Дастаеўскія: карані роду

№ 4 (1496) 23.01.2021 - 30.01.2021 г

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 2,3)

/i/content/pi/cult/834/17790/24.jpgДзед пісьменніка, святар на пераломе эпох

Каля двух стагоддзяў Дастаеўскія жылі ў Пінскім павеце. Яны станавіліся шляхецкімі правадырамі, пасламі, суддзямі, асобамі Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. Гэта былі самыя розныя людзі і паводле свайго сацыяльнага статусу, і па сваіх чалавечых якасцях, поглядах, жарсцях.

Прадстаўнік чацвёртага пакалення Дастаеўскі Яраш Стэфанавіч, сын таго самага Стэфана, якому кароль Стэфан Баторый даў прывілей (грамату) на кіраванне Мінскім Узнясенскім манастыром, становіцца родапачынальнікам галіны Дастаеўскіх, якія аселі на Валыні.

Там, на Валыні, і нарадзіўся дзед пісьменніка Андрэй Рыгоравіч Дастаеўскі, каля 1756 года, у вёсцы Клечкаўцы паблізу Луцка, у сям’і дробнамаёнткавага шляхціца Рыгора Іосіфавіча Дастаеўскага. У 1775 годзе Рыгор Іосіфавіч прадае свой маёнтак на Валыні і перабіраецца разам з сынамі Іванам, Андрэем і Рыгорам у Брацлаўскае ваяводства. Тут адзін з сыноў, Андрэй, у 1781 годзе ажэніцца на дзяўчыне Анастасіі і з 1782 года пачне служыць у якасці ўніяцкага святара ва Успенскай царкве ў вёсцы Войтаўцы. Царква была пабудавана ў 1750 годзе і, такім чынам, “памятала”, і дзеда, і бацьку, і дзядзьку пісьменніка, аднак зруйнавана ў пачатку 30-х гадоў XX стагоддзя.

/i/content/pi/cult/834/17790/25.jpgСвятар Андрэй Дастаеўскі, мяркуючы па ўсім, імкнуўся да прыгожага пісьменства. Менавіта яму прыпісваецца аўтарства адной з пакаянных песень, якія ўвайшлі ў “Зборнік глыбокай пашаны, пакаянных і замілавальных песень” (Богагласнік), выдадзены ў 1790 годзе “ў святой Лаўры Пачаеўскай”. Песня, якая апублікаваная ў зборніку, выкананая ў форме акраверша, першыя літары пачатковых строф якога чытаюцца як “Дастаеўскі”. Адзін з рэдкіх асобнікаў гэтай кнігі цяпер знаходзіцца ў Дзяржаўным літаратурным музеі ў Маскве.

Тут трэба адзначыць, што дзед пісьменніка, як і яго суродзічы, цалкам прачуў неспакойны вецер перамен, які прынеслі з сабой падзелы Рэчы Паспалітай. У 1795 годзе Аўстрыя, Прусія і Расія падзялілі паміж сабой тэрыторыю іншай краіны ў трэці раз, і землі Брацлаўскага ваяводства, як і некаторыя іншыя паўднёва-ўсходнія землі, “адышлі” да Расіі.

Уніяты выконвалі праваслаўны рэлігійны абрад, але падпарадкоўваліся Ватыкану. У новых умовах святар Андрэй Дастаеўскі прыняў падпарадкаванне Маскоўскага патрыярхату. А вось родны брат дзеда пісьменніка, Ян (Іван) Дастаеўскі, які жыў у тых жа краях, быў адхілены ад служэння “за ўстойлівую прыхільнасць да ўніяцтва”.

Бацька пісьменніка, урач па ўказе новага ўладара

Сын Андрэя Дастаеўскага Міхаіл па прынятай традыцыі павінен быў успадкаваць духоўную сцежку бацькі і 11 снежня 1802 года ён падлеткам разам са сваім малодшым братам Львом быў вызначаны ў духоўную семінарыю пры Шаргародскім Мікалаеўскім манастыры.

Навучаўся ён “за ўласныя сродкі” паэзіі і рыторыцы (за навучанне плаціў бацька); да навук быў “препонятен”. Аднак, правучыўшыся ў семінарыі каля трох гадоў, Міхаіл вымушаны быў вучобу перапыніць.

