.2021 г

Праз лёс шматпакутнага народа
Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту, які адзначаецца 27 студзеня, у гадавіну вызвалення вязняў лагера смерці Асвенцым, зрабіўся чарговай нагодай для абмеркавання будучыні яўрэйскай культурнай спадчыны ў Беларусі. Хто сёння мае ўзяць на сябе клопат аб гістарычных набытках і помніках мінуўшчыны, якія сведчаць аб шматвекавым суіснаванні беларускіх яўрэяў з іншымі народамі Беларусі?

/i/content/pi/cult/835/17793/01.jpgНа тэрыторыі Беларусі падчас нацысцкай акупацыі захопнікамі былі створаныя каля дзвюх соцень яўрэйскіх гета. Паводле ацэнак беларускіх даследчыкаў, у часы Халакосту тут, на нашай зямлі, нацысцкія акупанты знішчылі ад шасцісот пяцідзесяці да шасцісот васьмідзесяці тысяч яўрэяў. Прычым у гэты лік, як вядома, уваходзілі не толькі мясцовыя жыхары, але і яўрэі з тэрыторый сучасных Германіі, Аўстрыі і Чэхіі, якіх адмыслова прывозілі сюды, каб забіць.

З ліку ж мясцовых яўрэяў загінула каля дзевяноста працэнтаў ад той колькасці, што пражывала ў Беларусі да вайны, і ў агульнай колькасці людскіх страт Беларусі падчас апошняй вайны яны складаюць траціну.

Музей у мемарыяле

Як адзначыла дырэктар Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна Ірына Кашталян падчас лекцыі, прымеркаванай да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту, найбольш трагічным выглядае, што калі імёны дэпартаваных у Беларусь заходнееўрапейскіх яўрэяў вядомыя паводле спісаў, якія складаліся падчас іх вывазу, то звесткі аб забітых мясцовых жыхарах нацыстамі ніяк не фіксаваліся, і высветліць іх асабістыя даныя сёння надзвычай складана. Так, напрыклад, са ста пяцідзесяці тысяч забітых у лагеры смерці Малы Трасцянец вядомыя толькі пяць тысяч імён. Наогул жа, калі казаць пра страты мясцовага жыхарства, паводле меркавання знанага брытанскага гісторыка Цімаці Снайдара, можна сцвярджаць, што Беларусь — бадай што адзіная краіна ў Еўропе, дзе ў гады Другой сусветнай вайны ажно палова жыхароў была альбо забітая, альбо прымусова пераселеная.

Арганізацыя масавага знішчэння яўрэяў на ўсёй тэрыторыі Беларусі не была аднароднай. У залежнасці ад тагачаснага тэрытарыяльнага падзелу, уведзенага акупантамі, назіраліся выразныя адрозненні ў падыходзе, які прымяняўся нацыстамі для “вырашэння яўрэйскага пытання”. Так, калі ў прыфрантавой зоне, у якую ўваходзіла ўсходняя частка Беларусі, яўрэі, як правіла, былі знішчаныя яшчэ ў першыя месяцы вайны, то ў цэнтральнай і заходняй частцы краіны, дзе была ўсталяваная цывільная акупацыйная адміністрацыя, яўрэйскія гета дзе-нідзе праіснавалі да канца 1943 года, што тлумачылася магчымасцю выкарыстання іх жыхароў у якасці дармовай рабочай сілы для патрэб нямецкай эканомікі. Разам з тым, варта адзначыць, што не ўсе яўрэі ішлі на смерць пакорліва і безнадзейна — у некаторых гета дзейнічалі падпольныя арганізацыі, якія аказвалі супраціў акупантам, рыхтавалі і ладзілі супраць іх паўстанні — у Беларусі вядомыя дзевяць такіх узброеных выступленняў.

