Эцюд для саламянай віяланчэлі

№ 4 (1496) 23.01.2021 - 30.01.2021 г

Веру ў прадвызначанасць. Кажуць, яшчэ ў калысцы я шкуматаў газеты. Калі трошкі падрос, на мяне з кніжнай шафы пастаянна вывальваліся падшыўкі “ЛіМа”, “Настаўніцкай газеты” і “Маладосці”, якія гадамі выпісвала маці-педагог. А яшчэ потым я з піетэтам ставіўся да таго, што маці добра ведае Максіма Танка, які курыраваў напрыканцы 1950-х рэспубліканскія настаўніцкія нарады, а сястра-старшакласніца атрымлівае абласныя прызы за сачыненні ад Івана Шамякіна. Усё мне падавалася заканамерным. Як, зрэшты, і тое, што праз час мне давялося працаваць і ў “Настаўніцкай газеце”, і ў “ЛіМе”, і што завёў я добрыя знаёмствы з Янкам Брылём, Рыгорам Барадуліным, Нілам Гілевічам, Іванам Шамякіным і з многімі іншымі, што пры жыцці склалі гонар ды славу Беларусі. Як казаў малапісьменны дзед Сцяпан: “Трапіў у макулатуру — круціся!” Пад словам “макулатура” меў ён на ўвазе слова “наменклатура”. Адно дакладна: на адкрытай журналісцкай прасторы кручуся як стары, але яшчэ не лядашчы вятрак. Веру ў прадвызначанасць дакладна. Усё, як адзін мой знаёмы музейшчык кажа: “Ёсць справа, вось я яе і раблю!”

/i/content/pi/cult/834/17785/17.jpgКожны дасведчаны работнік культуры ведае свой службовы абавязак. Канца-краю ён не мае па той прычыне, што ад поспеху на культурнай дзялянцы залежыць у краіне шмат чаго: і гонар, і сумленне, і выніковасць вытворчасці з эканомікай. Так што кожны дасведчаны работнік культуры — на вагу золата. Такая ў яго святая прадвызначанасць. Рушыць уперад будзем толькі тады, калі ўсвядомім гэта да самых апошніх драбніц. Карацей, сёння — зноў пра дасведчаных.

“Калі што спадабаецца, калі ласка, надрукуйце!” — такую “суправадзілаўку” дала свайму лісту метадыст Смаргонскага раённага Цэнтра культуры Вольга Крывянкова. Спадабалася ўсё, чытайце! “Напрыканцы мінулага года пры нашай установе пачаў дзейнічаць аматарскі тэатр, — распавядае аўтарка. — Удзельнікі — актыўная творчая моладзь. Дэбютны спектакль ужо адбыўся. Рыхтуецца новая пастаноўка. Пагадзіцеся, падзея для раёна — выключная!” Пагаджаюся цалкам! Любая творчая актыўнасць развівае крытычную думку, робіць мысленне канструктыўным і нестандартным, дазваляе імгненна адасобіць ману ад праўды. Так проста такія ўменні не прыдбаць… Чарговая навіна ад Вольгі Крывянковай — пра шэраг адмысловых мерапрыемстваў не толькі ў раённым цэнтры, але і ў вясковым маштабе. Усё запісваецца на відэа, якім папаўняецца сайт Смаргонскага раённага Цэнтра культуры. Сярод такіх ролікаў — майстар-класы па вырабе навагодніх упрыгожванняў ад раённага Дома рамёстваў і Бялкоўшчынскага Дома культуры, кінасюжэт з Сінькоўскага Дома культуры пра народную гульню “Цотка, ці лішка”, відэа з Лылойцінскага Дома культуры, дзе ў рамках праекта “Музей у чамадане” былі прадстаўлены цацкі савецкага часу.

Як прыдбаць мора пазітыўных эмоцый? Як кажуць дасведчаныя аматары зімовых прыгод, для гэтага варта наведаць казачную сядзібу ў Залейках, што ў Іўеўскім раёне. Днямі да Зімніка прыехалі дваццаць хлопчыкаў і дзяўчынак, пазнаёміліся з неверагоднымі персанажамі, паглядзелі тэатральную дзею, павадзілі карагоды, зрабілі з Дзедам Зімнікам сэлфі.

І гэта яшчэ не ўсё з Іўя. Вядучы метадыст па асноўных жанрах аддзела метадычнай работы мясцовага Цэнтра культуры і вольнага часу Святлана Лугіна распавядае: “8 — 10 студзеня прайшоў дыстанцыйны міжнародны фэст “Арт-парад у Віцебску”. Лаўрэатам другой ступені стала Юзэфа Старасціна  — загадчык сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры аграгарадка Геранёны Іўеўскага Цэнтра культуры і вольнага часу — у намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Саломапляцельшчыца прадставіла на суд журы работу “Саламяная віяланчэль”. Што толькі не вырабляюць з саломы нашы майстры-рамеснікі!