У Еўропе ўжо ішла вайна з Напалеонам, і ў гэтай вайне, пакуль яшчэ на чужой тэрыторыі, прымала ўдзел і Расія. Згодна з імператарскім указам ад 5 жніўня 1809 года сын былога ўніяцкага святара Андрэя Дастаеўскага Міхаіл Дастаеўскі ў складзе 120 чалавек быў накіраваны праз Падольскую медыцынскую ўправу ў Маскоўскае аддзяленне імператарскай Медыка-хірургічнай акадэміі “па патрэбе ў лекарах падчас апошняй супраць Французаў вайны” (так гаварылася ва ўказе). У кастрычніку таго ж года Міхаіл быў залічаны ў якасці казённага выхаванца акадэміі па медыцынскай частцы.

Кажучы сучаснай мовай, міжнародна-палітычнае становішча таго часу было даволі напружаным.

У сакавіку 1809 года Расійская імперыя, пасля двухгадовага перамір’я, аднавіла вайну з Турцыяй. У выніку расійска-шведскай вайны 1808 — 1809 гадоў Фінляндыя была далучаная да Расіі. У чэрвені — ліпені 1809-га Расія ўжо ваюе з Аўстрыяй. У яе выніку тэрыторыя Тарнопальскага краю (былыя землі Аўстрыйскай імперыі, усходняя Галіцыя) “адышлі” ад Аўстрыі да Расіі. Шёнбрунскі дагавор у кастрычніку 1809 года замацаваў гэты факт, зыходзячы з таго, што Расія на той момант выступала ў гэтай вайне саюзнікам Францыі. Але ўзаемная незадаволенасць двух саюзнікаў нарастала. Два “ўладары свету”, як называлі тады Аляксандра I і Напалеона, ішлі да непазбежнага сутыкнення. У крохкім свеце наспявала вялікая вайна.

Вось у такі няпросты час малады чалавек, выхаваны ў традыцыях адной краіны, “па найвысокаму ўказу” расійскага самадзержца трапіў у краіну для сябе новую і, напэўна, малавядомую. Міхаіл Андрэевіч у сілу абставін не працягнуў справу бацькі — стаў лекарам, а не святаром. Яго малодшы брат Леў застаўся ў бацькоўскай хаце і святаром стаў...

Вайна 1812 года вачамі юнага хірурга

Курс імператарскай Медыка-хірургічнай акадэміі быў разлічаны на чатыры гады, пяты год адводзіўся на работы ў шпіталі. Выхаванцы першага і другога класа называліся вучнямі, трэцяга і чацвёртага — студэнтамі; ім прысвойваліся правы студэнтаў Маскоўскага ўніверсітэта.

Пачынаючаму маладому лекару Міхаілу Дастаеўскаму было тады 23 гады. Гэта і быў будучы бацька пісьменніка Ф.М.Дастаеўскага. Наперадзе яго чакалі вялікія выпрабаванні: шмат цяжкай працы, крыві, бяссонных начэй у якасці ваеннага практыкуючага хірурга... Два “ўладары свету”, Напалеон і Аляксандра I, сутыкнуліся. Крохкі свет разляцеўся ў бразгату. Войскі Напалеона перайшлі Нёман і пачалі сваё прасоўванне на ўсход — да Масквы.

Ужо з пачаткам вайны Маскоўскае аддзяленне імператарскай Медыка-хірургічнай акадэміі разгортвае афіцэрскі шпіталь у Лефортава і Галавінскім палацы: некалі палац быў пабудаваны для імператрыцы Лізаветы Пятроўны — цяпер тут хірургічнае аддзяленне.

Ад 9 жніўня ў Маскву сталі прыбываць першыя вазы з параненымі і хворымі, пацярпелымі ў ваенных дзеяннях яшчэ пад Віцебскам і пры адступленні рускага войска ад Смаленска. Генерал-губернатар Масквы граф Фёдар Растапчын арганізаваў корпус лекараў і фельчараў, сам наведваў хворых у Галавінскім палацы. Абстаноўка там, мяркуючы па архіўных дадзеных, была вельмі цяжкая...

1 верасня, калі пытанне аб пакіданні Масквы было ўжо вырашана, лёс шматлікіх параненых усё яшчэ быў не вызначаны. Граф Растапчын піша ў гэты дзень жонцы адчайны ліст, прывядзем яго па-руску: “Бросают 22 тысячи раненых, а еще питают надежду после этого сражаться и царствовать!” Зразумела, што толькі ўшчыльную набліжаная катастрофа можа растлумачыць гэты неймаверны для чыноўніка такога ўзроўню тон. Але да канца таго ж дня ўсё-ткі аддаецца загад аб вывадзе з Масквы шпіталяў. Больш за 20 тысяч параненых змяшчаюцца на падводы, тысячы афіцэраў і ніжніх чыноў, якія могуць ісці самастойна, сыходзяць з Масквы пешшу. Міхаіл ідзе за адыходзячай арміяй...