Важнасць тэмы Халакосту, тая роля, якую адыгрывалі беларускія яўрэі ў гісторыі нашай краіны, маштабы стратаў, нанесеных у выніку масавых забойстваў, арганізаваных у гады Вялікай Айччыннай вайны, сведчаць аб патрэбе стварэння на агульнабеларускім узроўні музея, які распавядаў бы аб гэтай трагедыі. Даследчык гісторыі нацысцкай акупацыі Беларусі Сяргей Новікаў адзначае, што стварэнне музея памяці Халакосту ў нашай краіне магло б быць распачатае са ўзнікнення інфармацыйнага цэнтра ў мемарыяльным комплексе на месцы лагера смерці Малы Трасцянец. Гісторык падкрэслівае, што максімальна поўнае асэнсаванне значэння месцаў памяці і атрыманне належнага ўражання ад іх наведвання немагчымае без неабходнага каментарыя дасведчаных спецыялістаў, музейных супрацоўнікаў і экскурсаводаў.

У пошуках спадкаемцаў

Але, вядома, памяць пра гісторыю яўрэяў Беларусі не мусіць абмяжоўвацца толькі згадкамі аб трагедыі Халакосту. У нашай краіне захавалася багата слядоў яўрэйскай прысутнасці, але спецыфіка яўрэйскай спадчыны палягае перадусім у тым, што яна часта ў канкрэтных выпадках можа не мець спадкаемцаў, хаця яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя яўрэі складалі дзе-нідзе большасць насельніцтва гарадоў ці мястэчак.

/i/content/pi/cult/835/17793/02.jpgЯк адзначае кіраўнік Беларускага камітэта ICOMOS Сцяпан Стурэйка, аб’екты яўрэйскай спадчыны існуюць амаль у кожным раёне краіны, але, з вядомых прычын, сёння ў гарадах і мястэчках Беларусі не захавалася вялікіх яўрэйскіх супольнасцяў у такім выглядзе і маштабах, як яны існавалі да вайны. Але найзаўважнейшым сімвалам яўрэйскай культуры ў сучаснай гарадской прасторы застаюцца, напрыклад, гістарычныя будынкі колішніх сінагог.

Паводле ацэнкі Цэнтра яўрэйскага мастацтва Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме, на тэрыторыі Беларусі захаваліся сто дваццаць чатыры будынкі колішніх сінагог, але, на жаль, толькі палова з іх знаходзяцца ў больш-менш прыдатным тэхнічным стане — прычым там размяшчаюцца самыя розныя ўстановы ці прадпрыемствы, за рэдкім выняткам, ніяк не звязаныя з яўрэйскай культурай. На жаль, з гэтага ліку ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў пакуль толькі васямнаццаць аб’ектаў.

Склады ўспамінаў

Праект па захаванні і актуалізацыі колішніх сінагог у Беларусі ў супрацоўніцтве з цэлым шэрагам мясцовых супольнасцяў з розных куткоў краіны апошнім часам рэалізуе Беларускі камітэт ICOMOS. У аснову праекта пакладзены падыход, які прадугледжвае не толькі зберажэнне будынкаў колішніх малельняў, але і адраджэнне духоўнай спадчыны яўрэйскага народа, прычым з удзелам не толькі яўрэяў, але і мясцовых жыхароў іншых нацыянальнасцяў. Яўрэйская спадчына ў такім выпадку разглядаецца як арганічная частка агульнага культурнага набытку ўсіх народаў Беларусі.

Адна з найбольш адметных акцый па рэвіталізацыі старадаўняй сінагогі рэалізуецца ў Ашмянах. Тутэйшы краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча напрыканцы мінулага года ладзіў праект па зборы сведчанняў вуснай гісторыі пад назвай “Гісторыя мястэчка, якую расказалі яго жыхары”. У межах гэтай акцыі адбылася сустрэча, падчас якой наведвальнікі музея падзяліліся сваімі ўспамінамі аб яўрэйскай спадчыне мястэчка і перапляценні мясцовых нацыянальных культур на працягу гісторыі.