Гісторык культуры Аляксей Шалахоўскі, як і заўжды, трымае нас у курсе выдавецкіх спраў. Гэтым разам, піша ён, удалося прыдбаць у сталічнай кнігарні зборнік апавяданняў Вінцэся Мудрова “Помнік літары Ў”, выдавецтва - “Янушкевіч”. У новую кнігу нашага харызматычнага празаіка з Наваполацка ўвайшлі навелы і апавяданні апошніх дзесяці гадоў. Аляксей Шалахоўскі прызнаецца, што даўно цікавіцца творчасцю славутага пісьменніка. Не ён адзін. Па меркаванні аўтара няблага было б наладзіць з Мудровым творчую сустрэчу ў сталіцы. Бібліятэчнай ініцыятывы не стае?

Чарговы неабыякавы аўтар — Сяргей Чыгрын са Слоніма, летапісец, так бы мовіць, мясцовага мастацкага жыцця. Гаворка сёння — пра стогадовы юбілей Аляксандра Бялова (1921 — 1985), які стаў кіраўніком тэатральнага калектыву пры раённым Доме культуры. Першы спектакль прайшоў у 1948 годзе. Пэўны час Аляксандр Бялоў працаваў акцёрам у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры. 11 студзеня заслужанаму артысту споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння. Але ніхто пра гэты юбілей, на жаль, не згадаў.“Няхай гэтыя радкі, — зазначае аўтар, — стануць данінай памяці цудоўнаму чалавеку!”

Пра вялікую ролю кнігі ў вырашэнні сямейных праблем распавядае загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч. Ва ўстанове, сцвярджае аўтар ліста, дзейнічае літаратурная пляцоўка, дзе месца ёсць і для дыскусій і для адпаведных кніжных выстаў.

Чарговы знакаміты пазаштатны аўтар “К” — Андрэй Струнчанка. Ён паведамляе пра дзесяцігадовы дзень нараджэння жаночага клуба “Залаты ўзрост”, што дзейнічае пры Мазалаўскім (Віцебскі раён) сельскім Доме культуры. Па ініцыятыве Ірыны Толкач, якая стала сённяшнім кіраўніком клуба, жыхаркі Мазалава ды іншых навакольных вёсак аб’ядналіся ў вакальны калектыў, які цяпер не толькі спявае, але і адраджае народныя святы ды абрады.

Прыкладна тым жа займаюцца і ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Адкрытыя сэрцы” Свіслацкага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Пад час Святак яны з аднолькавым майстэрствам і гадалі, і карагоды вадзілі.

Калі ўжо гаворка пра абрады пайшла, дык варта тут згадаць у чарговы раз вёску Ваверкі Лідскага раёна. Хоць і пісалі мы ў мінулы раз пра абрад калядавання “Тры каралі”, але варта ўсё ж згадаць, дзякуючы каму была наладжана яскравая дзея. Гэта ў першую чаргу работнікі культуры Рыта Вадэйка і Ганна Табала.

Калядныя забавы, сцвярджае Марына Лукіянец, надоўга запомняцца і ў Дзятлаве. Прынамсі, самая доўгая і прыгожая каса з нацыянальных паясоў была заплецена менавіта на галоўнай плошчы раённага цэнтра.

У Лідскім раёне мы сёння пабывалі, давайце цяпер Ліду наведаем, а дакладней - “Замак-фэст”. Мерапрыемства абяцае стаць брэндавым. Мае яно сямейны статус і прапаноўвае паслугі на любы густ ды ўзрост. Да прыкладу, спектаклі народнага лялечнага тэатра “Батлейка” Лідскага аддзела рамёстваў, шоу-праграмы ад студыі “Сюрпрыз” і майстар-класы па вырабе саламяных цацак прывабліваюць самае шырокае глядацкае кола.

На сцэне Дзяржынскага гарадскога Дома культуры — музычная казка “Тайна Залюстэрачча”. Гэта вынік дзейнасці ўзорнага тэатра-студыі “Маяк”. Вучні малодшых класаў прэм’ерай задаволеныя.

Было б дзіўна, калі б абышлося без навін з Ашмянскага раёна. Са студзеня мясцовы раённы Цэнтр культуры мае намер віншаваць усіх імяніннікаў. Кажуць, святочны торт з чаяпіццем — гарантаваныя. Яшчэ адна інфармацыя — з аграгарадка Кальчуны. Тут з выдумкай адзначаны Стары Новы год. Святочная дзея адбылася ў мясцовым парку. Тут, дарэчы, было праанансавана чарговая масавая акцыя — фальклорнае свята “Загаўліны”. Прагучаў намёк, што вяскоўцаў чакаюць неверагодныя сюрпрызы.

Гожае мерапрыемства — як шчырая песня, якая вядзе, не дае супакоіцца, прымушае суперажываць і супрацоўнічаць, абуджае лепшыя чалавечыя пачуцці. Дзеля гэтага вы і шчыруеце, шаноўныя работнікі культуры. Дзякуй вам за гэта!

Беражыце сябе.

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"