У шматлікіх тылавых ваенных шпіталях, па-сутнасці, яшчэ зусім малады чалавек Міхаіл Дастаеўскі безперапынна аперыруе — стомлены, брудны, вашывы. Тут ён спазнаў вайну вачыма і сэрцам тылавога хірурга. Тут ён убачыў незлічоныя пакуты, перадсмяротную агонію яшчэ жывых людзей, пахаванне мёртвых целаў і трупаў коней з мэтай прадухілення эпідэміі... Тут жа яго ўменне і старанні ўпершыню былі адзначаны першым медалём...

У жніўні 1813 года Міхаіл Андрэевіч прызначаны ў штаб-лекары 1-га аддзялення Барадзінскага пяхотнага палка, а праз тры гады ён становіцца штаб-лекарам палка з акладам 1-га класа, за працу яму плацяць 500 рублёў у год. У адпаведнасці з чынам штаб-лекар быў унесены ў кнігу нашчадкавага дваранства.

Марыінская бальніца для бедных…

Толькі праз 8 гадоў пасля вайны 1812 года, у самым канцы 1820-га, штаб-лекар Міхаіл Дастаеўскі падае ў адстаўку з ваеннай службы.

З выпіскі Медыцынскага дэпартамента Ваеннага міністэрства: “Медыцынскі дэпартамент Ваеннага міністэрства гонар мае паведаміць, што ардынатар Маскоўскага медыцынскага шпіталя штаб-лекар Міхаіл Дастаеўскі 16 бягучага лістапада па прашэнні яго... звольнены ад службы”.

У якасці звычайнага грамадзянскага ўрача гэты чалавек, які перажыў жахі ваеннага ліхалецця, у студзені 1821 года вызначаны ў Маскоўскую Марыінскую бальніцу для бедных на пасаду “лекара пры аддзяленні прыходзячых хворых жаночага полу”.

На гэты час ён каля года ўжо жанаты на Марыі Фёдараўне, народжанай Нячаевай. Бацька Марыі Фёдараўны, Фёдар Цімафеевіч Нячаеў — “купец 3-й гильдии Сыромятной слободы” быў дастаткова багатым чалавекам, “знакамітым грамадзянінам”.

Маскоўская бальніца, у якой даручылі займацца лячэбнай практыкай адстаўному штаб-лекару, была адкрыта пры падтрымцы ўдавы Паўла I, імператрыцы Марыі Фёдараўны. Лякарня знаходзілася ў старым маскоўскім раёне, названым Божадомка, — здаўна звязаным з беднымі і ўбогімі. Тут на могілках знаходзілі свой апошні прытулак людзі “бязродныя і невядомыя”, злодзеі і забойцы і іх неапазнаныя ахвяры. На змрочнай ўскраіне і была ўладкаваная маскоўская бальніца для бедных. “Беднасць ёсць першае права на прыняцце ў бальніцу” — такое правіла ўстанавіла сама ўдава-імператрыца Марыя Фёдараўна. У памяць пра забітага мужа, імператара Паўла I, яе адкрылі ў 1806 годзе...

Малады доктар з жонкай і маленькім сынам (у іх ужо ёсць першынец Міхаіл) займае невялікі флігель у ніжнім паверсе бальніцы. Усе яе супрацоўнікі таксама жывуць у лячэбных карпусах.

У 1827 годзе лекару Маскоўскай Марыінскай бальніцы Міхаілу Дастаеўскаму за выдатную службу і выслугу гадоў быў прызначаны чын калежскага асэсара, які даваў права на нашчадкавае дваранства.

30 кастрычніка ў мужа і жонкі Дастаеўскіх — Міхаіла і Марыі — нарадзіўся другі сын, Фёдар.

“Нарадзілася немаўля, у доме бальніцы для бедных, у штаб-лекара Міхаіла Андрэевіча Дастаеўскага, — сын Фёдар. Малітстваваў святар Васіль Ільін, пры ім быў дзяк Герасім Іваноў”. Гэты кароткі метрычны запіс аб нараджэнні дзіцяці з “Кнігі для запісу ахрышчаных і адпетых ў царкве Пятра і Паўла, што пры лякарні для бедных за 1814 — 1823 гады” быў простым і неарыгінальным.

Аднак лёс самога нованароджанага хлопчыка — Фёдара Дастаеўскага — быў не вельмі простым і даволі неардынарным. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…

Сяргей Буракоў