Сам будынак сінагогі быў перададзены на баланс музея яшчэ ў 2012 годзе, а ў 2018-м была распрацаваная навуковая канцэпцыя яго аднаўлення. Лічыцца, што гмах узведзены ў пачатку мінулага стагоддзя, таксама вядома, што ў часы нацысцкай акупацыі ён знаходзіўся на тэрыторыі гета, дзе былі зняволеныя каля чатырох тысяч вязняў. Пасля вайны колішняя малельня выкарыстоўвалася як склад, але, тым не менш, надзіва добра захаваліся яе інтэр’еры — тут і сёння можна пабачыць рэшткі роспісаў. Застаецца спадзявацца, што з часам удасца перайсці ад фіксацыі памяці пра мінулае ашмянскай сінагогі да непасрэднага фізічнага аднаўлення гэтага нешараговага архітэктурнага помніка, у сценах якога, паводле задумы адмыслоўцаў, мог бы размясціцца культурны цэнтр.

У Віцебску апошнім часам таксама распачалася грамадская ініцыятыва па захаванні і рэвіталізацыі будынка Любавіцкай сінагогі, збудаванай напрыканцы пазамінулага стагоддзя, а ў пасляваенныя гады таксама ператворанай у склад. Праект накіраваны на вяртанне помніка ў сацыякультурны абарот, хаця аб рэстаўрацыі будынка гаворка пакуль не ідзе — на жаль, стан яго муроў сёння пакідае жадаць лепшага, захаваліся толькі фасадныя сцены. Тым часам, сінагога мае сваю цікавую гісторыю, звязаную, у тым ліку, і з імем найвядомейшага тутэйшага мастака Марка Шагала, і мае ўсе шанцы зрабіцца адным з яскравых сімвалаў Віцебска ды адметнай часткай гарадской міфалогіі.

Спадчына чужой не бывае

Адным з бадай што найбольш вядомых прыкладаў адраджэння і засваення яўрэйскай спадчыны ў месцы, дзе адсутнічае яўрэйская супольнасць, можна назваць дзейнасць грамадскай суполкі “Сябры Гарадка”. З ініцыятывы Гістарычнай майстэрні ў Гарадку Маладзечанскага раёна ўжо сем гадоў ладзяцца форумы, прысвечаныя яўрэйскай спадчыне гэтага мястэчка. Летась, праўда, з увагі на эпідэміялагічную сітуацыю, форум “Гарадок: памяць і месцы памяці” прайшоў у анлайн-фармаце — але, тым не менш, у ім здолелі прыняць удзел і колішнія вязні гета, айчынныя ды замежныя даследчыкі, і прадстаўнікі мясцовых уладаў, і жыхары мястэчка, і настаўнікі ды вучні навакольных школ.

Сярод апошніх планаў супольнасць, якая згуртавалася на глебе цікаўнасці да мінуўшчыны гэтага месца, называе стварэнне ў мясцовым Цэнтры культуры і быту экспазіцыі пра гісторыю і культуру тутэйшых яўрэяў. Сёлета мяркуецца таксама падрыхтаваць зборнік аб гісторыі мястэчка, а ў больш далёкасяжнай перспектыве можа зрабіцца магчымым стварэнне інтэрактыўнай аб’ёмнай візуалізацыі мясцовых помнікаў гісторыі і культуры, сярод якіх — сінагогі, ешывы, яўрэйскія могілкі і іншыя месцы памяці.

Вядома, яўрэйская спадчына не абмяжоўваецца толькі месцамі памяці аб ахвярах Халакосту, помнікамі архітэктуры ды старадаўнімі могілкамі. Але менавіта такія кропкі на картах беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак могуць зрабіцца цэнтрамі прыцягнення людзей розных нацыянальнасцяў, якія здолеюць супольнымі намаганнямі напоўніць гэтыя месцы адроджанымі скарбамі культуры народа, які не знік з твару зямлі насуперак усім нягодам ды непрыяцелям. А значыць, не знікне і яго культура — хай сабе і не ўсім пакуль дастаткова вядомая, але, тым не менш, не забытая і не страчаная.